Спорт, рэжым і бабуліны “шкарпэтоны”. Як жыве Андрэй Чапюк на Валадарцы?
Андрэй Чапюк — палітзняволены валанцёр праваабарончага цэнтра “Вясна”. Яго затрымалі 2 кастрычніка 2020 года — з тых часоў Андрэй знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага, а нядаўна над ім распачаўся суд. На пачатку лютага 2021 г. у СІЗА-1 трапіў і праваабаронца Алег Граблеўскі. Ён правёў там амаль паўгода, і большую частку — у адной камеры з Андрэем Чапюком.
Як жыве Андрэй Чапюк на Валадарцы? Успамінамі пра гэта Алег Граблеўскі падзяліўся з “Вясной”.
Кнігі
Алег Граблеўскі трапіў у камеру СІЗА-1 тады, калі Андрэй Чапюк там ужо правёў амаль чатыры месяцы.
“У яго ўжо быў досвед, таму ён мной апекаваўся: вучыў розным рэчам карысным. Падыходзіў да мяне і ўсё пытаўся: можа, што трэба? можа, чаго не хапае? Андрэй такі даволі клапатлівы чалавек”.
У сваю чаргу, Алег складаў для Андрэя спіс кніг, якія варта пачытаць і замовіць у бібліятэцы СІЗА.
“Ён цікавіўся такім развіццём — казаў: “Хачу шмат чаго прачытаць”.
Першая кніга, якую я ў яго ўбачыў, — Джордж Оруэл. Чаму я запомніў — яна ў яго была ў раздрукоўцы. Можа раней гэта дазвалялася — бо калі я патрапіў, то ўжо не прымалі і нельга было дасылаць [зняволеным] раздрукаваныя кнігі. А мне даслалі спіс бібліятэкі СІЗА (не цалкам), і я, карыстаючыся гэтым спісам, павыпісваў яму кнігі, якія варта пачытаць. На Валадарцы ёсць Рэмарк, Пікуль (гістарычная проза), нейкія філасофскія. Вось Дзюма яму вельмі падабаўся”.
Прачытаў 55 кніг і навучыўся адціскацца на адной руцэ. Чаго за год у СІЗА дасягнуў Андрэй Чапюк
Спорт
Граблеўскага ўражвала тое, як Андрэй Чапюк увесь час займаўся за кратамі спортам — і такім чынам дысцыплінаваў усю камеру.
“У яго была патрэба па абедзе пазаймацца фізічнымі практыкаваннямі. А ў камеры звычайна кураць. Але недзе за паўгадзіны да яго заняткаў ніхто не курыў — і Андрэй займаўся ў вылучаным месцы. [То бок усе сукамернікі] паважалі яго такі самадысцыплінаваны характар”.
Хоць у камеры месца няшмат, але можна знайсці куточак, каб прысядаць і адціскацца, заўважае Граблеўскі. Сваімі ведамі пра тое, як правільна займацца спортам ва ўмовах СІЗА, Андрэй дзяліўся з радасцю — а Алег за ім нават запісваў:
“Я хацеў займацца фізічным здароўем, але не ведаў, як гэта рабіць. І Андрэй расказваў, напрыклад, як правільна прысядаць, каб не папсаваліся суставы — а ты гэта занатоўваеш, складаеш графік заняткаў і займаешся”.
У “распрацоўцы” комплексу практыкаванняў ва ўмовах СІЗА-1 разам з Андрэем Чапюком удзельнічаў і палітзняволены Сяргей Пацукевіч. Дзякуючы ім Алег Граблеўскі ведае, як займацца на ложку дзеля падтрымкі ног і спіны, каб не было хуткай атрафіі. У ложку таксама можна стаяць у планцы, а ад падлогі — адціскацца.
Больш практыкаванняў можна было зрабіць падчас прагулкі ў дворыку СІЗА.
“Самы лепшы час, бо можна было дыхаць паветрам, — успамінае Граблеўскі. — Гэта былі прысяданні, адцісканні, хуткая хадзьба. На жаль, турнікоў там няма, каб падцягвацца. Але я бачыў у Валадарцы дворык, дзе ёсць турнікі і нават баскетбольнае кольца, але як нам патлумачылі — гэта для непаўнагадовых. А для дарослых гэта не прадугледжана”.
На прагулках Алег разам з Андрэем фізічнымі практыкаваннямі не займаўся, бо не мог трымаць ягонага тэмпу.
“Ён вельмі добра развіты,— адзначае Алег. — Больш такіх людзей, як Андрэй, я не бачыў. Такіх, якія б так мэтанакіравана, упарта, спакойна займаліся сваім фізічным здароўем.
І вось у яго такі дзень быў — мы паснедалі, потым у яго чытанне, па абедзе заняткі фізічныя, на прагулцы заняткі фізічныя, ізноў чытанне і нейкія побытавыя справы. [Андрэй таксама] атрымліваў шмат лістоў — і шмат часу ў яго ішло, каб адказваць на іх. І гэта таксама частка яго дня.
І вось Андрэй і вёў такое жыццё — спорт, чытанне, спорт. Яго ніхто ніколі не чуў і не бачыў — ён быў увесь час заняты. Увесь час у сабе”.
Рэжым
Як заўважае Граблеўскі, у Андрэя Чапюка былі “ўсе магчымыя і немагчымыя абмежаванні па рэжыме”.
“Я так разумею, гэта “схільнасць да супраціву, да ўцёкаў”— якія яны [адміністрацыя СІЗА — заўв. рэд.] там гэтыя рысачкі малююць людзям?”
Таму Андрэй мусіў спаць на вызначаным яму ложку, адразу супраць “вочка” у дзвярах камеры, каб ён быў бачны для супрацоўнікаў СІЗА. У душ Андрэя выводзілі ў кайданках.
“Шкарпэтоны”
У СІЗА на Валадарку Алег Граблеўскі трапіў у лютым. Тады было вельмі халодна. І Андрэй Чапюк падараваў яму шкарпэткі, звязаныя бабуляй.
“Гэтыя “шкарпэтоны” выратавалі мяне ў зімовыя часы, — успамінае Алег Граблеўскі. — Мне падаецца, што ў камеры 63 мы з Андрэем былі найбольш блізкія людзі. У яго не было больш ні з кім такіх стасункаў. А бабуліны “шкарпэтоны” — гэта для мяне было “ваў!”, гэта так цёпла было! Такія рэчы там вельмі значныя.
Гэтыя шкарпэткі засталіся ў маім доміку ў Беларусі. Я іх захаваў. Я не думаў, што так складзецца лёс…”
*Алега Граблеўскага вызвалілі з СІЗА-1 31 ліпеня 2021 года, але ён працягваў заставацца ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе. Таму Граблеўскі тэрмінова пакінуў Беларусь нелегальна і “нічога не паспеў толкам вывезці”.
“Раней я Андрэя Чапюка не ведаў. Спадзяюся, мы з ім калі-небудзь усё ж такі сустрэнемся і я вярну яму бабуліны “шкарпэтоны”.