У кастрычніку па "пратэсных" крымінальных справах асуджана не менш за 95 чалавек

2021 2021-11-01T12:31:46+0300 2021-11-01T12:35:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_uzda1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Перад пачаткам судовага працэсу. Фота spring96.org

Перад пачаткам судовага працэсу. Фота spring96.org

Праваабарончы цэнтр "Вясна" ажыццяўляе маніторынг палітычна матываваных крымінальных спраў, якія зрабіліся асноўным інструментам рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў з пачаткам леташняй кампаніі па выбарах прэзідэнта.

За кастрычнік гэтага года колькасць палітычных вязняў павялічылася на 117 чалавек. ПЦ "Вясна" вядома пра не менш за 95 грамадзянаў, якія былі асуджаныя па палітычна матываваных крымінальным справах за мінулы месяц. З іх 20% складаюць жанчыны, а 80%мужчыны.

Маніторынг судовых разбіральніцтваў крымінальных спраў зафіксаваў істотны рост асуджаных паводле дыфамацыйных артыкулаў (артыкулы 188, 367, 368, 369, 370, 391 КК). Аналіз "пратэсных" крымінальных спраў, якія разглядаліся судамі ў кастрычніку, паказвае, што працэсы, дзе ў абвінавачванні фігуруюць дыфамацыйныя артыкулы, складаюць 70% ад агульнага ліку такіх спраў.

Такім чынам, судовая сістэма ў пераважнай колькасці выпадкаў працуе на прыгнечанне свабоды выказвання меркаванняў грамадзянамі, якія крытыкуюць прадстаўнікоў улады і службовых асоб. Разам з тым, маніторынг "пратэсных" крымінальных спраў паўгода назад фіксаваў каля 50% асуджаных па артыкулах аб масавых беспарадках і грубым парушэнні грамадскага парадку (за сакавік гэтага года), у той час як у кастрычніку па дадзенай катэгорыі спраў судзілі 24% ад агульнага ліку вядомых ПЦ "Вясна" палітычна матываваных працэсаў.

Такія паказчыкі дазваляюць адзначыць тэндэнцыю, паводле якой беларускія ўлады ад прыгнечання свабоды мірных сходаў перайшлі да дэманстратыўнага грэбавання свабодай выказвання меркаванняў.

Варта адзначыць, што пасля таго як набылі сілу змены і дадаткі ў Крымінальны кодэкс, што тычацца ўзмацнення жорсткасці пакарання паводле артыкулаў, якія выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі дзеля пераследу грамадзян за рэалізацыю сваіх правоў, судовая сістэма актыўна выкарыстоўвае дадзеныя новаўвядзенні ў рэпрэсіўных мэтах.

Назіранне за "пратэснымі" крымінальнымі справамі ў кастрычніку зафіксавала шырокую геаграфію судовага пераследу грамадзян паводле палітычных матываў. Геаграфія палітычна матываваных крымінальных спраў, разгледжаных у кастрычніку, паводле колькасці грамадзянаў, якія зазнаюць пераслед, выглядае наступным чынам:

  • Мінск — 36 чалавек;
  • Брэсцкая вобласць — 26 чалавек (Брэст, Баранавічы, Пінск, Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Ляхавічы, Бяроза);
  • Гомельская вобласць — 24 чалавекі (Гомель, Гомельскі раён, Жлобін, Мазыр, Лоеў, Ветка, Петрыкаў);
  • Магілёўская вобласць — 16 чалавек (Магілёў, Бабруйск, Горкі, Клічаў, Быхаў);
  • Мінская вобласць — 13 чалавек (Мінскі раён, Салігорск, Маладзечна, Барысаў, Дзяржынск, Клецк, Нясвіж, Узда, Смалявічы, Беразіно);
  • Гродзенская вобласць — 12 чалавек (Гродна, Ліда, Слонім, Ашмяны, Астравец, Дзятлава, Карэлічы);
  • Віцебская вобласць — 5 чалавек (Віцебск, Віцебскі раён, Полацк, Наваполацк, Орша).

Віды і памеры пакарання па "пратэсных" крымінальных справах

Маніторынг судовых працэсаў дазваляе прыйсці да высновы пра тое, што судовая сістэма ўжывае да фігурантаў спраў самыя суровыя віды пакарання, звязаныя з абмежаваннем і пазбаўленнем волі. Сумарна за кастрычнік суды вынеслі:

  • 67 гадоў і 9 месяцаў зняволення ў дачыненні да 27 чалавек;
  • 54 гады і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") у дачыненні да 26 чалавек;
  • 70 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія") у дачыненні да 40 чалавек;
  • 6 месяцаў арышту для 2 чалавек.

Па вядомых праваабаронцам прысудах па "пратэсных" крымінальных справах суды ўжывалі пакаранне, звязанае са зняволеннем, у 28.42% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ ("хімія") суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 27.37% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія") ужывалася ў 42.11% выпадкаў асуджэння грамадзян. Арышт у якасці пакарання ўжываўся ў 2.1% выпадкаў.

Такім чынам, пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе "хіміі", "хатняй хіміі" і арышту, суды ўжывалі ў 100% выпадкаў асуджэння фігурантаў "пратэсных" спраў.

Адкрытасць у "пратэсных" крымінальных справах

Беларуская судовая сістэма на працягу доўгага часу разглядае крымінальныя справы з палітычным складнікам ў "канвеерным" рэжыме, пакідаючы падрабязнасці значнай часткі з іх за зачыненымі дзвярыма. Пры падобных акалічнасцях грамадзяне пазбаўляюцца даверу да судовай галіны ўлады, а адсутнасць эфектыўных прававых механізмаў стварае пагрозу ўстойлівасці функцыянавання канстытуцыйнага ладу краіны.

Апроч разгляду спраў у закрытым судовым пасяджэнні, улады ў розных формах абмяжоўваюць доступ да публічнага разгляду. У судзе Горацкага раёна перад пачаткам разгляду справы па абвінавачванні Наталлі Зубаравай у абразе прадстаўніка ўлады сакратар судовага пасяджэння запатрабавала ад назіральніка прыбраць з рук усе тэхнічныя прылады і схаваць іх.

У судзе Бярозаўскага раёна падчас разгляду справы па абвінавачванні Вольгі Сізавай у абразе службовай асобы ў сувязі з выкананнем ёй сваіх абавязкаў пацярпелы супрацоўнік міліцыі звярнуўся да суддзі з заўвагай пра тое, што назіральнік робіць аўдыёзапіс пасяджэння. У адказ суддзя паведаміў пацярпеламу, што хадайніцтва пра разгляд справы ў закрытым пасяджэнні неабходна было падаваць на самым пачатку судовага разбіральніцтва. Пасля чаго дзяржаўны абвінаваўца звярнуўся да назіральніка і папярэдзіў пра адказнасць у выпадку з'яўлення аўдыёзапісу пасяджэння ў сетцы інтэрнэт.

Суд Барысаўскага раёна ў закрытым рэжыме разглядаў справу Сяргея Султанава пра паклёп у дачыненні да прэзідэнта і яго абразу. Суд Веткаўскага раёна ў закрытым разбіральніцтве слухаў справу ў адносінах да Дзмітрыя Адарачкіна, які абвінавачваецца ў абразе прэзідэнта і прадстаўніка ўлады. Суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў у закрытым судовым пасяджэнні Ганну Ілліну, якая абвінавачваецца ў паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта. Суд Чыгуначнага раёна Гомеля ў закрытым разбіральніцтве разглядаў справы Артура Чарняўскага і Уладзіміра Чарніцкага, якія абвінавачваюцца ў абразе прадстаўнікоў улады.

Тры разгледжаныя ў судзе Мазырскага раёна справы з палітычным падтэкстам слухаліся ў закрытым рэжыме. Паводле артыкулаў аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх, і гвалце або пагрозе ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў у закрытым рэжыме слухаецца справа ў дачыненні да Паўла Дворака, Данііла Скіпальскага, Аляксандра Цімашэнкі і Кірыла Канапацкага. Паводле артыкулу аб абразе прадстаўніка ўлады разглядалася справа ў адносінах да Дзмітрыя Ціба. Па абвінавачванні ў незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя звесткі, а таксама арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх, разглядалася справа ў адносінах да Ірыны Гарашынай.

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля ў закрытым рэжыме разглядаецца справа ў дачыненні да праваабаронцы "Вясны" Леаніда Судаленкі, валанцёрак арганізацыі Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенка, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх.

Магілёўскі абласны суд падчас закрытага разбіральніцтва разгледзеў справу ў адносінах да Іллі Дубскага, які абвінавачваецца ў распальванні варожасці і гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі.

Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме разглядае крымінальную справу па абвінавачванні Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова і Сяргея Ціханоўскага, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні сацыяльнай варожасці, перашкодзе працы Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў, арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Справа Сяргея Ціханоўскага: якія высновы можна зрабіць да пачатку разгляду ў судзе

ПЦ "Вясна" перад пачаткам працэсу над палітвязнем узгадвае храналогію парушэння правоў Сяргея Ціханоўскага

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства