viasna on patreon

Блогер Ціханоўскі — першы палітвязень за падзеі 2020 года: узгадваем гісторыю яго пераследу і затрыманых з ім на пікеце

2022 2022-05-31T15:15:25+0300 2022-05-31T15:19:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cihanouski_98w.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 траўня 2020 года падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Гродне затрымалі кіраўніка ініцыятыўнай групы, блогера папулярнага YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага і яшчэ прынамсі 15 грамадзян, якія бралі ўдзел у тым пікеце. Усё адбывалася ў жывым эфіры — сведкамі правакацыі і затрыманняў сталі тысячы гледачоў стрымаў і дзясяткі ўдзельнікаў выбарчага пікету. Праз дзень — роўна два гады таму — праваабаронцы прызналі блогера палітычным зняволеным. Сяргей Ціханоўскі — першы палітвязень Беларусі за падзеі 2020 года. Праз паўтара года яго асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса да 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Некаторых затрыманых тады з блогерам: кіроўцу, аператара, удзельнікаў пікету і зборшчыка подпісаў — таксама асудзілі да турэмных тэрмінаў. Сёння ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме разглядаюць апеляцыю на прысуд Ціханоўскага і яшчэ пяці асуджаных з ім палітвязняў. Узгадваем гісторыю пераследу блогера Сяргея Ціханоўскага і затрыманых з ім на гродзенскім пікеце, а юрыст «Вясны» Павел Сапелка каментуе прысуд блогеру і рэпрэсіі, што распачаліся супраць беларусаў пасля правакацыі 29 траўня 2020 года.

Сяргей Ціханоўскі на пікеце на Камароўскім рынку
Сяргей Ціханоўскі на пікеце на Камароўскім рынку

«Менавіта 29 чэрвеня 2020 года стаў пераломным момантам»

Блогер і аўтар YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі 7 траўня 2020 года выказаў жаданне балатавацца на пасаду прэзідэнта, аднак перад самым пачаткам выбарчай кампаніі яго арыштавалі паводле адміністрацыйнага артыкулу 23.34 КаАП (арганізацыя несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў). Праз гэта блогер не змог асабіста падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам. Паводле даверанасці гэта зрабіла ягоная жонка Святлана Ціханоўская, але ЦВК не зарэгістравала блогера ў якасці прэтэндэнта ў кандыдаты, бо даверанасць не была ім асабіста падпісаная. Тады дакументы на рэгістрацыю ў якасці прэтэндэнткі падала ягоная жонка — і яе зарэгістравалі.

Пасля сканчэння адміністрацыйнага арышту Сяргей Ціханоўскі стаў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай і актыўна ўключыўся ў кампанію па зборы подпісаў у яе падтрымку. У кожным горадзе, куды прыязджала каманда «Страны для жизни», збіралася рэкордная колькасць жадаючых падпісацца за вылучэнне Святланы. Аднак ужо 29 траўня Сяргей быў затрыманы ў Гродне падчас чарговага пікету для збору подпісаў.

На пікеце з'явіліся жанчына, якая задавала Сяргею Ціханоўскаму правакацыйныя пытанні і хапала яго за адзенне (на судах яе так і не дапыталі). Затым падышлі супрацоўнікі міліцыі, але прысутныя не падпускалі іх да блогера. У нейкі момант адзін з міліцыянтаў зваліўся на зямлю, пасля чаго супрацоўнікі АМАПа, якія амаль адразу знянацку з'явіліся на пікеце, брутальна затрымалі Сяргея Ціханоўскага і некаторых ягоных паплечнікаў.

8 чэрвеня Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ шасці затрыманым па «гродзенскай справе» выставілі абвінавачванне згодна з ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), а яшчэ двум — паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне змясцілі ў мінскае СІЗА-1.

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка мяркуе, што затрыманне на гродзенскім пікеце Ціханоўскага і ягонай каманды паклала пачатак масавым рэпрэсіям супраць беларусаў з боку ўладаў:

«Мабыць, менавіта 29 чэрвеня 2020 года стаў пераломным момантам, калі ўлады перайшлі ад палітыкі адвольных адміністрацыйных затрыманняў, абгрунтаваных рэпрэсіўным законам аб масавых мерапрыемствах, да непасрэдных правакацый, а калі правакацыі не спрацавалі — проста сфальсіфікавалі падставы для крымінальнага пераследу. І, сапраўды, гэтая фальшыўка спрацавала, нягледзячы на абуральна няўмелае выкананне. Таму ўжо праз дзень Сяргей Ціханоўскі быў прызнаны палітвязнем, праз некалькі дзён была вызначаная і ацэненая роля астатніх сябраў каманды і фігурантаў справакаванага і сфальсіфікаванага канфлікту.

У выніку ўсе затрыманыя і асуджаныя былі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі. Хацелася верыць, што істэрычная рэакцыя ўладаў выльецца ў нейкі менш цяжкі па наступствах вынік, аднак ужо праз два месяцы стала зразумела, што ўлады канчаткова абралі пазіцыю тэрору і рэпрэсій».

Які лёс затрыманых на пікеце ў Гродне?

Дзевяць затрыманых на пікеце ў Гродне 29 траўня 2020 года былі ўзятыя пад варту і змешчаныя ў СІЗА-1. Праз 12 сутак пасля затрымання пад падпіску аб нявыяздзе выпусцілі з «Валадаркі» Васіля Баброўскага і Уладзіміра Навуміка — па крымінальных справах іх не судзілі. Праз два месяцы меру стрымання змянілі аператару Вяргілію Ушаку — справа супраць яго таксама не дайшла да суда, ён пакінуў Беларусь.

Палітвязень Вяргілій Ушак — пра свае 2 месяцы зняволення па «справе Ціханоўскага»

Як прайшлі два месяцы Вяргілія ў зняволенні, што ён адчуваў пасля вызвалення, чаму яму не ўдалося забраць на свабоду лісты — чытайце ў матэрыяле «Вясны».

Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку судзілі разам у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Дзмітрыя, які проста збіраў подпісы і быў выкрадзены сілавікамі на пікеце разам з крэслам, асудзілі паводле арт. 342 КК да двух гадоў калоніі — ён адбыў тэрмін цалкам і з меркаванняў бяспекі выехаў з Беларусі. Уладзіміра і Яўгена асудзілі да чатырох і трох з паловай гадоў зняволення — іх абвінавацілі яшчэ ў гвалце над участковым Казлоўскім, які раптам зваліўся на зямлю на пікеце 29 траўня 2020 года. Кіроўцу Ціханоўскага Аляксандра Арановіча у судзе Ленінскага раёна Гродна асудзілі да шасці гадоў калоніі — яго судзілі аднаго. Аператару Арцёму Сакаву — адзінаму затрыманаму на гродзенскім пікеце, каго судзілі разам з Ціханоўскім, — прысудзілі 16 гадоў калоніі. Самога Сяргея Ціханоўскаага асудзілі да 18 гадоў зняволення. Справу блогера і ягонага аператара аб'ядналі са справамі мадэратара сацсетак «Страна для жизни» Дзмітрыя Папова, адміністратара тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка, блогера MozgON Уладзіміра Цыгановіча, палітыка Мікалая Статкевіча. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме проста ў будынку гомельскага ізалятара. 

«Прысуд Ціханоўскаму быў дэманстратыўна жорсткім і хутчэй за ўсё — неабгрунтаваным, яго вынеслі ўпотай, закрытым судом, выключна за намеры і спробы правесці канкурэнтную палітычную выбарчую кампанію, якая сама па сабе не можа быць кваліфікаваная як злачынства. Можна абгрунтавана меркаваць, што астатнія доказы ў той справе не больш важкія за пастановачнае відэа з удзелам участковага з Гродна, які зрабіўся шырокавядомым», — каментуе прысуд Ціханоўскаму юрыст «Вясны».

Апеляцыя праходзіць у закрытым рэжыме ў Вярхоўным судзе

6 верасня 2021 года Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях прыняла рашэнне наконт скаргі, пададзенай у абарону Сяргея Ціханоўскага паводле факту ягонага затрымання на перадвыбарным пікеце 29 траўня 2020 года. Зняволенне Сяргея Ціханоўскага з'яўляецца адвольным, беларускія ўлады павінны прыняць тэрміновыя меры для яго неадкладнага вызвалення, выплаты кампенсацыі за парушэнне ягоных правоў, і правесці расследаванне акалічнасцяў, спадарожных ягонаму адвольнаму пазбаўленню свабоды, — такія патрабаванні вылучыла да ўрада Беларусі Працоўная група ААН у сваім рашэнні. Улады не выканалі гэтыя патрабаванні.

Сёння, 31 траўня, Вярхоўны суд разглядае апеляцыйную скаргу Сяргея Ціханоўскага і іншых асуджаных з ім палітвязняў на прысуд. Скаргу разглядаюць у закрытым рэжыме, у раскладзе на сайце Вярхоўнага суда адсутнічае судовае пасяджэнне па разглядзе апеляцыйнай скаргі. Старшынствуючы судовай калегіі, якая разглядае скаргі, пакуль невядомы. Рашэнне суда чакаецца хуткім часам. Пасля гэтага Ціханоўскага, Лосіка, Статкевіча, Цыгановіча, Сакава і Папова  этапуюць у калоніі.

«За свой разгромны пройгрыш на выбарах рэжым бярэ высокую цану»

За два гады «справа Ціханоўскага» разраслася на дзясяткі палітычна матываваных крымінальных спраў. Улады выкарыстоўваюць яе дзеля пераследу іншадумцаў і паплечнікаў Ціханоўскага. Дзясяткі людзей былі асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту ў падтрымку Ціханоўскага, за стварэнне і адміністраванне лакальных тэлеграм-каналаў і чатаў «Страна для жизни», за абразы прадстаўнікоў улады, якія ўдзельнічалі ў пераследзе Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў. Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка адзначае, што пасля затрымання блогера можна было прадбачыць масавыя рэпрэсіі супраць нязгодных з рэжымам Лукашэнкі, але маштабы рэпрэсій — не:

«Уладам зрабілася відавочна, што прычынамі паразы на выбарах сталі не выстраеныя (паводле версіі ўладаў) чэргі да зборшчыкаў подпісаў і не сувенірны тапак Ціханоўскага, а абуджэнне ўсведамлення сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, незадаволенасці чалавекам, які заседзеўся ва ўладзе і якога абрала іншае пакаленне ў іншых гістарычных умовах. Таму рэпрэсіі абрынуліся на ўсё, што злучана з дзейнасцю грамадзянскай супольнасці. Бадай, мала чые доўгатэрміновыя прагнозы на паслявыбарны перыяд спраўдзіліся. За свой разгромны пройгрыш на выбарах рэжым бярэ высокую цану, таму што іначай магчымы паўтор спробы вырвацца з жалезных ціскоў дыктатуры.

Мне самому здавалася, што выбудаваная за чвэрць стагоддзя сістэма ўтрымання асабістай аўтарытарнай улады не саступіць сваіх пазіцый — і я памыліўся толькі ў прагнозе маштабаў парушэнняў асноўных правоў: яны шматразова шырэйшыя і няма ніякіх прыкмет іх згортвання. Гэта жудасна, але рэпрэсіі зрабіліся звыклай з'явай, кожны дзень прыносіць новыя імёны, тэрміны, артыкулы».

Падтрымайце лістамі салідарнасці затрыманых на пікеце 29 траўня 2020 года і асуджаных з Ціханоўскім:

  • Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі
    Арцём Мі
    калаевіч Сакаў
    Дзмітрый Юр'евіч Папоў
    Ігар Аляксандравіч Лосік
    Уладзімір Уладзіміравіч Цыгановіч
    Мікалай Віктаравіч Статкевіч 
    СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А
  • Уладзімір Іванавіч Кніга
    ПК №14, 222125, Мінская вобл., Барысаўскі раён, с.н.п. Навасады, вул. Міру, 1А
  • Яўген Сяргеевіч Разнічэнка
    ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
  • Аляксандр Валянцінавіч Арановіч
    ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства