viasna on patreon

"Мама выхавала ўва мне чалавека" — дачка палітзняволенай Наталлі Падлеўска

2022 2022-06-08T13:10:09+0300 2022-06-08T15:21:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/padleuska.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

56-гадовую Наталлю Падлеўска затрымалі летась у лістападзе за каментары ў адрас Лукашэнкі, Касьянчык і іншых прадстаўнікоў улады. Больш за паўгода яе пратрымалі пад следствам у СІЗА, дзе ў яе абвастрыліся хранічныя захворванні. На судзе, які праходзіў два дні ў закрытым рэжыме, жанчына ўвесь час была ў кайданках — ёй дазволілі зняць іх, толькі каб падпісаць дакументы.

Ейная дачка Урсула распавяла "Вясне" пра матчын характар і захапленні, а таксама пра ейны час у зняволенні.

Кнігі, творчасць і вандроўкі

Наталля Валянцінаўна каля дзесяці гадоў працавала памочніцай выхавальніка ў дзіцячым садку, потым — паварыхай. Апошнія тры гады перад зняволеннем яна была сядзелкай у пажылых людзей, навучылася рабіць рэабілітацыйны масаж для іх. І хоць яна жыве ў Беразіно, яе часта запрашалі працаваць у Мінск.

«Маме падабаецца працаваць з людзьмі, — распавядае ейная дачка Урсула. — Мы з ёй удзвюх людзі дапаможных прафесій — я псіхатэрапеўтка. Магчыма, менавіта дзякуючы маці я стала на гэты шлях: у яе было складанае жыццё. У ейным другім шлюбе з захворваннем сэрца нарадзілася мая сястра, і нам давялося з Польшчы пераехаць у Беларусь, дзе дзецям да 3 гадоў рабілі бясплатныя аперацыі. Ейны муж не захацеў дапамагаць, таму мама вымушаная была даваць усяму рады сама. І ў 2007 годзе яна не вытрывала: у яе дыягнаставалі трывожна-дэпрэсіўны разлад, на жаль, ёй нават давялося легчы ў клініку. Цяпер людзям псіхіку лячу я.

Мама — гэта чалавек, які выхаваў чалавека ўва мне. Напрыклад, яна заўсёды давала мне свабоду ствараць, магчыма, таму што яна сама мастачка ў душы. У свой час яна пісала вельмі прыгожыя партрэты, я знайшла іх у старой скрынцы з фатаграфіямі і вельмі захапілася! Але мой дзядуля забараніў паступаць ёй у мастацкі каледж — так яна атрымала сярэднюю тэхнічную адукацыю. Цяпер я заўважыла, што мама малюе мне кветачкі, прапануе намаляваць яшчэ штосьці, а я кажу ёй, што, калі яна выйдзе на волю — мы купім ёй мальберт, палотны і фарбы. Можа быць, гэта будзе ейная новая прафесія. Яшчэ мы абавязкова сходзім да цырульніка, зробім ёй манікюр і прагуляемся па вячэрнім горадзе».

Хоць Наталля Валянцінаўна не заканчвала вышэйшых навучальных устаноў, яна вельмі адукаваны чалавек. Ёй удалося дасягнуць гэтага дзякуючы любові да чытання і вандровак. Яна чытае літаратуру розных жанраў, любіць філасофію і навукова-папулярную псіхалогію. Ужо ў СІЗА Урсула перадала маме цытаты з кнігі Віктара Франкла — Наталля Валянцінаўна дзякавала дачцэ за іх і сказала, што яны сапраўды падтрымалі яе. Падарожнічаць жанчыне падабаецца ў Еўропе, В'етнаме, з дзяцінства Урсула памятае паездкі ва Украіну, якую ейная маці таксама вельмі любіць.

Кіпр, бессань і сала

«А цяпер у лістах яна намякае, што хоча сустрэць старасць на моры ля Кіпра, — усміхаецца Урсула. — Чаму, я так і не дазналася: цэнзура перакрэсліла частку ліста. Спачатку я яшчэ магла разгледзець гэтыя закрэсленыя сказы на сонца, але апошнім часам усё зафарбоўваюць некалькімі асадкамі. Раней галоўным чынам закрэслівалі словы пра ейны стан — калі яна пісала, што ёй робіцца горш, непакоіць бессань. Наогул жа, калі спачатку мама трымалася на пазітыве, займалася спортам, то ў апошніх лістах яна распавядае пра адваротныя думкі, піша, што ўжо і не хоча вяртацца на волю, таму што не ведае, што тут рабіць. Чалавек як быццам страціў сэнс жыцця. Я спрабую дапамагчы ёй, распавядаючы вясёлыя гісторыі з майго дзяцінства, прашу расказаць, якой я была маленькай».

Праз псіхалагічны стан Наталлі ёй мусілі правесці псіхіятрычную экспертызу, але ў выніку гэта аказалася 10-хвіліннай гутаркай са спецыялістам, пасля якой яе прызналі свядомай і здольнай несці пакаранне нароўні з астатнімі. Урсула як псіхатэрапеўтка не можа зразумець, як можна было вызначыць гэта, проста перакінуўшыся з чалавекам парай слоў.

«Я перадавала ёй супрацьтрывожныя прэпараты і антыдэпрэсанты, — кажа Урсула. — Спачатку ў стане афекту яна нават адмаўлялася іх прымаць, а калі яны скончыліся, ёй прапісалі турэмныя лекі, пасля якіх ёй было дрэнна. Я ведаю, што сукамерніцы падзяляліся з ёй «Фенібутам», але ці дашлі ёй лекі супраць алергіі, ад насмарку, вітаміны, якія я перадавала, — я не ведаю».

 

padleuska_1.jpg
Лісты, якія Наталля Валянцінаўна дасылае дачцы

Не прыходзяць Наталлі і прадукты, якія перадае ёй дачка: штораз у лісце яна просіць тое, што Урсула ўжо адпраўляла раней.

«Мама пачала прасіць сала, мяса — тое, што мае ярка выяўлены смак, — кажа дачка палітзняволенай. — Гэта досыць незвычайна для яе, таму што яна заўсёды любіла цікавыя смакі і эксперыментальныя спалучэнні. Я заўсёды ўзгадваю, як раніцай я прачыналася ў школу пад пах свежазваранай кавы з туркі, куды мама заўжды дадавала вельмі шмат спецый. Яна ніколі не любіла нічога банальнага: нават калі грошай у сям'і было не надта шмат, а з прадуктаў дома ляжалі толькі капуста і бульба, мама магла выдумаць вар'яцкія стравы. Цяпер гэта ператварылася для мяне ў мінус, бо яна выхавала ўва мне такі густ, што цяпер я вельмі пераборлівы чалавек і заўсёды знаходжуся ў пошуках цікавых спалучэнняў з дзяцінства.

А яшчэ яна ніколі не любіла салодкае, але як толькі ёй перадалі грошы на атаварку, яна купіла згушчонку і торт. І вось цяпер я не ведаю, ці перадаюць тое, што я перадаю для яе. Адзінае, у чым я ўпэўненая, — маме аддалі новыя акуляры замест зламаных: яна была ў іх на судзе». 

Затрыманне, касметычка і суд

Суд над Наталляй Валянцінаўнай праходзіў у закрытым рэжыме, пракурор запатрабаваў для яе 2,5 гады зняволення. Суддзя абмежаваўся годам калоніі і штрафам у 100 базавых велічынь (3 200 беларускіх рублёў).

«У першы дзень я сядзела пад дзвярыма і слухала ўсё, што там адбываецца, — узгадвае Урсула. — А калі пасяджэнне скончылася, дзверы адчыніліся і адтуль выйшаў адвакат — я паспела прасунуць галаву ў праём і ўсміхнуцца маме. У адказ яна паспрабавала мне памахаць, але на ёй былі кайданкі — ёй давялося падымаць абедзве рукі і махаць імі дзвюма адначасова.

На другі дзень я толькі зайшла ў залу, убачыла, што ў мамы вельмі адраслі валасы, падышла да яе, мяне ледзь не за шкірку ўзяў нейкі міліцыянт і пачаў крычаць, каб я выходзіла з залы суда. І пакуль адвакат не паказаў суддзі проста на экране тэлефона закон, паводле якога абвяшчэнне прысуду заўсёды адкрытае, мяне не пакінулі ў супакоі. Калі зачытвалі прысуд, мама рабілася ўсё больш паніклай з кожным словам. Ёй расшпілілі кайданкі толькі тады, калі трэба было падпісаць нейкі дакумент. І толькі я хацела падысці да мамы бліжэй — мяне зноў выгнаў гэты мент. Шчыра, я ўмею кантраляваць свае эмоцыі, але тады я ўжо была на піку раз'юшанасці, выйшла з залы суда, гучна пляснула дзвярыма. І разлютавана глядзела ў вочы гэтаму міліцыянту, які з ухмылкай мяне выправаджваў з залы».

padleuska_2.jpg
Так Наталлю Валянцінаўну намалявала яе сукамерніца

Гэта не першы раз, калі дзяўчына сутыкнулася з рэпрэсіўнай сістэмай МУС. Калі Наталлю Валянцінаўну затрымалі 3 лістапада, дома знаходзілася толькі ейная малодшая 19-гадовая сястра. Яна дагэтуль перажывае затрыманне мамы, пасля ў яе абвастрылася трывожнасць, хранічнае захворванне. Пабачыўшы стан сястры, Урсула зразумела, што трэба браць сітуацыю ў свае рукі.

«Я патэлефанавала адной са сваіх кліентак, якая сама ўжо сутыкалася з такой сітуацыяй і на той момант была на «хатняй хіміі», — прыгадвае Урсула. — Мне не адказвалі ў Фрунзенскім РУУС, а калі туды датэлефанавалася сястра, яны паслухалі маміна прозвішча і параіліся, нават не прыкрываючы слухаўку. Было штосьці накшталт: «А, гэта тая, якую прывезлі?» — і адразу пасля гэтага нам сказалі, што такіх у іх няма. І толькі падчас трэцяй гутаркі нам пацвердзілі, што яна там. Адразу ў мамы быў дзяржаўны адвакат — гэта было штосьці надзвычайнае. Калі яна выйшла пасля допыту з Фрунзенскага РУУС, глядзела на мяне, паціскаючы плячамі, і казала: «Ну што, збірайце цыбулю і часнок». Яна нічога не распавяла і толькі аддала мне маленькую маміну касметычку, у якой ляжала ейная гумачка, зубная шчотка, пара цукерак і пратакол затрымання. І з гэтай маленькай касметычкай я села на лаўцы ў парку каля РУУС і проста пачала рыдаць, таму што гэта ўсё, што засталося мне ад мамы».

Адвакат, падтрымка і парфума

На наступны дзень Урсула наняла маці добрага адваката, хоць шмат хто адгаворваў яе і пераконваў, што ў палітычных справах гэта — толькі выкінутыя на вецер грошы. Але дзяўчына ўпэўненая, што адвакат — выдатная сувязная нітка паміж людзьмі на волі і ў зняволенні.

«Да таго ж, толькі адвакат ведае ўсе юрыдычныя тонкасці і можа вам дапамагчы, — расказала Урсула. — Напрыклад, калі мне далі дазвол на спатканне з мамай, толькі дзякуючы абаронцу я дазналася, што на дазволе бракуе пячаткі, і паспела даставіць яе. Цяпер мы пішам апеляцыю на прысуд — і толькі ён бачыць моманты, за якія можна зачапіцца».

Дачка палітзняволенай расказвае, што адчувае падтрымку ад знаёмых і незнаёмых людзей, імкнецца трымаць сябе ў тонусе, шмат спаць, добра есці і хадзіць на трэніроўкі, таму што разумее: акрамя яе, у сям'і ніхто не вырашыць паўсталыя пытанні.

«Мама піша мне, што я валькірыя — напэўна, так і ёсць, — усміхаецца Урсула. — Яна будзе вельмі радая, калі ў лістах ёй напішуць, што даведаліся пра яе ад мяне. Яшчэ яна прасіла пырскаць лісты парфумай. Калі я пісала лісты ад рукі, заўсёды так рабіла: мама казала, яны нюхалі іх усёй камерай».

Падтрымаць Наталлю Валянцінаўну лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі і пасылкамі можна па адрасе:

Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Наталля Валянцінаўна Падлеўска

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства