“Натхнялі сваім паводзінамі навакольных”. Стала вядома, у чым абвінавачваюць трох гарадзенак, суд над якімі пераносіўся двойчы
У судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна 28 чэрвеня зноў аднавіўся судовы працэс у дачыненні да трох гарадзенак — 58-гадовай Алы і 32-гадовай Галіны Гарацкевіч (маці і дочкі), а таксама 32-гадовай Ганны Мароз (якая мае двух непаўнагадовых дзяцей). Працэс над імі пачынаўся 6 траўня, а таксама 14 чэрвеня, але быў перанесены праз сур'ёзную хваробу Алы Гарацкевіч — у жанчыны анкалогія. Менавіта таму яна знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе — астатнія абвінавачаныя пад вартай, у залу суда іх дастаўляюць пад канвоем. Судовае пасяджэнне 28 чэрвеня пачаў новы суддзя — Максім Галубовіч, ужо трэці па гэтай справе (раней суддзямі былі Дзмітрый Кедаль, а затым Віталь Лабоцкі). Дзяржабвінаваўцам выступае той жа Сяргей Петрашка.
На судовым паседжанні 28 чэрвеня стала вядома, у якіх дзеяннях абвінавачваюць трох жанчын. Судзяць іх за падзеі 6 верасня 2020 года, калі, як піша "Гарадзенская Вясна", праходзіла мірная дэманстрацыя, але сілавікі распылялі газ і брутальна збівалі пратэстоўцаў. У гэты дзень, паводле абвінавачвання, Ала і Галіна Гарацкевіч, а таксама Ганна Мароз дзейнічалі паміж сабой "па папярэдняй змове" і парушалі грамадскі парадак.
Як?
Галіна, Ганна і Ала здзяйснялі дзеянні, "натхняючы сваімі паводзінамі навакольных з мэтай падахвочвання ў іх пачуцця, неабходнага для ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве".
Акрамя таго, усе жанчыны ўзяліся разам з іншымі людзьмі (крымінальная справа па іх выдзелена ў асобную вытворчасць) за рукі, выстраіліся ў шэраг і сталі сваім целам выштурхоўваць супрацоўнікаў міліцыі са свайго шляху. Гэта заахвоціла і іншых грамадзян да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, тым самым “прычыніла гвалт”. Да гэтых групавых дзеянняў прывяло і тое, што жанчыны заклікалі іншых людзей да ўдзелу ў “несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”, і гэта ў сваю чаргу “прычыніла фізічны боль” супрацоўнікам, прызнаным у гэтай справе пацярпелымі.
Акрамя гэтага, жанчыны “пагражалі прымяненнем гвалту” супрацоўнікам, а таксама “замахваліся на грамадскі спакой і парушалі ўмовы адпачынку іншых грамадзян”.
Затым жанчыны “па папярэдняй змове” паўдзельнічалі ў масавым публічным шэсці да праспекта Янкі Купалы і гэтым перашкодзілі руху транспарту. Шкода выстаўленая ўсім тром жанчынам аднолькава — на агульную суму 79 беларускіх рублёў і 69 капеек, з іх:
- ААТ “Аўтобусны парк горада Гродна” выставіў шкоду на 20 рублёў і 10 капеек,
- “Гродзенскае тралейбуснае упраўленне” — на 51 рубель і 59 капеек.
Такім чынам, Ала, Галіна і Ганна абвінавачваюцца ў двух артыкулах КК РБ:
- частка 1 артыкула 342 КК РБ (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту),
- артыкул 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Усе жанчыны па абодвух артыкулах віны не прызналі. Ганна Мароз дадала, што па 342 артыкуле яна "не адмаўляе свайго удзелу, але віну не прызнае"
Пацярпелых па справе — 11 супрацоўнікаў. Ніхто на іх на паседжанне не з'явіўся. Дзяржаўны абвінаваўца і абарона абвінавачаных палічылі, што пацярпелыя павінны быць выкліканыя ў залу судовага паседжання. Усе яны “залегендзіраваныя”, як выказалася адна з абаронцаў, — то бок мяркуецца іх удзел не ў зале судовага паседжання непасрэдна, а ў суседнім кабінеце, каб схаваць іх асобу.
Суддзя пагадзіўся з тым, што іх неабходна выклікаць, і адклаў судовую вытворчасць па справе да 9 ліпеня ў 10.45. На пытанне суддзі, ці зможа Ала Гарацкевіч паўдзельнічаць у паседжанні ў гэты дзень, жанчына адказала:
“Калі мяне не шпіталізуюць...”