У Жлобіне яшчэ двум удзельнікам жнівеньскіх падзей прысудзілі калонію
У судзе Жлобінскага раёна ў пятніцу, 2 красавіка, вынесены яшчэ адзін прысуд па справе аб масавых беспарадках, якія адбываліся ў горадзе 9-10 жніўня 2020 года.
Па артыкуле 364 крымінальнага кодэксу (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) абвінавацілі мясцовых жыхароў Яўгена Зашчытава і Аляксандра Шаўцова.
Першапачаткова іх хацелі абвінаваціць у арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК), аднак следства так і не змагло сабраць неабходных доказаў.
Справу разглядала суддзя Наталля Качалава, абвінавачванне прадстаўляла пракурор Марына Панчык.
Сайт spring96.org паведамляў раней пра затрыманне ГУБАЗіКам яшчэ дваіх удзельнікаў масавых беспарадкаў у Жлобіне. Як мяркуе следства, мясцовыя жыхары, датычныя да жнівеньскіх масавых беспарадкаў у райцэнтры: кідалі камяні ў міліцыянтаў і службовы транспарт. Верагодна, меліся на ўвазе Зашчытаў і Шаўцоў.
Яўгена Зашчытава затрымалі 20 лістапада і змясцілі пад варту, Шаўцова затрымалі крыху пазней.
Да суда яны знаходзіліся спачатку ў ІЧУ Жлобіна, а са студзеня - у СІЗА Гомеля.
Больш поўная нфармацыя пра акалічнасці справы высвятляецца.
Другога красавіка суддзя Качалава вынесла прысуд: Яўгену Зашчытаву – тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Аляксандру Шаўцову – два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Па два з паловай гады гады калоніі прысудзіў суд актыўным удзельнікам акцыі пратэсту ў Жлобіне
Раней у Жлобіне за падзеі 10 жніўня 2020 года былі асуджаныя Яўген Каханоўскі, Дзмітрый Гопта, Віталь Прохараў, Аляксандр Кісялёў, Сяргей Бекарэвіч, Андрэй Расулаў, Віктар Шмігельскі, Іллі Патрушаў і Андрэй Шаўчук і яшчэ некалькі чалавек. Праўстаўнікі Гомельскага УУС паведамлялі пра 17 крымінальных спраў, заведзеных у Жлобіне па факце падзеяў 9-10 жніўня.