viasna on patreon

Мінскай чацвёрцы, якая адбіла ад амапаўцаў чалавека, — ад чатырох да пяці гадоў калоніі і вялікая кампенсацыя пацярпелым

2021 2021-04-02T10:30:00+0300 2022-05-30T10:34:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/barouski-zianko-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абвінавачаныя Драб, Зянько і Кацкель.  ў суде 17 сакавіка. Фота: Наша Ніва.

Абвінавачаныя Драб, Зянько і Кацкель. ў суде 17 сакавіка. Фота: Наша Ніва.

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 2 красавіка абвясціў прысуд па крымінальнай справе чатырох жыхароў сталіцы – Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драба і Уладзіміра Кацкеля.

Іх абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК), арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК), наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанні маёмасці (арт. 218).

Справу разглядала суддзя Юля Блізнюк. Дзяржабвінаваўца – пракурор Валерыя Таратынка.

У справе - сем пацярпелых супрацоўнікаў АМАПу.

Падзеі адбываліся пасля 17 гадзін 11 кастрычніка 2020 года.

Пад час разгону "Маршу гонару" каля станцыі метро “Пушкінская” яны, як вынікае з матэрыялаў следства, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.

Што запрасіла дзяржабвінавачванне?

  • Івану Зянько па артыкуле 218 – 3 месяцы арышту, па артыкуле 342 – абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу 2 гады, па артыкуле 364 – 5 год пазбаўлення волі. Разам – пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
  • Яўгену Бароўскаму па артыкуле 342 – 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, па артыкуле 364 – 4 гады пазбаўлення волі, разам – 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
  • Аляксею Драбу па артыкуле 364 з улікам непагашанай ранейшай судзімасці - пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
  • Уладзіміру Кацкелю па артыкуле 364 з улікам непагашанай ранейшай судзімасці - пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Справа чатырох мінчукоў: пракурор запрасіў вялікія тэрміны зняволення і гіганцкія кампенсацыі пацярпелым амапаўцам

Кожны з чатырох абвінавачваных павінен, па прапанове пракурора, выплаціць матэрыяльны пазоў за маральную шкоду кожнаму з сямі пацярпелых амапаўцаў па 3 000 рублёў. Акрамя гэтага пракурор просіць задаволіць пазоў “Мінсктранса” Яўгену Бароўскаму ў памеры 4 699 рублёў.

Апошнія словы абвінавачваемых

Яўген Бароўскі быў лаканічным: “Нічога не парушаў, супрацьпраўных дзеянняў не здзяйсняў”.

Іван Зянько сказаў, што не ведае тых людзей, якіх у судзе паказвалі некалькі разоў на відэа, але нічога дрэннага яны не рабілі.

“Сабралі з міру па нітцы, паказалі нейкія размытыя скрыншоты, на якіх невядома што,” – завяршыў ён свой кароткі выступ.

Аляксей Драб: “Прашу паблажкі ў суда, абяцаю ў далейшым весці законапаслухмяны лад жыцця, прашу не судзіць строга. Пяць месяцаў у СІЗА паслужыла мне ўрокам. Мая дапытлівасць прывяла мяне ў турму... Раскайваюся, віну часткова прызнаю".

Кацкель. “Ніякага злачынства не здзяйсняў, знаходзіўся дома на каранціне, хварэў каранавірусам. Прашу вызваліць мяне з-пад варты і зняць з мяне ўсе абвінавачванні".

 У судзе Фрунзенскага раёна.

Суддзя Юлія Блізнюк абвясціла прысуд:

Яўгену Бароўскаму - абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу - 3 гады па першым артыкуле, па арт. 364 - пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры гады.
Сумарна  - пазбаўленне  волі на чатыры гады ў калоніі агульнага рэжыму;

Івану Зянько -  арышт 3 месяцы па першым артыкуле, па арт. 342 КК - абмежаванне волі на 2 гады, па 364 артыкуле - пазбаўленне волі на 5 гадоў.
Сумарна - пяць  гадоў калоніі агульнага рэжыму;
Аляксей Драб і Уладзімір Кацкель прызнаныя вінаватымі  па арт. 364 Крымінальнага кодэксу - па пяць гадоў у калоніі агульнага рэжыму;

Залічыць у тэрмін адбыцця пакарання - адзін  дзень пад вартай як адзін дзень пазбаўлення волі.

Апроч гэтага Бароўскаму ў грамадзянскім працэсе будзе вырашацца пытанне  аб кампенсацыі зыска Мінсктранса ў памеры 4 699 рублёў. Зянько павінен аплаціць ГУУС 7 073 рублі 75 капеек.
Кожны павінен  аплаціць пацярпелым па справе амапащцам маральны ўрон у памеры ад двух да 3 000 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства