viasna on patreon

1,5 года калоніі за абразу Лукашэнкі і міліцыянта. Якія яшчэ прысуды выносілі па дыфамацыйных артыкулах на гэтым тыдні?

2021 2021-10-08T14:10:14+0300 2021-10-08T15:50:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/telegram_9034.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Абразы міліцыянтаў, памочніцы пракурора Таратынка, Лукашэнкі: за што судзілі на гэтым тыдні па дыфамацыйных артыкулах

"Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Год "хатняй хіміі" і звальненне – за абразу міліцыянта

Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Наталля Крашкіна 7 кастрычніка асудзіла магілёўца Паўла Гарунова да аднаго года «хіміі» за тое, што ў адной з сацыяльных сетак ён пакінуў каментар "Ну, рыхтуйся, під*р" у адносінах да супрацоўніка міліцыі з Мінску. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал MAYDAY.

За гэта супраць Гарунова завялі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Адразу пасля гэтага яму прапанавалі сысці з працы – ён працаваў на "Магілёўхімвалакно".

У працэсе дзяржабвінаваўца запатрабаваў для Гарунова два гады "хатняй хіміі", адвакат настойваў на пакаранні штрафам. У выніку, суддзя Крашкіна прызначыла год "хатняй хіміі".

За 30 хвілін жыхарку Баранавіч асудзілі да двух гадоў “хатняй хіміі” 

У судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы 6 кастрычніка разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да Валянціны Пісарук, якую вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддзя Сяргей Данільчык, бок дзяржаўнага абвінавачвання падтрымліваў Вадзім Карачун. Пацярпелым па справе быў прызнаны намеснік начальніка Кобрынскага РАУС па ідэалагічнай і кадравай працы Віктар Турчыновіч

Пацярпелы ў суд не з’явіўся, прасіў разглядаць справу без яго ўдзелу, заявіў грамадзянскі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Паводле абвінавачвання, 27 жніўня Валянціна Пісарук знаходзілася дома і са свайго тэлефона пакінула у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" пад фота міліцыянера Віктара Турчыновіча, размешчаным іншым карыстальнікам, абразлівы каментар, які з'яўляецца негатыўнай ацэнкай пацярпелага, грубай, ненарматыўнай формай маўленчага выказвання ў адрас прадстаўніка ўлады.

Жанчына ў судзе сваю віну прызнала і патлумачыла, што пад фатаграфіяй пацярпелага хтосьці з карыстальнікаў сацсеткі напісаў, што ён збіваў людзей падчас пратэстаў, таму яна на эмоцыях напісала зняважлівае слова. Пацярпелага Валянціна Пісарук не ведала, ніколі не бачыла, не думала, што яе каментар пабачыць шырокае кола карыстальнікаў.

Падчас спрэчак бакоў пракурор Вадзім Карачун прасіў суд прызнаць Валянціну Пісарук вінаватай у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, тэлефон абвінавачанай канфіскаваць у даход дзяржавы, а таксама задаволіць пазоў пацярпелага ў разумных і справядлівых межах.  

Абвінавачаная казала, што ўсё рабіла для сваёй краіны, пакінула сваё меркаванне з-за любові да свайго народу, нічога не зрабіла занадта злачыннага, прасіла не канфіскоўваць тэлефон.

“На эмоцыях нічога рабіць нельга, бо эмоцыі праходзяць, а наступствы застаюцца”, - сказала Валянціна Пісарук.

Суддзя Сяргей Данільчык пагадзіўся з дзяржабвінаваўцам і пакараў жанчыну двума гадамі “хатняй хіміі”, а таксама пастанавіў спагнаць з яе на карысць пацярпелага кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Крымінальную справу разглядзелі за 30 хвілін.

Тры гады “хатняй хіміі” і 6000 рублёў пацярпелым – прысуд Святлане Бараноўскай за абразу дзевяці супрацоўніц АМАП

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 7 кастрычніка агучылі прысуд Святлане Бараноўскай, якую вінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады – дзевяці супрацоўніц АМАП.

Гамяльчанку пакаралі годам «хіміі» за каментар пра міліцыянта, што ён займаецца палітычным пераследам пратэстоўцаў і ілжэсведчыць у судзе. Гэта назвалі абразай

48-гадовую Наталлю Сцепанцову асудзілі па арт. 369 КК (Публічная абраза прадстаўніка МУС падчас выканання ім службовых абавязкаў). Справу разглядаў суддзя Каўбеня ў судзе Савецкага раёну Гомеля, піша “Гомельская вясна”.

Паводле абвінавачання, Сцепанцова напрыканцы 2020 года размясціла на адным з тэлеграм-каналаў абразлівы каментар пад фотаздымкам мужчыны з тэкстам, дзе было пазначана, што ён – участковы інспектар Светлагорскага РАУСу і займаецца палітычным пераследам пратэстоўцаў, ілжэсведчыць у судзе. І такім чынам, паводле пракурора, абвінавачаная публічна абразіла прадстаўніка ўлады непрыстойным і негатыўным каментаром.

Падчас апытання Наталля Сцепанцова цалкам прызнала сваю віну і патлумачыла, што трапіла на дэструктыўны тэлеграм-канал, дзе пазней размясціла абразлівы каментар, выпадкова. Адразу ўбачыла фотаздымак мужчыны, апранутага ў цывільнае адзенне з высалапленым языком. Гэты мужчына, з яе слоў, нагадаў ёй былога сужыцеля аб якім у яе засталіся кепскія ўспаміны. Таму яна напісала той каментар. Пасля гэтага яна прачытала суправаджальны тэкст і зразумела, што напісала каментар на дэструктыўным канале. Але, на думку абвінавачанай, яна не ўсведамляла, што абражае менавіта прадстаўніка ўлады, бо ён быў апрануты ў цывільнае адзенне. 

Пасля першага допыту ў следчага ў кабінеце Сцепанцова выбачылася перад міліцыянтам на відэа, якое пазней з’явілася на сайце МУС. У судзе была агучана інфармацыя, што пасля допыту на працы Сцепанцовай адбыўся сход калектыву, дзе з ёй праводзілася прафілактычная гутарка аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства.

Пацярпелы па справе маёр міліцыі старэйшы ўчастковы інспектар Светлагорскага РАУСу Перавезянцаў на суд не прыйшоў, спаслаўшыся на занятасць на працы і складаную эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне. Таму суддзя Каўбеня зачытаў ягоныя паказанні, якія той даваў падчас следства.

Участковы інспектар падчас апытання патлумачыў следчаму, што яго калегі па працы ўбачылі пост пра яго і каментары на адным з тэлеграм-каналаў. Таму ён зайшоў на той канал і паглядзеў інфармацыю, якая была размешчана. Ён патлумачыў, што фотаздымак не яго, але мужчына падобны на яго, а ў суправаджальнай інфармацыі пазначана яго імя, прозвішча, пасада і хатні адрас з тэлефонамі. Па сваёй прафесійнай дзейнасці яму даводзіцца складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, у тым ліку і па арт. 23.34 (Парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў). Асабліва шмат такіх пратаколаў ён склаў перад і пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пасля гэтага ён часта выступаў у судзе сведкам, дзе агучваў свае персанальныя дадзеныя. Магчыма, мяркуе Перавезянцаў, адтуль і была і ўзята тая інфармацыя, якую размясцілі невядомыя яму людзі на тэлеграм-канале.

«Тэкст каментара абразлівы, грэблівы, негатыўны, – тлумачыў следчаму падчас допыту старшы ўчастковы інспектар Перавезянцаў. – Ён мяне прыніжае і дыскрэдытуе як прадстаўніка ўлады. Выклікае ў мяне горыч, крыўду, унутраны дыскамфорт і абурэнне». 

Перавезянцаў прасіў суд спагнаць кампенсацыю яго маральнай шкоды ў памеры трох тысяч рублёў.

Суддзя Каўбеня спытаў у абвінавачанай ці яна прызнае памер маральнай шкоды. Сцепанцова паведаміла суду, што яна атрымлівае заробак каля 660 рублёў штомесяц, таму заяўленая ў пазове сума для яе надта вялікая. Яна сказала, што згодна выплаціць 100-150 рублёў.

Пракурорка падчас судовых спрэчак запрасіла для Сцепанцовай два гады «хіміі». Суддзя Каўбеня прысудзіў Наталлі Сцепанцовай адзін год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а пацярпеламу 700 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

За выраз “Такія хероі” мінчука пакаралі “хатняй хіміяй” на два гады 

Суд Заводскага раёна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да мантажніка Міхаіла Богдана, якога абвінавацілі ў абразе супрацоўнікаў МУС (арт. 369 КК). 5 кастрычніка суддзя Алег Каляда вынес прысуд – два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Паводле версіі абвінавачвання, Міхаіл, 18 лютага 2021 года па месцы жыхарства, у "УКантакце" ў групе "Дзвіж" з дапамогай тэлефона напісаў каментар: “Такія хероі і хай увесь свет пачакае”. Тэкст быў пакінуты пад фота, дзе супрацоўнікі МУС у форменным абмундзіраванні здымалі балонікі. Богдан быў абураны, чаму гэта робяць не рабочыя ЖКГ, а супрацоўнікі МУС.

Лінгвістычная экспертыза ўстанавіла, што слова “хероі” мае негатыўны характар. Сваю віну Богдан прызнаў цалкам.

Пацярпелыя супрацоўнікі МУС Шнараў С. В. і Шуплакоў А. Л. па прычыне занятасці на суд не з'явіліся, аднак кожны заявіў матэрыяльны пазоў па 1 000 рублёў.

Пракурор запрасіў два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Абвінавачаны папрасіў суд не пазбаўляць яго волі, паколькі ягоная праца звязана з раз'ездамі, працуе ў начны час сутак. Акрамя гэтага, у яго цяжарная жонка і для забеспячэння сям'і яму патрэбна праца і сродкі.

Суддзя пагадзіўся з меркаваннем пракурора. Матэрыяльныя пазовы міліцыянтаў задаволілі ў поўным аб’ёме, а мабільны тэлефон канфіскавалі ў даход дзяржавы.

Два гады «хатняй хіміі» чарговы прысуд за абразу супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча з Ганцавічаў

У судзе Лунінецкага раёна 5 кастрычніка разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні Сяргея Чарнаокага, якога вінавацілі ў абразе супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча з Ганцавічаў.

Справу разглядала суддзя Святлана Братанава, бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляла Ганна Пенер.

Згодна з абвінавачваннем, Сяргей Чарнаокі меў намер на абразу прадстаўніка ўлады, у адзін з дзён у перыяд з 21 па 23 чэрвеня 2020 года знаходзіўся дома і з дапамогай ноутбука пакінуў абразлівы каментар для публічнага агляду пад фотаздымкам інспектара ДАІ Ганцавіцкага райвыканкама Ігара Вольніча, размешчаным на старонцы Вольгі Карач у “Аднакласніках”.

Пацярпелы ў суд не з’явіўся ў сувязі з сямейнымі абставінамі і далёкасцю пражывання, але падаў заяву аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў.

Сяргей Чарнаокі віну прызнаў цалкам. Суду патлумачыў, што прыйшоў з працы, праглядаў стужку ў “Аднакласніках” на ноўтбуку свайго дзіцёнка, пабачыў фотаздымак, на якім чацвёра міліцыянтаў затрымлівалі мужчыну, пад эмоцыямі пакінуў каментар – напісаў слова “чмо”. Пад пастом было шмат іншых негатыўных каментароў. З пацярпелым Вольнічам не быў знаёмы, дапускаў, што пакінуты каментар мог абразіць міліцыянта.

Ноўтбук быў падораны малодшаму дзіцёнку на дзень народзінаў, у тым ліку сын сам збіраў на яго грошы. У ходзе вобшуку, які адбываўся 5 сакавіка 2021 года, ноўтбук быў канфіскаваны.

З заяўленым пазовам абвінавачаны не пагадзіўся, сказаў, што занадта вялікая сума запатрабаваная міліцыянтам.

Падчас спрэчак бакоў пракурорка Ганна Пенер прасіла суд прызнаць Сяргея Чарнаокага вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, задаволіць грамадзянскі пазоў пацярпелага ў поўным аб’ёме, а ноўтбук канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства.

Суддзя Святлана Братанава падтрымала пазіцыю дзяржабвінавачвання і пакарала абвінавачанага двума гадамі “хатняй хіміі”, пастанавіла спагнаць з яго кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага ў памеры 1000 рублёў.

Магілёўцу далі 1,5 года калоніі за слова «чмо» на адрас Лукашэнкі і слова «мразь» ў адрас міліцыянта

Магілёўца Аляксандра Літвішчанку прызналі вінаватым у злачынствах паводле арт. 369 КК (абраза супрацоўніка міліцыі) і па арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Судовае пасяджэнне расцягнулася на месяц, паколькі пацярпелы супрацоўнік міліцыі з Мінска двойчы не з'яўляўся на пасяджэнні. 

Паводле матэрыялаў справы, Літвішчанка ў адным з тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкім, пакінуў у адрас сталічнага міліцыянта слова «брыда», што органы следства палічылі абразай.

У адрас Аляксандра Лукашэнкі ў іншым тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім, Аляксандр Літвішчанка выкарыстаў слова «чмо».

Цікава, што лінгвістычная экспертыза неадназначна ацаніла выраз магілёўца ў адрас кіраўніка дзяржапарату. Эксперт-лінгвіст нідзе не паказаў, што гэтае слова з'яўляецца абразлівым, падкрэсліўшы, што яно нясе негатыўную ацэнку з выкарыстаннем зніжанай лексікі.

Дзяржабвінаваўца запрасіла для абвінавачанага па двух крымінальных артыкулах 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 4 кастрычніка суддзя суда Кастрычніцкага раёна Вольга Краўчанка задаволіла запыт абвінавачвання.

Падсудны Аляксандр Літвішчанка, які да канца працэсу знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, быў узяты пад варту прама ў зале суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства