viasna on patreon

Пяць пацярпелых па справе і два гады "хатняй хіміі": вынеслі прысуд ветэрынару за кінутае курынае яйка на аўтамабіль ДАІ

2021 2021-10-05T15:21:15+0300 2021-10-05T15:31:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chegodaev.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рыгор Чагадаеў. Фота з сацыяльных сетак

Рыгор Чагадаеў. Фота з сацыяльных сетак

У судзе Першамайскага раёна г. Мінска 4 кастрычніка вынесены прысуд па крымінальнай справе супраць ветэрынарнага доктара Рыгора Чагадаева, якога вінавацілі ў пагрозе ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Справу разглядала суддзя Анастасія Кулік, бок дзяржабвінавачання прадстаўляла Іна Зубко. Пацярпелымі па справе былі прызнаныя пяцёра супрацоўнікаў ДАІ: Аляксандр Герасімёнак, Андрэй Якубовіч, Сяргей Батуркевіч, Уладзіслаў Дземянец, Віталь Паслед.

Паводле абвінавачання, Рыгор Чагадаеў у перыяд часу з 00.00 да 00.30 11 жніўня 2020 года знаходзіўся на праезнай частцы на скрыжаванні вул. Ціміразева і вул. Сапёраў у Мінску, у мэтах перашкаджэння законнай дзейнасці супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і з помсты за выкананне імі службовай дзейнасці па ахове грамадскага парадку і спыненні супрацьпраўных дзеянняў удзельнікаў незаконнага масавага мерапрыемства, адчуваючы азлобленасць у адносінах да міліцыянтаў, у тым ліку супрацоўнікаў ДАІ з Заводскага раёна г. Мінска, усведамляючы супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў і маючы намер на іх здзяйсненне, выказваў пагрозу ўжывання гвалту ў адносінах да пацярпелых, якія на падставе паставых ведамасцяў расстаноўкі нарадаў ДАІ былі задзейнічаныя на ахову грамадскага парадку і забеспячэнне грамадскай бяспекі, бяспекі дарожнага руху, спыненне супрацьпраўнай дзейнасці і дастаўленне затрыманых грамадзян у АУС у перыяд з 10 жніўня па 11 жніўня 2020 года. У прыватнасці, Рыгор Чагадаеў, знаходзячыся ў згаданым месцы пры згаданых акалічнасцях, наблізіўся да службовых транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння і да супрацоўнікаў ДАІ, якія знаходзіліся паблізу і ў салонах службовага транспарту і неслі службу па ахове правапарадку, пасля чаго наўмысна кінуў нявызначаныя прадметы, у тым ліку курыныя яйкі, у накірунку спецтранспарту і пацярпелых, трапіў у вобласць капота аўтамабіля ДАІ "Опель Астра", у салоне якога знаходзіўся Герасімёнак, а паблізу – Батуркевіч, Дземянец, Паслед, Якубовіч. Тым самым абвінавачаны выказаў пагрозу ўжывання гвалту ў адносінах да згаданых супрацоўнікаў ДАІ і ствараў пагрозу іх здароўю – здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжаная арт. 364 Крымінальнага кодэкса.

Рыгор Чагадаеў сказаў, што прызнае сябе вінаватым у зробленых дзеяннях, а калі яны, паводле заканадаўства, утварылі артыкул "гвалту", то прызнае і сваю віну.

Ён растлумачыў суду, што ўвечары 10 жніўня сустрэўся з сябрамі, каб адзначыць шлюб аднаго з іх, ездзілі па горадзе на яго машыне і шукалі месца, дзе адсвяткаваць. Рухаліся ў бок цэнтру і, пакуль перасоўваліся па горадзе, натыкаліся на перакрытыя то пратэстоўцамі, то супрацоўнікамі міліцыі дарогі. Досыць доўга прастаялі ў заторы на скрыжаванні вуліц Сурганава і Бяды, потым прыпаркаваліся. У той дзень у горадзе праходзілі пратэсты ў сувязі з электаральнай кампаніяй, ніякія ўстановы не працавалі, абстаноўка рабілася напружанай, прыпаркаваная машына апынулася заблакаванай, ад'ехаць не было магчымасці. Пасля Чагадаеў з парушэннем ПДР праз пешаходную частку выехаў з паркоўкі, паехаў у гандлёвы цэнтр "Карона-Замак", дзе купіў прадукты, у тым ліку курыныя яйкі. У аўтамабіля абвінавачанага была пашкоджаная нумарная рамка, таму ён зняў на паркоўцы ў ГЦ нумарны знак, каб не згубіць яго, паставіў пад шкло. У сувязі з усімі пабачанымі ў цэнтры горада падзеямі быў на ўзводзе, спантанна ўзнікла дзеянне – кінуць у аўтамабіль супрацоўнікаў ДАІ яйкам, у чым зараз раскайваецца і хацеў бы папрасіць прабачэння ў пацярпелых. Казаў, што быў абураны і знаходзіўся ў стане афекту. Таму, праязджаючы міма машын ДАІ, якія стаялі, спыніўся, прыадчыніў акно і кінуў левай рукой на капот машыны супрацоўнікаў адно курынае яйка, пасля чаго працягнуў рух. Пасля гэтага не чуў патрабаванняў пра спыненне, не бачыў, каб супрацоўнікі пераследвалі яго. Але ў нейкі момант бачыў мігалкі на заднім фоне, не мог дакладна лічыць, што гэта "па маю душу". Аўтамабілі з мігалкамі ўбачыў секунд праз 40 пасля пачатку руху, не мог ведаць, што гэтыя сігналы тычацца яго, паведамленняў пра спыненне не чуў.

– Ці спрабавалі схавацца ад супрацоўнікаў ДАІ?

– З улікам таго, што не было ніякіх сігналаў пра спыненне, а быў кідок конусу ў лабавое шкло, удар дубінкай – я не ўспрыняў гэтыя метады спынення як законныя, таму працягнуў рух.

Абвінавачаны палічыў, што чалавек у чорным адзенні, які кінуў аранжавы конус у лабавое шкло аўтамабіля, дзейнічаў з хуліганскіх памкненняў.

Праз 20-30 хвілінаў пасля пачатку руху Чагадаеў быў затрыманы. Ён казаў, што спрабаваў адарвацца ад супрацоўнікаў ДАІ і высадзіць дзяцей, бо яны былі ні пры чым, пасля збіраўся ў кожным разе спыніцца, але так, каб сябры не зрабіліся "ахвярай неабдуманых дзеянняў". Усведамляў, што можа быць ужытае сілавое затрыманне.

Само затрыманне абвінавачанага адбывалася на кальцавой аўтадарозе: Рыгор пачуў стрэлы, пачаў хвалявацца за жыццё сваіх таварышаў, таму, спыняючы машыну, апусціў вокны, каб прадэманстраваць, што ніхто не збіраецца аказваць ніякага супраціву.

"Але пасля адзін з маіх таварышаў адправіўся ў рэанімацыю, нягледзячы на тое, што вокны былі адчыненыя і ніякія больш супрацьпраўныя дзеянні не здзяйсняліся", – распавёў Рыгор Чагадаеў у судзе.

Падчас вобшуку аўтамабіля былі вынятыя балончык з фарбай, акуляры, паўэрбэнк, каскі для вейборда, сцяг бел-чырвона-белы, але ніхто не ведаў, адкуль узяўся сцяг.

Свае дзеянні ў судзе ацэньваў крытычна, сказаў, што здзейсніў неабдуманы ўчынак. Не адмаўляў, што мог сваімі дзеяннямі нанесці шкоду, у тым ліку маральную, але яны не былі накіраваныя на нанясенне гвалту супрацоўнікам міліцыі. Спантанае дзеянне – кідок яйка – было здзейсненае, хутчэй, як "бяспечны, даўно вядомы метад выказвання сваёй абуранасці", які выключае гвалт.

"Я абраў такі метад. Намеру на прычыненне гвалту супрацоўнікам і іх маёмасці я ніякага не меў", – сказаў Рыгор Чагадаеў

У судзе праз супярэчнасці былі зачытаныя паказанні, якія Рыгор Чагадаеў даваў падчас папярэдняга следства. Тады ён адзначаў, што на рэгістрацыйным знаку была налепка "Псіхо3%". Ён вырашыў выказаць супрацоўнікам міліцыі сваю незадаволенасць наяўнай сітуацыяй у сувязі з тым, што ў шматлікіх месцах у горадзе рух аўтамабіляў быў перакрыты.

"Я планаваў кінуць у службовы аўтамабіль курынае яйка, і з мэтай, каб мяне цяжэй было вызначыць, знаходзячыся на паркоўцы ГЦ "Замак", зняў абодва рэгістрацыйныя знакі.

Я спадзяваўся на тое, што з гэтай малаважнай, на мой погляд, нагоды ніхто пераследваць не будзе. Пасля гэтага паехаў па Ціміразева, бачыў, што супрацоўнікі селі ў свой аўтамабіль, уключылі пробліскавыя маячкі чырвонага і сіняга колераў, і накіраваліся за мной следам", – адзначалася ў пратаколе допыту.

Рухаючыся па вул. Ціміразева, абвінавачаны ўбачыў, што ў яго бок злева спераду па ходзе руху аўтамабіля бяжыць супрацоўнік міліцыі ў бронекамізэльцы і ў чорным адзенні. Гэты супрацоўнік палкай чорнага колеру нанёс удар па лабавым шкле з боку кіроўцы. Пашкоджанняў не ўтварылася, таму абвінавачаны паехаў далей. Патрабаванняў і жэстаў пра спыненне ад супрацоўніка не было.

У судзе былі дапытаныя пацярпелыя, некаторыя з іх патрабавалі кампенсацыю маральнай шкоды, якую прапаноўвалі накіраваць у дзіцячы дом, але з цяжкасцю маглі растлумачыць, у чым менавіта выявіліся іх маральныя пакуты. Так, інспектар АДАІ Заводскага РУУС Аляксандр Герасімёнак растлумачыў, што знаходзіўся за рулём аднаго са службовых аўтамабіляў і перакрываў рух транспарту, аднак пробліскавыя маячкі былі выключаныя. Ён не бачыў аўтамабіля абвінавачанага і самога кідку, але пачуў воплеск, падняў галаву і ўбачыў, што яйка расцякаецца па капоце, а калегі пачалі крычаць, што з "Лэнд Крузера" кінулі яйка. Убачыў, што машына абвінавачанага з'язджае па вул. Ціміразева. Перадаў на падстанцыю, сам і пацярпелы Паслед засталіся на месцы, Якубовіч развярнуўся і паехаў за абвінавачаным. Расцэньвае дзеянні абвінавачанага як хуліганскія, не думае, што той кідаў яйка, каб нанесці цялесныя пашкоджанні.

Згодна з яго словамі, пагрозы жыцця і здароўю гэты кідок не ўяўляў, маёмасная шкода не была прычыненая, а маральная шкода складалася ў тым, што ў пацярпелага застаўся асадак ад непаважлівага стаўлення да супрацоўнікаў міліцыі. Адразу не меў патрабаванняў наконт пакрыцця маральнай шкоды, але, паслухаўшы паказанні абвінавачанага, вырашыў заявіць кампенсацыю ў памеры 700 рублёў з далейшай перадачай у дабрачынную арганізацыю.

Інспектар ДПС Віталь Паслед знаходзіўся на месцы падзеяў у сувязі з пратэстамі і нёс службу па ахове правапарадку, стаяў каля спецтранспарту ДАІ. Бачыў, як аўтамабіль абвінавачанага спыніўся ў скрайняй левай паласе, апусцілася шкло, у накірунку службовага транспарту выляцеў невядомы прадмет, пасля чаго машына Чагадаева з'ехала. Лічыць, што абвінавачаны наўрад ці мог кінуць яйка непасрэдна ў супрацоўнікаў, бо траекторыя кідку была ў бок капота. Але не выключае, што ў яго магло трапіць яйка, калі б у абвінавачанага быў намер зрабіць такі кідок. Першапачаткова думаў, што яго жыццю і здароўю магло штосьці пагражаць, бо былі незразумелыя акалічнасці і адразу не было бачна, што за прадмет кінуты. Але, пасля таго як Паслед убачыў, што гэта яйка, зразумеў, што пагрозы яго жыццю і здароўю не было. Ён перадаваў інфармацыю па рацыі, сам удзелу ў пераследзе не браў. Заявіў пазоўныя патрабаванні пра кампенсацыю маральнай шкоды ў 500 рублёў, і сказаў, што ягоныя маральныя пакуты выявіліся ў непрыемнасці сітуацыі: было крыўдна, страшна за сваё жыццё, пакуль не бачыў, што за прадмет ляцеў у бок ДАІ.

Інспектар ДПС Сяргей Батуркевіч знаходзіўся разам з Віталём Паследам каля службовага аўтамабіля "Опель Астра". Таксама бачыў, як абвінавачаны пад'ехаў, пачуў воплеск, пасля чаго машына з'ехала, а калега пачаў перадаваць інфармацыю пра тое, што ў машыну ДАІ кінулі яйка. Непасрэдна кідку не бачыў, але сказаў:

“Напэўна, хай чалавек выплаціць у дзіцячыя дамы 300 рублёў. Маральная шкода выявілася ў тым, што ў той момант не ведаў, што стукнулася аб капот, і было страшна, ці будуць далейшыя дзеянні нейкія на адрас супрацоўнікаў ДАІ, а ў сувязі з тым, якая абстаноўка была ў Мінску, можна было чакаць чаго заўгодна. Пасля гэтага было страшна знаходзіцца на маршрутах патрулявання, перажываў”.

Старшы інжынер па арганізацыі дарожнага руху АДАІ Заводскага раёна Андрэй Якубовіч распавёў, што знаходзіўся на вуліцы, бачыў, як пад'ехаў аўтамабіль без рэгістрацыйных знакаў, адбыўся кідок, не адразу зразумеў, што кінуты прадмет – курынае яйка. Мяркуе, што яйка не магло трапіць у кагосьці з супрацоўнікаў і нанесці нейкую шкоду, у тым ліку прысутнаму ў машыне Герасімёнку. Сказаў, што ад дзеянняў абвінавачанага застаўся асадак, у тым ліку з-за непавагі да органаў МУС, пазоўных патрабаванняў не заявіў.

Інспектар ДПС Уладзіслаў Дземянец таксама нёс службу на скрыжаванні вул. Ціміразева і вул. Сапёраў, знаходзіўся ад службовага аўтамабіля далей за ўсіх і спінай да калегаў, пачуў воплеск, павярнуўся і ўбачыў аўтамабіль абвінавачанага, які спачатку стаяў, а потым пачаў рухацца, і курынае яйка, якое разбілася на капоце машыны ДАІ. Разам з Якубовічам пачалі ажыццяўляць пераслед, але згубілі машыну абвінавачанага з вачэй, Чагадаева не затрымлівалі. Страху ад дзеянняў абвінавачанага не адчуваў, шкоды яму нанесена не было, пазоўных патрабаванняў не заяўляў. Таксама выказаў меркаванне, што абвінавачаны не раскайваецца і выбачэнні ягоныя не шчырыя.

Пасля гэтага ў судзе дапыталі сведак, у тым ліку супрацоўнікаў ДАІ, якія атрымалі радыёпаведамленне і ажыццяўлялі пераслед аўтамабіля Рыгора Чагадаева. Яны сцвярджалі, што неаднаразова патрабавалі, каб ён спыніўся з дапамогай пробліскавых маячкоў і гучнагаварыцеляў, былі перакананыя, што кіроўца чуў папярэджанне, а пазней – ужывалі табельную зброю для спынення машыны. Апытаныя сведкі казалі, што не ўдзельнічалі ў непасрэдным затрыманні абвінавачанага і ягоных сяброў, не бачылі, хто яго ажыццяўляў, а на момант выхаду сведак са службовых аўтамабіляў абвінавачаны і пасажыры ўжо ляжалі на зямлі. Таксама дапытаныя супрацоўнікі ДАІ казалі, што ў адносінах да Чагадаева былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне правілаў дарожнага руху, якія пазней былі абскарджаныя, а справы – спыненыя.

Адвакатка прасіла далучыць да матэрыялаў справы шэраг дакументаў, сярод якіх падзячныя лісты ад дзіцячых дамоў, якім абвінавачаны раней аказваў дапамогу, у тым ліку фінансавую, станоўчыя характарыстыкі і падзячныя лісты, у якіх Чагадаеў характарызуецца як унікальны ветэрынарны лекар і высокакваліфікаваны спецыяліст, а таксама хадайніцтва з подпісамі зааваланцёраў у падтрымку Рыгора з просьбай прызначыць найбольш мяккае пакаранне. Яна адзначыла, што збор подпісаў пад хадайніцтвам быў наўмысна абмежаваны, а калі б іх збіралі ва ўсіх ахвотных выказаць падтрымку Чагадаеву, у матэрыялах справы ўтварыўся б чацвёрты том.

Падчас спрэчак бакоў пракурорка Іна Зубко адзначыла, што дзеянні абвінавачанага дэстабілізавалі дзейнасць супрацоўнікаў ДАІ, яны былі вымушаныя адцягнуць сваю ўвагу ад выканання абавязкаў і прыняць меры для выяўлення асобы, якая здзейсніла супрацьпраўныя дзеянні. Звярнула ўвагу на тое, што Чагадаеў хаваўся ад супрацоўнікаў ДАІ, у сувязі з чым было задзейнічана некалькі экіпажаў супрацоўнікаў аўтаінспекцыі з мэтай яго пераследу і затрымання. Разам з тым палічыла, што з абвінавачання неабходна выключыць указанне на здзяйсненне кідку курыных яйкаў у множным ліку і іншых нявызначаных прадметаў, а таксама на здзяйсненне злачынства з помсты за выкананне службовай дзейнасці супрацоўнікамі АУС, бо гэтыя факты не знайшлі свайго пацверджання падчас судовага следства. Прасіла суд прызначыць для Рыгора Чагадаева пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Пазовы былі аплачаныя абвінавачаным у поўным аб'ёме да спрэчак бакоў.

Адвакатка казала, што з абвінавачання таксама варта выключыць указанне на тое, што сваімі дзеяннямі Чагадаеў здзяйсняў пагрозу ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў, ствараючы пагрозу іх здароўю, бо гэтую акалічнасць не пацвердзілі пацярпелыя. Прасіла ўжыць арт. 170 КК і прызначыць пакаранне мякчэйшае, чым прадугледжана санкцыяй арт. 364 КК.

4 кастрычніка суддзя Анастасія Кулік пастанавіла прызнаць Рыгора Чагадаева вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 364 КК і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ("хатняя хімія").

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства