Папаўненне ў "экстрэмісцкім" спісе: хроніка пераследу 8 чэрвеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У спісе экстрэмістаў – "Беларуская Рада культуры"
У спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў уключаная "Беларуская Рада культуры", сайт арганізацыі, яе сацыяльныя сеткі, а таксама ініцыятывы па стварэнню Рэсурснага цэнтру беларускай культуры, Інстытуту прамоцыі Беларусі і культурніцкага Сойму. З прапановай выступіла Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
"Беларуская Рада культуры" створаная ў кастрычніку 2020 года як Беларускі фонд культурнай салідарнасці, у пачатку 2021 года ператварылася ў Беларускую Раду культуры (БРК).
Рада ініцыюе і праводзіць глабальныя міжнародныя кампаніі пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Каардынацыйнага Савета, іншых грамадскіх ініцыятыў і арганізацый. Ад часу заснавання інстытуцыю падтрымліваюць ключавыя фігуры беларускай культуры і прадстаўнікі дыяспары, да імпрэзаў і акцый БРК далучаюцца і замежныя артысты і арт-актывісты.
Заснавальнік і кіраўнік Беларускай Рады культуры — Сяргей Будкін.
Суд Талачынскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала «ByProsvet» «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Праект «ByProsvet» займаецца аб'яднаннем усяго самвыдату Беларусі.
Перавялі з "хатняй хіміі" ў калонію хлопца, асуджанага за кактэйль Молатава
Елісей Кузняцоў у жніўні 2020 года быў 16-гадовым хлопцам, які вучыўся ў школе ў Жабінцы. 11 жніўня 2020 у горадзе падчас акцыі пратэсту адбыўся інцыдэнт: хтосьці кінуў у міліцэйскую машыну "кактэйль Молатава" — але ніхто не пацярпеў, а шкода аўтамабілю была толькі" ў выглядзе сажы", якую змылі пасля першай жа мыйкі.
За гэты інцыдэнт асудзілі Елісея да 2.5 года абмежавання волі.
Зараз стала вядома, што Кузняцова 20 сакавіка 2022 арыштавалі, а цяпер хлопец ужо знаходзіцца ў калоніі.
Прызначаная дата новага суда над палітзняволенай
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу, якая адбывае пакаранне ў калоніі № 4 ў Гомелі, 13 чэрвеня пачнуць судзіць зноў – за “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі”.
Справу будзе разглядаць суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля, суддзя – Мальцаў Сяргей Мікалаевіч. Верагодна, суд будзе праходзіць у выяздным пасяджэнні ў калоніі.
Новая крымінальная справа супраць 40-гадовай Вікторыі Кульшы была ўзбуджана ў канцы сакавіка. Вікторыю абвінавацілі па частцы 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”.
Сілавікі разграмілі кватэру прадстаўніцы кіберпартызанаў
Сілавікі разграмілі кватэру прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец і апублікавалі відэа з наступствамі свайго візіту.
Цынічнае відэа, якое яны выклалі, стылізаванае пад праграму «Кватэрнае пытанне», толькі наадварот. Спачатку паказваюць прыбраную чыстую кватэру, а потым — пагромленую. На відэа накладзеная гукавая дарожка з вядомай праграмы.
На гітарыста гурта "Deviation" Пашу Бяланава дадаткова завялі крымінальную справу
Вядома, што Бяланаў ужо сядзіць па адміністрацыйным артыкуле, а зараз на яго дадаткова завялі крымінальную справу па арт.368 КК РБ (абраза прэзідэнта).
Спынены крымінальны пераслед чатырох чалавек па справе ўдзельнікаў забастовак
7 чэрвеня орган Следчага камітэта спыніў крымінальны пераслед у адносінах да Дзмітрыя Елісеева і Святланы Зыль са Жлобіна, а таксама Маргарыты Зубаравай з Гомеля. Аналагічнае рашэнне прынята адносна Наталлі Белабехавай. Яны праходзілі па справе, якая вядзецца супраць удзельнікаў «Рабочага руху» – тых, хто падтрымаў забастоўку пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, піша "Гомельская вясна".
Спынены крымінальны пераслед у дачыненні да траіх фігурантаў справы "Рабочага руху"
Па крымінальнай справе яны зараз з'яўляюцца сведкамі. Зараз па гэтай справе ў якасці абвінавачаных праходзіць 21 чалавек.
Інфармацыя дапаўняецца.