viasna on patreon

Як у судах разглядаюць справы аб спагнанні шкоды за «блакіроўку дарог» падчас леташніх пратэстаў?

2021 2021-10-18T18:11:38+0300 2021-10-18T19:52:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minsk_9_10_protest.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пратэст у Мінску, 9 жніўня. Фота: "Радыё Свабода"

Пратэст у Мінску, 9 жніўня. Фота: "Радыё Свабода"

«Мінсктранс» працягвае спаганяць з асуджаных пратэстоўцаў шкоду за “блакіроўку дарог” падчас масавых мітынгаў і шэсцяў, якія прайшлі ў Беларусі летась у жніўні-кастрычнікі. Да некаторых палітвязняў прадпрыемства выставіла адразу некалькі пазоваў, якія суды амаль адначасова разглядаюць у розных раёнах Мінска. Кожнаму падчас суда па крымінальных справах «Мінсктранс» агучыў суму, якую страціла прадпрыемства ад іх дзеянняў. Пры гэтым, як сцвярджаюць на судзе самі прадстаўнікі «Мінскстранса», немагчыма вызначыць шкоду ад кожнага асуджанага асобна. Тым не менш, сярод адказнікаў ёсць палітвязень, з якога суд ужо тройчы спагнаў вялізарныя сумы адразу за тры дні жнівеньскіх пратэстаў. «Вясна» сабрала ўсю вядомую на гэты час інфармацыю пра шкоду «Мінсктранса» падчас мірных акцый пратэстаў і суды па пазовах прадпрыемства да асуджаных пратэстоўцаў.

Справа Дзмітрыя Кубарава: тры задаволеныя пазовы і больш за 46 700 рублёў да выплаты 

Палітзняволены дызайнер Дзмітрый Кубараў — пакуль што адзіны, з каго ў грамадзянскім парадку спагналі ўсю суму пазову, заяўленую «Мінсктрансам». За кратамі яго ўтрымліваюць ужо 434 дні. За апошні год палітвязня двойчы судзілі па крымінальных справах і паспелі разглядзець і задаволіць у яго дачыненні тры грамадзянскія пазовы «Мінсктранса». Па крымінальных справах, узбуджаных за жнівеньскія падзеі мінулага году, палітвязню агулам прысудзілі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма і пастанавілі спагнаць з палітвязня больш за 46 700 рублёў. 

За што «Мінсктранс» патрабуе грошы? 

Падчас разгляду першай крымінальнай справы па арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў) «Мінсктранс» ацаніў свае страты ад дзеянняў Кубарава — 69 273 рублі і 58 капеек. У Фрунзенскім судзе, дзе адбыўся першы суд па пазову «Мінсктранса», частку сумы (24 092 рублі і 16 капеек) вылучылі ў асобныя вытворчасці судоў Заводскага і Савецкага раёнаў, каб разглядзець аб’яднаную справу з астатнімі пратэстоўцамі. У выніку, на кожны суд свая дата: ва Фрунзенскім раёне — за ноч з 11 на 12 жніўня, у Савецкім раёне — ноч з 10 на 11 жніўня, а ў Заводскім раёне — за ноч з 9 на 10 жніўня.

Самая вялікая частка пазову прыйшлася на суд Фрунзенскага раёна — 45 181 рубель і 42 капейкі. Гэтую суму «Мінсктранс» страціў за 6 гадзін і 40 хвілін ад злачынства, здзейсненае палітвязнем у перыяд часу з 18:30 11 жніўня да 1:10 12 жніўня каля станцый метро «Малінаўка» і «Пятроўшчына». Суддзя Інэса Курко пастанавіла спагнаць усю вялізарную суму менавіта з Кубарава, бо за гэтую ноч іншыя «злачынцы» супрацоўнікамі міліцыі не былі вызначаныя. Але пракурор прапанаваў Кубараву самому патрабаваць суму з астатніх «невысветленых асобаў», якіх прызнаюць вінаватымі па гэтым эпізодзе. На думку «Мінсктранса», Кубараў, будучы арганізатарам, спыніў грамадскі транспарт на 107 маршрутах па ўсім Мінску. Акрамя гэтага, у палітвязня патрабуюць выплаціць дзяржпошліну за зварот «Мінсктранса» ў суд у памеры 2 259,07 рублёў

Далей амаль адначасова ў судах Заводскага і Савецкага раёнаў разглядзелі пазовы адразу да дзвюх груп палітзняволеных. Адразу грамадзянскі пазоў разглядзелі ў судзе Савецкага раёна. Прэтэнзіі ў «Мінсктранса» былі адразу да 17 асуджаных: Івана Красоўскага, Дзмітрыя Дубкова, Сяргея Брыля, Рыгора Давыдава, Арцёма Хвашчэўскага, Аляксея Мельнікава, Ганны Сунгуравай, Аляксандры Патрасаевай, Анастасіі і Вікторыі Міронцавых, Аляксандра Савосціна, Ігара Рудчыка, Арцёма Саўчука, Яраслава Збароўскага, Іллі Гагіева, Віктара Сядова і Дзмітрыя Кубарава. Увесь грамадзянскі суд па гэтым пазове заняў толькі тры працэсы. Згодна з пазовам прадпрыемства, «сумесныя і ўзгодненыя дзеянні асуджаных, а таксама астатніх невысветленых асобаў, пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту 10 і 11 жніўня, у выніку чаго “Мінсктранс“ пацярпеў на суму 21 667 рублёў 87 капеек». Як сцвярджаюць прадстаўнікі арганізацыі, усе асуджаныя адначасова спынілі транспарт ў Мінску на 1 гадзіну і 8 хвілін з 21:30 да 22:38 10 жніўня. У выніку, 4 кастрычніка суддзя Ляшкевіч задаволіла пазоў прадпрыемства ў памеры 21 667 рублёў 87 капеек і пастанавіла салідарна спагнаць прыкладна 1 274 рублі 58 капеек з кожнага асуджанага. Таксама яны павінны будуць выплаціць дзяржпошліну за зварот "Мінсктранса" ў суд у памеры 1 083 рублі 39 капеек.

Амаль 21 700 рублёў: "Мінсктранс" спагнаў шкоду з 17 пратэстоўцаў за гадзіну "блакіроўкі дарог" 10 жніўня

"Вясна" распавядае, як з 17 чалавек, якія былі ў розных месцах сталіцы 10 жніўня, спаганялі шкоду за "перакрыццё дарог" у Мінску за адну гадзіну.

Ужо 7 кастрычніка ў судзе Заводскага раёна «Мінсктранс» патрабаваў грошы з 11 асуджаных:

Сяргея Брыля, Іллі Гагіева, Аляксандра Нурдзінава, Дзяніса Чыкалёва, Лявона Халатрана, Іллі Толкача, Ігната Сідорчыка, Антона Бяленскага, Дзмітрыя Кубарава, Аляксея Беразінскага і Вячаслава ПаповаНа гэты раз «Мінсктранс» падлічыў, што страціў у ноч з 9 па 10 жніўня 3 621 рубель і 94 капейкі.  Суд задаволіў пазоў і спагнаў прыкладна 329 рублёў 27 капеек салідарна з кожнага асуджанага. Акрамя гэтага, усе асуджаныя павінны выплаціць дзяржпошліну — 181 рубель і 10 капеек.

Агулам палітзняволенаму Дзмітрыю Кубараву за «блакаванне дарог» 9-12 жніўня прыйдзецца выплаціць «Мінсктрансу» прыкладна 46 785 рублёў і 1 капейку.

За «блакіроўку дарог» на якіх Маршах у «Мінсктранса» таксама прэтэнзіі?

У судзе Фрунзенскага раёна яшчэ ў ліпені пачыналі разглядаць грамадзянскую справу ў інтарэсах «Мінсктранса» да палітзняволенага Ігара Пражэннікава. Пазоў у памеры 18 624,45 рублёў выстаўлены за прастой транспарту 4 кастрычніка падчас «Марша вызвалення палітвязняў». Суддзя Мікалай Багамякаў задаволіў хадайніцтва адваката аб тым, каб прыцягнуць суадказнікаў, бо дзеянні былі здзейсненыя ў групе асобаў. Таму, па папярэдняй інфармацыі, справу аб’ядналі з Яўгенам Дзмітрыевым, Мікітам Ігнацюком, Кірылам Паўлаўцом, Дзянісам Дзёмухам і Вадзімам Марчанкам. 

Падчас «Марша Герояў» прадпрыемства панесла страты ў памеры 28 667 рублёў 14 капеек. Адказчыкамі па гэтай справе адразу праходзілі толькі  Іван Цагалка і Уладзімір Жыхар. Справу палітвязняў разглядала суддзя Савецкага раёна Марыя Ляшкевіч. Першапачаткова пазоў да Івана і Уладзіміра складаў 30 000 рублёў, але пасля пераразліку сума скарацілася — 28 667 рублёў. Юрыстка Мінсктрансу патлумачыла, што гэтая сума — страты ў выглядзе страчанага прыбытку, якія не атрымаў Мінсктранс з-за злачынства, здзейсненае палітвязнямі. Прадстаўніца «Мінсктранса» не змагла адказаць суду, чаму гэтая сума разлічаная за перыяд часу з 14.35 да 20:19, калі Іван і Уладзімір знаходзіліся на дарозе менш за гадзіну. Пазней суддзя Фрунзенскага раёна Аляксей Мігурскі пастанавіў далучыць да іх яшчэ справу Алега Караля.

21 верасня суддзя Мігурскі разглядзеў яшчэ адзін грамадзянскі пазоў у інтарэсах «Мінсктранса» ў дачыненні да асуджанай трох гадоў «хатняй хіміі» Анастасіі Тарэлка і палітзняволенага Мікалая Шэметава. Прэтэнзіі да Шэметава ў прадпрыемства толькі за адзін марш — «Марш народнай інаўгурацыі», які прайшоў у Мінску 27 верасня. Пракурор патрабаваў спагнаць з Шэметава і Тарэлка салідрна з кожнага суму ў памеры 46 043 рублі 8 капеек. Але Мігурскі пастанавіў перадаць гэтую справу ў суд Маскоўскага раёна, каб аб'яднаць з астатнімі пратэстоўцамі.

Акрамя гэтага, на думку «Мінсктранса» за яшчэ чатыры марша Анастасія паспела спыніць рух транспарта на агульную суму 76 818 рублёў 1 капейку:

  • Марш Свабоды, 16 жніўня 2020 — 8 168 рублёў 56 капеек;
  • Марш новай Беларусі, 23 жніўня — 5 772 рублі 7 капеек;
  • Марш міру і незалежнасці, 30 жніўня — 9 481 рубель 10 капеек;
  • Марш Справядлівасці, 20 верасня — 53 396 рублёў 28 капеек.

Вядома, што групавыя пазовы за 16 і 30 жніўня будуць разглядаць у судзе Заводскага раёна.

Як і калі асуджаныя будуць выплачваць пазовы — невядома

Як стала вядома на судовых працэсах, сума пазову складаецца з разліку дадзеных на спецыяльных тэхнічных прыладах, зыходзячы з дадзеных за гэтыя ж даты і час, толькі за мінулы год. Але няма ніякіх абмежаванняў па раёнах — звычайна асуджаных, з якіх спаганяюць групавы пазоў, вінавацяць у «перакрыцці дарог» па ўсёй сталіцы. На адным з судовых працэсаў адказны за разлік сумы супрацоўнік «Мінсктрансу» на судзе заявіў, што немагчыма дакладна вызначыць шкоду з гэтай сумы ад кожнага асуджанага асобна, бо масавыя беспарадкі праходзілі адначасова ў некалькіх месцах Мінску. Па яго словах, немагчыма дакладна даведацца, з якой прычыны спыніўся канкрэтны маршрут, бо «перакрывалі» дарогі і з аднаго, і з другога боку ад яго. Тым больш, пакуль незразумела, як будуць спаганяць грошы салідарна з кожнага, калі да гэтага часу не высветленыя ўсе астатнія «злачынцы», датычныя да спынення руху транспарта.

Так, напрыклад, ужо пасля разгляду гэтых пазоваў, да іх далучылі справу палітзняволенага Ігара Гантавога. У Заводскім раёне страты ад яго злачынстваў — 6 126 рублёў, а ў Савецкім — 21 831 рубель 69 капеек. Суд Кастрычніцкага раёна пастанавіў перадаць справу і аб’яднаць з астатнімі ў судах Заводскага і Савецкага раёнаў. Але пазовы за гэтыя дні ўжо разгледжаныя і задаволеныя судом, а адказнікі павінны будуць сплаціць усю заяўленную суму. Пакуль невядома, ці будзе пераразлік пасля выяўлення астатніх пратэстоўцаў.

"У выпадку ўстанаўлення віны іншых асобаў аб спыненні гарадскога грамадскага транспарту ў г. Мінску ў паказаную дату, пазоўнік мае права прад'яўлення да іншых асоб адпаведных пазоўных патрабаванняў", — гаворыцца ў матывіровачнай часткі аднаго з рашэнняў па "справе блакіроўкі дарог".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства