viasna on patreon

Заява аб прызнанні 73 чалавек, затрыманых па "справе Зельцэра", палітзняволенымі

2021 2021-10-06T19:21:43+0300 2021-10-07T13:17:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/komment_illustr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

6 кастрычніка 2021 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што арышты і пазбаўленне волі зрабіліся інструментам рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. У прыватнасці, затрыманыя больш за 200 чалавек, 136 з іх узятыя пад варту па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 130 і 369 КК, за публікацыю каментароў у сетцы Інтэрнэт у сувязі з гібеллю Андрэя Зельцэра і Дзмітрыя Федасюка. Змешчаны пад варту таксама журналіст "Камсамольскай праўды ў Беларусі" Генадзь Мажэйка, аўтар артыкула пра перастрэлку ў кватэры А. Зельцэра.

Затрыманыя па гэтай справе знаходзяцца ў неналежных умовах, іх працэсуальныя правы, у тым ліку права на абарону, паўсюдна парушаюцца.

Артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе права на свабоду меркаванняў і іх выказванне. Пры гэтым, у мэтах аховы правоў і рэпутацыі іншых асобаў, вызначаныя дапушчальныя абмежаванні гэтага права, якія павінны быць вызначаныя законам і з'яўляцца неабходнымі для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў ці для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці насельніцтва.

Крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, дзяржаўных службоўцаў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.

Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый. Міжнародныя органы, ААН і АБСЕ, рэкамендавалі адмяніць законы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю, ці, прынамсі, не пазбаўляць волі за здзяйсненне дыфамацыйных правапарушэнняў, прыняўшы за норму грамадзянска-прававы пераслед. Паўнамоцныя прадстаўнікі ААН, АБСЕ па пытаннях свабоды слова заяўлялі, што "крымінальны пераслед за дыфамацыю не з'яўляецца апраўданым абмежаваннем свабоды выказвання перакананняў; усе законы аб крымінальным пераследзе за дыфамацыю падлягаюць адмене і замене, дзе гэта неабходна, грамадзянска-прававымі мерамі адказнасці".

У адпаведнасці з Ёханэсбургскімі прынцыпамі (прынцыпы 15 і 16), мірнае ажыццяўленне свабоды выказвання меркавання не павінна разглядацца як пагроза нацыянальнай бяспецы ці зазнаваць абмежаванні ці пакаранне. Выказванне меркаванняў, якое не ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы, уключае, але не абмяжоўваецца выказваннямі, якія ўяўляюць сабой крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы ці яе сімвалаў, ураду, дзяржаўных ведамстваў ці дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў.

Ніхто не можа быць пакараны за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы ці яе сімвалаў, ураду, дзяржаўных ведамстваў ці грамадскіх і палітычных дзеячаў, а таксама замежнай нацыі, дзяржавы ці яе сімвалаў, ураду, дзяржаўных ведамстваў ці дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абраза не накіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў ці могуць прывесці да такіх дзеянняў. Абмежаванні свабоды выказвання меркавання не павінны звязвацца са службовым становішчам тых асобаў, пра якія распаўсюджаныя звесткі ці інфармацыя.

У дачыненні да іншадумцаў улады неабгрунтавана ўжываюць утрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую волю: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях". "Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асобаў, якія чакаюць судовага разгляду па крымінальным абвінавачванні, то бок пасля прад'яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, што ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Змяшчэнне пад варту павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшання ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымоўваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".

У прыватнасці, нам вядома пра змяшчэнне пад варту наступных грамадзян:

  1. Агіевіч Уладзімір Віктаравіч
  2. Агнішчанка Раман Аляксандравіч
  3. Алексяеўскі Сяргей Віктаравіч
  4. Ануфрыенка Сяргей Пятровіч
  5. Арцюх Ігар Віктаравіч
  6. Арэхава Паліна Віктараўна
  7. Балахонаў Андрэй Рыгоравіч
  8. Баранаў Вадзім Валер’евіч
  9. Бас Максім Андрэевіч
  10. Башлакоў Цімур Уладзіміравіч
  11. Бяленік Павел Тадэвушавіч
  12. Белаголаў Павел Аляксандравіч
  13. Беражнова Ларыса Уладзіміраўна
  14. Бушык Сяргей Сяргеевіч
  15. Велясніцкі Аляксандр Рыгоравіч
  16. Гапіенка Андрэй Мікалаевіч
  17. Гаўрылік Аляксандр Аляксандравіч
  18. Гладкоўскі Глеб Уладзіміравіч
  19. Галаўкоў Мікалай Мікалаевіч
  20. Ганчарык Павел Анатолевіч
  21. Горбач Аляксей Станіслававіч
  22. Грабянёк Юрый Анатолевіч
  23. Грыг Рыгор Вітольдавіч
  24. Дзямешка Дзмітрый Анатольевіч
  25. Далівеля Сяргей Уладзіміравіч
  26. Дубінка Іван Мікалаевіч
  27. Есьмановіч Сяргей Пятровіч
  28. Задруцкі Арцём Сяргеевіч
  29. Запольскіх Уладзімір Андрэевіч
  30. Іванюковіч Віталь Міхайлавіч
  31. Календа Яўген Аляксандравіч
  32. Качагараў Андрэй Сяргеевіч
  33. Качанаў Аляксей Ігаравіч
  34. Кірыльчык Марына Якаўлеўна
  35. Казлоўскі Дзмітрый Анатолевіч
  36. Кандратовіч Андрэй Аляксандравіч
  37. Карсюк Мікалай
  38. Касцоў Андрэй Сяргеевіч
  39. Касцюкевіч Данііл Уладзіміравіч
  40. Катоўскі Віктар Алегавіч
  41. Кракасевіч Дзмітрый Сяргеевіч
  42. Кузюр Іван Васільевіч
  43. Кунусаў Дзмітрый Міхайлавіч
  44. Лагодзіч Дзмітрый Юр'евіч
  45. Лойка Віталь Уладзіміравіч
  46. Максімаў Дзяніс Аляксандравіч
  47. Міронаў Ілля Уладзіміравіч
  48. Міцура Мацвей Барысавіч
  49. Мажэйка Генадзь Мікалаевіч
  50. Несцяровіч Алена Анатольеўна
  51. Нікіціна Наталля Уладзіміраўна
  52. Пашкоў Яраслаў Аляксандравіч
  53. Пендзік Дзмітрый Эдуардавіч
  54. Пятрашка Аляксандр Аляксандравіч
  55. Ракевіч Яўген Алегавіч
  56. Рагатнёў Іван Віктаравіч
  57. Ражкоў Максім Сяргеевіч
  58. Сергіеня Мікалай Мікалаевіч
  59. Сляжоў Сяргей Алегавіч
  60. Сомаў Антон Фёдаравіч
  61. Сянько Аляксей
  62. Станкевіч Аляксандр Уладзіміравіч
  63. Сцепулёнак Эма Антонаўна
  64. Суслін Кірыл Данілавіч
  65. Тазаў Яўген Іванавіч
  66. Талкачоў Сцяпан Віктаравіч
  67. Філіпавец Максім Генадзевіч
  68. Філіпаў Кансанцін Станіслававіч
  69. Хайрулін Цімур Руланавіч
  70. Чамлай Юлія Алегаўна
  71. Чыжык Арсеній
  72. Шункевіч Андрэй Аляксандравіч
  73. Ядзевіч Дзяніс Аляксандравіч

Няма звестак пра тое, каб згаданыя асобы заклікалі да гвалтоўных дзеянняў па нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметах.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачваных быў вынікам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, недаверу да праваахоўнай сістэмы дзяржавы, выкліканага адсутнасцю расследавання злачынстваў у адносінах да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачваных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены",  палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • пазбаўленне волі было ўжыта выключна з-за яго палітычных перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, волі выказвання меркаванняў і інфармацыі, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах ці Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам ці Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед пералічаных грамадзянаў з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў адносінах да згаданых палітвязняў меры, працэсуальныя рашэнні пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на рашэнне пра меру стрымання;
  • забяспечыць аб'ектыўнае расследаванне і справядлівы суд для пералічаных асобаў з выкананнем усіх працэсуальных гарантый;
  • дэкрыміналізаваць дыфамацыйныя склады злачынстваў;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

"Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Lawtrend;

"Прававая ініцыятыва";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН-цэнтр.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства