viasna on patreon

«Надыдзе час — і не будуць кідаць у турмы». Трох жанчын асудзілі за падзеі 6 верасня ў Гродне

2021 2021-08-16T18:55:21+0300 2021-10-01T15:34:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/16-08-2021_garackevichy_maroz-paslia-prysudu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тром гарадзенкам — Ганне Мароз, а таксама Але Гарацкевіч і яе дачцэ Галіне — 16 жніўня вынеслі прысуд. Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Гродна Максім Галубовіч прызнаў усіх вінаватымі.

Галина Горацкевич и Анна Мороз в перерыве между судебными заседаниями
Галіна Гарацкевіч і Ганна Мароз у перапынку паміж судовымі пасяджэннямі

Жанчын судзілі за ўдзел у пратэсным маршы ў Гродне на вуліцы Гарнавых 6 верасня 2020 года. Іх вінавацілі па двух крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады ці якія пацягнулі парушэнне працы транспарту), а таксама арт. 364 КК РБ (Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У прысудзе суддзя перакваліфікоўваў артыкул 364 КК РБ на частку 2 артыкула 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку). І ў сукупнасці па двух артыкулах прызначыў усім тром жанчынам пакаранне:

  • Ала Гарацкевіч — 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»);

  • Галіна Гарацкевіч — 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;

  • Ганна Мароз — 4 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

“Натхнялі сваім паводзінамі навакольных”. Стала вядома, у чым абвінавачваюць трох гарадзенак, суд над якімі пераносіўся двойчы

Працэс над імі пачынаўся 6 траўня, а таксама 14 чэрвеня, але быў перанесены праз сур'ёзную хваробу адной з абвінавачваных. На судовым пасяджэнні 28 чэрвеня жанчынам зачыталі абвінавачванне, а 11 пацярпелых так і не з'явіліся.

Тром гарадзенкам запатрабавалі «хімію», а амапаўцы «чакаюць прыезду кіраўніка дзяржавы». Што адбывалася на судовым працэсе над Гарацкевічамі і Мароз?

Адна з абвінавачваных пазнала ў асобе сведкі-супрацоўніка УУС свайго суседа. Пацярпелыя амапаўцы не прыйшлі на спрэчкі бакоў, бо сёння ахоўваюць адкрыццё моста ў Гродне. Але сведкі-кіроўцы грамадскага транспарту былі знятыя з працы дзеля ўдзелу ў чарговым судовым працэсе.

Галіна Гарацкевіч і Ганна Мароз падчас судовага следства знаходзіліся пад вартай. Пасля абвяшчэння прысуду меру стрымання ў дачыненні да іх змянілі. Каля паўсотні чалавек прыйшло, каб падтрымаць жанчын падчас вынясення прысуду.

У той жа дзень, 16 жніўня, жанчыны выступілі з апошнім словам. А на судовым пасяджэнні 13 жніўня іх абарона агучыла сваю пазіцыю на спрэчках бакоў. «Вясна» прыводзіць іх словы ніжэй.

Галіна Гарацкевіч

Пазіцыя абароны ў спрэчках бакоў

Абарона Галіны Гарацкевіч пачала свой выступ са словаў:

«Хто знаходзіцца на лаве абвінавачваных? Гэта нашы грамадзянкі Рэспублікі Беларусь… Адна з іх маці, выхавала дзіця. Але так атрымалася, што яе дзіця цяпер знаходзіцца — непрыгожа скажу — але за кратамі [маецца на ўвазе Ала Гарацкевіч, дачка якой, Галіна Гарацкевіч, знаходзіцца пад вартай — Заўв.]. Другая жанчына — таксама маці, якая выхоўвае дзіця [Ганна Мароз]. І трэцяя, вядома, мая кліентка. Яна, я спадзяюся, таксама ў будучыні будзе мамай. Гэта ўсё нашы жанчыны, якія робяць нашу будучыню. Як можна цяпер нас пазбаўляць нашай будучыні?»

Абарона звярнула ўвагу на Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, якую падпісала і Беларусь, а менавіта на артыкул 20, дзе сцвярджаецца права чалавека ўдзельнічаць у мірных масавых мерапрыемствах.

«Вось гэтыя цудоўныя жанчыны выйшлі на вуліцу. Як сказала Ганна Мароз: "Я выйшла выказаць сваё меркаванне". Яны не неслі з сабой палкі ў руках. Аднак пацярпелыя [амапаўцы] выказалі, што [абвінавачваныя] праяўлялі агрэсію. БЧБ-сцяг і шарыкі — гэта хіба агрэсія?!»

Абарона адзначыла, што складу злачынства па артыкуле 364 КК РБ (гвалт) няма.

«Крохкія жанчыны не наносілі пабоі пацярпелым. Не заміналі праезду, проста ішлі на пл. Савецкую, а ім перагарадзілі тратуар супрацоўнікі міліцыі. Яны выпадкова трапілі наперад і не змаглі выйсці… Але тых, хто ішоў наперадзе, ціснулі тыя, хто ішоў ззаду. Намеру ў абвінавачваных не было на прычыненне гвалту».

Абвінавачваныя не аказвалі процідзеяння міліцыянерам. Бо тыя не падалі ніводнага рапарту пра гэта, і ніхто не звярнуўся да лекара.  Абарона мяркуе, што пацярпелыя Базылевіч і Вавілонаў не павінны быць пацярпелымі па гэтай справе, бо яны давалі паказанні пра тое, што адбывалася побач з універсамам "Брэст", а не на вуліцы Гарнавых (за што абвінавачваных і судзяць). 

13-08-2020_garackevichy_sud_padtrymka.jp
Людзі, якія прыходзілі на суд, каб падтрымаць Гарацкевічаў і Мароз

Акрамя таго, пазначаная сума шкоды Гарадзенскаму аўтапарку і Тралейбуснаму ўпраўленню з'яўляецца няслушнай, бо гэта сума пададзеная бухгалтэрыяй за ўвесь дзень "прастою" 6 верасня (а ў абвінавачванні  пазначаны час з 13.20 да 17.00). Таму складу злачынства па ч. 1 арт. 342 КК РБ таксама няма. Людзі проста ішлі на пл. Савецкую па тратуары, Галіна Гарацкевіч ні разу не выйшла на праезную частку.

У сувязі з гэтым абарона Галіны Гарацкевіч прасіла апраўдаць яе па двух артыкулах цалкам.

Апошняе слова Галіны Гарацкевіч

У сваім апошнім слове Галіна Гарацкевіч звярнулася да сваіх родных і сяброў:

«Дзякуй за тое, што прыходзіце на судовыя пасяджэнні, за тое, што пішаце лісты — і ў іх шмат падтрымкі і цяпла. За рэгулярныя перадачы дзякуй вялікі. Дзякуй, што падтрымліваеце маму, калі мяне няма побач з імі. Вы ўсе падмацавалі маю веру ў чалавечнасць. Я радая, што мяне атачаюць людзі з вялікай літары. Дзякуй!»

Галина Горацкевич после приговора (в центре) и ее мать Алла Горацкевич (справа)
Галіна Гарацкевіч пасля прысуду (у цэнтры) і яе маці Ала Гарацкевіч (справа)

*Галіна Гарацкевіч атрымала 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Ганна Мароз

Пазіцыя абароны ў спрэчках бакоў

Абарона Ганны Мароз прасіла суд апраўдаць яе цалкам, паколькі доказаў віны падабароннай няма, а яе абвінавачванне па двух артыкулах носіць агульны характар. Ганна часткова прызнала віну — аднак толькі ў тым, што ёй не было вядома пра несанкцыянаванасць масавага мерапрыемства. Яе падхапіў натоўп, намеру на гвалт яна не мела. З паказанняў 11 пацярпелых, апытаных у закрытым парадку (яны былі залегендаваныя), нельга канкрэтызаваць віну Ганны. Бо пацярпелыя нават і сябе часта не пазнавалі на відэа, іх паказанні супярэчлівыя. А з аналізу відэа бачна, што Мароз лозунгаў не выкрыквае, атрыбутыкі няма. Яна была заціснутая з двух бакоў і не аказвала процідзеяння міліцыі. Мароз не выкарыстоўвала жэсты і лозунгі,  міліцыянерам не пагражала, рух транспарту не блакавала. Апытаныя кіроўцы гарадскога транспарту не казалі пра блакаванне дарог.

Мароз не ўступала ў змову з Гарацкевічамі (артыкул 342 КК РБ кажа пра групавыя дзеянні — Заўв.), іх яна ўбачыла ўпершыню на судовым пасяджэнні, распачатым у траўні.

Акрамя таго, абарона звярнула ўвагу і на жыццёвую гісторыю Ганны Мароз: яе першы муж загінуў, у яе двое малых дзяцей 2006 і 2011 года нараджэння. Адна з дзяўчынак цяжка хворая.

Апошняе слова Ганны Мароз:

«Я была пераканана, што свет не стаіць на месцы. [неразб.] Стаялая вада і плынь. Першая гніе і ператвараецца ў балота. Другая ператвараецца ў крыніцу, а з крыніцы ператвараецца ў ручай, раку, мора. Я ведаю, што свет ідзе наперад [неразб.]. Назіраючы за людзьмі, я разумею: то, да чаго яны ідуць, лепш. Новае пакаленне ніяк не можа быць горшае за папярэдняе.  Маладыя людзі аналізавалі памылкі. І трэба быць поўным дурнем, каб не заўважаць гэтага. Кожны з нас выяўляе сабе шчасце. А якімі сродкамі мы карыстаемся, каб дасягнуць мэты? Што мы разумеем пад шчасцем? Дамагаемся яго толькі для сябе ці дамагаемся для ўсіх? На жаль, часцей за ўсё для сябе. І каб дасягнуць яго, забіваем у сабе чалавека. А чалавекам з'яўляецца той, хто [неразб] сабе роўныя правы да шчасця для ўсіх людзей. Я веру, надыдзе час — і не будуць кідаць у турмы [неразб]. Не будзе нават слова "свабода". Не будзе нават слова "праўда". Таму што і тое, і другое будзе звыклым…»

*Ганна Мароз атрымала 4 гады абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Анна Мороз после приговора
Ганна Мароз пасля прысуду

Ала Гарацкевіч

У спрэчках бакоў абарона Алы Гарацкевіч далучылася да меркавання іншых абаронцаў.

«Абвінавачванні ўсім траім аднолькавыя, толькі прозвішчы перастаўлены ў абвінавачванні. Абвінавачваным інкрымінавалі дзеянні, не канкрэтызуючы іх, падагульніўшы арт. 342 і арт. 364 КК РБ».

Абарона адзначыла, што Алу Гарацкевіч на відэа не ідэнтыфікавалі. Доказаў яе віны няма, экспертыз няма, паказанняў сведкаў таксама няма. Пацярпелыя не пазнаюць сябе і абвінавачваных. Нават калегаў не могуць назваць, што выклікае сумнеў, што яны наогул знаходзіліся на вуліцы Гарнавых. Пяць з адзінаццаці пацярпелых не давалі паказанняў на папярэднім следстве, што знаходзіліся на вул. Гарнавых — а на судовым пасяджэнні патлумачылі гэта тым, што  нібы следчы тады не запісаў іх паказанні. Гэта выклікае вялікія сумневы.

У абвінавачванні пазначана, што тры абвінавачваныя нібы выштурхвалі амапаўцаў. Аднак, адзначыла абарона, Але Гарацкевіч 58 гадоў, яна выгадавала дваіх дзяцей і цяпер цяжка хворая (жанчына захварэла на анкалогію пасля завядзення крымінальнай справы — праз гэта яе, у адрозненне ад яе дачкі Галіны і Ганны Мароз, не змясцілі пад варту, а судовы працэс пераносіўся двойчы).

Таму абарона лічыць, што абвінавачванні па двух артыкулах не знайшлі свайго пацвярджэння, і прасіла апраўдаць Алу Гарацкевіч.

У сваім апошнім слове Ала Гарацкевіч падзякавала ўсім, хто прыйшоў, за падтрымку..

За судовым працэсам назіраў праваабаронца Раман Юргель.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства