viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2021 2021-10-25T16:00:54+0300 2021-10-25T18:12:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч - больш за 100 дзён за кратамі

Старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя 14 ліпеня па абвінавачванні ў арганізацыі актыўных дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама нясплаце падаткаў і з той пары ўтрымліваюцца ў СІЗА-1. За гэты час блізкія, сябры і калегі Алеся, Валянціна і Уладзіміра не так шмат атрымалі ад іх лістоў і вестак, аднак “вясноўцы” застаюцца непахіснымі ў сваіх поглядах і каштоўнасцях нават за кратамі.

100 дзён за кратамі “вясноўцы” Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч

22 кастрычніка было 100 дзён, як праваабаронцы “Вясны” Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца ў зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць. Прыводзім вытрымкі з ранейшых інтэрв’ю нашых калегаў, якія не губляюць актуальнасці і сёння.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад Алеся Бяляцкага. 

Дасылайце лісты ці паштоўкі Алесю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Уладзімір Лабковіч адзначыў сваё 43-годдзе за кратамі

Юрыст “Вясны” і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч 22 кастрычніка адзначыў за кратамі сваё 43-годдзе.

Прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацый павіншавалі яго са святам, а калегі распавялі пра місіі па назіранні, у якіх удзельнічаў Уладзімір.

З Днём народзінаў, Уладзімір!

22 кастрычніка юрыст ПЦ “Вясна” і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч адзначыў свой 43-ці Дзень народзінаў.

Акімат, дэпартацыя і вялікія джыпы ў Данецку. Як Уладзімір Лабковіч назіраў за выбарамі ў міжнародных місіях

У Дзень народзінаў Уладзіміра Лабковіча, які ён сустракаў за кратамі, калегі зняволенага “вясноўца” ўзгадалі пра ягоныя рызыкоўныя прыгоды падчас розных місій назірання.

Пішыце Уладзю лісты падтрымкі і салідарнасці:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Валянцін Стэфановіч працягвае адказваць на віншаванні з мінулым Днём народзінаў

За апошнія дні ад праваабаронцы “Вясны” Валянціна Стэфановіча некалькі чалавек атрымалі лісты. У іх Валянцін дзякуе за віншаванні з Днём народзінаў, які ён адзначыў 14 кастрычніка, піша, што ў яго ўсё добра, а таксама выказвае надзею на хуткія змены ў лепшы бок.

“У мяне ўсё нармальна, настрой добры, у тым ліку дзякуючы падтрымцы знаёмых і незнаёмых, але такіх родных людзей.

Я перакананы, што ўсё будзе добра, што ўсе вельмі хутка апынуцца на волі. А пакуль проста набрацца сілаў і вытрымаць усе гэтыя часовыя нязручнасці”.

“Змрок акунае нашую краіну, але цемра святла не згасіць”. Пра што ў лістах на волю піша Валянцін Стэфановіч?

“Сумна, што край наш усё болей апынаецца ў цемры. Але нельга падаць духам. У ніякім разе! Нашая салідарнасць - нашая сіла. Мы ўсе зараз мусім падтрымліваць адзін аднаго. Я перакананы, што Вясна надыдзе незваротна”, - піша Валянцін у сваіх лістах.

У конкурсе ў падтрымку палітзняволенага Валянціна Стэфановіча прыняла ўдзел вядомая беларуская мастачка Вольга Якубоўская. Сваю працу Вольга назвала “Вяртанне ката Валянціна” і растлумачыла чаму:

“Я лічу, што лепшае месца для ўсіх коцікаў — гэта іх дом, дзе чакаюць родныя і любімыя. Я вырашыла намаляваць момант вяртання ката Валянціна да сваёй сям'і... Яго вельмі чакаюць жонка Аліна, сын і дзве дачкі, а яшчэ тры ката... Веру, што ўсе коткі абавязкова вернуцца да сябе дамоў! Пахне чабор!”

jakubouskaia_kotiki.jpg
Малюнак Вольгі Якубоўскай

Конкурс ілюстрацый працягваецца, узяць удзел у ім вельмі проста:

  • намалюйце Ката,
  • запосціце яго ў сацсетках з хэштэгам #FreeViasna, альбо дашліце малюнак нам на пошту freeviasna@gmail.com да 4 лістапада,
  • потым мы абярэм пераможцу і дашлем памятны прыз!

Дасылайце вашыя малюнкі і лісты салідарнасці Валянціну:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу

Марфа Рабкова больш за 400 дзён за кратамі

Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня, калі вярталася дадому пасля ўручэння прэстыжнай прэміі "Арол" імя Яна Карскага. За больш чым год у зняволенні праваабаронца схуднела на 20 кілаграмаў, перахварэла на кавід, страціла бацьку і бабулю.

22 кастрычніка было 400 дзён утрымання Марфы за кратамі.

Аднак Марфа Рабкова не губляе надзеі, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца да лепшага. У адным з лістоў на волю яна піша:

"Да мяне дайшлі навіны, што пачалася шырокая кампанія па салідарнасці з праваабаронцамі. Такія падзеі натхняюць трымацца і прымнажаюць ўва мне душэўныя сілы.

А лісты ад беларусак і беларусаў-гэта наогул неверагодны Космас. Так чапаюць, што слёзы наварочваюцца на вачах. Але гэта добрыя слёзы падзякі і ўзаемнай цеплыні. Дзякуй, што памятаеце нас, перажываеце і падтрымліваеце!"

А ў адным з лістоў да мужа Вадзіма Жаромскага Марфа Рабкова даслала свой верш:

Говорят, что когда мы молчим
Это ангел тишины пролетает над нами
А я кричу, кричу, кричу
Но крик мой безмолвный.
Кричу о боли и тоске,
Кричу о том, чего никто не слышит.
Ты сердце моё возьми
Сожми
Брызнет кровь
Мёртвым не болит, а я жива.
Ангел тишины, где же ты?
Дай мне знак, утешь, согрей.
Ангел тишины, ты здесь?
Ты слышишь, я кричу!
Но нет, ты лишь тень,
Тень отлетающей души.
Она смирилась, а я нет
Кричу, пока кричу, нет сил
Уснуть мне в тишине,
Мой ангел, где же ты?
Я иду, я терпелива, я здесь
Пока живу, пока болит,
Пока кричу, кричу, кричу…

За мінулы тыдзень не было навінаў ад валанцёра Андрэя Чапюка.

Дасылайце лісты ці паштоўкі Марфе ды Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Вынясенне прысуду па справе гомельскіх праваабаронцаў адкладзена

Стала вядома, што ў судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў запатрабавалі пакаранне палітзняволеным праваабаронцам: для Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы  па тры гады пазбаўлення волі, Марыі Тарасенка  два з паловай гады пазбаўлення волі. Марыя знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, а Леанід і Таццяна — пад вартай з 18 і 21 студзеня 2021 года адпаведна.

Згодна з раскладам на сайце Вярхоўнага суда, прысуд па справе быў прызначаны на 22 кастрычніка, аднак незадоўга да гэтай даты - быў выдалены. Калі суддзя Сяргей Салоўскі агучыць прысуд праваабаронцам - пакуль невядома. 

Нагадаем, суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі “Вясны” Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка распачаўся 3 верасня. Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). Разгляд справы суддзя Сяргей Салоўскі па прапанове пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова праводзіць у закрытым рэжыме. 

Дасылайце лісты ці паштоўкі Леаніду ды Таццяне:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку
Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Сябраў "Вясны" і валанцёраў выклікаюць на допыты па справе

Разам з тым, сябраў “Вясны” і валанцёраў працягвае расшукваць міліцыя, а следчыя выклікаюць іх на допыты. Так, 13 кастрычніка праваабаронцу з Магілёва Барыса Бухеля выклікалі на допыт у Следчы камітэт, агулам яго дапытвалі ўжо больш за 10 разоў у якасці сведкі. 19 кастрычніка дапытвалі па справе “Вясны” праваабаронцу з Воршы Ігара Казмерчака, а 20 кастрычніка – Алесь Дзергачоў са Смаргоні быў дапытаны у якасці сведкі. Таксама на 21 кастрычніка ў СК былі выкліканыя праваабаронца “Вясны” Уладзімір Малей і жонка брэсцкага прадстаўніка арганізацыі Уладзіміра Вялічкіна – Маргарыта. За гэты ж перыяд дапыталі больш за 10 валанцёраў арганізацыі.

Працягваем збіраць адкрытыя лісты ў падтрымку зняволеных "вясноўцаў"

Дасылайце вашыя лісты салідарнасці ў падтрымку зняволеных "вясноўцаў" нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх “вясноўцам”, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства