viasna on patreon

Амаль 100 сутак за кратамі: мужа і жонку сёмы раз асудзілі за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы

2021 2021-10-11T14:46:26+0300 2021-10-12T11:58:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krupenich_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На волю пасля шостага адміністрацыйнага арышту не выйшлі муж і жонка Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева. 8 і 11 кастрычніка над імі адбыліся чарговыя суды за перасыл адзін адному навінаў з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. Суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) Сяргея на чарговыя 15 сутак, а Анастасію — на 14. Гэта іх сёмыя суды — за кратамі па адміністрацыйных артыкулах яны правядуць больш за тры месяцы. «Вясна» распавядае ўсё, што вядома пра пераслед сям'і, пра сённяшні суд, дзе Анастасія прасіла прабачэнне ў следчага Каўрыжкі, і пра ўмовы ўтрымання дзяўчыны ў ЦІП на Акрэсціна.

Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч
Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч

З чаго ўсё пачалося?

У 27-гадовай настаўніцы мінскай гімназіі Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай у жніўні сканчваўся кантракт. Летам яны два месяцы з мужам праграмістам Сяргеем былі ў Польшчы, а калі вярнуліся, то імі зацікавіліся. 15 ліпеня жонку выклікалі ў Фрунзенскае РУУС, куды яна прыйшла з тэлефонам, там паглядзелі яе перапіскі. Сяргея затрымалі на працы ў той жа дзень. У іх кватэры правялі ператрус. Пасля затрымання на адным з праўладных тг-каналаў з’явілася «пакаяльнае відэа» з Анастасіяй. Прапагандыст Азаронак сцвярджаў, што яна даслала ў экстрэмісцкі канал асабістыя дадзеныя дзяцей супрацоўнікаў міліцыі.

Пры гэтым, прычынай пераследу сталі асабістыя паведамленні паміж мужам і жонкай ў тэлеграме, якія ўяўлялі сабой рэпосты з «экстрэмісцкіх каналаў». Пасля затрымання супрацоўнікі Ленінскага РУУС склалі на іх адразу па тры пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

Пасля 41 сутак, 25 жніўня, муж і жонка выйшлі на волю пасля арышту: Анастасія – ў Баранавічах, Сяргей – з ІЧУ на Акрэсціна. Калі яны вярнуліся дадому, то там іх чакалі міліцыянты, якія папрасілі наступнай раніцай прыйсці ў РУУС і «падпісаць дакументы». Муж і жонка пайшлі ў міліцыю, але там іх чакалі новыя пратаколы па арт. 19.11 КаАП, па якіх іх зноў асудзілі на 15 сутак кожнага.  

Як судзілі сям'ю?

Усе "суткі" Сяргей і Анастасія атрымалі ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Некаторыя суды над мужам і жонкай праходзілі фактычна ў закрытым рэжыме, бо ў расклад пасяджэнняў іх уносілі ўжо пасля працэсаў. 23 верасня ў шосты раз асудзілі Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву і Сяргея Крупеніча па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Іх справы разглядала суддзя Ленінскага раёна Таццяна Шоцік. У гэты раз пратаколы на мужа і жонку склалі за перасыл паведамленняў 18 чэрвеня адзін адному, але з розных «экстрэмісцкіх» каналаў. На судзе Анастасія сказала, што наогул не ведала пра тое, што канал «Беларусь головного мозга» прызнаны «экстрэмісцкім», і што нельга такое дасылаць у прыватных паведамленнях мужу. У выніку, яе арыштавалі на 13 сутак.

Сяргей паабяцаў суддзі ніколі больш не чытаць тэлеграм-каналы, але суддзя Шоцік таксама пакарала хлопца 13-сутачным арыштам. Перад гэтым на 15 сутак сямейную пару адправіла суддзя Юлія Шут.

Згодна з п. 3 арт. 7.6 КаАП тэрмін накладання адміністрацыйнага спагнання па арт. 19.11 КаАП складае адзін год, а не два месяцы, як па іншых артыкулах.

На сёмым судзе звярнулася да следчага Каўрыжкі

11 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Мінска сёмы раз па арт. 19.11 КаАП асудзілі Анастасію. Суддзя Юлія Інчына арыштавала яе яшчэ на 14 сутак. Таксама праваабаронцам вядома, што Сяргея Крупеніча суддзя Таццяна Шоцік да 15 сутак некалькі дзён таму — 8 кастрычніка.

Згодна з пратаколам, «Анастасія 21 чэрвеня распаўсюдзіла экстрэмісцкі матэрыял, пераслаўшы з тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» паведамленне мужу пра скарачэнне кадраў у МУСе». Суддзя цікавілася, ці ведала Анастасія, што канал прызнаны экстрэмісцкім і ці публікавала пра гэта інфармацыю адміністрацыя каналу. Суддзю абурыла тое, што Анастасія пра гэта не ведала, бо «пра гэта ўсе пішуць, нават у Viber  і Telegram, і штодзённа аднаўляюць спіс «экстрэмісцкіх» каналаў». Дзяўчына распавяла на судзе, што затрымалі іх з мужам Сяргеем прыкладна 14-15 ліпеня і з таго часу яны бесперапынна знаходзяцца за кратамі ўжо 85 дзён.

Акрамя гэтага, дзяўчына выступіла на судзе са зваротам да следчага Каўрыжкі:

«Я хотела бы извиниться перед человеком, перед следователем Следственного комитета Коврижко, имя и отчество я не помню, я раскаиваюсь. Понимаю, что подвергала опасности детей, и прошу меня больше не наказывать. Просто через вас хочу передать ему эту информацию».

Суддзя не зразумела, чаму дзяўчына да яго звярнулася, таму запытала, якое ён мае дачыненне да справы. Але Анастасія нічога не растлумачыла, толькі дадала, што замест арышта, хацела б выплаціць штраф. Суддзя нагадала Крупеніч-Кандрацьевай, што ў яе няма працы і пацікавілася, ці працуе ў дадзены момант муж Сяргей. Потым Інчына запытала ў яе, ці зможа бацька Анастасіі, які знаходзіўся на судзе, аплаціць штраф за Анастасію. Але ў выніку суддзя ўсё ж такі пакарала Анастасію 14 сутак.

Без душа і шпацыра. У якіх умовах утрымліваецца дзяўчына ўжо трэці месяц?

З 26 жніўня Сяргей і Анастасія знаходзяцца на Акрэсціна. Былая сукамерніца дзяўчыны распавяла «Вясне», у якіх умовах утрымлівалася дзяўчына ў ЦІП. У двух-мясцовай камеры ў канцы жніўня-сярэдзіны верасня іх утрымлівалі з 7-12 чалавекі. Перадачы Анастасіі не перадавалі, матрацаў таксама не выдавалі. У душ Анастасію і сукамерніц не вадзілі, пры тым, што ў камеры былі бяздомныя жанчыны, у якіх былі вошы. На шпацыр дзяўчыну таксама не выводзілі.

Па словах былых сукамернікаў Анастасіі і Сяргея, у ізалятарах яны перахварэлі на каронавірус, моцна схуднелі. Калі Анастасію выпусцілі з баранавіцкага ізалятара на дзень дадому 25 жніўня, то ў РУУС яна прыйшла ў рэчах на сабе і з пакетам з гігіенічнымі сродкамі. Яна нават узяла з сабой у ЦІП на Акрэсціна пакет печыва.

Як распавядае былая сукамерніца Анастасіі, ёй было маральна цяжкавата.

"На шмонах часам з мужам праз адкрытую кармушку пераглядаліся вачыма. Гэта іх падтрымлівала".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства