viasna on patreon

"Затуманьваў свядомасць грамадзян". Палітзняволенага блогера Пальчыса будуць судзіць у закрытым рэжыме

2021 2021-12-06T11:16:18+0300 2021-12-06T11:24:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/eduard_palchys.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся суд над палітзняволеным блогерам Эдуардам Пальчысам. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Напачатку суда Эдуард заявіў адвод суддзі і адмовіўся ўставаць, але гэтае хадайніцтва не было задаволена. Але суддзя Пётр Арлоў задаволіў хадайніцтва пракурора аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме. Такое рашэнне было прынята "з мэтай недапушчэння распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў". Telegram-канал блогера "PALCHYS" прызнаным эсктрэмісцкім судом Партызанскага раёна 20 красавіка гэтага году, то бок больш праз год пасля затрымання Эдуарда. Распавядаем, у чым абвінавачваюць палітзняволенага блогера, які ўтрымліваецца за кратамі з верасня мінулага году. 

Эдуард Пальчыс. Фота
Эдуард Пальчыс. Фота "Радыё Свабода"

У чым яго абвінавачваюць?

Эдуарда затрымалі ў канцы верасня мінулага года – яму завочна прысудзілі 30 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП. Але пасля "сутак" ён так і не выйшаў. Цяпер палітвязня судзяць па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

"Асноўнай зброяй Пальчыса з'яўляліся створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках, якія захапілі большую частку аўдыторыі краіны, іх давер і выкарыстоўваліся для кіравання свядомасцю натоўпу, выклікання "патрэбнай" інфармацыі, скланення да запланаваных злачынным дзеянням", – заяўляў Следчы камітэт.

Згодна версіі абвінавачвання, "публікуемая яшчэ з 2016 года ў рэсурсах інфармацыя па сваім змесце была наўмысна накіравана Пальчысам на распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, якая тычыцца супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных служачых, прадстаўнікоў улады і грамадскасці, якія актыўна выступаюць за захаванне правапарадку і захаванне дзеючага дзяржаўнага канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь". 

Як заяўляе ведамства, "адначасова з "затуманьваннем" свядомасці грамадзян Пальчыс займаўся арганізацыяй масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Акрамя інфармацыйнага ўздзеяння абвінавачаны схіляў іх да здзяйснення паказаных злачынстваў, размяшчаючы інфармацыю аб плануемых месцы і часу правядзення запланаваных супрацьпраўных дзеянняў, інфармацыйным нагодзе, навучаючы і падрыхтоўваючы патэнцыйных удзельнікаў.

Дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь Пальчысам, на думку абвінавачвання, выяўляюцца ў тым, што "для рэалізацыі сваёй злачыннай мэты ён неаднаразова ствараў і распаўсюджваў у сетцы інтэрнэт матэрыялы, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, з мэтай палегчыць наступны захоп дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь неканстытуцыйным шляхам іншымі асобамі".

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Эдуарду Аляксандравічу Пальчысу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства