viasna on patreon

Псіхалагічная дапамога: Як падтрымаць сябе, калі твае родныя знаходзяцца ў турме

2022 2022-04-19T11:50:28+0300 2022-04-19T11:59:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/psiholog_pomosch4.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.


Сёння немагчыма падлічыць дакладную колькасць людзей, якія зведалі палітычны пераслед у Беларусі. Іх саджаюць на суткі і гады, калечаць іх душы і целы, выганяюць з краіны. Аднак за кожным і кожнай з такіх рэпрэсаваных ёсць яшчэ больш невядомая і палохаючая колькасць людзей, якія перажываюць не менш моцны стрэс з-за таго, што адбываецца з іх блізкімі. Сваякі, сябры і знаёмыя тых, хто прайшоў праз катаванні ці цяпер знаходзіцца ў турме, часам забываюць, што ім у роўнай ступені неабходная дапамога і падтрымка.

Урач-псіхатэрапеўт Міхаіл Сініца ўпэўнены: комплексная рэабілітацыя пацярпелых людзей і іх блізкіх немагчымая без прызнання іх права на пакрыццё шкоды і рэабілітацыю ў нацыянальным заканадаўстве, аднаўлення справядлівасці. Але пакуль пра гэта казаць рана, паспрабуем зразумець, што адбываецца з чалавекам, чые блізкія пацярпелі ад гвалту, і якую дапамогу ён можа аказаць сабе, каб прайсці праз гэтыя выпрабаванні.

Што адбываецца з чалавекам?

Псіхатэрапеўт распавядае, што звычайна можна казаць аб траўмуючай падзеі, калі чалавек лічыць, што для яго ці яго блізкага існуе відавочная небяспека для жыцця, фізічнага або псіхічнага здароўя. І як правіла, яна звязаная альбо з адзінкавай падзеяй, альбо з працяглым уздзеяннем траўматычнай падзеі.

– Але ў выпадку з блізкімі палітвязняў гаворка ідзе аб спецыфічным стрэсе, – адзначае ён. – Калі з аднаго боку псіхалагічная траўма выкліканая доўгачасовымі і паўтаральнымі падзеямі, то з другога – гэты працэс яшчэ не скончаны. Як і ў саміх палітвязняў, так і ў іх блізкіх ён можа праходзіць розныя этапы: падчас следства, вынясення прысуду, перад вызваленнем. Аднак ва ўмовах неінфармаванасці, невядомасці таго, што адбываецца з іх блізкімі, сваякі палітвязняў у разы часцей і горш уяўляюць сабе негатыўныя наступствы.  

Маладога чалавека 19-гадовай Алены (імя гераіні зменена) нядаўна затрымалі. Дзяўчына хоча зразумець, як дапамагчы яго маці: жанчына амаль не размаўляе, нічога не разумее, мае зносіны толькі з Алёнай і адмаўляецца ад усялякай дапамогі. Дзяўчына вельмі хоча зрабіць нешта карыснае для яе, але сама знаходзіцца не ў лепшым стане: адчувае сваю бездапаможнасць, нічога не есць, шкодзіць сабе, стала агрэсіўнай і і пракручвае ў галаве жудасныя сцэнары развіцця падзей.

Калі гэтыя сімптомы не праходзяць праз 4-6 тыдняў пасля траўмуючай падзеі, неабходна звярнуцца да спецыяліста, – упэўнены Міхаіл. – У чалавека, чый блізкі апынуўся ў траўматычнай сітуацыі, можа ўзнікаць гнеў, боль, пакуты, раздражняльнасць, стамляльнасць, пачуццё безнадзейнасці, бессань, трывожнасць. Але ў большасці людзей, як правіла, гэтыя сімптомы праходзяць праз пэўны прамежак часу. І толькі ў нейкай часткі можа паўстаць клінічна важны працэс.  

Да якіх яшчэ прыкметаў трэба быць уважлівымі?

  • змены ў характары;
  • раздражняльнасць або прыступы гневу, якія ўзнікаюць беспадстаўна;
  • неўласцівае жаданне ізалявацца або адасобіцца;
  • непажаданае з'яўленне стойкіх вобразаў або думак, звязаных з працай, інтэнсіўнасць якіх з цягам часу не памяншаецца;
  • імкненне да неэфектыўных метадаў пераадольвання сітуацыі: алкаголю, псіхаактыўных рэчываў;
  • наўмыснае ператамленне, празмерная нагрузка сябе (у тым ліку, працоўнымі справамі);
  • немагчымасць выконваць бытавыя і працоўныя справы;
  • страта канцэнтрацыі ўвагі.

Чаму можа быць розная рэакцыя?

Сям'я палітвязня Расціслава Стэфановіча знайшла ў сабе сілы справіцца са стрэсам. Ужо праз месяц пасля затрымання ягоная жонка Крысціна распавяла пра жыццё сям'і пасля затрымання Расціслава. Яна працягвала рабіць усё, што ў яе сілах, каб палегчыць яго знаходжанне за кратамі: збіраць перадачы, пасылаць лісты і паштоўкі, а яшчэ – спрабаваць зафіксаваць для таты і мужа кожны момант з жыцця сям'і, каб ён нічога не прапусціў.

– Уся сям'я ў шоку і стрэсе, але мы стараемся ўваходзіць у звыклы рытм, хоць гэта і атрымліваецца са скрыпам. Цяпер трымаемся толькі тым, што мы не адны такія: нас шмат, таму як гэта можа так застацца? – распавядала яна.

Міхаіл адзначае: хоць у працэсаў стрэсу ёсць агульная дынаміка, выяўляцца ў сітуацыях яна можа па-рознаму, паколькі механізмы пераадольвання траўматычнай падзеі індывідуальныя і залежаць ад вопыту чалавека. Таксама на гэта накладваюцца яго каштоўнасныя кампаненты ўспрымання свету, узаемаадносіны паміж людзьмі, традыцыі і гэтак далей.

– На першай стадыі – стадыі трывогі – адбываецца мабілізацыя адаптацыйных рэсурсаў арганізма, – кажа псіхатэрапеўт. – У асноўным яна праяўляецца ў фізіялагічных зменах, у выпадку моцнага стрэс-фактару з'яўляюцца і эмацыйныя рэакцыі. З'яўляецца сухасць у роце, затрымка дыхання, здранцвенне ад страху, пачашчэнне сэрцабіцця, яны хутка пераходзяць у падвышанае ўзбуджэнне, злосць, гнеў, хваляванне. На другой стадыі – стадыі адаптацыі – арганізм пачынае ўстойліва супраціўляцца стрэсу. Тут адбываецца актывацыя ўвагі, памяці і разумовых працэсаў, што дае магчымасць знайсці адэкватны сродак для пераадолення супраціву і перайсці на дзеянне. Але часта, нягледзячы на мабілізацыю рэсурсаў, чалавек не знаходзіць задавальняючага выхаду. І калі пераадоленне цяжкасці зацягваецца, стрэс пераходзіць у трэцюю стадыю – стадыю знясілення, пры якой развіваюцца сур'ёзныя парушэнні біялагічнай і псіхалагічнай адаптацыі.

Як дапамагчы сабе?

Каб дапамагчы сабе ў сітуацыі, калі твой блізкі знаходзіцца ў зняволенні, Міхаіл прапануе некалькі спосабаў пераадольвання.

У першую чаргу неабходна зафіксаваць у сабе адчуванні і паспрабаваць не супраціўляцца эмоцыям, а пражыць іх і падзяліцца з блізкімі, калі гэта магчыма. Неабходна ўсвядоміць, што ненармальныя тыя падзеі, якія адбываюцца, а не рэакцыя на іх.

Пасля гэтага – больш складаны этап. Варта задумацца, як можна пасільна ўздзейнічаць на працэсы, запланаваўшы ажыццяўленне мэтаў, якія залежаць ад вас. Напрыклад, пры сумоўі на працу гэта значыла б не ставіць сабе задачу, каб вас узялі на працу – гэта залежыць не ад вас, а задацца мэтай прадэманстраваць свае моцныя бакі. Гэта складаны інструмент, таму перад яго прымяненнем можна паспрабаваць ўздзейнічаць на свае руцінныя актыўнасці – напрыклад, структураваць распарадак дня, узяць у звычку займацца простымі штодзённымі заняткамі, якія звязаны з задавальненнем інтарэсаў, дапамагаюць расслабіцца або дастаўляюць задавальненне; сістэматычна займацца лёгкімі фізічнымі практыкаваннямі. Гэта будзе спрыяць пераадольванню працэсаў.

Таксама можна карыстацца агульнымі стратэгіямі. Напрыклад, стратэгія адцягнення мае за мэту знайсці заняткі, якія пераключаць ваш фокус: заняткі спортам ці танцамі, праслухоўванне музыкі, прагляд вострасюжэтнага фільма, занятак галаваломкамі, прыняцце кантраснага душа, мысленная пабудова сцен і будынкаў. Таксама дапаможа адцягнуць увагу клопат пра іншага, напрыклад, хатняга гадаванца.

Акрамя гэтага, можна карыстацца стратэгіяй самазаспакаення: навучыцца глыбокаму дыяфрагмальнаму дыханню (яму навучаюць на занятках па ёзе), метадам павышэння самаўсвядомленасці (так званыя тэхнікі майндфулнэс), а таксама прагрэсіўнай мышачнай рэлаксацыі паводле Джэкабсана.

– Важна зразумець, што гэты працэс – не спрынтарскі прабег, а марафон, – падкрэслівае Міхаіл Сініца. – Таму калі ўвесь час знаходзіцца ў вострай фазе стрэсу, вінаваціць сябе, гэта прывядзе толькі да знясілення. У падтрымцы іншага чалавека самым важным з'яўляецца тое, што чалавек адчувае гэтую падтрымку, адчувае, што яго ўспрымаюць такім, які ён ёсць. Але каб дапамагчы іншым, неабходна самому знаходзіцца ў форме. Таму перш за ўсё неабходна дапамагчы сабе справіцца з сітуацыяй – па аналогіі з разгерметызацыяй ў самалёце: кіслародную маску спачатку трэба надзець на сябе, і толькі пасля гэтага – на таго, каму трэба дапамагчы.

Псіхалагічная дапамога: Цяжкасці адаптацыі палітвязняў і спосабы ім дапамагчы

Праз 1,5 года пасля прэзідэнцкіх выбараў беларусы, асуджаныя на адносна невялікія крымінальныя тэрміны за сваю палітычную пазіцыю, пачынаюць выходзіць на волю. Самы час пагаварыць, з якімі псіхалагічнымі праблемамі сутыкаецца чалавек пасля зняволення і як палегчыць перыяд адаптацыі да “свабоды”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства