viasna on patreon

У Брэсце абвясцілі прысуды шостай партыі па "справе карагодаў". На волю выйшлі экс-вядучы БТ і яшчэ тры фігуранты

2021 2021-08-30T12:42:39+0300 2021-12-11T10:53:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/horovody.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Брэста 30 жніўня суддзя Дзмітрый Куроўскі абвясціў прысуды шостай партыі абвінавачаных па "справе карагодаў". З 14 абвінавачаных чатыры ўтрымліваліся да суду пад вартай — іх вызвалілі ў зале суда. Былога тэлевядучага Беларусь-4 Канстанціна Свідуновіча, Іллю Ягорава, пружанца Сяргея Канановіча і Аляксандра Жука пакаралі "хіміяй", у СІЗА палітвязняў утрымлівалі з 24 сакавіка. Таксама на гэтым працэсе разглядалі справу супраць трох чалавек за пашкоджанне двух камер "Белтэлекама" і нанясенне "цынічных надпісаў" па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Дзяржабвінавачанне падтрымлівалі пракуроры Аляксандр Бацюшка і Міхаіл Юшчук. Па "справе карагодаў" асуджаныя ўжо 83 чалавекі, некаторых адправілі ў калоніі.

Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце
Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце

Якія прысуды вынеслі фігурантам шостай партыі справы?

Як паведамляюць брэсцкія праваабаронцы, суддзя Куроўскі прызначыў пакаранне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса 14 фігурантам "справы карагодаў", не звязанае з пазбаўленнем волі:

Таксама за пашкоджанні двух камер "Белтэлекама" і нанясенні "цынічных надпісаў" па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства) пакаралі:

  • Ігар Вінакураў (фігурант пятай партыі "справы карагодаў", асуджаны на 1,5 года "хіміі"), палітвязень Ілля Ягораў —  два з паловай гады "хіміі";
  • Данііл Дзіткоўскі два гады "хіміі" (яго пакаралі толькі па ч. 2 арт. 339 КК "злоснае хуліганства").

Як абвінавачванне гучыць у матэрыялах справы?

Паводле версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных 13 верасня ў групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях фігурантаў гэтай справы.

13 верасня мінулага года на праспекце Машэрава яны выйшлі на праезную частку, а на скрыжаванні з бульварам Касманаўтаў спыніліся, скандуючы: "Гэта наша плошча!». Дэманстранты пачалі танцаваць і вадзіць карагоды на скрыжаванні, спяваючы "Муры" і "Тры чарапахі". Людзей разагнаў вадамёт. Людзі спачатку разбегліся, але бруя вады не дасягала натоўпу пратэстоўцаў, і пазней яны вярнуліся.

Судовы канвеер па брэсцкай “справе карагодаў”. Якія суддзі ў гэтым удзельнічаюць

«Вясна» распавядае, хто судзіць фігурантаў «справы карагодаў» і ў якіх «палітычных» справах яны яшчэ «засвяціліся».

Адначасова разглядалася справа па ч. 2 арт. 339 КК "хуліганства" ў дачыненні да Ігара Вінакурава (ужо асуджаны за ўдзел у карагодзе ў 5-й партыі), палівязня Іллі Егорава і Данііла Дзіткоўскага. Іх абвінавацілі ў пашкоджанні камер Белтэлекама, пры гэтым шкода ў памеры 171 рублёў 60 капеек да суда была ўжо кампенсаваная дзяўчынай Егорава.

"Я не разумею, чаму я коштам свайго паламанага жыцця павінна рабіцца чарговай прыступкай чыёйсьці кар'ернай лесвіцы". Апошняе слова фігуранткі справы Кацярыны Бровач

brovach_katia.jpeg
Кацярына Бровач


Кацярына Бровач стала фігуранткай "карагоднай" справы 24 сакавіка 2021, піша брэсцкая "Вясна". У той дзень разам са сваім хлопцам Сяргеем Канановічам, як звычайна, яна пайшла на абед. Але на вуліцы іх затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. З Следчага камітэта Кацярына выйшла падазраванай па ч. 1 арт. 342 КК — але яе маладога чалавека ў межах той жа справы адправілі ў ізалятар. З таго дня Сяргей заключаны пад варту, і па гэты дзень (ужо пяць месяцаў) знаходзіцца ў брэсцкім СІЗА.

 23 жніўня 2021 Кацярына выступіла на судовым працэсе з апошнім словам. Прыводзім яе прамову цалкам:

"У сваім апошнім слове я б хацела выказацца пра тое, што мяне безумоўна захапляюць тыя людзі, якія стоячы да мяне на гэтым месцы ў чаканні прысуду, здолелі загаварыць аб паўсюдным прабачэнні з іх боку. На жаль, не магу казаць пра тое ж, таму што для мяне вымавіць нешта падобнае значыла б адкрыта схлусіць. Нічога з перажытага за апошнія пяць месяцаў я ўжо не ў стане ні забыцца, ні дараваць. Не буду таксама хлусіць, чаго мне не каштавала б ні найменшых намаганняў перажыць гэтыя месяцы з усмешкай на твары. Не буду прыкідвацца, што цяпер не сабрала ўсю волю ў кулак, каб мой голас не дрыжаў і гучаў упэўнена. Не буду прыкідвацца, што за ўвесь час мяне ні разу не жахнула думка пра тое, што калі аднойчы ты проста не вяртаешся з абеду ў офіс, няма гарантыі, што ў іншы дзень ты вернешся дадому.



Вось ужо ніколі б не падумала, што маё жыццё стане нагадваць сюжэт малабюджэтнага серыяла.
 Раздаеш запасныя звязкі ключоў родным і сябрам з просьбай у выпадку чаго абавязкова, абавязкова паглядзець за катом. Думаеш: "А як жа адрэагуе тата, калі я ўслед за сваім маладым чалавекам раптам рэзка перастану выходзіць на сувязь?” Хто, у выпадку чаго, прынясе яму сардэчныя кроплі?

Разрываешся паміж працай, допытамі, адвакатам і паходамі ў СІЗА і на пошту. Кожны вечар перад сном варожыш: "Адключышся ці праз хвіліну ад знямогі або з цяжкасцю заснеш да світання?”. Падлічваеш выдаткі і сумна ўсміхаешся: ніяк не маглі сабраць маме на помнік. А вось я ўжо як раз патрэбную суму выдаткавала. 

І хай кожны раз я была ветлая і ўсмешлівая, пры кожнай новай сустрэчы за маёй усмешкай заўсёды была думка пра тое, на чыёй адказнасці кожная маршчынка на твары і кожны сівы валасок на галаве бацькоў, выкрадзенае здароўе ў мяне і блізкага мне чалавека. Я таксама маладая і амбіцыйная, і я не разумею, чаму я коштам свайго паламанага жыцця павінна станавіцца чарговай прыступкай чыёйсьці кар'ернай лесвіцы. Хоць, напэўна, магла б зразумець, калі б здолела зірнуць на дзясятак чалавек не як на дзясятак лёсаў, а як на чарговы стос рабочых дакументаў. Але, нягледзячы на гэтую песімістычную карціну, хацела б адзначыць, што, нягледзячы ні на што, я не дазволю прымусіць мяне адчуваць гнеў і нянавісць і ўпарта працягну шукаць добрае нават у існуючых абставінах.

Шчыра захапляюся хлопцамі пад вартай. Хоць я не ў стане вярнуць вам ні хвіліны скрадзенага ў вас часу, я вельмі ганаруся кожным з вас, што нават праз такі доўгі тэрмін зняволення вы ўсе выдатна выглядаеце і так годна трымайцеся. Некаторымі я асабліва ганаруся. Хачу запомніць гэты перыяд як час самых прыемных чэргаў, дзе чаканне перадачы ў СІЗА з лёгкасцю магло б замяніць сеанс курсу псіхатэрапіі.

З нецярпеннем чакаю моманту выканаць узятае з мяне на пошце абяцанне і вярнуцца, каб адправіць не "няшчасныя лісты ў няволю", а проста віншавальныя паштоўкі родным.

Вельмі ўдзячная абаронцам, якія так самааддана працягваюць выконваць сваю працу нават у эпоху калі "ўсе самі ўсё выдатна разумеюць". І нягледзячы ні на што, наўрад ці я калі-небудзь альбо яшчэ адчувала сябе шчаслівей чым цяпер. Таму што я ведаю, што такое падтрымка каханага чалавека, што такое абарона старэйшай сястры, што такое бацькоўская мудрасць, што такое сапраўдныя сябры — тыя самыя, з якімі і ў агонь, і ў ваду. Бо кожны можа любіць, калі ўсё добра і далёка не кожны зможа працягваць любіць і заставацца побач, калі свет бурыцца і зямля сыходзіць з-пад ног. А мяне любяць нягледзячы ні на што і насуперак усяму.

Гэта быў балючы і траўміруючы вопыт. Але з такой падтрымкай, нават нягледзячы на адчувальны груз праблем, раптам зваліліся на мае далікатныя плечы, я ўсё яшчэ ў стане трымаць спіну прама. Сёння, на жаль, я не веру і не спадзяюся ні на цуд, ні на справядлівасць, ні на вышэйшыя сілы. Але ўсё яшчэ ўпарта працягваю верыць у дабро, сумленне і, зразумела, у саму сябе. На гэтым у мяне ўсё, дзякуй".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства