viasna on patreon

"Тэкст абвінавачвання падобны на сцэнар галівудскага блокбастара". Як прайшоў першы дзень суда над Калеснікавай і Знакам

2021 2021-08-04T23:30:55+0300 2021-08-04T23:33:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kolesnikova_znak_sud_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе. Фота: Reuters

Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе. Фота: Reuters

У сераду, 4 жніўня, у судзе Мінскага раёна пачаўся закрыты працэс над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам. Па зразумелых прычынах, інфармацыі аб тым, што адбывалася за зачыненымі дзвярыма, няшмат, паведамляе Zerkalo.io.

Прадстаўнікоў каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, членаў Прэзідыума Каардынацыйнага савета па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі (КС) Марыю Калеснікаву і Максіма Знака абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі. Гэта ч. 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім). Ім пагражае да 12 гадоў турмы.

Разглядае справу суддзя Сяргей Епіхаў.

"Закрыты працэс і наша ізаляцыя — гэта пацвярджэнне страху і слабасці", — так пракаментавала маючы адбыцца суд сама Марыя Калеснікава.

Яна паабяцала выглядаць на працэсе "па поўнай" і абяцанне сваё стрымала: чорная сукенка, чырвоная памада і фірмовая Калеснікоўская ўсмешка. Марыя прытанцоўвала ў клетцы, паказвала сэрцайкі і выпраменьвала спакой і ўпэўненасць.

"У гэты момант мне таксама хочацца ёй паказаць сэрцайка і, вядома, я захапляюся яе паводзінамі. Гэта сапраўды паказвае, наколькі чалавек вольны. Яна адчувае ўнутраную свабоду сваю, таму застаецца той Машай, якую мы заўсёды прывыклі бачыць. Я разумеў, што яна, вядома ж, пакажа стойкасць характару свайго і перакананняў, але тое, што яна разняволілася настолькі — гэта для мяне дзіўна", — каментаваў відэа з дачкой пад сценамі суда Аляксандр Калеснікаў.

Ужо больш за год Аляксандр Калеснікаў, як і блізкія Максіма Знака пазбаўленыя магчымасці бачыць сваіх родных. Сёння на тэрыторыю суда іх таксама не прапусцілі. За дзвярыма суда таксама засталіся прадстаўнікі дыпмісій краін ЕС і незалежных СМІ.

Адвакаты Марыі Калеснікавай і Максіма Знака ў перапынку распавялі, што іх падабаронных у суд прывезлі рана — яшчэ не было 9-ці раніцы. За гэты час іх дагледзелі тройчы: у СІЗА, па дарозе і ў будынку суда. Везлі ў кайданках.

Ход судовага разбору абаронцы каментаваць не могуць, бо знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Раней адвакаты казалі, што фактычна Максім Знак быў падвергнуты крымінальнаму пераследу ў сувязі з выказваннем ім прафесійнага меркавання па прававых пытаннях і рэалізацыяй фундаментальных правоў, а дзеянні Калеснікавай былі накіраваны не на прычыненне, а на прадухіленне шкоды нацбяспецы.

"Амаль усё, што ставіцца ў віну Знаку і Калеснікавай — гэта выдуманыя падзеі. Немагчыма даць паказанні пра тое, што ніколі не адбывалася", — каментавалі "Медыязоне" абвінавачванне адвакаты Яўген Пыльчанка і Дзмітрый Лаеўскі.

"У юрыстаў прынята каментаваць абвінавачванне ў судзе на публічным адкрытым працэсе, каб любы незалежны назіральнік мог вынесці ўласнае меркаванне. На жаль, і гэта цяпер становіцца раскошай. Магу сказаць, што ў нейкім сэнсе мне пашанцавала, бо тэкст майго абвінавачвання падобны на сцэнар галівудскага блокбастара, у якім дробнымі літарамі ў канцы пазначана: "заснавана на рэальных падзеях".

І ўсё ж я не магу зразумець, як, ведаючы не толькі аб усіх публічных учынках, але і аб кожным выразе, аб кожнай думцы тых, хто працаваў разам са мной тым летам, можна выкладаць усё з дакладнасцю да наадварот у дакуменце, які накіраваны на змяненне жыцця чалавека на перыяд да 12 гадоў. Шчыра кажучы, нягледзячы на ўсё, што адбываецца, гэта не ўкладаецца ў галаве",заявіў у інтэрв'ю DW Максім Знак.

Працяг закрытага судовага працэсу над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам заўтра ў 9.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства