Палітвязняў Баброўскага і Навуміка выпусцілі з СІЗА. Яны вяртаюцца дадому Фота Аўдыё
У чацвер, 9 ліпеня, з СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску былі адпушчаныя палітычныя зняволеныя і вязні сумлення, якія праходзяць па так званай "справе Ціханоўскага", Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік. Ім змянілі меры стрымання з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе. Яны застаюцца абвінавачанымі па крымінальнай справе па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Цяпер Васіль і Уладзімір вяртаюцца дадому ў Гродна.
Нагадаем, Васіль Баброўскі быў затрыманы 29 траўня ў Гродне падчас выбарчага пікета па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай. Тады супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube канала “Страна для жизни” Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян, якія прымалі ўдзел у дадзеным пікеце. Уладзіміра Навуміка, члена ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, затрымалі 31 траўня. 8 чэрвеня семярым удзельнікам мерапрыемства, у тым ліку Васілю Баброўскаму і Уладзіміру Навуміку, было прад'яўленае абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях (частка 1 артыкула 342 КК Рэспублікі Беларусь). 9 траўня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала іх палітычнымі зняволенымі і запатрабавала неадкладнага вызвалення ўсіх абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Пазней міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала беларускіх палітвязняў вязнямі сумлення.
Чытаць па тэме:
Крымінальная справа за гвалт да міліцыянтаў: вобшукі, затрыманні і новы фігурант справы
Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь
Amnesty International: Ціханоўскі, Бабарыка, іх паплечнікі і блогеры — вязні сумлення