viasna on patreon

Калонія за сарваныя сцягі і каментары, "хатняя хімія" за абразы міліцыянтаў. Як судзілі па дыфамацыйных артыкулах на гэтым тыдні Дапоўнена

2022 2022-01-30T17:28:00+0300 2022-01-31T16:05:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/illustr_advokaty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). «Вясна» распавядае, каго і за што ў Беларусі судзілі па гэтых артыкулах за мінулы тыдзень.

"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За сарваны чырвона-зялёны сцяг двух бабруйчан асудзілі да пазбаўлення волі

Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска асудзіў да пазбаўлення волі мясцовых жыхароў Глеба Лёгкага і Арцёма Прыгажаева. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Справу разглядала суддзя Андрэй Літвін.

Паводле матэрыялаў справы, маладыя людзі ўвечары 15 лістапада 2021 года, будучы ў нецвярозым стане, сарвалі з будынка адной са школ горада дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і размахвалі ім.

Судовы працэс адбыўся 18 студзеня і праходзіў у закрытым рэжыме.

Глеба Лёгкага абвінавацілі ў тым, што ўтрымліваючы дрэўка са сцягам у руцэ, ён апусціў яго на зямлю, наступіў на палотнішча нагой, надарваў і кінуў на зямлю. Пасля ён кінуў на тканіну недакурак цыгарэты, а Прыгажаеў стаў па ім таптацца, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы.

Абодва прызналі сваю віну.

Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска пакараў абодвух пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму на тэрмінам на 1 год 6 месяцаў кожнаму.

Брэст: Тры гады калоніі за каментары ў тэлеграме

25-27 студзеня Брэсцкі абласны суд разгледзеў справу 24-гадовага Станіслава Кажамякіна з Нясвіжскага раёна, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 130 КК РБ «Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні».

Судовае пасяджэнне ўзначальваў суддзя Мікалай Грыгаровіч, дзяржабвінавачанне падтрымлівала пракурорка Марыя Бялт.

10 жніўня 2021 года Станіслава затрымалі на трое сутак. Дома ў яго адбыўся ператрус, падчас якога знайшлі марыхуану. На хлопца завялі крымінальную справу па наркатычным артыкуле і змясцілі пад варту. Суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 328 КК РБ «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў» і пакараў «хіміяй». Тым не менш, пасля абвяшчэння прысуду Станіслава Кажамякіна не адпусцілі з СІЗА, а, прад'явіўшы абвінавачванні ўжо по новым артыкуле - 130 КК РБ «Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні», працягнулі трымаць пад вартай.

25 студзеня 2022 года распачаўся другі суд над Станіславам Кажамякіным. Паводле версіі абвінавачвання, 24 верасня 2020 года ў тэлеграм-чаце «Брэст 97%» Станіслаў пісаў паведамленні пад нікам Partizan. Згодна заключэнню судова-лігвістычнай экспертызы, у гэтых паведамленнях ўтрымліваліся падахвочванні да агрэсіўных дзеянняў, а таксама былі заклікі да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Сам абвінавачаны на судзе распавёў, што на чаты «Брэст 97%» і «Баранавічы 97%» ён падпісаўся яшчэ летась 2020-га, каб быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў краіне.

Таксама вядома, што падчас судовага пасяджэння абвінавачваны цалкам прызнаў сваю віну і патлумачыў, што інкрымінуемае злачынства ён здзейсніў пад уплывам негатыўнай інфармацыі з інтэрнэту, якую ўспрыняў як рэальную.

У якасці пакарання дзяржабвінавачанне запытала для Станіслава 2,5 года калоніі па арт. 130 КК, а з улікам таго, што сваё папярэдняе пакаранне па артыкуле 328 КК РБ ён яшчэ не адбыў - сукупна прызначыць 3 гады пазбаўлення волі.

27 студзеня суд вынес прысуд па справе Кажамякіна. Хлопца прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 130 КК РБ «Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні» і з улікам неадбытага пакарання за папярэдняе злачынства прысудзіў абвінавачанага да трох гадоў калоніі. Прысуд у законную сілу не ўступіў, ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Жыхару Добруша за абразу супрацоўнікаў міліцыі прысудзілі два гады “хіміі”

47-гадовага Уладзіміра Гусева асудзілі ў Добрушскім раённым судзе па арт. 369 КК РБ (Абраза службовай асобы пры выкананні ёй службовых абавязкаў). Мужчыну абвінавацілі у абразлівым каментары за жнівень 2020 года ў «Аднакласніках» пад фотаздымкам двух міліцыянтаў, якія некага б’юць.

gusev_vl.jpg
Уладзімір Гусеў

Пацярпелыя па справе – два міліцыянты з Гародні. Адзін з іх звярнуўся ў суд з зыскам аб спагнанні матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ў выніку каментара Гусева.

Суд пачаўся 19 студзеня і праходзіў у закрытым рэжыме. Справу разглядаў суддзя Лук’янава.

Абвінавачаны не прызнаў сваёй віны і казаў, што наогул не пісаў аніякага абразлівага каментару.

Гусева, які працуе стропальшчыкам на свідравальным прадпрыемстве «Дэльта» у вёсцы Баршчоўка (Добрушскі р-н), ужо выклікалі да кіраўніцтва і паведамілі, што мусяць яго звольніць, піша “Гомельская Вясна" .

«На працы мне сказалі, што мяне трэба звальняць, бо мяне ўсё роўна, пасадзяць, – кажа Уладзімір. – А калі не пасадзяць, дык яны тады мяне зноў на працу возьмуць”.

Гусева затрымалі ў снежні 2021 года. Трое сутак ён правёў у ІЧУ Добруша. Умовы ўтрымання Уладзімір лічыць блізкімі да катавальных.

«У мяне не было матраца і бялізны, – распавядае Гусеў. – Я мусіў спаць на другім ярусе шконкі на жалезных прутах. Мне дазвалялі чытаць і пісаць лісты толькі 30 хвілін у дзень. Уначы дзяжурны мне не даваў спаць, будзіў кожныя 2 гадзіны. Калі ён грукаў у дзверы і адчыняў кармушку, я мусіў саскочыць з ложку і сказаць сваё імя і прозвішча».

Да суду мужчына знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

26 студзеня суд пастанавіў: прызнаць Уладзіміра Гусева вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. Ён таксама мусіць выплаціць матэрыяльную кампенсацыю двум пацярперым супрацоўнікам міліцыі агулам 3 000 рублёў.

"Хатняя хімія" за абразу ахоўніка бабруйскай калоніі

У судзе Ленінскага раёна Мінска суддзёй Аксанай Ратнікавай была разгледжаная крымінальная справа паводле артыкула 369 КК РБ. Абвінавачаная - Яна Васілец, жыве ў Мінску, мае непаўналетняга сына.

9 снежня 2020 года ў адным з тэлеграм-каналаў, прызнаным экстрэмісцкім, убачыўшы пост з фота пацярпелага Аляксандра Сакалова і інфармацыяй аб тым, што ён удзельнічаў у разгонах мірных грамадзян падчас акцый пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, пакінула нецэнзурны каментар. Таксама ў пасце былі пазначаны асабістыя дадзеныя пацярпелага і нумар яго мабільнага тэлефона.

Сакалоў праходзіць службу па кантракце ў Бабруйскай вайсковай часці 6713 кантралёрам узвода аховы, якая ажыццяўляе ахову ВК-2 у Бабруйску. Як распавёў пацярпелы, у ходзе судовага пасяджэння, пасля выбараў яго батальён выязджаў у Мінск, але актыўных дзеянняў ён і яго калегі не ажыццяўлялі.

Пра тое, што яго дадзеныя размешчаны ў тэлеграм-канале, яму 9 снежня 2020 паведаміў сябар. Пасля чаго на яго мабільны тэлефон сталі паступаць званкі і прыходзіць рознага зместу смс-паведамленні. 11 снежня 2020 года Сакалоў патэлефанаваў у 102 і папрасіў прыцягнуць неўстаноўленых асоб да адказнасці.

На судзе Сакалоў заявіў, што інфармацыя з таго паста не адпавядала рэчаіснасці, і каментар Яны Васілец, які складаецца з аднаго слова, яго абразіў і прынізіў.

Сама Яна патлумачыла свой учынак тым, што пасля жніўня 2020 знаходзілася ў пастаянным эмацыйным напружанні. Маючы сына-падлетка, баялася за яго бяспеку, улічваючы тое, што адбываецца на вуліцах Мінска. І паддаўшыся эмоцыям, пакінула той каментар пад постам з выявай Сакалова. Віну сваю цалкам прызнала і раскаялася. Маральную кампенсацыю пацярпеламу ў памеры 1 тысячы рублёў аплаціла да пачатку судовага пасяджэння.

Суд пастанавіў пакараць Яны 1 года і 6 месяцамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”).

Вядома, што Сакалоў з'яўляецца пацярпелым яшчэ мінімум у двух крымінальных справах па 364 і 369 артыкулах КК РБ.

У Бабруйску жанчыну адправілі ў калонію за абразу Лукашэнкі

У Бабруйску 28 студзеня адбыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Вольгі Кукушкінай. Жанчыну абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу) і прадстаўнікоў улады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу).

Вядома, што восенню 2021 года ў жанчыны прайшоў вобшук, а затым яе асудзілі на 10 сутак арышту за перапост з "экстрэмісцкага" каналу. У тэлефоне Вольгі знайшлі выяву Лукашэнкі і беларускіх чыноўнікаў у нацысцкай форме, што стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. Па версіі следства, гэтую выяву Вольга размясціла ў закрытым чаце больш за год таму. 

Суддзя Андрэй Літвін прызнаў яе вінаватай і пакараў 1 годам і 6 месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Жанчыну ўзялі пад варту ў зале суда.

kukushkina.jpg
Вольга Кукушкіна

1,5 года “хатняй хіміі” – за слова “херой”

25 студзеня суд Маладзечна і Маладзечанскага раёна вынес прысуд Сяргею Піліпаку. Яго прызналі вінаватым паводле арт.369 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да 1,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”. Таксама суддзя Дзяніс Барэйка пастанавіў канфіскаваць у абвінавачанага кампутар. Дзяржабвінавачанне падтрымаў памочнік пракурора Маладзечанскага раёна Валерый Пяркоўскі.

Сяргей цалкам прызнаў віну. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён абразіў участковага міліцыянта з Бабруйску Андрэя Комара: напісаў пад пастом у “Аднакласніках” слова “херой” у ягоны бок. Экспертыза прызнала каментар ненарматыўнай лексікай, ён нібыта абразіў і нанёс непапраўную шкоду гонару і рэпутацыі міліцыянта. Пост змяшчаў звесткі пра затрыманні падчас шэсця настаўніц і вучаніц, у якіх быў задзейнічаны Андрэй Комар.

Пракурор Пяркоўскі запрасіў для Комара два гады “хатняй хіміі”, суддзя Барэйка вырашыў пакараць абвінавачанага 1,5 гадамі “хатняй хіміі”.

Два гады «хіміі» за каментар пад фота Караніка

26 студзеня суд Маскоўскага раёна Брэста разглядзеў справу Вячаслава Панасюка, якога абвінавачваюць у злачынстве паводле артыкула 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады». Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Марына Скалковіч.

Вячаслава Панасюка абвінавацілі ў тым, што 6 красавіка 2021 года ў адной з сацсетак пад фатаграфіяй губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка, «маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў», ён напісаў непрыстойны каментар, які «прыніжае гонар і годнасць пацярпелага».

Суд прызнаў Вячаслава Панасюка вінаватым і на падставе арт. 369 КК РБ прысудзіў яму два гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. У адпаведнасці з ч. 1 арт. 46-1 КК РБ («Спецыяльная канфіскацыя») кампутар Вячаслава Панасюка суд пастанавіў канфіскаваць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства