За «праявы» любові да Беларусі і нелюбові да праваахоўнікаў берасцейца пакаралі трыма месяцамі арышту
27 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста разглядзелі справу Паўла Фалькоўскага, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па артыкуле 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Судовае пасяджэнне ўзначаліла Марыя Аліферук.
Вядома, што пад арыштам абвінавачваны знаходзіцца з 22 лютага 2022 года – тым жа днём яго і затрымалі. Напярэдадні, уначы з 21 на 22 лютага, пры дапамозе балончыка з фарбамі Павел пакінуў на сценах гарадскіх збудаванняў некалькі надпісаў.
На адным з аўтобусных прыпынкаў напісаў «Жыве Беларусь», на сцяне апорнага пункта міліцыі ў мікрараёне «Кавалёва» – абрэвіятуру «ACAB». На ангельскай мове яна расшыфроўваецца як «All Cops Are Bastards». У перакладзе - «усе копы ўблюдкі». Звычайна гэтую абрэвіятуру ў якасці лозунгу выкарыстоўваюць заходнія дысідэнты, якія выступаюць супраць паліцыі. На балконе і фасадзе яшчэ аднаго будынка абвінавачаны напісаў нецэнзурную фразу. Якую дакладна - на судзе не ўдакладнялася.
Пасля здзяйсненння злачынства Паўла знайшлі і арыштавалі праз некалькі гадзін. Да суда абвінавачанага ўтрымлівалі ў Брэсцкім СІЗА.
Вядома, што на судовым пасяджэнні мужчына цалкам прызнаў сваю віну.
27 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста хутка разглядзеў справу Паўла Фалькоўскага і прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынства па артыкуле 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці», прысудзіўшы абвінавачанаму тры месяцы арышту. Менавіта такое пакаранне для яго і запытваў бок дзяржабвінавачання.