viasna on patreon

Псіхалагічная дапамога: Віды псіхалагічных цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсій

2022 2022-04-07T11:44:13+0300 2022-04-07T11:52:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/psiholog_pomosch1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.


У апошнія гады праз падзеі ў нашай краіне мноства людзей сутыкнуліся з псіхалагічнымі праблемамі. Некаторыя з іх вострыя, некаторыя могуць прайсці самі па сабе. Як зразумець, калі патрабуецца дапамога спецыяліста, і як самастойна адсочваць свой псіхалагічны стан? Мы паразмаўлялі з дваімі героямі, якія перажылі посттраўматычны стрэсавы разлад, ды папрасілі псіхолага пракаментаваць сітуацыі і даць шэраг парадаў.

Гісторыя Віталя: «Прыпякалі пальцы, каб не пісаў палітвязням»

У снежні 2021 года Віталь вяртаўся дадому з пасяджэння суда. Па дарозе дадому некалькі мужчын у грамадзянскім аддзенні з пагрозамі пасадзілі Віталя ў сваю машыну. Ён разумеў, што адбываецца, і не супраціўляўся. Мужчыну спыталі, навошта ён паехаў на суд і чаму піша лісты палітвязням, ударылі ў сонечнае спляценне. Для таго, каб пісаць было складаней, прыстрашылі паламаць усе пальцы, дасталі прыбор, які нагадваў паяльнік, і пачалі прыпякаць ім падушачкі пальцаў.

Пагрозамі і апёкамі Віталя спрабавалі «наставіць на розум» каля дзвюх гадзін. Пасля прывезлі да дома, праверылі змесціва кішэняў і, забраўшы грошы, адпусцілі. На развітанне адзін з мужчын сказаў: «Трэба было яму так урэзаць, каб абгадзіўся!». 

Дома Віталя спачатку напаткалі ступар і спустошанасць. Праз некалькі гадзін з'явілася моцная стомленасць, па целе «пабеглі мурашкі», пачасцілася сэрцабіцце. Ён адчуваў крыўду, злосць і неразуменне — за што з ім так. Цяпер Віталь адзначае, што мінулыя эмоцыі сышлі, а да тых мужчын застаўся толькі жаль.

Дагэтуль Віталь увесь час пракручвае ў галаве тое, што адбылося, прыдумляе іншыя сцэнары паводзін. У яго з'явілася «бусафобія» — пачынае нервавацца і пазбягае падобных машын на вуліцы.

Сітуацыя моцна паўплывала на сон, кашмары не турбуюць, але спаць Віталь пачаў трывожна і чуйна. З'явіўся страх, што пасярод ночы сілавікі могуць уварвацца ў кватэру.

Да псіхолага мужчына не звяртаўся, лічыць, што гісторыі бываюць значна горшыя, а таварыскі характар і пазітыўнае стаўленне да свету дапамагаюць прымаць гэтую сітуацыю проста за невялікую непрыемнасць.

Каментар псіхолага:

— Віталь апынуўся ў ненармальных умовах, дзе ў яго проста не было магчымасці зрабіць па-іншаму. Ён не мог пазбегнуць гвалту. Але калі нейкая частка мозгу гэта разумее, іншая ўвесь час вяртаецца да гэтай гісторыі. Мозг спрабуе прайграць нейкія іншыя варыянты паводзін, выправіць сітуацыю, якую выправіць немагчыма.

Падобна, што ў першы час у Віталя быў шок, а пасля развіўся посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР), галоўныя прыкметы якога — трывожнасць, парушэнне сну, прайграванне сітуацыі і насцярожанасць

Зносіны з людзьмі могуць дапамагчы перажыць траўму. Але калі вострыя сімптомы, асабліва парушэнне сну, захоўваюцца месяц і больш, я б рэкамендавала мужчыну звярнуцца да спецыяліста. 

Заглушэнне сваіх эмоцый, думкі пра тое, што іншым горш, могуць прывесці да больш сур'ёзных праблем з псіхікай пазней. Віталю трэба пачуць ад спецыяліста, што тое, што з ім здарылася, ненармальна, а ягоныя рэакцыі — нармальныя. Псіхолаг дапаможа спыніць механізм «заезджанай пласцінкі», праз якую ўспаміны пра падзею дакучліва пракручваюцца ў галаве.

Гісторыя Вікторыі: «Апошняй кропляй стаў суд над мужам»

Вікторыя з мужам з першых дзён хадзіла на пратэсты. З кожным месяцам выходзіць станавілася ўсё небяспечней, агульная атмасфера прыгнятала. Бацьку і сяброў жанчыны затрымлівалі некалькі разоў. Стрэсу дадавалі трывожныя навіны ў інтэрнэце. Усё гэта пачынала адбівацца на псіхіцы. 

У лістападзе 2020 года, падчас нядзельнага маршу, мужа затрымалі на вачах Вікторыі. Апошняй кропляй, пасля якой здалі нервы, стаўся абсурдны і несправядлівы суд.

Найперш у жанчыны парушыўся сон. Пасля арышту мужа Вікторыя не магла заснуць: білася сэрца, яна увесь час прыслухоўвалася да любых шоргатаў. У наступныя дні, калі атрымлівалася трошкі задрамаць, сніла кашмары. Удзень было немагчыма сканцэнтравацца. Па працы Вікторыі неабходна быць за стырном, а кіраваць машынай у такім стане зрабілася проста небяспечна. Побытавым задачам дапамагалі даваць рады сябры.

Праяўляліся і іншыя сімптомы: пацелі рукі, не было апетыту, з'явіўся страх наведваць месцы, звязаныя з затрыманнем, развілася «бусафобія».

Вікторыя, псіхолаг паводле прафесіі, зразумела, што ў яе развіўся востры стрэсавы разлад, сімптомы якога паступова пераходзілі ў посттраўматычны разлад. Яна спрабавала дапамагчы сабе з дапамогай дыхальных практык, але яны не прыносілі палёгкі. Тады жанчына вырашыла звярнуцца па дапамогу да псіхіятра, які выпісаў рэцэптурны заспакаяльны сродак для аднаўлення сну. 

Лекі адразу ж дапамаглі: Вікторыя змагла выспацца і лепш канцэнтравацца на справах. Аднак іншыя сімптомы заставаліся, таму Вікторыя звярнулася да калегі-псіхолага, каб прыйсці ў норму. 

Псіхолаг, выкарыстоўваючы метад ДПРВ, літаральна за некалькі кансультацый дапамагла практычна цалкам прыбраць сімптомы. Далей даваць рады дапамагалі ўжо ўласныя прафесійныя навыкі. Канчаткова сімптомы ПТСР загаслі толькі пасля пераезду за мяжу.

Каментар псіхолага:

— Хоць Вікторыя не перажыла непасрэднага гвалту, на фоне шматлікіх стрэсавых сітуацый у яе развіўся ПТСР: напружаная сітуацыя ў краіне, трывожныя навіны, затрыманне бацькі, а потым і мужа, былі дастатковай прычынай.

Уласная псіхалагічная адукацыя дапамагла жанчыне распазнаць свае сімптомы на раннім этапе і звярнуцца па дапамогу. Выбар быў зроблены слушны — спачатку з дапамогай медыкаментаў зняць вострыя праявы ПТСР, а потым дапрацаваць свой стан з псіхолагам. 

Метад ДПРВ можа пасаваць не ўсім, але калі ім валодае сертыфікаваны спецыяліст, дапамога будзе хуткай і эфектыўнай. У жанчыны больш не назіраюцца сімптомы, таму адмысловая дапамога не патрабуецца. Але досвед траўмы змяняе чалавека, немагчыма проста вярнуцца ў ранейшае жыццё. Таму не выключана, што ў будучыні Вікторыі спатрэбіцца звярнуцца да спецыяліста для інтэграцыі страшных падзей у сваю асабістую гісторыю.

Асноўныя віды псіхалагічных праблем, з якімі сутыкаюцца ахвяры палітычнага гвалту

Праявы могуць быць паводзінныя, эмацыйныя і фізіялагічныя.

Любыя псіхалагічныя траўмы праяўляюцца крайнасцямі. Напрыклад, чалавек можа зрабіцца або вельмі замкнёным, або, наадварот, гіпергаварлівым. 

  • Паводзіны чалавека змяняюцца, ён робіцца больш насцярожаным, адчувальным, скаваным, суперпасіўным ці рэактыўным. Сюды ж адносіцца пазбяганне месцаў, якія нагадваюць пра тое, што здарылася. Ці наадварот —  з'явіцца жаданне атрымаць «прышчэпку» ад страху, і чалавек будзе сто разоў вяртацца ў месца, дзе адбыўся гвалт.
  • З эмоцыямі гэтак жа — чалавек можа быць нібы «выключаным» і нічога не адчуваць, перастаць адчуваць эмоцыі, або, наадварот, зрабіцца вельмі «ўключаным» і адчуваць буру эмоцый, часцей за ўсё гэта агрэсія.
  • Фізіялагічныя праявы ў першую чаргу закранаюць сон. Чалавек або не можа заснуць, або ўвесь час правальваецца ў сон. Тут жа моцнае напружанне ў целе, пачашчанае сэрцабіцце, залішняе потавывядзенне, адчуванні гарачай патыліцы. Людзі імкнуцца пазбягаць фізічнага кантакту, дакрананні будуць непрыемныя.

Асноўная прыкмета таго, што ў вас ёсць праблемы, — вы не можаце жыць паўнавартасным жыццём і вырашаць штодзённыя задачы.

Ад чаго залежыць тое, як чалавек будзе пераадольваць стрэс? 

За тое, як мы будзем пражываць сітуацыю стрэсу, адказвае тып нервовай сістэмы. Гэта тая рэч, якую мы не можам кантраляваць. 

Калі ў вас адчувальная нервовая сістэма, то простае чытанне трывожных навін і стрэсавае навакольнае асяроддзе могуць выклікаць у вас праблемы. У шмат якіх людзей інфармацыя пра гвалт абуджае пачуцці бяссілля і віны, якія самі па сабе выклікаюць стрэс. 

Моцны тып нервовай сістэмы маюць тыя людзі, якія працуюць на «хуткай», пажарнікамі, у МНС. Яны здольныя даць рады высокаму ўзроўню стрэсу і заўсёды мабілізаваныя.

Сярэдні тып нервовай сістэмы знаходзіцца дзесьці паміж: чалавек не прымае блізка да душы дрэнныя навіны, але і не здольны вынесці экстрэмальных сітуацый.

Таксама моцна ўплывае фактар сацыяльнай падтрымкі. Калі чалавека не вінавацяць, падтрымліваюць, выслухваюць, знаходзяцца побач, то гэта робіцца апорай для паспяховага пераадолення стрэсу і нават посттраўматычнага разладу, які толькі пачынаецца.

Як часта псіхалагічныя праблемы праходзяць самі?

Псіхалагічныя праблемы могуць прайсці самастойна, але гэта моцна залежыць ад тыпу нервовай сістэмы, сацыяльнай падтрымкі, а таксама асабістага досведу чалавека — ці была паспяховая прапрацоўка стрэсавай сітуацыі раней.

Разавы эпізод дэпрэсіі, ПТСР у лёгкай форме ці эпізадычная фобія могуць прайсці самастойна. Разавыя панічныя атакі таксама не ўяўляюць сабою страшнай пагрозы. Аднак кожны з пералічаных станаў можа пагоршыцца праз напластаванне стрэсавых падзей. Калі вы адчуваеце, што на працягу двух тыдняў і больш ваш стан не паляпшаецца і нават пагаршаецца, звярніцеся да спецыяліста. Не думайце, што зоймеце нечае месца: спецыялістаў, гатовых аказаць дапамогу, вельмі шмат, а большасці пацярпелых дастаткова не больш за пяць кансультацый.

Якія сімптомы павінны вас насцярожыць?

У першую чаргу гэта парушэнне сну, харчавання і немагчымасць выконваць жыццёвыя задачы. Гэта вострыя сімптомы, якія патрабуюць экстранай дапамогі. 

Да сімптомаў таксама адносяцца: пазбяганне кантактаў з сябрамі і блізкімі; раздражняльнасць і ўспышкі гневу; самаабвінавачанне; эмацыйная халоднасць; пазбяганне месцаў, якія нагадваюць пра тое, што здарылася; пракручванне сітуацыі ў галаве.

Калі ўжо варта звяртацца да спецыяліста, а калі — яшчэ не?

Гэта залежыць ад колькасці сімптомаў. Калі гэта адзін-два сімптомы і чалавек не губляе сваёй функцыянальнасці, то ён можа даць рады і без дапамогі спецыяліста. Але калі сімптомаў некалькі, немагчыма паўнавартасна жыць, выконваць штодзённыя справы і адчуваць радасць, то гэта моцны сігнал да таго, што трэба звярнуцца па дапамогу. 

Якія метады самадапамогі можна выкарыстоўваць?

  • Мінімізуйце крыніцы стрэсу — не чытайце навіны і папрасіце сяброў інфармаваць вас толькі пра самае важнае. 
  • Дамоўцеся з навакольнымі, калі вам трэба пабыць сам-насам з сабой ці, наадварот, пабыць побач з імі.
  • Кладзіцеся спаць да паўночы. За 1,5-2 гадзіны да сну намагайцеся не карыстацца дэвайсамі.
  • Сачыце за харчаваннем. Нават калі гэта дзіцячае пюрэ і сухарык, які можна доўга смактаць. Галоўнае — падмануць мозг: калі ў рот трапляе ежа, ён атрымлівае сігнал, што чалавек у бяспецы.
  • Піце шмат вады.
  • Вяртайце сябе ў «тут і цяпер». 
  • Запавольвайце дыханне. Падчас трывогі яно робіцца частым і павярхоўным, намагайцеся рабіць даўжэйшыя выдыхі.
  • Сустракайцеся з людзьмі, кантактуйце з імі.
  • Хадзіце на шпацыры.
  • Не вінавацьце сябе за тое, што канцэнтрацыя ўвагі і памяць часова пагоршацца.
  • Перачытвайце ўлюбёныя кнігі, якія напаўняюць вас верай у каштоўнасці.
  • Слухайце музыку, якая вяртае вам адчуванне бяспекі, змяншае ўзровень нервовай узрушанасці. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства