viasna on patreon

Ціск на адвакатаў, палітвязняў і новыя затрыманні: хроніка пераследу 9 чэрвеня Дапоўнена

2022 2022-06-09T19:01:00+0300 2022-06-10T07:45:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kolesnikova_znak_sud_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманне ў Мінску

У Мінску 9 чэрвеня затрыманы Аляксей Кудрыцкі (30.08.1981 г.). Прычыны затрымання пакуль невядомыя.


Палітзняволенаму рэдактару «Ежедневника» Сяргею Сацуку выставілі абвінавачанні па новых артыкулах

Раней Сяргея вінавацілі ў атрыманні хабару. Нядаўна сканчаўся максімальна магчымы гранічны тэрмін утрымання рэдактара пад вартай па гэтым артыкуле. І літаральна некалькі дзён таму Сацук паведаміў у лісце з СІЗА пра новыя абвінавачанні.

"БАЖ" удалося высветліць праз былога сукамерніка Сяргея, што цяпер рэдактара вінавацяць яшчэ і ў распальванні варажнечы (арт. 130 КК) і перавышэнні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў (арт. 426 КК). Якіх канкрэтна дзеянняў рэдактара тычацца абвінавачанні, невядома.


Вядомага тыктокера lexmask і ягоную жонку арыштавалі на 10 сутак

У Мінску 7 чэрвеня супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі Аляксея Бондара разам з ягонай жонкай Маргарытай. Аляксей — вядомы тыктокер lexmask з 58 тысячамі падпісантаў, які выпускае відэа на беларускай мове. ГУБАЗіК паведамляў, што затрымалі тыктокера за тое, што ён «хайпаваў на ваенным канфлікце». На пакаяльным відэа Аляксей сказаў, што падпісаны на «дэструктыўныя каналы», а раней хадзіў на мітынгі.

Праваабаронцам стала вядома, што ўчора, 8 чэрвеня, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска над Аляксеем і Маргарытай адбыўся суд. У выніку іх адправілі за краты на 10 сутак. Сваякам, якія хацелі прыйсці на суды, адміністрацыя адказала, што «працэс будзе ў 18:00, таму на суд трапіць нельга».


8 чэрвеня была затрымана актывістка Барысаўскай гарадской арганізацыі партыі, кіраўнічка Мінскай абласной рабочай групы "Жанчыны БСДП"Ганна Скачок. Ноч яна правяла ў халоднай камеры, дзе не было магчымасці паспаць, а 9 чэвреня ёй прысудзілі 10 базавых штрафу. Падставай для пераследу стаў перапост у адной з сацсетак роліка з масавага мерапрыемства ў Расіі, дзе выкарыстоўваліся агітацыйныя матэрыялы з фашысцкай свастыкай.


Палітзняволенаму Уладзіміру Сушко са Жлобіна, які адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу, змянілі рэжым адбывання пакарання на больш жорсткі

Ён да канца тэрміну зняволення пераведзены ў папраўчую калонію.


Гродзенскага музыку Юрыя Грыгера затрымалі за пост у Facebook, які ён напісаў у 2020 годзе

Цяпер Грыгер знаходзіцца ў гродзенскім ізалятары паведамляе "Право имеет". Юрый — вядомы гродзенскі музыка, быў удзельнікам гуртаў «Контур» і «Hard Blues Shot», а таксама ўладальнікам музычнай крамы «Шоўтайм».


Палітвязня Максіма Знака і яшчэ пяцярых адвакатаў пазбавілі ліцэнзій на чарговай атэстацыі ў Мінюсце

Максім Знак у судзе
Максім Знак у судзе

8 чэрвеня Кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь праведзена чарговая атэстацыя адвакатаў Мінскай гарадской, Мінскай абласной, Гомельскай абласной калегій адвакатаў.

Па выніках атэстацыі Кваліфікацыйнай камісіяй прыняты рашэнні аб немагчымасці выканання адвакатамі Дравіцай, Праўдзікавым сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі.

Спынены дзеянні ліцэнзій Бараноўскага, Лебедзева, Стэльмашук «з прычыны недастатковай кваліфікацыі», Знака «у сувязі з выключэннем з Мінскай абласной калегіі адвакатаў у сувязі з уступленнем у законную сілу прысуду суда аб прызнанні адваката вінаватым ва ўчыненні наўмыснага злачынства».


Палітзняволенага жлобінца Яўгена Зашчытава збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым 

Па інфармацыі праваабаронцаў, 10 чэрвеня ў судзе г. Наваполацка будзе разгледжана справа аб узмацненні рэжыму ўтрымання жлобінцу Яўгену Зашчытаву і пераводзе яго ў турму.

Яўген — жыхар Жлобіна, асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі).Першапачаткова яго хацелі абвінаваціць у арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК), аднак следства так і не змагло сабраць неабходных доказаў. Справа датычылася падзей у Жлобіне 9 жніўня 2020, калі людзі выйшлі на акцыю пратэтсу супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Падтрымайце Яўгена лістамі салідарнасці: ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Яўген Мікалаевіч Зашчытаў


Адвакат Віталь Брагінец не выйшаў з «сутак». Lawyers for Lawyers і CCBE патрабуюць яго вызваліць

У сумесным лісце Lawyers for Lawyers і Савет адвакатур і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE) ад 8 чэрвеня зрабілі сумесную заяву з нагоды затрымання адваката Віталя Брагінца і крымінальнай справы, узбуджаных у дачыненні да адваката Андрэя Мачалава.

Арганізацыі паведамляюць, што ў выніку адміністрацыйнага арышту Брагінец будзе пазбаўлены ліцэнзіі адваката і права на выкананне сваіх прафесійных абавязкаў у якасці адваката, а прад'яўленыя Мачалаву абвінавачванні з'яўляюцца неабгрунтаванымі і хутчэй звязаныя і служаць незаконнаму спыненню яго законнай дзейнасці ў якасці адваката.

Нагадаем, адвакат Віталь Брагінец быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ зранку 23 траўня на выхадзе з дома. Пазней яго даставілі ў Партызанскае РУУС «для праверкі на датычнасць да пратэснай дзейнасці». Адтуль ён, як сцвярджалася ў судзе, «паспрабаваў сысці». У гэтым і выявілася непадпарадкаванне. На яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП і арыштавалі на 15 сутак. На волю ён мусіў выйсці ўвечары 7 чэрвеня, але гэтага не адбылося.


Гродзенскае абласное грамадскае аб'яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі

Такое рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд 17 траўня 2022 года.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства