viasna on patreon

За абразлівыя жэсты ў бок міліцыянтаў Максіма Цішкевіча асудзілі на два гады пазбаўлення волі

2021 2021-08-17T22:08:07+0300 2021-08-19T10:31:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/protest2048x1436.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пратэст 9 жніўня ў Мінску. Фота Таццяны Зяньковіч EPA/Scanpix/Leta

Пратэст 9 жніўня ў Мінску. Фота Таццяны Зяньковіч EPA/Scanpix/Leta

У судзе Цэнтральнага раёна 16 жніўня вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 26-гадовага Максіма Цішкевіча, якога вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушалі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Арцём Цвяткоў.

Паводле абвінавачвання, Максім Цішкевіч ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года знаходзіўся на праспекце Машэрава, дзе далучыўся да іншых пратэстоўцаў, выходзіў на праезную частку дарогі, публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні і размахваў рукамі, а таксама дэманстраваў абразлівыя жэсты ў бок супрацоўнікаў міліцыі.

Абвінавачаны быў затрыманы 21 красавіка, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай.

Хлопец прызнаў сваю віну. У судзе распавёў, што ў тыя дні жыў у гатэлі “Вікторыя”, а 9 жніўня каля 22:30 схадзіў у ГЦ “Замак”, пад’еў. Калі выйшаў з гандлёвага цэнтра, сустрэў знаёмых і пайшоў з імі ў бок Нямігі, збіраўся паехаць да дзяўчына, якая жыве па вул. Варанянскага. Каля Стэлы ўбачыў натоўп людзей: некаторыя знаходзіліся на праезнай частцы, некаторыя — на тратуары. Разумеў, што людзі, якія сабраліся, былі пратэстуючымі, абстаноўка ўжо была напружанай, было шмат супрацоўнікаў міліцыі.

"Мы ішлі і апынуліся ўжо ў натоўпе. Рухаліся па тратуары. Людзі пляскалі ў далоні. Назад рухацца ўжо было нельга, так як там супрацоўнікі перакрылі рух. Потым ужо паляцелі светлашумавыя [гранаты - заўв. рэд.]. Мы разбегліся", — распавёў Максім Цішкевіч.

Пасля гэтага хлопец паехаў у гатэль, пазней выклікаў таксі і паехаў да дзяўчыны.

Растлумачыў, што апынуўся на праезнай частцы, калі сілавікі стралялі светлашумавымі гранатамі. Не адмаўляў, што на эмоцыях мог паказваць абразлівыя жэсты, але накіраваныя яны былі не канкрэтна ў бок супрацоўнікаў АУС.

На пытанне пракурора, у чым менавіта Максім прызнае віну, хлопец адказаў: “На дарозе знаходзіўся і паказваў жэсты”. Ён удакладніў, што там ужо быў перакрыты рух, транспарт не хадзіў, людзі нікому не перашкаджалі, але супрацоўнікі выкарыстоўвалі светлашумавыя гранаты для іх разгону. На відэазапісу, які паказвалі абвінавачанаму ў ходзе папярэдняга следства, ён сябе пазнаў, хоць намеру ўдзельнічаць у пратэстах у яго не было. Пасля 9-10 жніўня нікуды не выходзіў, удзелу ў мітынгах не браў.

У судзе дапыталі сведкаў. Дзяўчына Максіма Цішкевіча распавяла, што ў той вечар хлопец прыехаў да яе, у колькі гэта было – ўжо не памятае, нічога ёй пра пратэсты не распавядаў. Сказала, што Максім не прымаў удзелу ў мітынгах, яны ўвогуле апалітычныя, не ўдзельнічалі ні ў якіх тэлеграм-каналах. Пасля падзей у першыя дні пасля выбараў знаходзіліся ўвесь час дома, толькі выходзілі ў магазін і ездзілі да бацькоў абвінавачанага, так як было страшна. На скрыншоце з відэа, дзе Максім паказвае жэст рукой, дзяўчына пазнала яго па твары, хоць яно было схавана маскай.

Таксама ў судзе былі дапытаныя ў якасці сведак сябры абвінавачанага. Адзін з іх быў на месцы падзей, але асобна ад абвінавачанага. Іншы – Максім Пруднік, асуджаны па ч. 3 арт. 328 КК да васьмі з паловай гадоў калоніі — адмовіўся сведчыць супраць Максіма Цішкевіча нават пад пагрозай прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

“Калі б я мог сведчыць за яго, я б даваў паказанні. А я супраць не буду”, — сказаў сведка і прасіў не ўлічваць тыя пісьмовыя паказанні, якія ён даваў падчас следства, бо ў той момант дрэнна сябе адчуваў, быў без абаронцы і не разумеў, што рабіў.

Аднак паказанні былі агучаныя ў судзе: сведка распавёў следчаму, што сустрэўся з сябрамі і паехалі разам ў цэнтр горада, так сустрэў Цішкевіча, прагуляліся з ім да Нямігі. Указваў, што здымаў абвінавачанага, калі той паказваў жэст у бок супрацоўнікаў міліцыі, крычалі лозунг “Жыве Беларусь”.

Сведка патлумачыў, што паказанні запісваў супрацоўнік ГУБАЗ, з яго словаў ці не — не памятае. Сказаў, што бачыўся з Цішкевічам у той дзень, але не можа дакладна сказаць, ці быў ён з ім і сябрамі. Амаль увесь час сведка знаходзіўся на горцы каля Стэлы, да натоўпу людзей не далучаўся. У судзе прадэманстравалі відэа з тэлефона сведкі, суддзя запытаў, ці ведае Пруднік, хто на відэа зафіксаваны. На гэта сведка адказаў:

“Не, вы ж бачыце, высокі суд, там усе былі ў масках”.

На пытанне суду, ці з'яўляецца чалавек на відэа удзельнікам мітынгу, Максім Пруднік адказаў, што не можа гэтага сказаць: там было вельмі шмат людзей, усіх не запомніў, і было гэта год таму.

Яшчэ адзін сведка Павел Ляшчынскі таксама дастаўлены ў суд пад канвоем, так як раней быў асуджаны да пазбаўлення волі, распавёў, што бачыў абвінавачанага каля Стэлы, павітаўся з ім, а пасля страціў з-пад увагі. Хто яшчэ быў з Цішкевічам — узгадаць не можа, бо падзеі былі даўно. Не памятае, ці крычалі прысутныя лозунгі, бо было шумна з-за сірэнаў машын, людзі стаялі і на праезнай частцы, і на тратуары, і на пагорку. Транспарт не рухаўся, бо міліцыя перакрыла дарогі.

Таксама сведка адзначыў, што ў следчую турму ў Жодзіна да яго прыязджаў ГУБАЗік, паказвалі відэа, з паказанняў Прудніка даведаўся, што на відэа ёсць Цішкевіч, але сам нікога на ім не пазнаў. Аднак супрацоўнікі нібыта спяшаліся і запісалі словы Ляшчынскага так, нібыта ён сказаў, што пазнаў на відэа Цішкевіча, дзе той стаіць на дарозе з паднятымі ўверх рукамі і дэманструе сярэднія пальцы.

Частку пісьмовых матэрыялаў і рэчыўных доказаў суд вывучаў у закрытым рэжыме, бо яны ўтрымлівалі інфармацыю, прызнаную экстрэмісцкай.

Падчас спрэчак бакоў пракурор Арцём Цвяткоў сцвярджаў, што віна Максіма Цішкевіча даказаная, у тым ліку яго паказаннямі, што ён знаходзіўся ў натоўпе людзей, якія груба парушалі грамадскі парадак 9 жніўня 2020 года; абвінавачаны пазнае сябе на фота і відэа, у тым ліку на тых, дзе дэманструе абразлівыя жэсты ў бок міліцыянтаў, што знаходзяцца за ім; дадзенымі тэлефонных злучэнняў з месца злачынства, а таксама паказаннямі сведкаў падчас папярэдняга следства. Прасіў суд пакараць абвінавачанага пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады.

Абаронца адзначаў, што пакаранне, якое запатрабаваў пракурор, не суразмернае, Максім Цішкевіч не звязаны з палітычнымі арганізацыямі, не з’яўляўся актыўным карыстальнікам тэлеграма-каналаў, тым больш дэструктыўных, ягоныя дзеянні 9-10 жніўня былі спантаннымі. Больш за тое, віна Цішкевіча ў судзе не была даказаная, і нягледзячы на прызнанне ім віны, адвакат прасіў апраўдаць Максіма.

У апошнім слове абвінавачаны сказаў, што вінаваты, за месяцы знаходжання ў турме — усё зразумеў спаўна, усведамляе сваю памылку, разумее, што з-за яго пакутуюць родныя і блізкія. Адзначыў, што хацеў зрабіць прапанову сваёй дзяўчыне, і ў сувязі з гэтым прасіў прызначыць пакаранне з адтэрміноўкай.

Аднак суддзя Дзмітрый Карсюк падтрымаў прапанову пракурора і асудзіў Максіма Цішкевіча на два гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства