viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2021 2021-11-22T15:14:32+0300 2021-11-23T10:44:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

24 лістапада Таццяна Ласіца адзначае Дзень народзінаў. Павіншуйце праваабаронцу!

Валанцёрцы “Вясны” Таццяне Ласіцы24 лістапада споўніцца 43 гады. На жаль, адзначаць свой дзень народзінаў праваабаронца будзе за кратамі. Павіншуйце Таццяну!

Дасылайце віншаванні Таццяне:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Леанід Судаленка: "Усё ў здагадках. Канкрэтыка – дапамога людзям, але яна не забаронена!"

Кіраўнік Гомельскага аддзялення "Вясны" Леанід Судаленка даслаў ліст да праваабаронцы Васіля Палякова. У ім ён дзякуе за падтрымку і распавядае пра свае навіны за апошні час.

"Пішу табе ўжо ў новым статусе – асуджаны. <...>

Учора было абавязковае пасля прысуду спатканне з жонкай – 2 гадзіны за шклом па тэлефоне. На чарзе яшчэ Кірыл і Лёня (сыны Леаніда – заўв. рэд.). Малодшага сына не дапускаюць сюды.

Атрымаў прысуд на 48 старонках на рукі. Калі прыбраць спам, застаюцца доказы атрыманыя з парушэннем закону, галаслоўныя абвінавачанні сведкі Какойта (Катляроў), дровы дзецям, сустрэча з ІЧУ Марыі Тульжанковай. Усё ў здагадках. Канкрэтыка – дапамога людзям, але яна не забаронена! Да 10 лістапада падам папярэднюю апеляцыю. Тэрмін разгляду ў аблсудзе будзе каля 3-х месяцаў, то бок да канца студзеня. Далей не зазіраю, ды і навошта.

Чуў, што 20 лістапада ў Еўропе будуць нешта слухаць па Беларусі. Калі ёсць інфа больш дэталёвая, я яе з задавальненнем пачую. Ды і наогул, што за агароджай адбываецца мне не абыякава. Пішы, чакаю. Прывітанне людзям".

Дасылайце лісты ці паштоўкі Леаніду:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Прафесар ЕГУ пра Марфу Рабкову: "Добрая і здольная студэнтка, яна добра вучылася і была годным чальцом студэнцкай сям'і"

У 2017 годзе Марфа Рабкова паступіла ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт на спецыяльнасць "Міжнароднае права і права ЕС".

Прафесар ЕГУ Аляксандр Вашкевіч станоўча характарызуе Марфу як студэнтку:

"Сама Марфа — чалавек досыць сціплы, але ў той жа час адказны: яна ніколі не парушала тэрміны. Па маіх прадметах, якія я чытаў, яна атрымала па 9 балаў [паводле дзесяцібальнай сістэмы —  заўв. рэд.]. То бок Марфа — добрая і здольная студэнтка, яна добра вучылася і была годным чальцом студэнцкай сям'і".

Выкладчыкі ЕГУ падпісвалі паручальніцтвы за змену меры стрымання Марфы Рабковой са змяшчэння пад варту на падпіску аб нявыездзе. Тады б Марфа змагла працягнуць навучанне дыстанцыйна.

"Марыя Рабкова паспяхова прайшла навучанне з першага па трэці курс ЕГУ. Сярэдні бал за ўвесь перыяд навучання — 9,11, без акадэмічных запазычанасцяў. [На гэты момант Марфа] застаецца ў ліку студэнтаў 4 курсу дыстанцыйнай формы навучання праграмы бесперапыннага навучання "Міжнароднае права і права ЕС",— паведаміла "Вясне" Ёланта Беляўскайтэ, кіраўніца Акадэмічнага дэпартамента сацыяльных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

У Міжнародны дзень студэнта "Вясна" распавядала пра той шлях, які прайшла праваабаронца Марфа Рабкова, каб вучыцца.

Перажывала, што "недавучаная". Студэнцкі шлях Марфы Рабковай

Гісторыя студэнцтва Марфы Рабковай пачынаецца ў Беларусі. У 2012 годзе яна паступіла на спецыяльнасць "Біялогія і геаграфія" ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Аднак давучыцца ёй там не ўдалося: увосень 2015 года дзяўчыну затрымалі на невялікім маршы каля ўніверсітэта.

Amnesty International заклікала звярнуцца да генеральнага пракурора Беларусі з патрабаваннем аб аказанні медыцынскай дапамогі праваабаронцы Марфе Рабковай, якая больш за год утрымліваецца ў СІЗА-1. 

Amnesty International: Патрабуйце пачаць лячэнне праваабаронцы Марфы Рабковай, якой у СІЗА адмаўляюць у меддапамозе

Дапамажыце нам дамагчыся ад беларускіх уладаў неадкладнага аказання Марфе Рабковай медыцынскай дапамогі.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад Андрэя Чапюка.

Дасылайце лісты ці паштоўкі Марфе ды Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Уладзімір Лабковіч: “Спадзяюся, што хутка змагу абняць родных і сустрэцца з выдатнымі людзьмі”

Зняволены праваабаронца “Вясны” Уладзь Лабковіч за кратамі ўтрымліваецца ўжо больш за чатыры месяцы. У нядаўнім лісце на волю ён распавядае, як сустрэў свой дзень народзінаў:

“Дзень народзінаў я сустрэў цяпло. Паелі самаробны торт з гарбатай. Пісаў казку дзеткам. Былі і паштоўкі з віншаваннямі. Але, на жаль, вельмі шмат віншаванняў згубіліся. Тым прыемней кожны ліст, які прарываецца.

На жаль, з лістамі не стала лягчэй. Вельмі шмат лістоў губляецца па дарозе. Праходзяць толькі лісты ад дзяцей, жонкі і Мамы. Гэта вельмі важна для мяне. Асабліва тут смуткуеш па жонцы і дзеткам.

Таксама Уладзь адзначае, што ў яго псуецца зрок, і дзеліцца сваімі думкамі:

Вялікі дзякуй за Ваш почырк і вялікія літары. Тут сапраўды вельмі моцна псуецца зрок. Мой вельмі моцна псуецца, і пакуль лепш не становіцца, а толькі горш. <>

Амаль усе мае знаёмыя і сябры альбо ў турме, альбо з'ехалі. Я таксама быў перад гэтым выбарам, але вырашыў, што не магу з'ехаць... Я вельмі спадзяюся, што хутка ўсё гэта скончыцца, і я змагу абняць родных і сустрэцца з выдатнымі людзьмі, якія імкнуцца падтрымаць мяне за сценамі.

Мне тут, вядома, не хапае навін. Жыву ў поўным вакуўме. Усе навіны – гэта тэлевізар і газета СБ. Ніна і доча пішуць мне навіны пра музыку, навінкі тэхнікі, вершы. Жыву, як у XIX стагоддзі. Гэтая турма мала чым змянілася за столькі часу. Вельмі не хапае прыроды, дрэў, пахаў, магчымасці бачыць прастору далей 2-3 метраў. Я асабіста рады, што ёсць тэлевізар – дазваляе трохі забіць час. А як крыніца інфармацыі, гэта, вядома, вельмі мала.

Дасылайце лісты падтрымкі Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Валянцін Стэфановіч: “Можна колькі заўгодна пераконваць сябе ў перамозе, але крызіс даверу дзеячай уладзе нікуды не падзенецца”

Палітзняволены “вясновец” Валянцін Стэфановіч даслаў ліст з-за кратаў, у якім распавядае, што ў яго таксама пагоршыўся зрок, а таксама разважае пра магчымыя наступствы рэферэндума і змены ў грамадстве, якія ўжо адбыліся:

У мяне ўсё больш-менш нармальна. Плыву ў сваёй субмарыне і зрэдку ўсплываю на паверхню (на гадзінку-паўтары), каб глытнуць паветра і паглядзець на неба. Лета скончылася, цяпер глыбокая восень і хутка пачнецца зіма, навагоднія і калядныя святы. Дзіўна, што я ў самым цэнтры горада, здаецца, усё побач і адначасова так далёка.

Зараз я акрамя газет нічога не чытаю, даў сваім вачам адпачынак. Мне падаецца, зрок у мяне ўпаў, дробныя літары цяжкавата чытаць. З ТВ і газет я стараюся сачыць за навінамі і спрабаваць вылавіць нейкую інфармацыю пра тое, што адбываеццы ў краіне. Калі казаць пра тое, што я думаю, дык магу сказаць, што да канца лютага наступнага года сітуацыя будзе заставацца цяжкай, усё будзе жорстка і рэпрэсіі будуць працягвацца. Уся гэтая зачыстка, найперш у інфармацыйнай сферы, не выпадковая. Ім трэба ў лютым правесці рэферэндум і запусціць гэтак званы “мяккі транзіт” улады. Што будзе пасля – пабачым. Усё будзе залежыць ад наступных крокаў пасля рэферэндума. Ці гэта будуць датэрміновыя выбары новага прэзідэнта, ці яны адбудуцца ў 2025 годзе. Вельмі верагодна, што такое напружанне будзе захоўвацца да гэтых самых выбараў. Пасля, магчыма, будзе пэўная спроба перазагрузкі і адпаведна вызваленне палітвязняў. Верагодна, што частка з іх будзе вызваленая і раней. У цэлым жа ў бліжэйшай перспектыве нічога добрага я не бачу.

Праваабаронца верыць, што змены абавязкова адбудуцца:

Хаця сам рэферэндум – ужо рэч цікавая, відавочна звязаная з цяперашнім палітычным крызісам. Можна колькі заўгодна пераконваць сябе ў перамозе, але крызіс даверу дзеячай уладзе нікуды не падзенецца. Яны б не праводзілі ніякіх канстытуцыйных рэформаў, каб не падзеі мінулага году. Але трэба разумець, што гэты рэферэндум – далёка не тое, што хоча беларускае грамадства. Мяркую, што крызіс гэта не вырашыць, напружанне застанецца. Самае галоўнае – што ў мінулым годзе адбыліся глыбінныя змены ў нашым грамадстве і, як я пісаў у сваім блогу “Любоў тут болей не жыве”: можна хоць кожны дзень паказваць прызнанні ў каханні да вядомага персанажа па ТВ, рэаліі зусім іншыя, і гэта ведаюць усе – і яны, і мы. А што да моладзі, дык моладзь нашая цудоўная, адукаваная, свабодная, без грузу “саўка” за плячыма. Гэтыя змены пакаленняў маюць вырашальнае значэнне. Веру, што змены не за гарамі. Мы назіраем пачатак закату гэтай эпохі, нават зыходзячы з ліміту часу для вядомага персанажа. Так што, вы яшчэ на сваім вяку заспееце гэтыя змены і перамены.

Раней, у адным з лістоў Валянцін Стэфановіч пісаў, што нават за кратамі чытае лекцыі на розныя тэмы.

“Таксама я і тут удасканальваю свае навыкі выкладчыка. Малюю мапы Еўропы часоў Першай сусветнай і распавядаю пра гісторыю гэтай вайны. <…> Мае публічныя лекцыі маюць вялікі попыт і інтарэс. Просяць [сукамернікі] распавядаць яшчэ. Так што, я тут ліквідую прабелы ў адукацыі”, — адзначаў Стэфановіч.

Пакуль афлайн-лекцыі Валянціна даступныя толькі яго сукамернікам, мы прапануем паглядзець лекцыю нашага калегі на тэму “Права чалавека ў Канстытуцыі”:

Дасылайце лісты і паштоўкі Валянціну: 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу

За мінулы тыдзень не было навінаў ад Алеся Бяляцкага. 

Дасылайце лісты ці паштоўкі Алесю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Акцыя #FreedomLetters для беларускіх палітвязняў прайшла ў Вільні

20 лістапада ў Вільні ў межах форума Future of Democracy прайшла акцыя падпісання паштовак для беларускіх палітвязняў #FreedomLetters, якая была сумесна арганізаваная МЗС Літвы і ПЦ “Вясна”.

Падчас форуму паштоўкі са словамі падтрымкі да розных палітзняволеных, у тым ліку для арыштаваных сябраў “Вясны” Алеся БяляцкагаУладзіміра ЛабковічаВалянціна СтэфановічаМарфы РабковайЛеаніда СудаленкіТаццяны Ласіцы і Андрэя Чапюка, падпісалі дыпламаты і праваабаронцы з розных краінаў.  

future_of_democracy_9.jpg
Сімвалічная "хросная" Леаніда Судаленкі, дэпутатка Літоўскага парламента Лайма Андрыкене

Напішы адкрыты ліст у падтрымку зняволеных "вясноўцаў"

Дасылайце вашыя адкрытыя лісты салідарнасці ў падтрымку зняволеных "вясноўцаў" нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх “вясноўцам”, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства