Тры гады "хіміі" і штраф прысудзілі жыхару Мінска за ўдзел у акцыі пратэсту
Суд Маскоўскага раёна Мінска 25 красавіка разгледзеў крымінальную справу Андрэя Шляпава, абвінавачанага ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Юрый Машкетаў.
Па матэрыялах абвінавачання Шляпаў прымаў актыўны ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе, груба парушаў грамадскі парадак, законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі не падпарадкоўваўся.
Шляпава таксама затрымлівалі ў Мінску 10 лістапада 2021 года і адміністрацыйна арыштавалі на 15 сутак.
Судовы працэс распачаўся 22 красавіка, але пакуль падрабязнай інфармацыі пра судовы працэс няма.
Суд прызнаў Шляпава вінаватым і пастанавіў пакараць яго абмежаваннем волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады ("хімія").
Дадаткова ён павінен аплаціць штраф у памеры 5 900 рублёў на карысць камунальнай гаспадаркі.