Леанід Судаленка - лаўрэат французскай прэміі за ўклад у абарону правоў чалавека
Прэмія Французскай рэспублікі «Свабода - Роўнасць - Братэрства» за 2018 год прысуджана беларускаму праваабаронцу Леаніду Судаленка.
Паводле інфармацыі "Гомельскай Вясны", Нацыянальная кансультатыўная камісія па правах чалавека Францыі ўжо павіншавала лаўрэата з прэміяй і запрасіла на цырымонію ўзнагароджання, якая адбудзецца ў панядзелак, 10 снежня, у 11:30 у Міністэрстве юстыцыі ў Парыжы. Прэмія будзе ўручацца міністрам юстыцыі Ніколь Беллобе і прэзідэнтам няўрадавай арганізацыі CNCDH Крысцінай Лазергес. У адзначэнне 70-й гадавіны Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і 20-годдзя Дэкларацыі аб праваабаронцах запланавана таксама сустрэча ў міністэрстве замежных спраў Францыі.
Пасольства Францыі ў Беларусі таксама далучылася да віншаванняў лаўрэата. Амбасадар Дыдзье Канесс асабіста запрасіў яго абмяняцца думкамі падчас сумеснай вячэры.
Штогод 10 снежня ў міжнародны дзень правоў чалавека Нацыянальная кансультатыўная камісія па правах чалавека Францыі узнагароджвае 5 праваабарончых арганізацый з розных краін свету прэміяй Французскай рэспублікі «Свабода, роўнасць і братэрства» за іх уклад у справу абароны правоў чалавека. Менавіта гэты дзень Генеральнай Асамблеяй ААН была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.
Прэмія «Свабода-Роўнасць-Братэрства» штогод прысуджаецца Французскай Рэспублікай за ўклад у абарону правоў чалавека. Прэмія, заснаваная ў 1988 годзе, прысуджаецца асобным асобам або арганізацыям, па-за залежнасці ад іх нацыянальнай прыналежнасці або дзяржаўных межаў, за канкрэтны ўклад у абарону правоў чалавека ў Францыі і за мяжой.