viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-01-10T16:17:05+0300 2022-01-10T18:42:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Марфа Рабкова: “Вясноўцы 100% былі б у Грыфіндары”

6 студзеня каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясна” Марфа Рабкова адзначыла свой другі дзень народзінаў за кратамі.

Яе павіншавала сімвалічная “хросная” ў межах кампаніі #WeStandByYou Агнешка Бругер, а праваабаронца Human Constanta Наста Лойка напісала адкрыты ліст.

З Днём Народзінаў, Марфа!

6 студзеня каардынатарцы Валанцёрскай службы “Вясны” Марфе Рабковай споўнілася 27 гадоў.

У лісце салідарнасці ў Марфы Рабковай запыталі пра пяць прычын, чаму б яна не трапіла ў Грыфіндар. Праваабаронца паразважала над гэтым пытаннем і адзначыла:

1. У дзяцінстве я адрывалі яшчаркам хвасты.

2. Не люблю чырвоны колер, толькі ў спалучэнні з іншым колерам. У Грыфіндора ж чырвоны колер? Я сумняваюся ў сваёй памяці.

3. З улікам колькасці падкопаў лёсу, у маім жыцці размеркавальны капялюш адправіла б мяне ў Слізэрын.

4. У падлеткавым узросце мне хацелася быць мізантропам (тады гэта модна было, але ў мяне не атрымлівалася).

5. Можна пажартаваць, што я б не даехала да Англіі, бо мяне ўпеклі ў мясцовы Азкабан.

Цяжкую ты перада мной паставіла задачу, а вясноўцы 100% былі б у Грыфіндары”.

Балерына, сыты кот і фемінітывы ў СІЗА. Незвычайныя факты пра Марфу Рабкову

Сёння, 6 студзеня, палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфе Рабковай cпаўняецца 27 гадоў. Свой дзень народзінаў яна ўжо другі раз запар сустракае ў СІЗА. І сёння "Вясна" распавядае незвычайныя гісторыі і факты пра Марфу.

Таксама ў адным з лістоў Марфа распавяла пра стан свайго здароўя і рух крымінальнай справы, падзякавала за нацыянальную прэмію “Праваабаронца года”, што была прызначаная ёй 10 снежня 2021 года.

Марфа Рабкова пра прэмію “Праваабаронца года”: “Перадавай ад мяне вялікую падзяку за гонар насіць такое высокае званне”

Марфа Рабкова ў лісце да праваабаронцы Human Constanta Насты Лойка распавяла, як сустрэла Новы год і як рухаецца крымінальная справа, пра стан свайго здароўя і штодзённы побыт, а таксама падзялілася сваімі ўражаннямі ад атрымання нацыянальнай прэміі “Праваабаронца года”.

У Марфы Рабковай ёсць традыцыя падчас калядных святаў пераглядаць з мужам усе часткі "Гары Потэра", аднак ужо два гады запар яна не мае такой магчымасці. 

Як пісала аўтарка серыі кніг пра Гары Потэра Джаан Роўлінг, "шчасце можна знайсці нават у самыя цёмныя часы, калі не забываць звяртацца да святла". Заклікаем даслаць Марфе запаветны ліст з Хогвартса праз савіны паштовы канал.

Што можна зрабіць: 

  • напісаць запрашэнне ў Хогвартс;
  • намаляваць саву ў лісце ці зрабіць паштоўку з ёй;
  • распавесці, якой бы гераіняй магла быць Марфа ў культавым фільме;
  • напісаць свой любімы ўрывак з кнігі пра Гары Потэра;
  • прыдумаць заклінанне, якое б дапамагала беларусам змагацца са злом;
  • узгадаць, якія рэчы дапамагаюць абараніцца ад цемры цяпер;
  • прыдумаць для сябе і Марфы патронусаў і распавесці, чаму абралі менавіта іх;
  • распавесці пра новы спецэпізод "Гары Потэр 20 гадоў апасля: вяртанне ў Хогвартс".

Ліст ці паштоўку можна зрабіць у адкрытым фармаце: напішыце, запосціце ў сацсетках з хэштэгамі #FreeViasna, #FreeMarfa ці адпраўце на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info.

Дасылайце чараўніцтва Марфе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Алесь Бяляцкі: “Час спыніўся

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі даслаў ліст, у якім распавядае пра сябе:

“Час спыніўся. Я спакойна да гэтага стаўлюся, бо не заўсёды навіны і змены вядуць да добрага. Але цяжка ў гэтым выпадку пісаць змястоўныя лісты. <…>

Узяў у бібліятэчцы трэці том Караткевіча і Мележа. Але праблема ў тым, што стамляюцца вочы. Улічваючы, што дні кароткія, я чытаю небагата. Максімум – 1,5 гадзіны ў дзень. <…>

Я крыху прастыўшы, але не моцна. Спадзяюся, што праз пару дзён мая прастуда скончыцца”.

Дасылайце лісты ці паштоўкі Алесю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Валянцін Стэфановіч: “Гэта тое, што ў нас ніхто не адбярэ і не забароніць – наша салідарнасць

Намеснік старшыні “Вясны” Валянцін Стэфановіч таксама даслаў некалькі лістоў на волю. У іх ён распавядае, як сустракаў новы год, што атрымаў шмат віншаванняў і сумуе па сям’і.

Я вельмі рады, што нарэшце мяне выпісалі з санчасткі і я ізноўку вярнуўся ў сваю камеру, да маленькіх радасцяў тутэйшага жыцця – кніжак, тэлека, газет і г.д. Новы год мы тут адзначылі наколькі маглі. Накрылі стол, павіншавалі адзін аднога, пажадалі канешне толькі аднаго – як мага хутчэй апынуцца на волі.

Я атрымаў шмат віншавальных паштовак і ў тым ліку ад зусім незнаёмых людзей. Не ўсім я паспеў адказаць, але я вельмі ўдзячны людзям за іх падтрымку і салідарнасць, удзячны, што не забываюць пра мяне, пра іншых нашых вязняў. Гэта надзвычай важна, гэта тое, што ў нас ніхто не адбярэ і не забароніць – наша салідарнасць.

Вясновец Валянцін Стэфановіч распавёў, як адзначыў Новы год на «Валадарцы»

Новы год палітзняволены намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч, як і яшчэ шэсць праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны", сустрэў за кратамі. Валянціна выпісалі з турэмнага шпіталя, дзе ён прабыў каля трох тыдняў з пнеўманіяй, і перавялі ў камеру.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Валянціну:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

Уладзімір Лабковіч: “Мяне вельмі ўразіў верш Сяргея Жадана - ён цалкам пра мяне

Апошнім часам у праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча адзначаюцца праблемы з ліставаннем — яму блакуюць перапіску з сям’ёй.

Уладзь дзякуе за дасланыя яму вершы. Вось, як ён адрэагаваў на верш украінскага паэта Сяргея Жадана ў перакладзе на беларускую мову Андрэя Хадановіча “Горад”:

Мяне вельмі ўразіў верш Сяргея Жадана. Ведаеш, ён цалкам, ну ў кожным слове пра мяне. Абсалютна: Каб вы ведалі, як нам усім не пашанцавала! Гэты верш сапраўды геніяльны. Гэта круцей нават за Письмо римскому другу Бродскага.

Нагадаем, што акцыя ў падтрымку зняволенага вясноўца “Не толькі Бродскі” працягваецца.

Як паўдзельнічаць?

  • напішыце вашыя ўласныя вершы ці абярыце вершы розных аўтараў,
  • размясціце іх у сацсетках з хэштэгам #FreeViasna або дашліце нам на пошту freeviasna@gmail.com.

У акцыі могуць прыняць удзел як паэты, так і ўсе неабыякавыя людзі.

Дасылайце лісты падтрымкі і вершы Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Леаніду Судаленку даслалі ўзнагароду “За абарону правоў чалавека-2021”

Кіраўніку Гомельскай філіі “Вясны” Леаніду Судаленку на хатні адрас даслалі ўзнагароду прэміі “За абарону правоў чалавека-2021” Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы (ССВЕ), якой ён быў адзначаны 10 снежня сумесна з Максімам Знакам, Дзмітрыем Лаеўскім і Лілія Уласавай.

uznagaroda_leanid.jpg

Падтрымайце Леаніда:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Таццяна Ласіца: “У мяне добрыя сябры, цудоўная сям’я, мой кот”

Валанцёрка “Вясны” з Рэчыцы Таццяна Ласіца, якую асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, у нядаўнім лісце на волю дзякуе за віншаванні з Днём народзінаў і Новым годам:

Вялікі дзякуй за вашыя паштоўкі, усе я іх атрымала. Дзякуй за вашую падтрымку і заўсёды цёплыя словы, за вашую шчырасць і дабрыню. Мне вельмі прыемна, гэта грэе душу.

Не хвалюйцеся, у мяне ўсё добра. Дзень нараджэння сустракала добра: быў і торт, і цукеркі, і салодкая вада, гарбата ды іншае. У мяне добрыя сябры, цудоўная сям’я, мой кот. Усе яны любяць і чакаюць мяне. Я таксама іх усіх вельмі люблю і спадзяюся, што ўсё будзе добра.

Падтрымайце Таццяну:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Нагадаем, 14 студзеня ў судзе Гомельскага раёна адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да кіраўніка Гомельскай філіі ПЦ "Вясна" Леаніда Судаленкі і яго памочніц Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенка.

Пачатак працэсу прызначаны на 10 гадзін раніцы, ён пройдзе ў закрытым рэжыме. Скаргу будзе разглядаць суддзя Мікалай Маратаеў.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад валанцёра Андрэя Чапюка.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства