viasna on patreon

Палітзняволенага экс-амапаўца асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі" за ўдзел у пратэсце

2021 2021-11-02T14:11:27+0300 2021-11-03T14:14:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/klimovich_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 2 лістапада паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса да трох гадоў "хатняй хіміі" асудзілі палітвязня Максіма Клімовіча. Пасля двух з паловай месяцаў пад арыштам ён выйшаў на волю. Былога супрацоўніка АМАПа, які звольніўся яшчэ ў 2012 годзе (але пры затрыманні яму гэта ўзгадалі), абвінавацілі ў перакрыцці дарог счэпкай на акцыі пратэсту ў дзень выбараў. На суд пад канвоем і ў кайданках прывялі сябра Клімовіча, які таксама знаходзіцца пад вартай па гэтым эпізодзе — яго дапытвалі з клеткі побач з абвінавачаным. Справу разглядаў Юрый Машкетаў, дзяржабвінавачанне падтрымліваў Яўген Серакоў.

Максим Климович после освобождения
Максім Клімовіч пасля вызвалення

У чым абвінавацілі?

Паводле абвінавачвання, Максім Клімовіч 9 жніўня стаяў у счэпцы локцямі на Стэле, выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў воплескі рукамі, чым блакаваў рух транспартных сродкаў, парушыў грамадскі парадак і здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Віну Клімовіч на судзе прызнаў цалкам.

Калі затрымалі Клімовіча?

Максіма Клімовіча вылічылі па здымку з акцыі пратэсту, дзе ён стаіць у счэпцы з сябрам. Сёлета на пачатку лета ён з'ехаў жыць у Польшчу, але вымушаны быў вярнуцца. Праз некалькі дзён пасля вяртання, 17 жніўня, яго затрымалі дома ў аграгарадку Хацежына. Ператрус праводзіўся паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Абвінавачванне паводле гэтага артыкула яму і было прад'яўлена.

Пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКа запісалі "пакаяльнае" відэа з былым супрацоўнікам АМАПа, дзе ён прызнаецца, што летась 9-11 жніўня "знаходзіўся ў счэпцы з мэтай процідзеяння супрацоўнікам правапарадку". Пры гэтым прапагандысцкія тэлеграм-каналы падалі інфармацыю пра ягонае затрыманне як пра пераслед тых, хто звольніўся з дзяржслужбы на знак пратэсту ў 2020 годзе: "Спаліў службовае пасведчанне і пайшоў на масавыя беспарадкі". Хоць Клімовіч прыняў рашэнне звольніцца яшчэ ў 2010 годзе — пасля падзеяў на выбарах. Афіцыйна сысці са службы ў яго атрымалася толькі ў 2012 годзе. Цяпер ён працаваў аўтаслесарам.

Што казаў на судзе?

Падчас працэсу Клімовіч распавёў, што ў счэпку патрапіў "ненаўмысна і нечакана". Згодна з ягонымі словамі, калі супрацоўнікі АМАПа пачалі наступ з дапамогай гранат, куль і іншых спецсродкаў, то ён з сябрам апынуўся паміж натоўпам і АМАПам. Іх падхапілі пад рукі — так і ўтварылася счэпка. Паддаўся агульнаму настрою і ўплыву натоўпу. Шкадуе, цалкам раскайваецца і прызнае віну.

Сведка даваў паказанні з клеткі побач з абвінавачаным

Красным выделен Максим Климович
Чырвоным вылучаны Максім Клімовіч, злева — ягоны сябар Максім Мікуліч

У якасці сведкі на суд у кайданках прывялі сябра Клімовіча, які таксама знаходзіцца пад вартай. На судзе Максіма Мікуліча завялі ў клетку да абвінавачанага. Паказанні сведка даваў ў клетцы і ў кайданках.

Мікуліч — сябар, з якім ён быў 9 жніўня на пратэстах і ў счэпцы. Верагодна, яму ставіцца ў віну той жа эпізод і хутка адбудзецца суд і над ім. Паказанні Мікуліча супадаюць з паказаннямі Клімовіча: прагаласавалі, сустрэліся, паехалі ў горад, машыну пакінулі ля "Кароны" і пайшлі на Стэлу. На судзе сведка распавёў, што, калі выйшлі да Стэлы, то людзей там было няшмат, але потым у нейкі момант з усіх бакоў пачалі збірацца людзі. Тым часам супрацоўнікі АМАПа пачалі закідваць пратэстоўцаў светлашумавымі гранатамі. У нейкі момант людзі сталі ў счэпку.

"Мінсктранс" заявіў пазоў аб кампенсацыі шкоды ў памеры 3600 рублёў за перакрыццё дарог, але яго вылучылі ў асобную грамадзянскую вытворчасць.

Чым усё скончылася?

У спрэчках пракурор запатрабаваў для Максіма Клімовіча з улікам чыстасардэчнага раскаяння тры гады "хатняй хіміі". Суддзя Юрый Машкетаў асудзіў палітвязня да трох гадоў "хатняй хіміі" і вызваліў яго ў зале суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства