За вулічныя надпісы «Стоп Лукашэнка» і «Стоп Лука» берасцейца асудзілі да трох месяцаў арышту
13 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Брэста да трох месяцаў арышту за два надпісы пра Лукашэнку на фасадзе дома і прыпынку асудзілі Алега Якуніна. Яго абвінавацілі па арт. 341 Крымінальнага кодэкса — апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Куроўскі, дзяржабвінавачванне падтрымлівала Ганна Горбач.
Як паведамляе брэсцкая "Вясна", Алега Якуніна затрымалі 17 лютага і змясцілі ў брэсцкае СІЗА. Згодна версіі абвінавачвання, 9 лютага 2022 года ён напісаў два выразы пра Лукашэнку. Адзін надпіс быў на фасадзе дома па вуліцы ГОБК у Брэсце, другі — на прыпынку грамадскага транспарту. Гэта «Стоп Лукашэнка» і «Стоп Лука».
Прэтэнзіі да Якуніна выставілі таксама камунальнікі. На судзе заявілі пазовы адразу два прадпрыемствы: КУП ЖРЭУ і ГУП ДЭП. Яны запрасілі 25,41 рублёў і 54,93 рублёў адпаведна за пашкоджанне маёмасці.
На судзе Алег усё яшчэ быў пад вартай. Сваю віну ён прызнаў цалкам. Пракурорка Горбач запрасіла для мужчыны тры месяцы арышту. Суддзя Куроўскі менавіта такое пакаранне і прызначыў.