Чыгуначніку прысудзілі паўтара года "хіміі" за каментар пра "вусатага пацука"
У судзе Полацка і Полацкага раёна 5 траўня вынесены прысуд мясцоваму жыхару Андрэю Бойку. Яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт 368 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Андрэй Дзергачоў, дзяржабвінаваўца – Вольга Коласава.
Да суда Андрэй Бойка знаходзіўся пад падпісай аб нявыездзе.
Андрэй Бойка – жыхар Полацка, працаваў у Баранавічах дзяжурным на чыгуначнай станцыі, мае на ўтрыманні двое дзяцей.
Згодна з абвінавачаннем, Бойка 19 жніўня 2020 года, “знаходзячыся па месцы жыхарства ў Полацку, выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства мабільны тэлефон, наўмысна абраўшы спосаб распаўсюджвання звестак, разлічаных на азнаямленне шырокага нявызначанага кола асоб, а менавіта глабальнай сеткі Інтэрнэт, у тэлеграм-канале "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі", разлічваючы на ўспрыманне іншымі асобамі абразлівай інфармацыі, усведамляючы публічны і зневажальных характар сваіх выказванняў, размясціў паведамленні, якое прыніжае гонар і годнасць прэзідэнта, якое супярэчыць агульначалавечай маралі, устаноўленым правілам зносін паміж людзьмі, якое змяшчае выказванне, выказанае ў ненарматыўнай форме маўленчага выказвання і змяшчае негатыўную ацэнку прэзідэнта.”
Абвінавачны сваю віну прызнаў. Ва ўчыненым раскайваецца, абавязуецца надалей падобнага не здзяйсняць.
Патлумачыў, што ў той дзень быў у эмацыйным стане, па дурасці сваёй абразіў прэзідэнта. Распавядае, што 16 чэрвеня 2020 памерла мама, у такім стане быў таксама ў сувязі з падзеямі інегатыўнымі навінамі.
Дзяржабвінаваўца: Вы былі не згодныя з выбарамі ці што?
Бойка ў адказ прамаўчаў.
Распавядае, што быў ператрус дома ў Баранавічах, у пастанове было напісана, што падазраецца ў падпале "Табакеркі" ў Баранавічах. Пасля ператрусу адпусцілі, потым следчы распавёў, што абвінавачваюць у абразе прэзідэнта.
Па выніках лінгвістычнай экспертызы вывучаліся наступныя выказванні:
"Меў я цябе і твайго аднаго вусатага, які гатовы лізаць любому, хто яму грошы дае Расія ці Захад". Маецца негатыўная ацэнка асобы пазначанага ў тэксце "твой вусаты сябар", устанавіць, ці з'яўляецца гэта абазначэнне прэзідэнта Лукашэнкі лінгвістычнымі метадамі не ўяўляецца магчымым. Сродкі выражэння маюць ненарматыўную форму маўленчага выказвання.
"Проста не верце вусатаму пацуку, гэты пацук загнаны ў кут і кажа тое, што яму выгадна, а не праўду. Ён заяўляе, што сыдзе, калі народ не падтрымае, але так слова і не стрымаў, дык які ён мужык". Маецца негатыўная ацэнка асобы пазначанага "вусаты пацук", усталяваць ці з'яўляецца дадзенай асобай прэзідэнт Лукашэнка лінгвістычнымі метадамі не ўяўляецца магчымым.
У тэксце: "Луку на муку" абразы Прэзідэнта РБ не маецца.
У тэксце: "Ліхі ідыёт не выйдзе сухім з вады" абразы Прэзідэнта РБ не маецца.
У тэксце: "Зрынуты сам вусаты вас кіне" негатыўнай ацэнкі прэзідэнта РБ не маецца.
Дзяржабвінаваўца Вольга Колас прыйшла да высновы, што эксперты не змаглі вызначыць дакладна, ці гэтая негатыўная ацэнка была зробленая ў адрас асобы, якая з’яўляецца Прэзідэнтам РБ. Але, відавочна, вынікае з кантэксту і не аспрэчваецца самім Бойкам тое, што ў гэтых выразах мелася на ўвазе менавіта негатыўная ацэнка дзеючага прэзідэнта. Яна запрасіла прызначыць Андрэю Бойку пакаранне ў выглядзе 1 года 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Меру стрымання пакінуць да ўступлення ў законную сілу ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.
Суд пастанавіў прызнаць Бойку вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу з накіраваннем тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў.