Пракурорка запрасіла для палітзняволенага хірурга Андрэя Любецкага пяць гадоў пазбаўлення волі
У Мінскім гарадскім судзе працягваецца суд над вядомым хірургам, палітвязнем Андрэем Любецкім. Справу разглядае суддзя Святлана Чарапанава. Пракурорка Жана Баранава папрасіла асудзіць яго да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта яна прадстаўляла бок дзяржабвінавачання на судзе шматдзетнай маці Вольгі Залатар.
Сківічнага хірурга, які 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай бальніцы ў Мінску і быў валанцёрам каля Акрэсціна, затрымалі 4 мая 2021 года.
У чым абвінавачваюць хірурга?
Следчы камітэт кваліфікаваў дзеянні Андрэя Любецкага па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- арт. 342
- арт. 130
- арт. 369
- ч. 1, 2 арт. 368
Па версіі следства, хірург "публічна выказваўся аб прынятым рашэнні парушыць дадзеную ім медыцынскую клятву... і ўсяляк перашкаджаў аказанню медыцынскай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і членам іх сем'яў, заклікаў сваіх калегаў да падобных супрацьпраўных дзеянняў". Таксама яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў васьмі пратэстных акцыях (13, 17, 20, 23, 27 і 30 верасня, а таксама 4 і 25 кастрычніка 2020 года), і напісанні паведамленняў у сацсетках, якія кваліфікавалі як абразы і распальванне варожасці.
«Як прыстойны чалавек, я не магу маўчаць»
Што было на паседжанні?
Разгляд справы працягнуўся 11 красавіка. На ім праглядалі тэхніку, вынутую ў хірурга падчас вобшукаў, скрыншоты ягоных пастоў з сацыяльных сетак, фотаздымкі з маршаў. Любецкі заўважаў: "Каля ГУМа я нічога не парушаў, як і іншыя. Я не перакрываў дарогу — яе блакавала міліцыя".
Сярод матэрыялаў справы быў фотаздымак з адзіночнага пікета Любецкага, на якім палітзняволены сядзіць на лаўцы з плакатам, дзе Лукашэнка прымае прысягу пад бела-чырвона-белым сцягам з надпісам: "Для тых, хто забыў". На пытанне суддзі, навошта ён гэта зрабіў, Любецкі адказаў: "Каб нагадаць некаму". На пытанне, што выказваў плакат Леўчанка з маскай Лукашэнкі ў руцэ, хірург не адказаў.
— Тыя, хто нічога не выказваў, хадзілі з кветкамі, — была ўпэўненая суддзя. — Будзьце шчырым, абвінавачаны! Для чаго і з якой мэтай?
Святлана Чарапанава паўтарыла гэтае пытанне некалькі разоў.
— Усе, да чаго я заклікаў, — каб на нашыя патрабаванні звярнулі ўвагу. Грамадзяне супраць гвалту. Народ усё адно даможацца праўды і справядлівасці шляхам мірнага дыялогу, — адказаў Андрэй Любецкі.
Калі пракурорка Баранава пачала праглядаць розныя сімкі і пытацца ў абвінавачанага, дзе ён стаяў і карыстаўся імі, суддзя Чарапанава спыталася ў яе: "Нам патрэбныя гэтыя дадзеныя?"
Падчас суда Андрэй Любецкі паведаміў, што яму заблакавалі сувязь з усімі сябрамі: не дахозяць лісты і пасылкі.
Наступнае паседжанне адбылося 13 красавіка. У гэты дзень па хадайніцтву абаронцы да справы былі далучаныя характарыстыкі з устаноў, дзе працаваў Любецкі: 4-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы, кафедры стаматалогіі медуніверсітэта, прыватных клінік, а таксама лісты падзякі ад пацыентаў. Напрыклад, у характарыстыцы з 4-й бальніцы пазначана, што Андрэй Любецкі "за час працы асвоіў усе віды аператыўных умяшанняў на сківічна-тварнай вобласці ў дзяцей. Выконваў усе выгляды рэканструктыўна-пластычных аперацый па рэабілітацыі дзяцей з прыроджанымі асаблівасцямі развіцця сківічна-тварнай вобласці". Таксама лекар прымаў удзел у навукова-практычных канферэнцыях.
Падчас спрэчак Жана Баранава адзначыла:
— У апошні час асобы, якія ўявілі сябе лідарамі нейкіх меркаванняў, паверыўшы ў сваю беспакаранасць, паставілі свае погляды і перакананні вышэй грамадскай думкі, грамадскага парадку, гонару і годнасці кіраўніка нашай дзяржавы і прадстаўнікоў улады.
Яна запрасіла для Андрэя Любецкага пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Маёмасная шкода "Мінсктрансу", па яе ўпэўненасці, склаў 201 тысячу рублеў. Згодна з абвінавачаннем, палітвязень таксама мусіць выплаціць дзяржпошліну ў памеры 10 тысяч рублеў. Таксама ў справе маецца грамадзянскі пазоў пацярпелага Карпенкова аб кампенсацыі маральнай шкоды.
Апошняе слова Андрэя Любецкага будзе заслухана 14 красавіка ў 14.00.