viasna on patreon

"Гэта проста малюнак, які падабаўся нашым дзецям". Вынеслі прысуды за аднаўленне графіці на "Плошчы пераменаў"

2021 2021-08-23T17:53:27+0300 2021-10-01T15:33:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logvinau_9073.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынеслі прысуды па крымінальнай справы за аднаўленне графіці з "дыджэямі пераменаў" у знакамітым двары "Плошчы пераменаў". Аднаўленне графіці на трансфарматарнай будцы кваліфікавалі як злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў (ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса). 37-гадовага палітвязня Васіля Логвінава асудзілі да двух гадоў "хіміі" і вызвалілі ў залі суда пасля трох месяцаў утрымання пад вартай. 29-гадовую Дзіяну Каранкевіч, якая знаходзілася ўвесь гэты час пад хатнім арыштам, асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі". На судзе абвінавачаныя прызналі, што малявалі графіці, але лічаць, што за іх дзеянні можа быць толькі адміністрацыйная адказнасць. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк, дзяржабвінавачанне падтрымліваў Арцём Цвяткоў. "Вясна" распавядае ўсё, што вядома па справе.

Васіль Логвінаў і Дзіяна
Васіль Логвінаў і Дзіяна Каранкевіч

"Гэты малюнак хацеў сын". Дваіх суседзяў з "Плошчы пераменаў" судзяць за аднаўленне графіці з "дыджэямі пераменаў"

*У матэрыяле выкарыстаны фотаздымкі жыхара "Плошчы Пераменаў" і фатографа Яўгена Атцецкага, які здымаў на працягу года жыццё ў знакамітым пратэсным двары.

У чым абвінавацілі жыхароў "Плошчы Пераменаў" і ці лічаць яны сябе вінаватымі?

Паводле версіі абвінавачвання, у ноч з 7 на 8 траўня гэтага года Каранкевіч, Логвінаў і іншыя нявызначаныя асобы "па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці з хуліганскіх меркаванняў, спалучаных з грубым парушэннем парадку і відавочнай непавагай да грамадзян", узялі ў рукі два трафарэты і нанеслі эмаллю белага і чорнага колераў малюнак на паркінгу Чарвякова, 60".

Сваімі дзеяннямі абвінавачаныя нанеслі шкоду Таварыству ўласнікаў "Паркінг на Сморгаўскім" на суму 334 рублі і 1 капейку. Абвінавачаныя цалкам пакрылі шкоду да суда яшчэ ў траўні.

І Васіль Логвінаў, і Дзіяна Каранкевіч віну прызналі часткова. Яны прызналі толькі тое, што нанеслі малюнак, але не згодныя з кваліфікацыяй сваіх дзеянняў. Лічаць, што іх дзеянні варта кваліфікаваць як адміністрацыйнае правапарушэнне.

Што было на судовых спрэчках?

Дзяржаўны абвінаваўца Арцём Цвяткоў у судовых спрэчках заявіў, што дзеянні Логвінава і Каранкевіч кваліфікаваныя правільна. Аднак ён папрасіў суд выключыць з абвінавачвання тое, што абвінавачаныя сваімі дзеяннямі перашкаджалі адпачываць жыхарам на вуліцы Чарвякова, 60, бо па гэтым пытанні не былі дапытаныя сведкі ў ходзе судовага следства. Таксама ён папрасіў суд выключыць з абвінавачвання матыў, што яны здзейснілі дзеянні з палітычных інтарэсаў і пратэсту. На думку пракурора, яны здзейснілі дзеянні з хуліганскіх меркаванняў.

Цвяткоў прасіў прызнаць Каранкевіч і Логвінава вінаватымі па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства) і прызначыць наступнае пакаранне: Каранкевіч – два гады "хатняй хіміі", Логвінаву – два гады "хіміі".

Абаронца Каранкевіч адзначыў, што ў дзеяннях абвінавачанай не было намеру парушэння парадку:

"Малюнак быў прыгожым і ўсім падабаўся. Ніхто не выказваў незадаволенасць. Ніхто не ўспрымаў яго як цынічны".

Таму адвакат Дзіяны прасіў суд апраўдаць яе ў сувязі з адсутнасцю ў яе дзеяннях складу злачынства.

Абаронца Логвінава таксама лічыць, што ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічае склад злачынства. На яго думку, не ўяўляецца магчымым кваліфікаваць нанясенне малюнка як грубае парушэнне грамадскага парадку. Ніякай непавагі да грамадства Логвінаў не здзяйсняў.

Адвакат палітвязня таксама папрасіў апраўдаць яго.

Што казалі абвінавачаныя ў апошнім слове?

Дзіяна Каранкевіч сказала ў апошнім слове:

"Калі мы з Васем [Логвінавым] збіраліся ўпрыгожыць сцяну малюнкам, мы ўсведамлялі, што нашыя дзеянні не зусім законныя, але ніякім чынам не думалі, што за гэтыя дзеянні могуць крымінальна пакараць нас. Усе, каго мы ведалі, вельмі станоўча ставіліся да такога малюнку, таму мы выбралі яго. Мы нікога не хацелі абразіць ці зняважыць гэтым малюнкам. Ён не ўтрымлівае ніякіх забароненых надпісаў, не мае наогул нічога. Гэта проста малюнак, малюнак двух мужчын, які падабаўся нашым дзецям.

Заўсёды падтрымлівалі чысціню ў нашым доме, у нашым пад'ездзе і на нашай пляцоўцы. Заўсёды стараліся падтрымліваць парадак. У тым ліку, калі быў суботнік, Вася быў вельмі актыўным там.

Не лічу сябе вінаватай".

Палітзняволены Васіль Логвінаў выступіў таксама з апошнім словам:

"Так, я прызнаю тое, што мы нанеслі малюнак на сцяну. Але не прызнаю тое, што я спрабаваў неяк бясчынстваваць, абвастрыць абстаноўку ў грамадстве. Я стараўся навесці парадак на прыдамавой тэрыторыі, каб людзям было прыемна на ёй знаходзіцца, у тым ліку майму дзіцяці".

Чым усё скончылася?

У выніку, суддзя Цэнтральнага раёну Мінска Дзмітрый Карсюк прызначыў менавіта такое пакаранне, якое патрабаваў пракурор: Дзіяне Каранкевіч – два гады "хатняй хіміі", Васілю Логвінаву – два гады "хіміі". Палітзняволенага вызвалілі ў зале суда. Абвінавачаныя яшчэ да суда выплацілі шкоду за нанесенае графіці – 334 рублі 1 капейку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства