viasna on patreon

Псіхалагічная дапамога: Як родным палітвязняў падрыхтавацца да спаткання ў месцы зняволення

2022 2022-04-12T11:01:14+0300 2022-04-12T11:13:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/psiholog_pomosch2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.


У Беларусі ўжо больш за 1100 палітвязняў. І калі на этапе следства сваякам не даюць дазвол на сустрэчу, то пасля суда, а затым і ў калоніі людзі ўсё часцей атрымліваюць спатканне са сваімі блізкімі. Аднак такая сустрэча — заўсёды стрэс, хай і станоўчы: часта бывае незразумела, як рэагаваць на незвычайныя паводзіны блізкага, што яму сказаць, ці браць з сабой дзяцей. Таму сёння мы падрыхтавалі адказы на пытанні, якія часцей за ўсё ўзнікаюць у сваякоў палітвязняў.

Зразумець, чаго чакаеце ад сустрэчы

Муж адной з палітзняволеных расказвае, што ў яго не было страхаў перад спатканнем з жонкай — толькі вялікае жаданне ўбачыцца. Але праз тое, што падчас зняволення ў яе пагоршылася здароўе, ён баяўся знайсці яе ў дрэнным стане. Так і адбылося: ён убачыў, як на твары жонкі адбіліся месяцы зняволення і псіхалагічна няўстойлівае становішча. Было заўважна, што яна падбірала кожнае слова, была заціснутай і даволі прыгнечанай.

Практыкуючы псіхолаг Ірына распавядае: часта сваякі зняволеных кажуць пра страх сустрэць чалавека, які змяніўся, і зразумець, што ты нічым не можаш дапамагчы.

«Перажыванне бяссілля ў дачыненні да блізкіх — адно з самых непераносных пачуццяў, — кажа яна. — Нас вучаць быць разам у горы і ў радасці, але забываюць растлумачыць, у чым менавіта палягаюць складанасці. Калі адзін чалавек у рэсурсе, а другі ўпаў, падтрымліваць адносна лёгка і зразумела. Але калі ўпалі абое і кожны чакае рукі дапамогі ад другога, сапраўды цяжка. Паспрабуйце не чакаць цудаў падтрымкі ад сябе і ад іншага, ваша задача максімум — пабачыць і пачуць адно аднаго».

Таксама псіхолаг нагадвае, што не бывае няправільных эмоцый:

«Пра гэта не прынята казаць, але калі блізкія зняволеных зазірнуць усярэдзіну сябе, то знойдуць там вельмі розны спектр пачуццяў: апроч спагады, страху і любові, яшчэ і крыўду, боль і нават злосць. Знайсці падтрымку ў гэтых станах бывае вельмі цяжка, часцей за ўсё падобныя думкі асуджаюцца, бо тым, хто ў зняволенні, «цяжэй». Насамрэч цяжка ўсім. Таму падчас усяго працэсу зняволення блізкага чалавека важна мець свой набор «хуткай эмацыйнай дапамогі»: найперш псіхолага ці псіхатэрапеўта, які, апроч іншага, навучыць тэхнікам самадапамогі. Акрамя гэтага, можна карыстацца мабільнымі дадаткамі для паляпшэння сну, медытацый, умацавання самаацэнкі, тэлеграм-каналам “Мама в телеграме”».

Алеся Альховік, псіхолаг Цэнтра траўматэрапіі «Фарпост Хэлп», упэўненая: ісці на спатканне з блізкім трэба з мінімальнымі чаканнямі ад сустрэчы. Бо ў вас наперадзе спатканне не з палітвязнем, якія часта нібыта атуленыя «арэолам святасці», а з чалавекам, які перажыў траўмуючы досвед: магчыма, ён стаміўся, прыгнечаны, раззлаваны.

«Зыходзячы з рэальнага разумення асобы чалавека, можна прыдумаць сабе некалькі варыянтаў таго, як вы бачыце гэтую сустрэчу, — тлумачыць псіхолаг. — Уявіць ці прапісаць найлепшы, найгоршы і рэалістычны варыянт, а таксама свае чаканні ад сустрэчы. Таксама неабходна разумець, што спатканне канечнае, і выразна ўсведамляць, чаго хочацца атрымаць ад сустрэчы: пабачыць, пачуць, абняць чалавека, падтрымаць яго».

Быць побач з эмоцыямі чалавека

Алеся Альховік адзначае: важна разумець, што больш пацярпелы бок — чалавек, які знаходзіцца ў зняволенні. Таму ён можа несвядома выкарыстоўваць блізкага як «кантэйнер» для зліву перажыванняў, напружання ці негатыву, але нельга ўспрымаць усё на свой кошт. У гэты момант не трэба спыняць чалавека — трэба даць яму выгаварыцца і даць волю эмоцыям: у зняволенні гэта наўрад ці можна сабе дазволіць. Падчас спаткання трэба запытваць у чалавека, чаго ён хоча, і даваць яму гэта.

«Важна не спрабаваць вырашыць праблемы чалавека, а проста быць побач з гэтымі складанымі эмоцыямі, — кажа Алеся. — Нельга казаць, што ўсё разумееш — чалавек, які знаходзіцца на свабодзе, ніколі не зразумее зняволенага. Але паўтараць, што «я побач, я бачу, як табе складана», трэба ўвесь час. Для гэтага трэба шмат рэсурсаў, таму важна зарадзіць сябе перад спатканнем: па магчымасці паесці, выспацца, атрымаць новыя ўражанні ад улюбёных спраў — прагляду фільмаў, наведвання культурніцкіх мерапрыемстваў, шпацыраў на прыродзе».

Гаворачы пра кароткатэрміновыя спатканні, Ірына згадвае, што ў памяшканнях вісяць спісы забароненых тэм, таму размова можа набыць моцны прысмак штучнасці:

«Для зносін гэта вельмі згубна — не мець магчымасці абмеркаваць ружовага слана, які стаіць пасярод пакоя. Можна прызнаць гэты факт: так, у такім фармаце казаць дзіўна, цяжка, што даводзіцца падшукваць словы і тэмы — і само гэтае прызнанне ўжо разрадзіць сітуацыю».

Таксама псіхолаг нагадвае: нягледзячы на тое, што гутаркі вядуцца на побытавыя тэмы, не варта іх абясцэньваць, бо самае важнае гаворыцца інтанацыяй, вачыма, гучаннем голасу.

«Зняволенаму вельмі важна сказаць, што яго чакаюць, памятаюць, падтрымліваюць, — нагадала псіхолаг. — Можна пералічыць пайменна, хто запытваўся пра яго ці прапаноўваў дапамогу. Нагадваць, што ёсць людзі, якія на ягоным баку. Блізкім, якія прыехалі на спатканне, важна пачуць, што чалавек трымаецца, застаецца верным сабе і сваім каштоўнасцям, чакае вяртання і шануе падтрымку, якую блізкія аказваюць звонку. Таму што пакуль ён праходзіць сваё пекла знерухомленасці і бяссілля, яны праходзяць сваё — пераразмеркаванне і пераарганізацыю ўсяго жыцця. У такіх размовах вельмі дапамагае гумар, у тым ліку чорны і цынічны, калі гэта было прымальна ў адносінах раней». 

Не супраціўляцца эмоцыям

Аксана Шэметава, жонка палітвязня Мікалая Шэметава, распавядала: складаней за ўсё пасля сустрэчы з мужам — не засмучацца і імкнуцца вярнуць сябе ў тую каляіну, у якую знаходзілася да спаткання.

«Я з'ехала са спаткання — а душа засталася там, і цяпер вярнуць яе на месца хоць бы на час складана, — падзялілася яна. — Першапачаткова яшчэ на першым спатканні мы дамовіліся, што не шкадуем адно аднаго, а робім максімум з таго, што магчыма, на сваіх месцах. І пакуль ты гэта не чапаеш, не ходзіш да мужа, не можаш да яго дакрануцца — гэтая шкарлупіна на месцы, яна цябе абараняе. А калі ты зайшоў у пакой, ён тут жывы і побач, з'ехаць і яго не забраць адтуль — гэта разбурэнне шкарлупіны, і зараз яе трэба нанова ўсталёўваць».

Алеся Альховік адзначае: 

«Пасля спаткання не трэба пераадольваць пачуцці. Гэта ўсё адно што зачыніць накрыўку чайніка, які хоча закіпець. Таму трэба пражыць гэтыя эмоцыі, не супрацівіцца хвалі, а нырнуць і паплыць. Для гэтага важна прагаварыць пачуцці, якія вы цяпер адчуваеце, назваць іх, прапісаць. Напрыклад, гаркота ад таго, што было і скончылася, ці боль, таму што нельга па жаданні прыцягнуць гэтага чалавека і абняць, надзею, што ўсё гэта калі-небудзь скончыцца. Важна прагаварыць патрэбы, якія не закрытыя: «Мне так важна быць побач. У мяне гэтага няма, ад гэтага мне балюча і кепска».

На развітанне чалавеку важна сказаць ці зрабіць тое, што яму трэба: універсальнай парады псіхолагі даць не могуць.

«Часам патрэбныя не словы, а погляд, абдымкі, — рэзюмуе Алеся. — Але калі мы аналізуем такія рэчы розумам, мы губляем кайф ад моманту. Таму галоўная парада — слухаць сябе і пытацца ў чалавека, чаго ён хоча”.

Ці варта браць з сабой дзяцей?

Алеся Альховік упэўненая, што дзіця можна браць з любога ўзросту, калі гэтага захоча палітвязень. Але заўсёды трэба тлумачыць малечы, што тата ці мама могуць сябе паводзіць не зусім звычайна, але што важна яго падтрымаць. Калі ў дзіцяці пачалася істэрыка — паспрабаваць «перакласці» малому ягоныя эмоцыі, каб ён стаў больш зразумелы сам сабе: запытацца, ці страшна яму, ці спалохаўся ён. А потым — супакоіць, зыходзячы з правіл у сям'і: абняць, быць апорай.

Практыкуючы псіхолаг Ірына мяркуе, што для маленькіх дзяцей, уключаючы малодшых школьнікаў, сітуацыя, у якой мама ці тата ёсць, але да іх нельга дакрануцца, казаць наўпрост, бавіць з імі столькі часу, колькі ахвота (гаворка ідзе больш пра кароткатэрміновыя спатканні), можа аказацца стрэсавай. Таму варта ўлічваць шэраг фактараў: тэрмін асуджэння, ступень смутку дзіцяці, што кажуць у сям'і пра зняволенага.

«Калі гаворка ідзе пра часовае зняволенне тэрмінам да паўгода, я б не рэкамендавала знаёміць дзяцей з нашай пенітэцыярнай сістэмай. У астатніх выпадках можна кансультавацца з дзіцячым псіхолагам, каб індывідуальна ацаніць сітуацыю», — упэўненая Ірына.

У той жа час адна з жонак палітвязняў адзначала, што ў зняволенні ейны муж упершыню пабачыў і патрымаў на руках сваю дачку: жанчына казала, што была шчаслівая ўбачыць акрыялыя і напоўненыя радасцю мужавы вочы ў тыя моманты, калі ён глядзіць на іх малую і гуляе з ёй.

Як размаўляць з супрацоўнікамі СІЗА/калоніі?

Зносіны з персаналам СІЗА ці калоніі могуць быць трывожнымі для чалавека звонку. Але паколькі на спатканні яны маюць мацнейшую пазіцыю, бо знаходзяцца на сваёй тэрыторыі, хаміць ім і спрабаваць паставіць іх на месца марна — гэта можа выклікаць яшчэ большую плынь агрэсіі.

«Трэба спрабаваць захаваць пачуццё ўласнай годнасці, — кажа Алеся. — Ветліва агучваць, што палохае ці непрыемна, прасіць зрабіць па-іншаму. Яшчэ — усведамляць, што гэтыя дзеянні накіраваныя не канкрэтна супраць вас — гэта частка сістэмы, стандартны спосаб зносін. Таму можна візуалізаваць ахоўны шкляны шчыт і зазямліцца: сціснуць кулакі, падумаць, што адчувае мая левая пятка. Было б добра дома ў спакойнай абстаноўцы знайсці свой варыянт дыхання паводле квадрату і ўжыць яго, калі адчуў эмацыйную рэакцыю. Пасля таго як дагляд скончаны, можна стрэсці з сябе гэты настрой, папляскаўшы сябе па целе, прыгадаць добрыя моманты з жыцця, звязаныя з палітвязнем».

Псіхалагічная дапамога: Віды псіхалагічных цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсій

Як зразумець, калі патрабуецца дапамога спецыяліста, і як самастойна адсочваць свой псіхалагічны стан?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства