Спынены крымінальны пераслед у дачыненні да траіх фігурантаў справы "Рабочага руху" Дапоўнена
Праваабаронцам стала вядома, што ў дачыненні да трох фігурантаў справы “Рабочага руху” Дзмітрыя Елісеева і Святланы Зыль са Жлобіна, а таксама гамяльчанкі Маргарыты Зубаравай, прынятае пашэнне аб спыненні крымінальнай справы па арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве).
На працягу 21-23 верасня 2021 года пракацілася хваля затрыманняў завадчан і стачкамаўцаў з "Гродна Азота", Беларускага металургічнага завода, Беларускай чыгункі і "Нафтана". Некалькі чалавек з "Гродна Азот" выпусцілі, астатнія 13 чалавек былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ і Гомельскае СІЗА №3. Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, іх затрымалі ў рамках артыкула 356 (Здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса. Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Святлану Зыль і Дзмітрыя Елісеева затрымалі 22 верасня 2021 года пасля чарговага допыту і змясцілі ў Гомельскае СІЗА. Затым 12 лістапада Святлану адпусцілі на волю, змяніўшы меру стрымання на заклад, а 20 студзеня 2022 года пад заклад быў адпушчаны Елісееў.
На мінулым тыдні Елісеева выклікалі ў СК, ён напісаў заяву аб спыненні крымінальнай справы супраць яго ўзамен на штраф у памеры 30 базавых велічынь. Такое ж рашэнне прынятае і ў адносінах да Маргарыты Зубаравай і Наталлі Белабехавай. Па якой справе яны былі аштрафаваныя - пакуль незразумела. Таксама абяцалі вярнуць “закладніцкія” грошы.
У межах крымінальнай справы "Рабочага руху" яны застаюцца ў якасці сведкаў, паведамляе "Палеская Вясна". Таксама вядома, што зараз па справе праходзіць 21 чалавек.
13 затрыманых па «справе Рабочага руху». Што пра іх вядома і ў чым іх вінавацяць?