Палітвязня Аляксандра Васілевіча асудзілі да трох гадоў калоніі і вызвалілі ў зале суда
Сузаснавальніка kyky.org і The Village Беларусь Аляксандра Васілевіча вызвалілі пасля закрытага судовага працэсу.
4 лютага ў судзе Савецкага раёну Мінску агучылі прысуд бізнэсоўцу Аляксандру Васілевічу, якога абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Суддзя Марына Фёдарава прысудзіла яму тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Васілевіча вызвалілі ў залі суду ў сувязі з заканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці. Ён адседзеў паўтара года ў СІЗА. Падрабязнасцей па справе няма.
Магчыма, суд перакваліфікаваў абвінавачанне з ч.2 арт. 243 на ч.1 таго ж артыкула – на менш цяжкае, таму тэрмін прыцягнення да адказнасці, згодна з ім, меншы. Гэта "Медыязоне" пацвердзіў слухач, які прысутнічаў на абвяшчэнні прысуду. Таксама мяркуецца, што Васілевіч мог адмовіцца ад спынення крымінальнай справы, і таму суд працягнуў разгляд, асудзіў яго, але вызваліў ад адбывання пакарання.
Аляксандр Васілевіч — сузаснавальнік вядомых онлайн-выданняў kyky.org і «The Village Беларусь», а таксама ўладальнік агенцтва Vondel/Hepta і былы ўладальнік прасторы «Галерэя Ў».
28 жніўня 2020 году Васілевіча затрымалі прадстаўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю.