Затрыманні, ператрусы, ціск на палітвязня: хроніка палітычнага пераследу 25-26 студзеня Дапоўнена
Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 25-26 студзеня працягваюцца затрыманні грамадзян і правядзенні ператрусаў у іх, ціск на палітвязняў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Ціск працягваюць ўжываць і на тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
26 студзеня
Затрыманы грамадскі актывіст
У Віцебску затрыманы грамадскі актывіст Мікола Качурац. У яго прайшоў вобшук, выняты камп'ютар. Зараз мужчына знаходзіцца ў Віцебскім ІЧУ.
Затрыманні ў Мінску
Сёння раніцай у Мінску затрыманыя Данііл Марчанка і Данііл Іваноў. Верагодна, іх затрымлівалі супрацоўнікі АМАП і ГУБАЗіК. Пры вобшуку вынятая антыфашысцкая прадукцыя. Зараз яны знаходзяцца ў Фрунзенскім РАУС.
Затрыманы таксама 36-гадовы Васіль Ярмоленка, беларускі гітарыст і кантрабасіст (гурт "Голая манашка"), былы артыст беларускага дзяржаўнага ансамбля танцаў, які дзейнічае ў будынку Дзяржфілармоніі. Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі "пакаяльнае відэа" з ім і ягонай сяброўкай, спецыялісткай па кадрах Таццянай Гацко. У ім Васіль Ярмоленка распавядае, што ў жніўні 2020 года ўдзельнічаў у некалькіх масавых мерапрыемствах, а таксама стаяў у счэпцы. На відэа Таццяна таксама прызнаецца, што яе ў жніўні 2020 года яе сфатаграфавалі на Нямізе з БЧБ-сцягам.
Адваката палітзняволеннай Сафіі Сапега пазбаўляюць ліцэнзіі
Пра гэта Аляксандр Філановіч распавёў у сацсетках:
— Не прайшоў атэстацыю ў Мінюсце. Недастаткова кваліфікаваны. Цягам месяца спыняць ліцэнзію адваката. Адкрыты для прапаноў.
Суд у Варшаве пастанавіў не выдаваць Сцяпана Пуцілу беларускім уладам
У Акружным судзе Варшавы 26 студзеня адбыўся разгляд позвы аб экстрадыцыі ў Беларусь Сцяпана Пуцілы.
Блогера абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні варажнечы і іншых злачынствах. Пуціла уключаны КДБ у спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. У выніку, суд пастанавіў не выдаваць Сцяпана беларускім уладам, піша "Б..сат".
На Алену Гнаўк завялі яшчэ дзве крымінальныя справы, пенсіянерка застаецца пад арыштам
26 студзеня спадарыня Алена павінна была вызваліцца з ІЧУ Пружанаў пасля 15 содняў арышту. Але сваякі яе так і не дачакаліся, паведамляе "Б..сат".
Патэлефанавалі следчыя і сказалі, што на Алену Пятроўну завялі новыя крымінальныя справы, на падставе адной з іх яна застанецца ў ІЧУ яшчэ на тры дні. Што будзе далей, што за справы, на жаль, мы больш нічога не ведаем, – распавялі родныя Алены Гнаўк.
У Пружанскім ІЧУ пенсіянерка знаходзіцца з 11 студзеня, туды яе змясцілі за парушэнне парадку адбывання «хатняй хіміі». Гэтым «парушэннем» сталі мяхі на плоце «па схеме БЧБ», якія міліцыянты палічылі пікетаваннем. За гэта жанчына таксама атрымала штраф 50 базавых велічыняў. Алене забаранілі перадаваць перадачы, чытаць і пісаць, тады яна абвесціла галадоўку, стан здароўя пенсіянеркі пагоршыўся.
Нагадаем, што паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу пенсіянерка асуджаная на тры гады «хатняй хіміі».
UPD: каля 18.00 стала вядома, што на пенсіянерку заведзена дзве крымінальныя справы: па ч.2 арт.367 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса.
У дырэктара Магілёўскага праваабарончага цэнтра адбылося два ператрусы за два дні
Паводле інфармацыі магілёўскіх праваабаронцаў, 25 студзеня каля 11 гадзін дня да дырэктара МПЦ Уладзіміра Краўчанкі прыйшлі супрацоўнікі Упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК РБ па Магілёўскай вобласці і адразу павезлі на допыт.
Пасля допыту супрацоўнікі ДФР вярнуліся з Краўчанкам да яго дадому, дзе правялі ператрус, які доўжыўся каля чатырох гадзін. Пастанова на ператрус была выпісана цэнтральным апаратам Следчага камітэта і санкцыянавана намеснікам генеральнага пракурора. Падчас ператрусу супрацоўнікі ДФР канфіскавалі буклеты Беларускага Хельсінскага Камітэта і тэлеканала "Б..сат" (прыкладна дзесяцігадовай даўніны). Таксама знайшлі і канфіскавалі стары дзіцячы цацачны пісталет сына Краўчанкі.
26 студзеня супрацоўнікі АМАП правялі ператрус на лецішчы Уладзіміра Краўчанкі. Невядома, якая структура праводзіла ператрус, а таксама якая-небудзь інфармацыя аб статусе праваабаронцы. На дадзены момант ператрус скончаны, дырэктара МПЦ павезлі ў невядомым кірунку. Вядома, што ў яго канфіскавалі ноўтбук.
UPD: вечарам Краўчанку вызвалілі.
25 студзеня
Затрыманне ў ПУАТ
У гомельскай ПУАТ-17 паказальна затрымалі Івана Яшчанку, які адбывае там пакаранне паводле непалітычнага артыкула.
Мужчыну затрымалі за каментар у сацсетках, які ён пакінуў у верасні мінулага года. Меркавана, пераслед звязаны са «cправай Зельцара». У памяшканні ПУАТ людзі ў камуфляжнай форме паказальна надзелі на мужчыну кайданкі перад астатнімі людзьмі, якія адбываюць пакаранне ў папраўчай установе: іх сабралі адмыслова для затрымання. Яшчэ ў чатырох чалавек забралі смартфоны. Людзей прыстрашылі, што цягам дзесяці дзён будуць затрыманыя яшчэ некалькі чалавек.
Нагадаем, зараз у ПУАТ-17 пакаранне адбываюць 15 палітзняволеных.
Жорсткае затрыманне ў Гомелі
У Гомелі за "заклікі да блакіроўку дарог" затрыманы 24-гадовы Аляксандр Гузанаў. Гомельская міліцыя апублікавала відэа жорсткага затрымання хлопца: некалькі сілавікоў накінуліся на яго і паклалі тварам у снег, а затым пацягнулі ў машыну. Аперацыю праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК і АМАП.
На відэа хлопец адказвае, што не ведае, за што яго затрымалі. Па сведках міліцыянтаў, летам 2020 года хлопец пакідаў у мясцовым чаце паведамленні з парадамі "збірацца па купках у кожным раёне, а потым натоўпам у цэнтр" , а аўтамабілістам — "кідаць машыны на дарозе" на цэнтральных вуліцах. У дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса, хлопца змясцілі пад варту.
Затрыманне ў Гродна
У Гродна была затрыманая 39-гадовая супрацоўніца "Гродна Азот" Ніна Радзівілка. Падрабязнасці затрымання невядомыя, у яе дома засталося непаўнагадовае дзіцё. Верагодна, зараз яна знаходзіцца ў гродзенскім ІЧУ.
Сілавікі правялі ператрус на офісе піар-студыі Sette. Затрыманыя тры супрацоўніцы
Гэтую інфармацыю Радыё С. пацвердзілі дзве крыніцы.
Затрыманыя былі ўсе, хто на той момант знаходзіўся ў офісе. Sette вядомая сваёй супрацай з такімі брэндамі, як А1, «Аліварыя», «Славкалий» А-100 і іншымі.
UPD: пазней стала вядома, што супрацоўніцы вызваленыя.
Рэдактара баранавіцкага выдання Intex-Press Уладзіміра Янукевіча пакаралі штрафам за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Як патлумачыў Уладзімір Янукевіч, справа датычыцца не выдання Intex-Press, а другога прадпрыемства — ПУП «Цэнтр Рунь», якое займаецца рэкламай.
«Я з’яўляюся дырэктарам і ў ім, і ў ТАА "Выдавецкі дом “Інтэкс-прэс”, — распавёў Уладзімір Янукевіч. — Калі падчас ператрусу з гэтых прадпрыемстваў забралі тэхніку, то ў адным планшэце знайшлі нібыта забароненую інфармацыю».
Рэдактар быў пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічынь (640 рублёў). Акрамя таго, паводле рашэння суда, на карысць дзяржавы быў канфіскаваны ягоны планшэт.
Замест медыцынскай дапамогі — ШІЗА. Палітвязень Яўген Бароўскі так і не атрымаў лячэння ў калоніі
Праваабаронцам стала вядома, што палітзняволенага Яўгена Бароўскага змясцілі ў штрафны ізалятар замест таго, каб аказаць яму неабходную медыцынскую дапамогу. Раней Вераніка Бароўская распавяла, што стан мужа цяжкі:
«Яго нос апухлы, ён страшэнна кашляе і ў яго баліць галава, бо, хутчэй за ўсё, ужо пачаўся гаймарыт».
Учора Вераніка ездзіла ў калонію і пакінула скаргі.
Нагадаем, Яўгена асудзілі да 4 гадоў калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 364 і арт. 342. Пад час разгону 11 кастрычніка 2020 на "Маршы гонару" каля станцыі метро “Пушкінская” ён і яшчэ трое абвінавачаных, як вынікае з матэрыялаў следства, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.
Адрас для падтрымкі Яўгена: ПК №15. 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Яўгену Леанідавічу Бароўскаму |
Папаўненне ў спісах экстрэмісціх матэрыялаў
У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў пазначана, што інфармацыйныя прадукцыя тэлеграм-канала «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адпаведнае рашэнне 29 снежня прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля.
Адзначым, што іншых сацыяльных сетак «Вясны» і нашага сайта ў спісе «экстрэмісцкіх» няма.
Таксама стала вядома, што экстрэмісцкімі матэрыяламі прызналі інфармацыйную прадукцыю сайта і тэлеграм-канала маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты». Адапаведнае рашэнне 20 студзеня прыняў суд Маладзечанскага раёна.