viasna on patreon

«Як прыстойны чалавек, я не магу маўчаць»: як прайшоў першы дзень суда над хірургам Андрэем Любецкім

2022 2022-04-10T01:32:36+0300 2022-04-10T01:33:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/liubecky.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 красавіка 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся суд над вядомым хірургам, палітвязнем Андрэем Любецкім. Справу разглядае суддзя Святлана Чарапанава.

Сківічнага хірурга, які 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай бальніцы ў Мінску і быў валанцёрам каля Акрэсціна, затрымалі 4 мая 2021 года.

У чым абвінавачваюць хірурга?

Следчы камітэт кваліфікаваў дзеянні Андрэя Любецкага па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • арт. 342
  • арт. 130
  • арт. 369
  • ч. 1, 2 арт. 368

Па версіі следства, хірург "публічна выказваўся аб прынятым рашэнні парушыць дадзеную ім медыцынскую клятву... і ўсяляк перашкаджаў аказанню медыцынскай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і членам іх сем'яў, заклікаў сваіх калегаў да падобных супрацьпраўных дзеянняў". Таксама яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў васьмі пратэстных акцыях (13, 17, 20, 23, 27 і 30 верасня, а таксама 4 і 25 кастрычніка 2020 года), і напісанні паведамленняў у сацсетках, якія кваліфікавалі як абразы і распальванне варожасці.

Што Любецкі казаў на першым пасяджэнні?

Палітвязень прызнаў віну па ўсіх пунктах абвінавачвання.

— Я растлумачу, што падштурхнула мяне на агучаныя суддзёй дзеянні. Падзеі, якія былі да выбараў, самі выбары і перыяд пасля выбараў былі, мякка кажучы, не зусім правільныя. Я сацыяльна актыўны чалавек, і тыя лічбы, якія былі агучаныя, мне здаліся не зусім дакладнымі. Падзеі, якія былі пасля, усё, што я рабіў пасля Акрэсціна... Я ведаю асабіста многіх калегаў, якія займаліся гэтымі людзьмі. Я ведаў мала следчых на той перыяд. Пазнаёміўся вельмі шчыльна цяпер, іх вельмі шмат у СІЗА, якія бачылі і ведаюць, што рабілі з людзьмі. 17 верасня 2020 года людзі прыйшлі на вуліцу Валадарскага, каб акрэсліць сваю пазіцыю.

Любецкі адзначыў, што блакаванне работы грамадскага транспарту не было ягонай мэтай.

— Калі вы кажаце, што сваю віну прызнаеце. Кожны адказ на маё пытанне выклікае сумнеў, што вы прызнаеце, — пракаментавала суддзя.

— Я зразумеў. Калі мяркуецца правільным адказам тое, што я...

— Правільным адказам мяркуецца праўда.

— У мяне не было мэты спыніць транспарт. Немагчыма было знаходзіцца на тратуары праз вялікую колькасць людзей.

Падчас абмеркавання віны палітвязня паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса суддзя Чарапанава спытала:

— А як гэта, абвінавачаны, звязваецца з вашай інтэлігентасьцю, пасадай, пакліканнем? Вы лічыце гэта нармальным?

— Я лічу гэта нармальным, — адказаў хірург. — І магу патлумачыць, чаму. Я камунікую з калегамі, даходзіла інфармацыя, што пацярпела вельмі шмат людзей. Пераломы канечнасцяў... Я не буду пералічваць. І як прыстойны чалавек — гэта не залежыць ад пасады, — я не магу маўчаць. Таму я выказаўся.

Суддзя Чарапанава адзначыла, што таксама 22 лістапада 2020 года Андрэй Любецкі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы наўмысна публічна абразіў Лукашэнку.

— Менавіта так, — пракаментаваў Любецкі.

— Іншых сродкаў выказаць сваю нязгоду з палітыкай кіраўніка дзяржавы не было?— удакладніла Чарапанава.

— На жаль, не было,— адказаў палітвязень. — У нашым выпадку ў чалавека ёсць ногі і мова — то бок, слова. Я паўтару: у нас, у мяне не было іншай магчымасці выказаць сваю пазіцыю, акрамя як выйсці, сказаць і паказаць: «Нас шмат. Паслухайце нас». На дыялог ніхто не пайшоў. Што тычыцца абраз: я абражаў, але гэта былі эмоцыі пасля пэўных падзей. Гаворка ідзе аб забойстве Рамана Бандарэнка.

— Але ёсць людзі, якія думаюць інакш, — не пагадзілася суддзя.— І іх вельмі шмат. Забойства! Вы такія словы ўжываеце — і вы ў гэта верыце. Гатовыя апусціцца да абразаў вышэйшых чыноў улады.

— Я вельмі шмат разоў чуў абразы з боку вышэйшых чыноў улады ў дачыненні да народа,— адказаў палітвязень.

Таксама Чарапанава адзначыла, што яшчэ адзін эпізод паводле арт. 368 Любецкаму ставіцца за публікацыю ад 23 студзеня 2021 года, у якой хірург "абразіў прэзідэнта, абвінаваціўшы яго ва ўчыненні забойства". Паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса, паводле версіі абвінавачвання, Любецкі "падбухторваў да падзелу грамадства... Караева, Кубракова, Карпянкова. Выказванні, якія абгрунтоўваюць і сцвярджаюць неабходнасць неаказання медыцынскай дапамогі прадстаўнікам названай групы".

— Я неаднаразова казаў: я не буду глядзець, што за чалавек звернецца да мяне з экстранай неадкладнай сітуацыяй, — растлумачыў Любецкі. — Гэта безумоўна і бясспрэчна. Але калі да мяне прыйдзе чалавек і я раптам ці не раптам даведаюся, што ён з'яўляецца саўдзельнікам якога б там ні было злачынства і ён не панёс пакарання... Я таксама чалавек, у мяне могуць проста дрыжаць рукі, і я магу нашкодзіць. Мае словы былі вырваныя з кантэста.

Суддзя адзначыла, што ў дзяржаве павінен быць парадак, а міліця знаходзіцца на службе абранага кіраўніка дзяржавы з мэтай забеспячэння грамадскай бяспекі.

— Міліцыя будзе патрэбная заўсёды, пры любой уладзе. Грош кошт гэтым супрацоўнікам міліцыі, якія не будуць абараняць сваю ўладу, — сказала Чарапанава.

— Міліцыя народ абараняць павінна, — адказаў слухач у зале.

— Устаньце, выйдзіце! Каментаваць свае словы я нікому не дазваляла.


Суд над палітвязняволеным хірургам працягнецца 11 красавіка (панядзелак) у 10.00. Справа разглядаецца ў адкрытым судовым пасяджэнні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства