viasna on patreon

Псіхалагічная дапамога. Агляд артыкулаў

2022 2022-05-23T17:01:00+0300 2022-05-23T17:50:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/psiholog_pomosch1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Апублікавалі шэраг матэрыялаў, каб адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.


Віды псіхалагічных цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсій

У апошнія гады праз падзеі ў нашай краіне мноства людзей сутыкнуліся з псіхалагічнымі праблемамі. Некаторыя з іх вострыя, некаторыя могуць прайсці самі па сабе. Як зразумець, калі патрабуецца дапамога спецыяліста, і як самастойна адсочваць свой псіхалагічны стан? Мы паразмаўлялі з дваімі героямі, якія перажылі посттраўматычны стрэсавы разлад, ды папрасілі псіхолага пракаментаваць сітуацыі і даць шэраг парадаў.

Як родным палітвязняў падрыхтавацца да спаткання ў месцы зняволення

У Беларусі ўжо больш за 1200 палітвязняў. І калі на этапе следства сваякам не даюць дазвол на сустрэчу, то пасля суда, а затым і ў калоніі людзі ўсё часцей атрымліваюць спатканне са сваімі блізкімі. Аднак такая сустрэча — заўсёды стрэс, хай і станоўчы: часта бывае незразумела, як рэагаваць на незвычайныя паводзіны блізкага, што яму сказаць, ці браць з сабой дзяцей.

Цяжкасці адаптацыі палітвязняў і спосабы ім дапамагчы

Праз 1,5 года пасля прэзідэнцкіх выбараў беларусы, асуджаныя на адносна невялікія крымінальныя тэрміны за сваю палітычную пазіцыю, пачынаюць выходзіць на волю. Самы час пагаварыць, з якімі псіхалагічнымі праблемамі сутыкаецца чалавек пасля зняволення і як палегчыць перыяд адаптацыі да “свабоды”.

Як падтрымаць сябе, калі твае родныя знаходзяцца ў турме

Немагчыма падлічыць дакладную колькасць людзей, якія зведалі палітычны пераслед у Беларусі. Аднак за кожным і кожнай з такіх рэпрэсаваных ёсць яшчэ больш невядомая і палохаючая колькасць людзей, якія перажываюць не менш моцны стрэс з-за таго, што адбываецца з іх блізкімі. Сваякі, сябры і знаёмыя тых, хто прайшоў праз катаванні ці цяпер знаходзіцца ў турме, часам забываюць, што ім у роўнай ступені неабходная дапамога і падтрымка.

Што казаць дзецям, бацькі якіх знаходзяцца ў турме

Калі ў турме ўтрымліваецца хтосьці з блізкіх — гэта складанае выпрабаванне для ўсёй сям'і. Але ў самым уразлівым стане знаходзяцца дзеці, бо ў іх менш жыццёвага досведу, ведаў, дый наогул ім складаней зразумець тое, што адбываецца ў краіне. Што рабіць у такой сітуацыі, як расказаць праўду і ці трэба яе расказваць, як дапамагчы дзецям перажыць зняволенне бацькі ці маці і галоўнае — як правільна пра гэта размаўляць?

Якія думкі, дзеянні і звычкі дапамагаюць дачакацца любімых

Шок ад арышту блізкага змяняецца няспыннай трывогай за роднага чалавека. Непакоіць нявызначанасць будучыні і бездапаможнасць. Якія думкі, дзеянні, звычкі дапамагаюць чакаць? Па парады мы звярнуліся да сваякоў беларускіх палітвязняў.

Як дапамагчы дзіцяці перажыць траўматычную падзею

Рэальнасць сутыкае бацькоў маленькіх беларусаў з нетыповымі праблемамі, якія іх ніхто не вучыў адольваць. У падручніках па псіхалогіі не расказваюць, ці можна браць дзіця на спатканне да таты-палітвязня, як паводзіць сябе з сынам ці дачкой падчас вобшуку ў кватэры і што сказаць ім, калі іх роднага чалавека затрымалі.

Катаванні і жорсткае абыходжанне — розніца, наступствы і важнасць дакументавання

Згодна з даследаваннямі, рызыка развіцця посттраўматычнага стрэсавага разладу (ПТСР) у палітвязняў у сярэднім дасягае 45-50%. Калі параўноўваць гэтую лічбу з аднаразовымі траўматычнымі падзеямі, то ў ахвяр сэксуальнага гвалту ці прыродных катастроф гэтая лічба складае 18-20% і 10-11% адпаведна. Выходзіць, у паловы палітвязняў у той ці іншай ступені будуць назірацца сімптомы ПТСР.

Правілы аказання першай дапамогі людзям, якія сутыкнуліся з гвалтам і катаваннямі

За гады рэпрэсій шматлікія беларусы сутыкнуліся з псіхалагічным і фізічным гвалтам, катаваннямі і жорсткім, бесчалавечым абыходжаннем. У такіх умовах важна, каб кожны чалавек разумеў, якую дапамогу сабе і блізкаму можна аказаць у першыя часы пасля траўматычнай падзеі. Гэта можа дапамагчы мінімізаваць наступствы траўмы ў будучыні і не даць развіцца посттраўматычнаму разладу. 

Як перажыць ізаляцыю ў адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў

Сённяшнія рэпрэсіі часта пакідаюць беларусаў сам-насам з сабой і, на першы погляд, невырашальнымі сітуацыямі. Так адбываецца, калі палітвязняў саджаюць у карцар, ШІЗА ці ПКТ. Так адбываецца, і калі людзі вымушаны экстрана ўцякаць у іншую краіну, і калі пасля эміграцыі вымушаны адаптоўвацца ў новай краіне.

Наступствы для псіхікі агрэсараў і саўдзельнікаў гвалту

Калі мы абмяркоўваем гвалт, звязаны з рэпрэсіямі ў Беларусі, звычайна мы згадваем ахвяр, але амаль ніколі не гаворым пра тых, хто яго ажыццяўляў. Ці адбіваецца на псіхіцы суддзі вынясенне несправядлівых прысудаў? Ці можна перавыхаваць амапаўца, які збіваў дзяўчын падчас мірных маршаў?

Як перажыць пачуццё віны, калі ты з'ехаў, ці застаўся, але ўсё адно яго адчуваеш

Палітычныя падзеі 2020 года наклалі свой адбітак на жыццё беларусаў. Пачуццё віны знаёмае практычна кожнаму, хто браў у іх актыўны ўдзел ці зрабіўся іх сведкам. Не так важна, застаўся чалавек у краіне ці вымушана пакінуў яе, бо праблема не вырашылася і большасць дагэтуль у той ці іншай ступені жывуць у стане стрэсу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства