“Наварочваліся слёзы, калі слухала сведку”. Марыя Тарасенка распавяла, як праходзіў закрыты суд над Судаленкам і Ласіцай
3 лістапада праваабаронцу "Вясны" Леаніду Судаленку і яго памочніцы Таццяне Ласіцы вынеслі прысуд — тры і два з паловай гады калоніі адпаведна. Судовы працэс над імі распачаўся 3 верасня — у той жа дзень яго зрабілі закрытым, а ўдзельнікі мелі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнай справы. Таму звестак пра тое, як жа праходзіў суд, было мала.
Па крымінальнай справе ў якасці абвінавачанай праходзіла і Марыя Тарасенка, памочніца Леаніда. Дзяржабвінавачванне запатрабавала для яе таксама два з паловай гады калоніі. Марыя знаходзілася пад падпіскай аб нявыяздзе, аднак на судовае пасяджэнне 18 кастрычніка, калі планавалася апошняе слова абвінавачваных, яна не з'явілася, паколькі пакінула Беларусь. Яе справу вынеслі ў асобную вытворчасць.
Марыя Тарасенка ўсё яшчэ застаецца пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнай справы. Аднак яна пагадзілася распавесці "Вясне" пра тое, як праходзіў суд над Леанідам Судаленкам і Таццянай Ласіцай. Цяпер Марыя знаходзіцца ў бяспечным месцы.
*Усе трое — Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца і Марыя Тарасенка — абвінавачваліся паводле часткі 1 (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і часткі 2 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) артыкулу 342 КК РБ.
Прысуд вынес суддзя Сяргей Салоўскі. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівалі пракуроры Яўген Фартушняк, Кірыл Вышнякоў, а таксама намесніца пракурора горада Гомеля Ірына Курбацкая. Менавіта яна, адзначыла Марыя Тарасенка, іграла вялікую ролю ў абвінавачванні.
Абвінавачванне Леаніду Судаленку
Раней Леанід Судаленка ў сваіх лістах з СІЗА змог перадаць, якія эпізоды з ягонага жыцця ляглі ў абвінавачванне супраць яго. Сярод іх — эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям са шматдзетнай сям'і, бацьку якой затым асудзілі за "беспарадкі". Марыя Тарасенка распавяла, што сярод сведак у судовым пасяджэнні выступіла сястра маці гэтых дзяцей (паколькі тая не змагла прыйсці па сямейных акалічнасцях):
"У мяне наварочваліся слёзы, калі я слухала сведку-сястру, — узгадвае Марыя Тарасенка. — Яна распавядала, як гэтая сям'я з'ехала ў вёску, а там драўляная хата без ацяплення, што трэба было абагрэць чымсьці печку, а дроў няма. І Леанід узяўся дапамагчы. Каб яны не змерзлі, гэта ж дзеці! І сядзець выслухоўваць, як гэта выстаўляюць як супрацьзаконнае дзеянне... Гэта настолькі бесчалавечна... Я нават не магу сказаць, наколькі гэта агідна было глядзець і слухаць".
Незразумелы быў Марыі і эпізод з заклікамі сустрэць з ІЧУ Марыю Тульжанкову.
"Заклікі сустрэць Тульжанкову расцанілі як незаконнае масавае мерапрыемства. Але ж чалавек выходзіць з сутак — ну яе, натуральна, хтосьці сустрэне: сваякі, сябры... Не, гэта ўсё перакруцілі, што гэта незаконнае масавае мерапрыемства — сустрэць чалавека і адвесці яго да дома, — абураецца Марыя Тарасенка. — Жудасна гэта ўсё слухаць, калі дарослыя адукаваныя людзі, якія лічаць сябе спецыялістамі ў галіне юрыспрудэнцыі, выдаюць такія рэчы. Звычайныя дзеянні людзей яны выдаюць за нейкія злачынствы".
У крымінальнай справе значылася каля 60 сведак. Амаль усе яны выступілі ў зале суда. Большасць з іх апытвалася наконт аплаты штрафаў, мытаў за зварот у суд і дапамогі адвакатаў — гэта яшчэ адзін эпізод, які ставілі Леаніду ў віну. Марыя Тарасенка падкрэслівае, што апытаныя людзі былі вельмі ўдзячныя Леаніду за дапамогу. Шмат хто з гэтых людзей быў затрыманы выпадкова:
"Чалавек проста ішоў па вуліцы — і яго затрымалі. А затым [асудзілі за] удзел у несанкцыянаваным мітынгу і непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі. Са сведак [якія выступілі на судзе], напэўна, адсоткаў 40 выпадковых людзей.
Яшчэ адзін сведка [распавёў на судзе]: дзяўчыну штурхалі ў аўтазак, затрымлівалі, а ён падышоў і сказаў: "Забярыце мяне, адпусціце дзяўчыну" — і пайшоў у гэты аўтазак". А суддзя яму на гэта кажа: "Вы ўмешваліся ў працу міліцыі".
Яшчэ адну гісторыю, расказаную сведкам на судзе, Марыя, як яна сама адзначае, ніколі не забудзе:
"Чалавек выйшаў у жніўні ўвечары на выставу дзіцячага малюнка. Падскочылі амапаўцы, затрымалі, сілай цягнулі яго ў аўтазак. Ён казаў: "За што? Я выйшаў проста паглядзець на выставу!" Не, вінаваты, ён удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве… І такі штраф ён вымушаны быў сплаціць… Ён кажа: "Гэта ж уся мая пенсія! Як мне жыць, як мне камуналку плаціць, што мне есці?" Ён звярнуўся да Леаніда — Леанід дапамог аплаціць гэта штраф".
Сам Леанід Судаленка растлумачыў на судзе, што грошы на аплату штрафаў ён браў са сваёй французскай прэміі (у 2018 годзе праваабаронца атрымаў прэмію Французскай рэспублікі "Свабода — Роўнасць — Братэрства", якая складалася і з грашовай узнагароды). Таксама ён дадаў, што грошы на штрафы дапамагалі збіраць беларусы. Аднак, адзначыла Марыя, суд на гэтым увагі засяроджваў мала: яго цікавіў сам факт дапамогі пратэстоўцам ад Леаніда, а не тое, адкуль паступалі грошы .
"Леанід не рэкламаваў сваю дзейнасць, — адзначыла Марыя Тарасенка. — Як кажуць, сарафаннае радыё: людзі даведваліся адно ад аднаго, што ёсць такі праваабаронца Леанід Судаленка, да якога можна звярнуцца па кансультацыю з нагоды гэтага затрымання. Шмат хто прыходзіў, ён дапамагаў ім абскардзіць".
Але суддзя Салоўскі, адзначае Марыя, спрабаваў выставіць гэта пэўным чынам:
"Суд пытаецца ў сведкі: "Леанід вас угаворваў? Прымушаў?" Сведка кажа: "Не, я сам, па сваёй волі". Леанід [менавіта] прапанаваў: "Вы абскардзіце прысуд суда ці не?" — "Я згаджаўся. А хтосьці не згаджаўся — то бок гэта было на добраахвотнай аснове, а не так, як гэта спрабавала выставіць следства, што Леанід прымушаў іх абскардзіць, а яны не хацелі, а ён прымушаў ледзь не сілай пісаць гэтыя абскарджванні. І Леанід таксама пытаўся: "Вы зможаце аплаціць штраф ці вам патрэбная дапамога?" — і шмат хто, вядома, звярталіся, таму што сумы штрафу вельмі непад’ёмныя — для простага чалавека іх немагчыма аплаціць".
Галоўным чынам у абвінавачванне ляглі эпізоды дапамогі людзям са жніўня, верасня і пачатку кастрычніка.
Акрамя гэтага, Леаніду ставілася ў віну правядзенне семінару па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў. Менавіта гэта склала аснову абвінавачвання і ў дачыненні да Таццяны Ласіцы.
Абвінавачванне Таццяне Ласіцы
Як адзначае Марыя, Таццяне Ласіцы, якую таксама асудзілі паводле 1-й і 2-й часткі артыкулу 342 КК РБ, інкрымінавалася арганізацыя семінару: яна замаўляла жыллё і харчаванне людзям, якія прыязджалі туды з іншых гарадоў.
У сувязі з гэтым у якасці сведак на суд былі выкліканыя афіцыянтка і адміністратар піцэрыі, дзе замаўляліся абеды. Яны, згодна з версіяй дзяржабвінавачвання, мусілі апазнаць Леаніда і Таццяну. Марыя Тарасенка адзначыла, што не разумее, дзеля чаго яны былі выкліканыя і як яны маглі пазнаць Леаніда і Таццяну сярод дзясяткаў штодзённых наведвальнікаў. На судзе Леанід устаў і сказаў адміністратару: "Вы тут выпадковы чалавек".
Семінар праводзіўся ў канцы снежня 2020 года. Марыі на ім не было, але жанчына падкрэслівае, што са слоў сведак, якія выступілі на судзе, вынікае, што на семінары не гучала ніякай супрацьзаконнай інфармацыі — аднак менавіта такой яе спрабавалі выставіць на судзе:
"Там была звычайная інфармацыя: што трэба і не трэба казаць, як сябе засцерагчы, як падаваць інфармацыю так, каб не парушаць закон. Але гэта палічылі супрацьзаконнымі дзеяннямі: [што на семінары] навучалі людзей хавацца ад праваахоўных органаў. Гэта поўная лухта".
Арганізацыя семінару — гэта не ўсё абвінавачванне ў дачыненні да Таццяны Ласіцы. Аднак астатняя частка для Марыі не зусім зразумелая:
"Я сядзела ўсе пасяджэнні і не разумела, што менавіта, акрамя арганізацыі семінару, Таццяне хочуць прад'явіць, — адзначае Марыя Тарасенка. — Вельмі павярхоўна было з нагоды таго, што яна вяла нейкія запісы па тым, хто звяртаўся да Леаніда. Нават тыя людзі, якія прыходзілі абскардзіць пастановы судоў, Таццяну не бачылі, [за выключэннем] аднаго-дзвюх чалавек [як вынікае з выступаў гэтых людзей у якасці сведак на судзе — заўв. рэд]".
Марыя адзначае, што гэты эпізод дапамогі Таццяны Леаніду на судовым працэсе выглядаў вельмі бледна, там не было ніякай дакладнасці.
"Настолькі дрэнна, што ў суд выклікалі хуткую дапамогу". Марыя Тарасенка распавяла пра здароўе Таццяны Ласіцы
Абвінавачванне Марыі Тарасенка
Як распавяла сама Марыя, ёй у віну ставілася аплата адміністрацыйных штрафаў, судовых мытаў і ўтрымання людзей на сутках у ІЧУ.
"Так, я сплачвала гэтыя штрафы. Гэта было адкрыта, публічна. Я гэта рабіла па просьбе Леаніда, ён дзякаваў мне, што я выстойвала ўсе гэтыя чэргі ў банкі. Таму што неаплата штрафу ў Беларусі накладае шэраг складанасцяў — напрыклад, прыйдзе аддзел прымусовага выканання… А штрафы вельмі высокія, гэта месячны заробак, а то і два, і тры — таму людзям вырашылі дапамагаць. Дык а дзе злачынства? — абураецца Марыя. — Гомельскі аблвыканкам атрымаў у свой бюджэт гэтыя грошы. Але выставілі ўсё так, што я вось нібыта фінансавала гэтыя пратэсты — і тым самым мы людзей заахвочвалі нейкай беспакаранасцю, што яны могуць бесперашкодна выходзіць і пратэставаць. Хоць калі на судзе дзяржабвінаваўца пытаўся у сведак, як вас затрымлівалі, то [у гэты момант] я бачыла ў людзей страх, [было бачна, што] яны перажылі шок. Ім аплацілі, дапамаглі — і ўсё, "не хочам больш гэтых стрэсаў".
Таксама Марыі Тарасенка спрабавалі паставіць у віну тое, што яна кансультавала людзей і складала юрыдычныя дакументы. Аднак сведкі, якія выступілі на судзе, адзначылі, што ніколі не бачылі Марыю за такім заняткам.
"Я сядзела ў зале суда і думала: што я тут раблю?! — узгадвае Марыя. — Леанід калі клікаў мяне, я прыходзіла, ён уручаў квітанцыі — і я ішла іх аплачваць у банк. Якая арганізацыя і заклікі? Але ўсё адно першую частку артыкула 342 яны прымудрыліся прад'явіць мне" [частка 1 артыкула 342 КК РБ гучыць як "Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" — заўв. рэд.]
Марыя адзначае, што дапамагала Леаніду Судаленку ў знак удзячнасці, бо ў свой час ён ёй дапамог з пераследам у сувязі з "тунеядскім" дэкрэтам: Марыя — хатняя гаспадыня, якую хацелі абавязаць плаціць падатак за "сацыяльнае ўтрыманне". Тарасенка звярнулася па дапамогу да Леаніда (які таксама з'яўляецца і інспектарам у незалежным прафсаюзе РЭП). Яна падавала пазоў на 1000 рублёў да ўладаў горада за тое, што тыя нанеслі ёй маральную шкоду, бо ўмяшаліся ў ейнае асабістае жыццё. Пасля гэтага Марыя стала актывісткай — яна ездзіла па раёнах Гомельскай вобласці і спрабавала падаць заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства супраць гэтага дэкрэту (ёй усюды адмаўлялі). Гэта было ў 2019 годзе — і гэтую дзейнасць Марыі, як яна адзначае, прыгадалі на судзе, нягледзячы на тое, што ў абвінавачванне па крымінальнай справе быў уключаны эпізод часоў перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі: з траўня 2020 года да пачатку студзеня 2021 года.
“То бок мараль і сутнасць такая — калі ты палітычна актыўны грамадзянін, то табе ва ўмовах Беларусі свеціць турэмны тэрмін, і ўсё роўна, на якую тэму і калі гэта было — "дармаедскі" дэкрэт ці прэзідэнцкія выбары — і ў якія гады гэта было. Калі ты засвяціўся ў свой час — і табе гэта ставяць у віну".
Таксама ў якасці "козыра", як адзначае Марыя, дзяржабвінавачваннем былі прад'яўленыя артыкулы з інтэрнэт-СМІ, дзе Тарасенка называлі валанцёркай ПЦ "Вясна".
"Але я хачу сказаць: я з павагай стаўлюся да любых праваабарончых арганізацый, але я дапамагала Леаніду Леанідавічу Судаленку асабіста. Я з'яўляюся сяброўкай незалежнага прафсаюзу РЭП, і дачынення да "Вясны" ў той момант, які інкрымінуецца следствам, я не мела".
Як Марыя Тарасенка ацэньвае крымінальную справу, судовы працэс і прысуд
-
"Гэта палітычны пераслед, які загорнуты ў абгортку крымінальнага артыкула. Калі проста чалавека прыцягнуць за яго погляды і пазіцыю немагчыма — значыць, мы можам падвесці пад гэта крымінальны артыкул. Хоць сэнс артыкула 342 зусім у іншым. Гэты артыкул перакруцілі з ног на галаву вольнай трактоўкай".
-
"Адвакаты абаранялі нас самааддана. Але ўсё адно гэта палітычны пераслед. І Леаніду за ягоную актыўную шматгадовую дзейнасць у галіне правоў чалавека, і мне, і Таццяне. Таццяна ў свой час у сваім раёне балатавалася ў дэпутаты — і ёй гэта як бы таксама прыгадалі”.
-
"Звычайныя дзеянні грамадзян, якія не супярэчаць закону, — спрабуюць з гэтага зрабіць злачынства. І выснова адна: дапамагаць людзям, займацца праваабаронай — гэта ў Беларусі ўжо зрабілася злачынствам".
-
"Праваабарончая дзейнасць падаецца як злачынства. Гэта вельмі сумна і страшна, што Беларусь увязла ў прававым бязладдзе. Руйнуюцца ўсе нормы — і чалавечыя, і прававыя, і грамадскія, проста ўсё руйнуецца. І такія людзі, як Леанід Судаленка, самыя годныя людзі — вымушаныя сядзець за кратамі".
-
"Для любой краіны, калі ў цябе жыве такога ўзроўню юрыст — гэта гонар. Але пакуль не ў нас. Але я веру: надыдзе час — і Леанід зойме сваё годнае месца ў Беларусі".