viasna on patreon

Знішчэнне незалежных прафсаюзаў і новыя крыміналкі для палітвязняў: хроніка пераследу 10 чэрвеня Дапоўнена

2022 2022-06-10T09:27:00+0300 2022-06-13T08:09:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fiaduta-kastusiou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Генпракуратура ініцыюе спыненне дзейнасці незалежных прафсаюзаў

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь накіраваў у Вярхоўны Суд заявы аб спыненні дзейнасці Свабоднага прафсаюза Беларускага, Свабоднага прафсаюза металістаў, Беларускага Незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў, Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, а таксама Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

Ведамства сцвярджае, што дзейнасць незалежных прафсаюзаў займела палітызаваны характар, а іх кіраўнікі займаліся «дэструктыўнай дзейнасцю». Па ўсіх фактах распачалі крымінальныя справы.


Крымінальная справа “аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады” перададзена ў суд

Генпракуратура паведаміла, што справу «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» накіравалі ў суд. Фігурантамі па справе праходзяць Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук.

Зянковіч абвінавачваецца па ч.1 арт.357 Крымінальнага кодэксва (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч.3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт.130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Фядута і Кастусёў — па ч.1 арт.357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Галубовіч і Краўчук — па ч.1 арт.342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).


Рамуальда Улана выклікалі на допыт па новай справе

Палізняволенага Рамуальда Улана, які адбывае пакаранне на "хіміі" у Гомелі, сёння выклікаюць на допыт па новай справе. Акалічнасці справы пакуль невядомыя.

Рамуальд Улан у судзе. Фота spring96.org

Былы заснавальнік і выдавец "Новай газеты Смаргоні" у студзені 2021 года быў асуджаны на 2,5 абмежавання волі. Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў.

Пацярпелымі па справе праходзяць сямёра супрацоўнікаў Смаргонскага райаддзела міліцыі.


Папаўненне ў шэрагах экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала "экстрэмісцкімі фарміраваннямі” каналы "Мая краіна Беларусь", "Вусы Лукашэнкі",”Элехтарат” і “Сяргей Бяспалаў".

Па заяве пракуратуры Цэнтральнага раёна г. Мінска інфармацыйная прадукцыя Youtube-канала "Вольга Карач", Telegram-каналаў "Вольга Карач», «Вольны Партызан», «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ», Telegram-чата" Чат Вольная Беларусь " прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.


У Мінску затрымалі чарговага супрацоўніка IT-кампаніі

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 32-гадовага бізнэс-аналітыка Арцёма Астапенкі. Па іх словах, мужчына 16 жніўня 2020 года на праспекце Незалежнасці «на любимом Мерседесе 2018 года за 30 тысяч $ так медленно передвигался в потоке и специально создавал пробки, что натормозил на статью 342 УК Белоруссии» (арфаграфія ГУБАЗіКа захавана).

У пакаяльным відэа мужчыну прымушаюць назваць свой вялікі заробак.


У Мінску затрымалі 33-гадовага Дзяніса Вяткіна

У «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў тым, што ў жніўні 2020 года з «апазіцыйнай сімволікай» выходзіў на праезную частку падчас акцый пратэсту і перакрываў рух транспарту.

Дзянісу інкрымінаваны артыкул 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).


Сілавікі затрымалі 20-гадовага супрацоўніка «Белтэлекам» Цімафея Галубка

Згодна з паведамленнем ГУБАЗіКа, хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце "Перамога", а таксама з дапамогай спецыяльнага праграмнага забеспячэння ажыццяўляў спам па нумарах міліцыянтаў.


Віцебскі таксіст Мікіта Палявонак затрыманы за «распальванне варожасці»

Яго абвінавачваюць у напісанні каментароў, у якіх ён нібыта заклікаў забіваць міліцыянтаў, беларускіх міратворцаў у Казахстане, праўладных дзяржаўных журналістаў, а таксама былых беркутаўцаў, што працуюць у мінскім АМАП.

Папярэдне, яму інкрымінавана ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне сацыяльнай варожасці). Палявонку пагражае да 5 гадоў зняволення.


Палітзняволеных нашаніўцаў перавялі ў калоніі

Палітзняволеных нашаніўцаў Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко, асуджаных на 2,5 года, перавялі ў калоніі:

Марціновіч Ягор Аляксандравіч
вул. Сікорскага, 1а,
213800, Бабруйск, Магілёўская вобл.
Папраўчая калонія №2.

Скурко Андрэй Генадзевіч
Слаўгарадская шаша, 183,
213105, Магілёў, п/а Вейна.
Папраўчая калонія №15.


Заснавальніка крaмы symbal.by Паўла Белавуса ўзбудзілі крыміналку

Супраць палітвязня Паўла Белавуса распачалі крымінальную справу за “кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем”.

Заснавальніка крaмы symbal.by затрымалі па адміністрацыйнай справе яшчэ 15 лістапада 2021 года, але пазней яго зрабілі падазраваным па крымінальнай. Тады была інфармацыя, што гэта артыкул 342 — "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх".


На працоўным месцы  затрымалі 35-гадовага вядучага інжынера Аляксандра Лаўрыновіча

З ім на праўладных тэлеграм-каналах з’явілася «пакаяльнае відэа», дзе ён кажа, што ў жніўні 2020-года прымаў удзел у акцыях пратэсту ў Мінска, фатаграфаваўся з сімволікай, а таксама з «шчытом», прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога» і чат-боце батальёна Кастуся Каліноўскага.

«Цяпер затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за ўсе гэтыя дзеянні», — кажа Аляксандр на відэа. Што канкрэтна ікрымінуецца яму пакуль невядома.


У Смаргоні зноў чарговае затрыманне. Стала ведама, што 10 чэрвеня ў Смаргоні быў затрыманы лекар, спецыяліст па ультра-гукавай дыягностыцы Яўген Бужынскі.

Прычыны затрымання пакуль невысветленыя.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства