viasna on patreon

Прачытаў 55 кніг і навучыўся адціскацца на адной руцэ. Чаго за год у СІЗА дасягнуў Андрэй Чапюк

2021 2021-10-28T12:49:13+0300 2021-10-30T10:26:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chapyuk_11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за год валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк утрымліваецца ў СІЗА. За гэты час ён прачытаў 55 кніг, заканспектаваў тры агульныя сшыткі па кнізе па праграмаванні і навучыўся адціскацца на адной руцэ. Ягоная дзяўчына Алена распавядае: прага да ведаў і ўседлівасць заўсёды былі моцнымі бакамі хлопца. Але першае, што яна адзначае, калі просіш яе распавесці пра Андрэя, – ягоную дабрыню і гатоўнасць прыйсці на дапамогу.

“Ён гатовы дапамагаць як сябрам, так і незнаёмым людзям, – кажа Алена. – Напрыклад, калі ён працаваў на фабрыцы “Галантэя” і жыў у інтэрнаце, побач з ім жыла дзяўчына з нованароджаным дзіцём. Яна была адзінокая, таму Андрэй пачаў дапамагаць ёй, чым можа, – напрыклад, збіраў ёй каляску. Таксама ён перыядычна ўдзельнічаў у ініцыятыве, удзельнікі якой кормяць бясхатнікаў.

Калі пачаліся пратэсты, ён збіраў перадачы з рэчамі першай неабходнасці для затрыманых людзей, якім не было каму дапамагаць. А перад сваім арыштам хваляваўся, што ў бацькі няма зімовай курткі: хацеў зарабіць крыху грошай і набыць яе. Не паспеў”.

Акрамя гэтага, Алена распавядае, што Андрэй – дужа ўседлівы і зацяты. Ён доўга працаваў на фабрыцы “Галантэя”, але праз ягоныя анархічныя погляды ў яго ўзнікала шмат праблем, таму ён вырашыў звольніцца. Амаль год перад затрыманнем ён навучаўся новай айці-спецыяльнасці і паралельна падпрацоўваў грузчыкам.

“Андрэй працаваў над вучобай дзень і ноч, – узгадвае Алена. – Некаторыя з нашых знаёмых, якія пачыналі займацца з ім, ужо даўно кінулі гэта, а ён працягваў. І працягвае зараз у СІЗА. Туды нельга перадаваць вучэбную літаратуру, але ён пісаў, што ў бібліятэцы ёсць кнігі па праграмаванні – не па тых мовах, якія ён вывучаў раней, але ён намагаецца ўзяць карыснае для сябе з таго, што там ёсць. Андрэй пісаў, што яму ўдалося замовіць адну кнігу па праграмаванні, ён ужо прачытаў яе і поўнасцю заканспектаваў – атрымаліся тры агульныя сшыткі. Я так зразумела, на чытанне адводзіцца пэўны прамежак часу, таму ён імкнецца такім чынам захаваць веды”.

Працягвае Андрэй і займацца спортам: да затрымання ён захапляўся тайскім боксам, хадзіў у трэнажорную залу, а таксама практыкаваўся ў ворк-аўце.

“Цяпер застаўся толькі ворк-ін, – усміхаецца Алена. – Ён вучыцца прысядаць на адной назе, ужо навучыўся адціскацца на адной руцэ. Таксама на шпацырах ёсць турнікеты, да таго ж, прыстасоўваецца да ўмоў і выкарыстоўвае спадручныя для заняткаў сродкі: напрыклад, падцягваецца на ложку”.

У СІЗА Андрэй прачытаў каля 55 кніг: акрамя кнігі па праграмаванні, вывучае класіку – нядаўна прачытаў “Што рабіць?” Чарнышэўскага. Да арышту адной з ягоных любімых кніг была “Мастацтва любіць” Фрома. Ужо ў зняволенні яму дужа спадабалася “Бусіда”. У Андрэевай камеры маецца тэлевізар, але ён піша, што той хутчэй адцягвае ўвагу. Але наогул ён вельмі любіць серыял “Сябры”.

Таксама хлопец вельмі цікавіцца навінамі са свету айці, таму будзе рады абмеркаваць іх у лістах. З ліставаннем перыядычна здараюцца праблемы, але зараз Алена атрымлівае два-тры лісты на тыдзень. У іх пара абмяркоўвае побыт, заняткі, а таксама – узгадвае мінулае. Па словах дзяўчыны, гэта ў тым ліку дапамагае падтрымліваць адносіны і адзін аднаго.

“У лістах ён імкнецца радавацца дробязям: піша, як выйшаў на шпацыр і быў рады пачуць спеў птушак, – кажа Алена. – Мы шмат узгадваем свае падарожжы: літаральна перад самым карантынам паспелі з’ездзіць у Іспанію і Партугалію – абмяркоўваем успаміны пасля паездак. Таксама часта ўзгадваем паходы: Андрэй вельмі любіць прыроду, хадзіць у грыбы і ягады, таму часта хадзілі разам некуды недалёк ад Мінска. Таксама любім падарожжы аўтаспынам”.

У лістах хлопец пытаецца пра сваіх гадаванак – двух марскіх свінак. Ён вельмі любіць жывёл, таму яны з дзяўчынай вырашылі завесці такіх жывёлін, якіх не так складана пакінуць каму-небудзь на час падарожжаў. Рупліва клапаціліся пра іх, згодна ўсім інструкцыям у інтэрнэце. Андрэй сам прыдумаў, як змайстраваць для іх вялікую клетку, а калі прыходзіў з працы, агароджваў для іх спецыяльнае месца, дзе яны маглі б пагуляць. Зараз ён вельмі па іх сумуе. Але яго дужа падтрымліваюць лісты. Андрэй піша, што адчувае падтрымку ад знаёмых і незнаёмых людзей, яму вельмі прыемна, калі дасылаюць пасылкі. Таксама ён запомніў карціну, якую чалавек напісаў спецыяльна для яго і даслаў у СІЗА. 

“Маё жыццё вельмі змянілася за апошні год, – кажа Алена. – Зараз мяне падтрымліваюць сябры побач і ўспаміны пра мінулае. А таксама – надзея на тое, што некалі ўсё гэта скончыцца”.

Падтрымаць Андрэя лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Андрэй Сяргеевіч Чапюк


Андрэй Чапюк – валанцёр Праваабарончага цэнтру "Вясна". Быў затрыманы 2 кастрычніка ў Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіК.

Уся дзейнасць Андрэя Чапюка насіла выключна мірны, праваабарончы характар і была накіраваная на дапамогу людзям, якія пакутуюць за свае палітычныя погляды і перакананні, за абарону сваіх правоў.

9 кастрычніка Андрэю было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. 28 студзеня стала вядома, што супраць яго, а таксама супраць палітвязняў Акіхіра Гаеўскага-ХанадыАляксандра Францкевіча і яшчэ некалькіх чалавек узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэксу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства