Збіццё, прусакі і начлег на вуліцы ў гразі: умовы ўтрымання на Акрэсціна ў ліпені і жніўні
Праваабаронцам "Вясны" працягвае паступаць інфармацыя пра нечалавечыя і жудасныя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна. Ні медыцынскай дапамогі, ні шпацыру, ні перадач "палітычныя" не атрымліваюць. Супрацоўнікі ЦІПа працягваюць збіваць затрыманых, забіраць у іх грошы, на скаргі аб прусаках у камерах не рэагаваць, а тых, хто захварэў на COVID-19 не лячыць і не ізаляваць ад здаровых людзей. "Вясна назірае" пагутарыла з чатырма людзьмі, якія ў розны час знаходзіліся ў камерах на Акрэсціна з ліпеня па жнівень. Суразмоўцы распавялі пра мясцовую "медыцынскую дапамогу", начлег у дворыку ЦІПа, мясцовы абмен валют і збіццё мужчын.
Ад металічных рэек на "шконках" застаюцца сінякі
Пры паступленні ў ЦІП ва ўсіх затрыманых забіраюць асабістыя рэчы, звяраюць па вопісу наяўнасць банкаўскіх карт і ключоў. Пры гэтым, наяўныя грошы пералічваюць не заўсёды. Лекар адразу запісвае хранічныя захворванні і забірае тыя лекі, якія потым неабходна выдаваць раніцаю. З асабістых рэчаў затрыманым часта практычна нічога не аддаюць — гэта залежыць ад настрою супрацоўнікаў. У дзень "паступлення" затрыманых не кормяць незалежна ад таго, у які час іх прывезлі.
Камеры на Акрэсціна да гэтага часу перапоўненыя: у двухмесных камерах утрымліваюцца па 9-15 чалавек, у чатырохмесных — па 18-20 чалавек. Праз гэта затрыманым даводзіцца спаць на халоднай падлозе, але і месца на падлозе вельмі абмежавана, таму не ва ўсіх нават атрымоўваецца выцягнуць ногі. Двухярусны ложак ("шконка") складаецца з металічных рэек, размешчаных уздоўж і папярок, якія ўтвараюць дзіркі памерам 10*25 сантыметраў прыблізна. Таму ні сядзець, ні ляжаць на іх немагчыма, а на целе ад металічных рэек застаюцца сінякі.
Другі ярус знаходзіцца на ўзроўні паўтары метра ад падлогі, залезці на які можна толькі са старонняй дапамогай. Пры гэтым, напярэдадні гадавіны пратэстаў у Беларусі былі затрыманыя некалькі пенсіянерак, для якіх гэта робіцца асобным выпрабаваннем. У камерах вось ужо некалькі месяцаў для "палітычных" няма ні матрацаў, ні падушак, ні пасцельнай бялізны. Святло ў камеры гарыць кругласутачна, а замест гадзіннікаў затрыманых будзяць "рэпам або папсой". У ліпені, падчас моцнай спякоты ў камерах, часам уключалі вентыляцыю і адчынялі "кармушкі", дзякуючы чаму ў камерах усё ж такі з'яўлялася свежае паветра. Але часам супрацоўнікі не дазвалялі і гэтага:
"Пры мне была невыносная спякота, не ратавала нават уключаная вентыляцыя і адкрытая «кармушка». Вентыляцыю ўключалі не заўсёды. Праз тыдзень мае джынсы пракіслі ў поясе ад пастаяннай вільгаці. Некалькі разоў у ліпені па вечарах ішоў дождж, тады ноччу ў камеры станавілася холадна. На просьбы выключыць вентыляцыю некаторыя супрацоўнікі адказвалі, што «тут нам не санаторый». Так мы і ляжалі на падлозе, а па нас «гуляў» скразняк. Са слоў дзяўчынак, якія выйшлі на днях, цяпер у камеры нават днём бывае холадна, не кажучы ўжо пра ночы".
Смецце падчас "шмона" супрацоўнікі выкідаюць на асабістыя рэчы, а наяўнасць прусакоў ігнаруюць
"Шмон" супрацоўнікі Акрэсціна праводзяць у "палітычных", як і раней, па 4-5 разоў у дзень: два ці тры разы днём і двойчы ноччу. Адна з суразмоўніц успамінае, што супрацоўнікі маглі нават выкінуць усе рэчы з тумбачкі, а аднойчы вывернулі смецце з вядра на рэчы арыштаваных. У некаторых камерах бегаюць прусакі, але гэтую праблему супрацоўнікі проста ігнаруюць.
Затрыманых з сімптомамі COVID-19, але без высокай тэмпературы, не ізалююць у асобныя камеры
Горш за ўсё на Акрэсціна з медыцынскай дапамогай. Нягледзячы на тое, што ў судах дзейнічаюць абмежаванні праз COVID-19, у камерах на Акрэсціна затрыманых з сімптомамі, але без высокай тэмпературы, нават не ізалююць у асобныя камеры. Тэмпературу лекары мераюць толькі па просьбах, але градуснікі заўсёды паказваюць не вышэй за 36.6 °C. Акрамя гэтага, лекары часта забываюць пра некаторых затрыманых з хранічнымі захворваннямі, таму не аддаюць ім неабходныя таблеткі. На тых, хто скардзіцца на сімптомы кавіда, ніхто не звяртае ўвагу:
"Дзесьці на трэці дзень майго знаходжання ў камеры, у дваіх дзяўчынак знік нюх, яны сказалі пра гэта лекарцы, але яна нават вухам не павяла. Ад горла прапаноўваўся "парацэтамол" або "аспірын", ад кашлю — "амбраксол", абязбольвальныя выдаваліся без пытанняў. Калі ў мяне пачаўся страшны кашаль, я сказала, што ў мяне ў перадачы ёсць швэдар, і лекарка нават звярнулася да дзяжурнага, каб мне яго выдалі. На што быў атрыманы адказ: "У нас таблетак шмат". Людзей з высокай тэмпературай ізалююць у карцар. Адна дзяўчынка правяла ў карцары чатыры дні, а ёй нават не адшпілілі ложак ад сцяны.
Адна жанчына, напрыклад, павінна была выйсці 30 ліпеня, але яе сустрэлі на выхадзе і перавялі ў ІЧУ. 2 жніўня ёй далі яшчэ 15 сутак. Яшчэ на першым тэрміне яна была вельмі слабая, нічога не ела, была вельмі бледная. У нейкі момант яна стала губляць прытомнасць у прыбіральні, але паспела ўхапіцца за дзверы, дзверы адчыніліся і яна ўпала. Шчасце, што ўсюды на падлозе сядзелі людзі, таму яна ўпала не на падлогу, а на дзяўчынак. Сталі клікаць лекарку, якая ў гэты час раздавала сняданак на нашым паверсе (замяняла адсутную раздатчыцу), але мы атрымалі адказ: "Можаце скардзіцца куды хочаце, што я выконваю не сваю працу". І не падышла. У мяне і яшчэ адной дзяўчынкі пасля выхаду тэст на COVID-19 быў станоўчы, у адной — адмоўны, двое хварэлі раней. І цяпер гэты вірус павезлі ў Баранавічы", — распавядае суразмоўца.
На тое, што медработніца на Акрэсціна працуе паралельна "раздатчыцай" ежы звярнуў увагу і хлопец, які амаль месяц правёў за кратамі ў ЦІПе:
"Медыцынская дапамога жудасная. Таблеткі выдавалі, але далёка не ўсе былі ў наяўнасці. Лекары пастаянна хамілі. Адзін хлопец паскардзіўся, што не адчувае пахі, так лекарка яму рэзка нашатыру дала панюхаць. Ён, канешне, павярнуўся, бо нашатыр раздражняе насавую пустоціну. А "медработніца" вырашыла што ён яе падмануў і закрычала. Яна ж перыядычна і разносіла ежу. У такія дні яна была асабліва злая. Адзін хлопец хацеў адмовіцца ад ежы і спрабаваў вярнуць яе, на што яна выліла яе на падлогу ў камеру. Іншы сукамернік ледзь не губляў прытомнасць. Мы наіўна думалі, што яго павезлі ў бальніцу, але не: праз тыдзень яго вярнулі да нас. Аказваецца, у гэты час ён быў у "карантыннай камеры", адзіным адрозненнем якой было тое, што там было тры-чатыры чалавекі. Практычна кожны з нас перахварэў кавідам".
Кавалкі ваты замест пракладак, а туалетная папера — раз у тры дні
Асобнай праблемай на Акрэсціна для дзяўчат рабілася менструацыя. У некаторых дзяўчат ад моцнага стрэсу яна маглі пачацца па другім крузе. Пры гэтым пракладкі супрацоўнікі выдавалі "па настрою": часам тры штукі на дзень, а калісьці і цэлы пачак. Аднак пракладкі маглі зусім скончыцца:
"Раніцай у мяне пачаліся месячныя, я папрасіла пракладкі, прыйшлося нагадваць кожныя паўгадзіны, у выніку праз гадзіны чатыры лекарка прынесла кавалкі ваты і сказала, што пракладак няма", — скардзіцца жанчына.
Акрамя гэтага, арыштаваныя з цяжкасцю атрымлівалі і туалетную паперу — ім даводзілася яе літаральна выпрошваць некалькі дзён запар. У камерах, калі тэмпература на вуліцы стала ніжэй, стала вельмі холадна, таму многія затрыманыя захварэлі з-за пастаяннага скразняку і сну на падлозе. Перадачы па-ранейшаму выдаюць толькі на выхадзе. Пры тым, што ў іх часта не хапае рэчаў, якія перадавалі сваякі затрыманых. Многія на "сутках" адмаўляюцца ад прыёму ежы з-за нізкай якасці прадуктаў. А адзіная даступная вада — з крана з густам хлору.
Затрыманых прымушаюць пісаць заяву аб згодзе на абмен валюты і аплату за харчаванне
Акрамя гэтага, у затрыманых працягваюць забіраць грошы з асабістых рэчаў у кошт аплаты за харчаванне. На гэты раз нам распавялі, што тыя затрыманыя, у якіх былі з сабой у момант затрымання даляры, прымушалі пісаць заяву аб тым, што яны не супраць, каб супрацоўнікі Акрэсціна памянялі валюту і забралі гэтыя грошы ў кошт харчавання. Адна з жанчын распавяла, што пры "афармленні" ў ЦІП у яе забралі абсалютна ўсе наяўныя грошы, на што яна папрасіла пакінуць толькі на таксі, каб дабрацца дадому пасля вызвалення. Супрацоўнік ЦІПа адказаў, што "яго не цікавіць, як яна дабярэцца дадому, яго цікавіць, каб было аплачанае харчаванне". Грошы ў "палітычных", па словах затрыманых, адбірае Аляксей Цішачкін.
Сумна вядомы супрацоўнік Акрэсціна Яўген Урублеўскі працягвае пагражаць жанчынам: "Пагражаў заліць хлорку ці пакінуць усіх у шпацырным дворыку да раніцы". Жанчыны ўзгадваюць, што самым страшным для іх была невядомасць пра лёс тых, каго выводзілі з камеры з рэчамі. Часта гэта азначала, што іх вернуць у камеру ўжо з новым пратаколам і чарговымі "суткамі". Супрацоўнікі міліцыі сталі часцей такое практыкаваць напярэдадні 9 жніўня. Некаторых утрымлівалі за кратамі нават тры тэрміны запар. Таксама адна з нашых суразмоўніц узгадала, што ў адзін з дзён у іх камеры былі чутныя крыкі мужчын, якіх збівалі.
"Замкнулі на вечар і ноч у шпацырным дворыку, таму спаць прыходзілася на бетоне ў гразі і холадзе"
Для мужчын умовы ўтрымання на Акрэсціна яшчэ горш. Хлопец, які правёў у няволі каля месяца, распавёў, што за час свайго тэрміну ў адной камеры ён пазнаёміўся прыкладна з сотняй сукамернікаў. У камеры з ім заўсёды было 16-20 чалавек. Падчас моцнай спякоты, па яго словах, многім сукамернікам рабілася дрэнна, а дваіх нават прыйшлося вывесці для аказання медыцынскай дапамогі. Грошы з асабістых рэчаў канфіскоўваліся толькі ў тых, у каго было больш за пяць рублёў. У адзін з дзён, успамінае хлопец, "усю іх камеру вывелі і замкнулі на вечар і ноч у шпацырным дворыку, таму спаць прыходзілася на бетоне ў гразі і холадзе".
За час знаходжання ў ЦІПе хлопцу давялося пасядзець з Дзянісам Урбановічам і Сяржуком Мацкойцям, якога збівалі супрацоўнікі ЦІПа:
"Мацкойць круціў нешта ў зубах. Супрацоўнікам па камерах здалося, што ён нібыта курыў. Нам сказалі стаць каля сцяны, а самі яны нешта выглядвалі і прынюхваліся. Мацкойця, у выніку, вывелі і збілі. Мы нават чулі яго крыкі. Потым яны забралі з камеры яшчэ аднаго хлопца і таксама збівалі. Затым іх адвялі і некалькі гадзін трымалі ў тым жа шпацырным дворыку. Мы доўга не маглі зразумець за што, а аказалася, што адзін нібыта курыў, а другі яго прыкрываў".