viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2021

2021 2021-09-01T14:38:41+0300 2021-09-04T21:05:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_august_2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. Па дадзеных ПЦ “Вясна”, у жніўні судамі былі вынесеныя прысуды ў дачыненні да прынамсі 136 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах. Маніторынг судовых працэсаў, які праводзіцца валанцёрамі і юрыстамі ПЦ “Вясна”, засведчыў шматлікія парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбяральніцтва і працэсуальных правоў і гарантый абвінавачаных;
  • у месцах несвабоды знаходзяцца 653 палітвязняў; іх колькасць працягвае павялічвацца;
  • у следчых ізалятарах працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ “Вясна”: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст “Вясны” і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч; кардынатарка валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова; сябра ПЦ “Вясна”, кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валанцёры “Вясны” Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк;
  • у ізалятарах і калоніях працягваюць утрымлівацца 26 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ;
  • Следчы камітэт адмовіўся расследаваць катаванні і акты жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання ў ізалятарах ГУУС Мінгарвыканкама 9-13 жніўня 2020 года;
  • па стане на канец жніўня ўладамі былі ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі каля 200 некамерцыйных арганізацый, у тым ліку Вярхоўным судом былі пазбаўленыя рэгістрацыі Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, “Экадом”; у адносінах да шэрагу грамадскіх арганізацый ідзе працэс пазбаўлення рэгістрацыі;
  • працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзянаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жытле і тэрыторыях. Усяго за жнівень па дадзеных ПЦ “Вясна” судамі накладзена не менш за 29 штрафаў на агульную суму 1 584 базавых велічынь (каля 52,5 тысяч беларускіх рублёў) і не менш за 81 адміністрацыйны арышт агульнай працягласцю ў 1 248 сутак. Маюцца звесткі аб затрыманні не менш як 395 чалавек;
  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі па палітычных матывах, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў пазбаўлення волі бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ “Вясна” як катаванні;
  • Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль 8 жніўня, апублікаваў дэкларацыю з нагоды першай гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года Беларусі.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны крымінальны пераслед

Крымінальны пераслед па палітычных матывах у Беларусі працягвае заставацца найбольш жорсткай формай рэпрэсій, захоўваючы масавы і паўсюдны характар.

ПЦ “Вясна” вядома аб прынамсі 136 асуджаных у выніку палітычна матываваных крымінальных судовых працэсаў, якія прайшлі ў краіне на працягу месяца.

Колькасць палітвязняў па стане на 1 верасня склала 653 чалавекі і працягвае расці.

У СІЗА працягваюць утрымлівацца старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч, кардынатарка валанцёрскай службы "Вясны" Марыя (Марфа) Рабкова, сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валанцёры “Вясны” Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

4 жніўня у Мінскім абласным судзе распачаўся закрыты працэс па справе Марыі Калеснікавай і Максіма Знака. Прадстаўнікоў каманды Віктара Бабарыкі, сябраў прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі. Гэта ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных супраць нацыянальнай бяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) і ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім). Справу разглядае суддзя Сяргей Епіхаў. Парушэнне прынцыпу галоснасці і іншых працэсуальных гарантый абвінавачаных выключае магчымасць вынясення прысуда з захаваннем прынцыпаў справядлівага суда.

12 жніўня ў судзе Ленінскага раёна г. Брэста быў абвешчаны прысуд трэцяй групе абвінавачаных у масавых беспарадках падчас падзеяў 9-10 жніўся 2020 года. Суддзя Святаслаў Каліна пакараў іх пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. 20 жніўня ў судзе Маскоўскага раёна г. Брэста быў абвешчаны яшчэ адзін прысуд чарговай групе абвінавачаных па справе аб “масавых беспарадках” за падзеі 10 жніўня 2020 года. Суддзя Іна Клышпач прызначыла абвінавачаным ад трох да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.

30 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Брэста суддзя Дзмітрый Куроўскі абвясціў прысуды новай групе абвінавачаных па “справе карагодаў”. З чатырнаццаці абвінавачаных чатыры палітвязні ўтрымліваліся да суду пад вартай. Таксама на гэтым працэсе разглядалі справу супраць трох чалавек за пашкоджанне дзвюх камер “Белтэлекама” і нанясенне “цынічных надпісаў” па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Па “справе карагодаў” ужо асуджаныя 83 чалавекі; некаторых з іх накіравалі ў калонію.

Парушэнні свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў.

Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць адпрацоўку гарадоў, розных раёнаў Мінска і прыгарадаў, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэстнай сімволікі, затрымліваюць на працы; праводзяць ператрусы і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. У судах праходзяць разгляды адміністрацыйных справаў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах і ў кватэрах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.

Усяго за жнівень суддзямі накладзеныя не меней за 29 штрафаў на агульную суму 1 584 базавых велічынь (каля 52,5 тысяч беларускіх рублёў) і не менш за 81 адміністрацыйны арышт агульнай працягласцю ў 1 248 сутак. Маюцца звесткі аб затрыманні не менш як 395 чалавек.

За апошнія тры месяцы суддзямі накладзены больш за 20 адміністрацыйных штрафаў і арыштаў за “распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць” па арт. 19.11 КаАП; гэтая норма часта выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. У жніўні паводле арт. 19.11 КаАП былі накладзеныя прынамсі 4 штрафы і не менш за 6 чалавек падвергнутыя арышту.

Паводле звестак праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі прыладамі рэпрэсій зараз з'яўляецца пераслед па дыфамацыйных крымінальных артыкулах: паклёп на прэзідэнта, абраза прадстаўнікоў улады, суддзяў, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 367, 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодня па ўсёй Беларусі праходзяць судовыя пасяджэнні па гэтых артыкулах.

Дзіяна Каранкевіч і Васіль Логвінаў “па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці з хуліганскіх меркаванняў, спалучаных з грубым парушэннем парадку і відавочнай непавагай да грамадзян, узялі ў рукі два трафарэты і нанеслі эмаллю белага і чорнага колераў малюнак на паркінгу Чарвякова, 60”. Суддзя Дзмітрый Карсюк прысудзіў Логвінава да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, а Каранкевіч – да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

У судзе Смаргонскага раёна 25 жніўня быў вынесены прысуд па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп на прэзідэнта) у дачыненні да настаўніка гісторыі і грамадазнаўства мясцовай гімназіі Андрэя Пятроўскага. Яго абвінавацілі ў тым, што ў сакавіку гэтага года ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік “Канстытуцыя сышла ў прастытуцыю!” з лагатыпам, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Па версіі абвінавачвання, ролік “змяшчае загадзя ілжывую інфармацыю, якая зневажае прэзідэнта”. Суддзя Людміла Міхневіч пакарала былога настаўніка паўтарамі гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Гэтыя і іншыя выпадкі сведчаць аб працягу практыкі рэпрэсій за выказванні, у тым ліку ў сацыяльных сетках, як і за іншыя формы выказвання меркаванняў.

Ціск на журналістаў і медыя

У месцах пазбаўлення волі на канец жніўня 2021 года знаходзіліся не менш за 26 прадстаўнікоў СМІ.

Журналістаў па-ранейшаму рэгулярна адвольна затрымліваюць, абшукваюць іх офісы і жыллё, падвяргаюць пазбаўленню волі за выкананне прафесійнага абавязку.

У судзе Іванаўскага раёна 2 жніўня абвешчаны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Сяргея Гардзіевіча, драгічынскага карэспандэнта выдання “Першы Рэгіён”. Яго прызналі вінаватым у абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў (артыкул 369 КК), а таксама ў распаўсюдзе заведама ілжывых звестак і звестак, якія ганяць іншую асобу (паклёп). Журналіст абвінавачваўся у здзяйсненні цяжкага злачынства (артыкул 188 КК), а таксама ў публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (частка 1 артыкула 368 КК). Канчаткова па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў Гардзіевічу прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Меру стрымання Гардзіевічу змянілі з падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах на заключэнне пад варту і ўзялі пад варту ў зале суда.

5 жніўня раніцай быў затрыманы фатограф газеты “Новы час” Дзмітрый Дзмітрыеў. Каля 6:40 ён паспеў паведаміць, што да яго прыйшлі з ператрусам. Пазней жонка паведаміла, што журналіста забралі на допыт у Следчы камітэт. Днём стала вядома, што яго асудзілі на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле аб супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні.

Раніцай 18 жніўня сілавікі прыйшлі з ператрусамі да супрацоўнікаў БелаПАН. Naviny.by паведамляе, што ператрусы прайшлі ў журналісткі Ірыны Турчыной, рэдактара Аляксандра Зайцава і бухгалтаркі Кацярыны Боевай. Пасля ператрусу на допыт павезлі журналіста Захара Шчарбакова. У кватэры генеральнай дырэктаркі БелаПАН Ірыны Леўшынай таксама адбыўся ператрус, пасля чаго яна была затрыманая і ў выніку змешчаная ў СІЗА. Бухгалтарка БелаПАН Кацярына Боева была змешчана ў ІЧУ на Акрэсціна ў якасці падазраванай па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў быў заключаны ў ІЧУ, а пасля – у СІЗА.

Улады працягваюць зачыстку беларускай незалежнай інфармацыйнай прасторы: рашэннем суда Цэнтральнага раёна г. Мінска ад 13 жніўня прызнана экстрэмісцкай інфармацыйная прадукцыя TUT.BY і Zerkalo.io на сайтах і ў сацыяльных сетках, а таксама лагатыпы і лічбавыя знакі “TUT.BY” і “Z”. Раней судамі прызнаваліся экстрэмісцкімі інтэрнэт-рэсурс з назвай “БЕЛСАТ tv BELSAT”, які мае ідэнтыфікатар belsat.eu; Telegram-канал з назвай “Белсат, старонкі ў сацыяльных сетках” c назвай “Белсат TV”, а таксама інтэрнэт-рэсурс “TRIBUNA.COM” і адпаведныя групы ў сацыяльных сетках. Акрамя таго за жнівень прызнаныя экстрэмісцкімі больш за дваццаць телеграм-каналаў і груп у сацыяльных сетках сацыяльна-палітычнай тэматыкі. Гэта азначае забарону на цытаванне любых матэрыялаў з названых крыніц пад пагрозай штрафу і адміністрацыйнага арышту. Гэтыя абмежаванні свабоды слова не могуць быць абгрунтаваныя дапушчальнымі з пункту гледжання міжнародных абавязальніцтваў Беларусі ў галіне правоў чалавека меркаваннямі і довадамі.

Парушэнні свабоды асацыяцыяў

Улады Беларусі працягваюць практыку татальнага абмежавання права на свабоду асацыяцыяў.

3 жніўня прэс-служба Генеральнай пракуратуры паведаміла, што па прадстаўленні пракуратуры горада Мінска Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама ліквідавала чатыры ўстановы: “Хьюман Канстанта”, “Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын”, “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” і “Цэнтр прававой трансфармацыі”. Афіцыйная падстава ліквідацыі гэтых арганізацый – іх дзейнасць не адпавядала мэтам і прадмету, названым у іх статутах. Акрамя таго, на інтэрнэт-сайтах “размяшчалася не адпаведная рэчаіснасці інфармацыя, накіраваная на распаўсюджванне дэструктыўных настрояў у грамадстве, публікаваліся заклікі да эканамічнага і палітычнага ціску на краіну і іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы”.

9 жніўня Вярхоўны Суд Беларусі вынес рашэнне аб ліквідацыі Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Беларускі ПЭН-цэнтр”, якую ён узначальвае нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

27 жніўня Вярхоўным Судом было ліквідавана ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Арганізацыя была зарэгістраваная ў 1995 годзе, яе сябрамі з'яўляюцца больш за 1 300 чалавек.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы, у калонію №15 да зняволенага Арцёма Анішчука – асуджанага на 2 гады калоніі фігуранта справы “пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў,” – не пусцілі прадстаўнікоў грамадскай назіральнай камісіі. Жонка зняволенага Вольга таксама распавяла "Вясне", што да Анішчука тры тыдні не пускаюць адваката – столькі ж не было ад яго лістоў. Яна падазрае, што адміністрацыя хавае вязня і ў сувязі з гэтым сур'ёзна непакоіцца аб яго стане ў калоніі №15. Раней Анішчук неаднаразова распавядаў адвакату пра катаванні і збіццё ў магілёўскай калоніі.

Таксама пра катаванні заяўляюць фігуранты іншых палітычна матываваных крымінальных справаў.

Гэтыя і іншыя факты не былі расследаваныя, вінаватыя ў катаваннях засталіся беспакаранымі.

26 жніўня Следчы камітэт заявіў аб адмове расследаваць катаванні і акты жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання ў ізалятарах ГУУС Мінгарвыканкама 9-15 жніўня 2020 года. 680 з 2 000 чалавек, якія ўтрымліваліся ў ізалятарах ў названыя дні, раней звярнуліся з адпаведнымі заявамі. Праігнараваўшы відавочныя факты, следчыя Следчага камітэта апраўдалі злачынныя замахі супрацоўнікаў МУС на права грамадзян не падвяргацца катаванням і іншым забароненым відам абыходжання.

Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоваў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катаваннямі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі. Праваабаронцам "Вясны" працягвае паступаць інфармацыя аб нечалавечых умовах утрымання ў ізалятарах Мінска. "Палітычныя" не атрымліваюць ні медыцынскай дапамогі, ні прагулак, ні перадач. Супрацоўнікі ЦІПа працягваюць збіваць затрыманых, не рэагуюць на скаргі пра прусакоў у камерах, а тых, хто захварэў на COVID-19, часта не лечаць і не ізалююць ад здаровых людзей.

У жорсткіх умовах трымаюць таксама зняволеных па крымінальных справах; падвяргаюцца ціску і катаванням зняволеныя ў калоніях.

Гарантыі справядлівага суда

Працягваецца пераслед адвакатаў, у тым ліку тых, хто абараняў і абараняе фігурантаў палітычна матываваных крымінальных справаў або іншым чынам выказвалі сваё меркаванне аб падзеях у краіне і працэсах у прававой сістэме. Спынена дзеянне адвакацкай ліцэнзіі адвакатаў В. Карпушонак, Я. Маслава і Ю. Князь. Пазбаўленне ліцэнзій гэтых і іншых адвакатаў – недапушчальнае адвольнае ўмяшанне ў дзейнасць адвакатуры, якое стала магчымымі ў сувязі з найшырокімі паўнамоцтвамі Міністэрства юстыцыі па заканадаўстве, якое рэгулюе дзейнасць адвакатаў і адвакацкіх аб'яднанняў.

Больш за 50 вядучых арганізацый, якія аб'ядноўваюць юрыстаў і адвакатаў, якія прасоўваюць стандарты вяршэнства права і правоў чалавека, падпісалі адкрытую заяву ў сувязі з узмацненнем рэпрэсій у дачыненні да адвакатаў у Беларусі і пазбаўленнем Дзмітрыя Лаеўскага адвакацкага статусу. Заява падрыхтавана Хельсінкскім фондам па правах чалавека, Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў, а таксама арганізацыяй “Артыкул 19” у партнёрстве з Саветам юрыдычных і адвакацкіх супольнасцяў Еўропы (CCBE). Яе падтрымалі таксама розныя арганізацыі і супольнасці, якія аб'ядноўваюць беларусаў за мяжой.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства