viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2021

2021 2021-11-02T13:46:05+0300 2021-11-02T17:00:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_oct_2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна прымяняць крымінальны пераслед грамадзян па палітычных матывах. Па дадзеных ПЦ «Вясна», у кастрычніку судамі былі вынесеныя прысуды ў дачыненні да не менш як 95 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах;
  • у месцах няволі знаходзіцца 831 палітвязень, іх колькасць працягвае няўхільна павялічвацца;
  • у следчым ізалятары па адвольных абвінавачаннях працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ «Вясна»: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч; каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова; член ПЦ «Вясна», кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валанцёры «Вясны» Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк;
  • у ізалятарах і калоніях працягваюць утрымлівацца не менш за 29 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ;
  • Вярхоўным судом ліквідаваныя найстарэйшыя ўплывовыя праваабарончыя арганізацыі – РГА “Беларускі Хельсінскі камітэт” і “Прававая ініцыятыва”, а ўсяго ліквідуецца або ліквідавана не менш за 275 НДА;
  • працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жытле і тэрыторыях. Праваабаронцамі зафіксавана не менш за 152 затрыманні. Усяго за кастрычнік суддзямі за рэалізацыю права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркаванняў накладзена не менш як 6 штрафаў на агульную суму 185 базавых велічынь (5 360 беларускіх рублёў) і не менш як 59 адміністрацыйных арыштаў агульнай працягласцю ў 892 сутак;
  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі па палітычных матывах, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў пазбаўлення волі бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ «Вясна» як катаванні.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны крымінальны пераслед

Крымінальны пераслед пратэстоўцаў і іншадумцаў па палітычных матывах у Беларусі працягвае заставацца найбольш жорсткай формай рэпрэсій, распаўсюджваючыся на ўсе новыя грамадскія групы, захоўваючы масавы і паўсюдны характар.

ПЦ «Вясна» вядома пра не менш як 95 асуджаных на працягу кастрычніка па палітычных матывах да розных відаў пакарання, у тым ліку звязанага з пазбаўленнем волі.

Колькасць палітвязняў па стане на 1 лістапада склала 831 чалавек і працягвае няўхільна расці.

У СІЗА працягваюць утрымлівацца па надуманых абвінавачваннях старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марыя (Марфа) Рабкова, сябра ПЦ «Вясна», кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валанцёры «Вясны» Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

У судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля працягваецца працэс над праваабаронцам «Вясны» Леанідам Судаленкам і валанцёркамі арганізацыі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) і навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). Суддзя пастанавіў праводзіць суд у закрытым рэжыме на працягу ўсяго разгляду. Некаторыя абставіны суда становяцца вядомымі з лістоў праваабаронцы: абвінавачаных утрымліваюць у металічнай клетцы, суддзя адмаўляе ім у хадайніцтвах, накіраваных на абарону канстытуцыйных правоў.

5 кастрычніка да праваабаронцы Тацяны Рэвякі прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Ператрус адбыўся ў яе дома, на лецішчы і ў офісе. Пасля яе даставілі на допыт у ДФР і Следчы камітэт.

У дачыненні да Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі ўзбуджана чарговая крымінальная справа: на думку следства, яны “стварылі псеўдаорганы дзяржаўнай улады і ўпраўленняў і прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой. Працягваючы свае злачынныя дзеянні, уступілі ў перамовы з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый”.

Парушэнні свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў.

У судах дагэтуль выносяцца прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў у жніўні 2020 года: 1 кастрычніка у судзе Цэнтральнага раёна Мінска суддзя Дзмітрый Карсюк прысудзіў да чатырох гадоў калоніі 27-гадовага палітвязня Паўла Лукаянава, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску у ноч на 11 жніўня.

Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць “адпрацоўку” гарадоў, розных раёнаў Мінска і прыгарадаў, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэснай сімволікі, затрымліваюць на працы; праводзяць ператрусы і допыты. За кастрычнік ПЦ «Вясна» вядома пра 140 затрыманняў.

Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. У судах праходзяць разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах і ў кватэрах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, рэпосты і каментары ў сацсетках, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.

Усяго за кастрычнік суддзямі за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў накладзена не менш як 6 штрафаў на агульную суму 185 базавых велічынь (5 360 беларускіх рублёў) і не менш як 59 адміністрацыйных арыштаў агульнай працягласцю ў 892 сутак. З іх за апошні месяц суддзямі накладзена не менш як 5 адміністрацыйных штрафаў і 21 арышт за распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая “ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую ​​дзейнасць” па арт. 19.11 КаАП; гэтая норма ўсё часцей выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў.

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 6 кастрычніка абвешчаны прысуд шасці фігурантам восьмай групы “справы карагодаў” па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак): 13 верасня мінулага года на “Маршы герояў” у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні “Муры” і “Тры чарапахі”, танчылі. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам, а затым узбудзілі крымінальную справу. Справу супраць восьмай групы разглядала суддзя Марыя Аліферук, дзяржабвінавачанне падтрымліваў Андрэй Манько. Гэта адна з самых масавых палітычных спраў у гісторыі Беларусі. Следчыя ўстанавілі 115 чалавек, якія мелі дачыненне да гэтага карагода, а 108 з іх былі прад'яўлены абвінавачанні, 87 асобам ужо вынесены прысуды.

У судзе Савецкага раёна Мінска вынеслі рашэнне па грамадзянскай справе па пазову “Мінсктранса” адразу да 17 палітвязняў і асуджаных па палітычных матывах. Суд спагнаў кампенсацыю ўрону ў памеры 21 667 рублёў 87 капеек за “перакрыцце дарог” у Мінску 10 жніўня тэрмінам на 1 гадзіну і 8 хвілін з 21:30 да 22:38. Раней гэтыя 17 чалавек былі асуджаныя за падзеі 10 і 11 жніўня, якія адбываліся ў розных раёнах Мінска. Сума іску складаецца з разліку даных на спецыяльных тэхнічных прыладах, зыходзячы з даных за гэтыя ж даты і час, толькі за мінулы год. Такім чынам, практыка кампенсацыі шкоды транспартнікам з удзельнікаў пратэстаў становіцца ўсё больш сумнеўнай.

Распаўсюджаным інструментам рэпрэсій зараз з'яўляецца пераслед па такіх крымінальных складах, як паклёп на прэзідэнта, абраза прадстаўнікоў улады, суддзяў, пракурораў, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 367, 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Па ўсёй тэрыторыі Беларусі праходзяць судовыя пасяджэнні па гэтых артыкулах.

Так, напрыклад, суддзя Алег Каляда з суда Заводскага раёна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Міхаіла Багдана, якога абвінавацілі ў абразе супрацоўнікаў МУС (арт. 369 КК) і 5 кастрычніка вынес прысуд — два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і 2 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелым. У сацыяльнай сетцы абвінавачаны напісаў каментар “Такія хероі і хай увесь свет пачакае” пад фота, дзе супрацоўнікі МУС у форменным абмундзіраванні здымалі паветраныя шары.

Магіляўчаніна Аляксандра Літвішэнку прызналі вінаватым у злачынствах па арт. 369 КК (абраза супрацоўніка міліцыі) і па арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь): у адным з тэлеграм-каналаў ён пакінуў у адрас сталічнага міліцыянера слова “мразь”, у іншым тэлеграм-канале ён выкарыстоўваў слова “чмо” ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Прысуд – 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі.

7 кастрычніка суддзя Віктар Цімошка ў судзе Клецкага раёна за надпіс “Жыве Беларусь” на прыпынку прысудзіў Сяргея Цімахая да трох месяцаў арышту па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса (апаганенне збудаванняў).

4 кастрычніка суддзя Настасся Кулік прызнала Рыгора Чагадаева вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 364 КК і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову за «пагрозу гвалтам» у дачыненні да супрацоўнікаў АУС: абвінавачаны кінуў на капот службовага аўтамабіля курынае яйка, выказваючы сваё абурэнне дзеяннямі сілавікоў у жніўні 2020 года.

Муж і жонка Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева за перасланыя адзін аднаму навіны з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі, былі восем разоў кожны паслядоўна асуджаныя да адміністрацыйнага арышту - за кратамі па адміністрацыйных артыкулах яны правялі без перапынку больш за тры месяцы.

У будынку Астравецкага РАУС 13 кастрычніка адбыўся закрыты судовы працэс па справе Артура Жвірыдоўскага. Яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 370 (абраза дзяржаўных сімвалаў). Па версіі абвінавачання Жвірыдоўскі ноччу ў чэрвені бягучага года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камені тры палосы ў бел-чырвона-белым спалучэнні. Акрамя гэтага сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынка адной з дзяржаўных устаноў раённага цэнтра. Прысуд – тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Гэтыя і іншыя выпадкі сведчаць аб працягу практыкі рэпрэсій за выказванні, у тым ліку ў сацыяльных сетках, за іншыя формы выказвання меркаванняў.

У кастрычніку пачаўся працэс прызнання экстрэмісцкімі фармаваннямі розных суб'ектаў: ​​МУС прызнала сайт з картай дваровых чатаў dze.chаt “экстрэмісцкім фармаваннем”. Гэта першы падобны выпадак. Сайт аб'ядноўвае больш за 100 чатаў з Беларусі і за мяжой. Следам экстрэмісцкім фармаваннем МУС прызнала Telegram-канал “Буслы ляцяць” і адпаведны Telegram-чат. У спіс патрапілі таксама Telegram-каналы NEXTA, NEXTA-Live і LUXTA, “Дружыны народнай самаабароны”, “Кібер-Партызаны” і чат “Клуб аматараў песень Цоя”. Удзельнікам гэтых “фарміраванняў” МУС пагражае крымінальнай адказнасцю.

Ціск на журналістаў і СМІ

У месцах пазбаўлення волі на канец кастрычніка 2021 года знаходзіліся не менш як 29 прадстаўнікоў СМІ.

Журналістаў па-ранейшаму рэгулярна адвольна затрымліваюць, абшукваюць іх і іх жыллё, падвяргаюць пазбаўленню волі за выкананне прафесійных абавязкаў.

5 кастрычніка сілавікі прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час”. Як паведамляе “Першы рэгіён”, сілавікі забралі камп'ютары і тэлефоны. Галоўны рэдактар ​​газеты не выходзіў на сувязь.

Лунінецкая міліцыя паведаміла дырэктару прадпрыемства Максіму Гарду, які знаходзіцца не ў Беларусі, аб адміністрацыйным судзе ў сувязі з размяшчэннем на рэсурсе “Медыя-Палессе” “інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці” па арт. 23.5 КаАП. Пра якую канкрэтна інфармацыю ідзе гаворка, не паведамляецца. Сайт ужо месяц як заблакаваны паводле пастановы брэсцкай абласной пракуратуры на шэсць месяцаў. Апошні суд па гэтым жа артыкуле быў за публікацыю перадруку з іншага сайта аб судовым працэсе над удзельнікамі акцый пратэсту ў Пінску ў 2020 годзе. Тады “Медыя-Палессе” аштрафавалі на 199 базавых велічыняў з 200, прадугледжаных санкцыяй.

Журналісту “Камсамольскай праўды ў Беларусі” Генадзю Мажэйку прад'явілі абвінавачанне, яму ставяць у віну два артыкулы Крымінальнага кодэкса: аб распальванні сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК РБ) і аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. КК 369), паведаміла “Наша Ніва”. Генадзь знаходзіцца ў Жодзінскім СІЗА ў камеры з каранцінам па каранавірусе, яго нельга наведваць адвакатам і сваякам, таксама яму забаронена перадаваць перадачы. Беларускай праваабарончай супольнасцю Мажэйка прызнаны палітвязнем.

У Крычаве міліцыя затрымала журналіста і былога рэдактара недзяржаўнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага. У кватэры журналіста прайшоў ператрус, сілавікі забралі камп'ютарную тэхніку. На самога Няроўнага склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (19.11 КаАП).

28 кастрычніка сайт газеты "Новы Час" перастаў адкрывацца для карыстальнікаў у Беларусі і за яе межамі. Таксама пры адкрыцці старонкі медыя currenttime.tv паведамляецца, што доступ да яе абмежаваў Мінінфарм Беларусі. Тыдзень таму ў рэдактараў "Новага Часу" Аксаны Колб і Сяргея Пульшы, у фатографа выдання Дзмітрыя Дзмітрыева прайшлі ператрусы.

Таксама з'явілася інфармацыя, што ў Беларусі не адчыняецца сайт Deutsche Welle.

Пасля вяртання ў Беларусь з паездкі не выйшла на сувязь прадстаўніца тэлеканала "Белсат" Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандр Лойка. Пазней стала вядома, што яны затрыманыя, змешчаныя ў ізалятар і падвергнутыя адміністрацыйнаму арышту за рэпост “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

З'явіліся звесткі аб тым, што палітвязня журналіста Дзяніса Івашына абвінавачваюць ў здрадзе дзяржаве. Раней ён абвінавачваўся па арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Цяпер палітвязень знаходзіцца ў карцары гарадзенскай турмы.

Палітвязень, галоўны рэдактар ​​"Нашай Нівы" Ягор Марціновіч утрымліваецца ў бесчалавечных умовах у душнай перапоўненай камеры ў падвале СІЗА-1 Мінска.

Парушэнне свабоды асацыяцый

Улады Беларусі працягваюць практыку татальнага абмежавання права на свабоду асацыяцый. У кастрычніку Вярхоўным судом ліквідаваныя РГА "Беларускі Хельсінскі камітэт" і "Прававая ініцыятыва" – найстарэйшыя ўплывовыя НКА, якія займаліся прасоўваннем і абаронай правоў чалавека.

У спісе «Вясны» - 275 НДА, якія ліквідаваныя або ліквідуюцца па рашэнні суда і дзяржаўных органаў.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прынялі сумесную заяву аб недапушчальнасці парушэння свабоды асацыяцый, ціску на праваабарончыя арганізацыі, у якой у тым ліку падкрэслілі сваю далейшую прыхільнасць да каштоўнасцяў і прынцыпаў правоў чалавека і заявілі аб працягу мірнай законнай праваабарончай дзейнасці, а таксама выказалі намер і далей рабіць свой унёсак у пабудову супольнасці, заснаванай на павазе правоў кожнага чалавека, прававой дзяржавы, заснаванай на вяршэнстве права.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, зневажальнае абыходжанне

Пасля адміністрацыйнага арышту ў ізалятары ў Мінску ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі памерла Алена Амеліна. Яе затрымлівалі па адміністрацыйных артыкулах у красавіку і верасні 2021 года. Журналістка “Нашай Нівы” Кацярына Карпіцкая, якая была з Аленай у адной камеры, паведаміла, што яшчэ ў камеры “Алене за адзін дзень стала вельмі дрэнна, яна амаль трупам ляжала пад нарамі, мы прымушалі яе хоць нешта з'есці. Лячылася ўсё гэта парацэтамолам і, калі зусім чалавеку дрэнна, антыбіётыкам. З ЦІП Алена адправілася на ШВЛ, і так і не выкараскалася”.

Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоваў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катаваннямі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі. Праваабаронцам “Вясны” працягвае паступаць інфармацыя аб нечалавечых умовах утрымання ў ізалятарах Мінска. Затрыманыя і арыштаваныя па палітычных матывах утрымліваюцца ў перапоўненых камерах, не атрымліваюць ні медыцынскай дапамогі, ні прагулак, ні перадач. Супрацоўнікі ЦІПа не рэагуюць на скаргі аб прусаках у камерах, а хворых COVID-19 часта не лечаць і не ізалююць ад здаровых людзей.

У жорсткіх умовах утрымліваюць таксама зняволеных па крымінальных справах, падвяргаюцца ціску і катаванням зняволеныя ў калоніях.

Гарантыі справядлівага суда. Пераслед адвакатаў

Загадам Міністэрства юстыцыі ад 12 кастрычніка адвакатку Наталлю Мацкевіч адхілілі ад выканання прафесійных абавязкаў з 13 кастрычніка ў сувязі з узбуджэннем у дачыненні да яе дысцыплінарнай вытворчасці; пазней з'явілася інфармацыя аб тым, што 25 кастрычніка яна была выключаная з калегіі адвакатаў. Наталля Мацкевіч на той момант абараняла Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку, а таксама шэраг іншых палітвязняў. Выключэнне з калегіі высокапрафесійнай адвакаткі з бездакорнай рэпутацыяй стала чарговым відавочным сведчаннем паглыблення крызісу беларускай адвакатуры, якая даўно страціла характар ​​незалежнай самакіравальнай арганізацыі, закліканай у тым ліку абараняць адвакатаў ад неабгрунтаваных нападак з боку дзяржаўных інстытутаў, а ў цэлым – прасоўваць і абараняць дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека.

28 кастрычніка выключаны з адвакатуры таксама Яўген Пыльчанка – апошні з пяці адвакатаў Віктара Бабарыка.

Смяротнае пакаранне

З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі ўжо дзявяты раз праходзіў адукацыйна-асветніцкі Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Ён праводзіцца кампаніяй “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” з нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца ў свеце 10 кастрычніка.

Амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лакост у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі выступіў з відэазваротам за адмену гэтага віду пакарання. Амбасадар Чэхіі ў Беларусі Томаш Перніцкі далучыўся да Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Амбасадарка Вялікабрытаніі ў Беларусі Жаклін Перкінс выказалася пра гэты від пакарання і патлумачыла, чаму Вялікабрытанія выступае супраць яго. Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель запісаў зварот з нагоды Міжнароднага Дня супраць смяротнага пакарання. У ім ён адзначыў, што апошнім часам працэдура прывядзення ў выкананне смяротнага пакарання ў Беларусі стала яшчэ больш сакрэтнай, і заклікаў да ўвядзення мараторыя на яго прымяненне. Амбасадарка Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханэсан у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі выступіла са зваротам за адмену гэтага віду пакарання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства