viasna on patreon

Да трох гадоў "хіміі" асудзілі палітзняволенага мінчука за пяціхвілінную счэпку 9 жніўня мінулага году

2021 2021-11-30T09:22:29+0300 2022-06-06T09:05:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mikulich_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Заводскага раёна Мінска 29 лістапада асудзіў да трох гадоў "хіміі" 41-гадовага палітвязня Максіма Мікуліча. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня мінулага года разам са сваім сябрам, былым палітзняволеным экс-амапаўцам Максімам Клімовічам, якога асудзілі за гэтыя падзеі да трох гадоў "хатняй хіміі". У счэпцы Мікуліч і Клімовіч патрапілі на фотаздымак, па якіх іх ідэнтыфікавалі і ўзбудзілі крымінальныя справы. Пасля трох з паловай месяцаў за кратамі палітвязень выйшаў на волю. Справу Мікуліча разглядала суддзя Алена Капцэвіч, дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Мікалай Дзяцел.

Максім Мікуліч (злева) і экс-палітвязень, яго сябра Максім Клімовіч. Фота: spring96.org
Максім Мікуліч (злева) і экс-палітвязень, яго сябра Максім Клімовіч. Фота: spring96.org

Максім Мікуліч быў затрыманы 17 жніўня разам з сябрам,  за ўдзел у пратэстах мінулага года. Затым Мікуліча і Клімковіча да суда ўтрымліваліся ў СІЗА № 1 г. Мінска.

Згодна версіі абвінавачвання, Мікуліч “прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, а менавіта – выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у ладкі, не падпарадкоўваўся законным патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі спыніць супрацьпраўныя дзеянні. Удзельнічаючы ў счэпцы, наўмысна перашкаджаў руху грамадскага транспарту, блакаваў яго рух, чым нанёс матэрыяльныя страты прадпрыемству “Мінсктранс”.

Сваю віну на судзе Максім Мікуліч прызнаў у поўным аб’ёме.

З матэрыялаў справы вядома, што ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года знаходзячыся ў Мінску Максім Мікуліч сустрэўся з даўнім сябрам Клімовічам, пад’ехалі на аўтамабілі да гандлёвага цэнтра “Карона” і вырашылі прайсціся, каб паглядзець, што робіцца ў горадзе.

“Дайшлі да перакрыжавання праспекта Пераможцаў з Машэрава, людзей станавілася ўсё больш. Нехта схапіў нас за локці, сказалі давай пастаім у счэпцы на праезнай частцы. Я разумеў, што мы замінаем руху  грамадскага транспарту, проста спрацаваў эфект натоўпу. Затым пачаўся хаос, сталі выбухаць светлашумавыя гранаты і мы сышлі адтуль”, – тлумачыў у судзе Мікуліч.

У якасці доказаў у судзе былі прадастаўлены фота з розных рэсурсаў, на якіх бачна, што Мікуліч і Клімовіч стаяць у счэпцы і адзенне Мікуліча супадае з тым, што знойдзена ў ягоным доме.

Прадстаўнік “Мінсктранса” Вікторыя Халіпава прадставіла разлікі нанесенай прадпрыемству шкоды на суму 3 621 рубель.

У судзе выступіла маці абвінавачанага, якая станоўча ахарактарызавала сына, распавяла, што муж даўно памёр, а хатняй гаспадаркай, домам у вёсцы і дачай займаецца Максім, што ёй будзе цяжка без яго, бо муж даўно памёр.

На працэсе дапыталі сябра палітвязня Максім Клімовіч, які пацвердзіў паказанні Мікуліча, паколькі ўвесь час яны былі разам. Клімовіч быў асуджаны таксама за падзеі 9 жніўня мінулага года. 2 лістапада суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў Максіму Клімовічу тры гады «хатняй хіміі» . Пасля двух з паловай месяцаў пад арыштам ён выйшаў на волю. На яго судзе ў кайданках дапытвалі Мікуліча.

Палітзняволенага экс-амапаўца асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі" за ўдзел у пратэсце

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 2 лістапада паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса да трох гадоў "хатняй хіміі" асудзілі палітвязня Максіма Клімовіча.

У ходзе судовых спрэчак пракурор Мікалай Дзяцел запрасіў для Мікуліча тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Такі прысуд і агучыла суддзя Алена Капцэвіч. Пазоў “Мінсктранса” перададзены ў грамадзянскую судавытворчаць. Мікуліча адпусцілі на волю адразу пасля абвяшчэння прысуду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства