viasna on patreon

Тром гарадзенкам запатрабавалі «хімію», а амапаўцы «чакаюць прыезду кіраўніка дзяржавы». Што адбывалася на судовым працэсе над Гарацкевічамі і Мароз?

2021 2021-08-06T20:05:49+0300 2021-10-01T15:35:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akciabrski_sud_hrodna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адна з абвінавачваных пазнала ў асобе сведкі-супрацоўніка УУС свайго суседа. Пацярпелыя амапаўцы не прыйшлі на спрэчкі бакоў, бо сёння ахоўваюць адкрыццё моста ў Гродне. Але сведкі-кіроўцы грамадскага транспарту былі знятыя з працы дзеля ўдзелу ў чарговым судовым працэсе. "Вясна" распавядае пра некалькі дзён судовага працэсу па крымінальнай справе ў адносінах да трох гарадзенак: Ганны Мароз, Галіны і Алы Гарацкевіч, якіх судзяць за ўдзел у пратэсным шэсці 6 верасня 2020 года.

Суд Кастрычніцкага раёна горада Гродна

Працэс над трыма гарадзенкамі — Ганнай Мароз, Галінай Гарацкевіч і ейнай маці Алай Гарацкевіч — падыходзіць да завяршэння: 6 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёна г. Гродна дзяржабвінаваўца Пятрашка падчас спрэчак бакоў запатрабаваў для іх пакаранні ў выглядзе:

  • Абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія") тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў для Алы Гарацкевіч (яна адзіная з трох абвінавачваных знаходзіцца не пад вартай у сувязі з сур'ёзным захворваннем, з-за чаго працэс переносіўся).
  • Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на 4 гады ("хатняя хімія") для Ганны Мароз.
  • Абмежаванне волі з накіраваннем ў ПУАТ тэрмінам на 4 гады для Галіны Гарацкевіч.

Жанчын судзяць за ўдзел у пратэсным маршы ў Гродне на вул. Гарнавых 6 верасня 2020 года.

*6 верасня каля 13.00 пачаліся сутыкненні АМАПа з пратэстоўцамі на вул. Гарнавых. Пасля затрыманняў людзі развярнуліся, да іх далучылася калона тых, хто ішоў ад Абласнога драмтэатра, з пл. Савецкая. Затым людзі па тратуары і ўзбочыне рушылі да ўніверсама "Брэст" (пр. Янкі Купалы). Пасля 14.00 пачаліся сутыкненні на вул. Гарнавых, затым пасля 16.00 — каля ўніверсама "Брэст".

Ніводная з абвінавачваных не прызнала віну.

“Натхнялі сваім паводзінамі навакольных”. Стала вядома, у чым абвінавачваюць трох гарадзенак, суд над якімі пераносіўся двойчы

У судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна 28 чэрвеня зноў аднавіўся судовы працэс у дачыненні да трох гарадзенак — 58-гадовай Алы і 32-гадовай Галіны Гарацкевіч (маці і дочкі), а таксама 32-гадовай Ганны Мароз (якая мае двух непоўнагадовых дзяцей).

Але дзяржабвінаваўца палічыў, што віна трох жанчын у двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — частка 1 артыкула 342 КК РБ (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады ці пацягнулі парушэнне працы транспарту) і артыкула 364 КК РБ (Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў) — цалкам даказаная. Усе трое падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства прынялі ўдзел у сутыкненнях з супрацоўнікамі міліцыі. Жанчыны былі заўважаныя ў натоўпе грамадзян, які станавіўся ў счэпку і "ўступаў ў процідзеянне з міліцыяй". Іх знялі на відэа.

Акрамя таго, "у выніку несанкцыянаванага шэсця быў парушаны рух грамадскага транспарту. Нанесеная шкода аўтапарку і тралейбуснаму ўпраўленню склала 71 беларускі рубель". Сведкі-супрацоўнікі ДАІ вымушаныя былі перакрыць рух з-за шэсця людзей, адзначыў дзяржабвінаваўца.

Дзяржабвінаваўца мяркуе, што віна Гарацкевічаў і Мароз цалкам даказаная паказаннямі пацярпелых і сведак. А што ж тыя казалі падчас судовага працэсу?

garackevichy_sud.jpg
У холе суда Кастрычніцкага раёна г. Гродна

Пацярпелыя не звярталіся па медыцынскую дапамогу. Але ўсё адно яны пацярпелыя

Усяго пацярпелых па справе — 11, усе яны амапаўцы, якія 6 верасня "ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку". Іх асобы залегендаваныя, на судовым працэсе яны выступалі, знаходзячыся за шырмай. Пацярпелыя дапытваліся 9 і 22 ліпеня, а таксама 5 жніўня. Выступ яшчэ двух не дапытаных на судзе сведак-амапаўцаў планаваўся і на 6 жніўня, аднак ніхто з іх не з'явіўся. Прычыну паведаміў суддзя Максім Галубовіч: "Яны задзейнічаны на мерапрыемствах па адкрыцці новага моста ў Гродне, чакаюць прыезду кіраўніка дзяржавы".

Што казалі пацярпелыя?

Напрыклад, пацярпелы Аляксандр Белы на судовым пасяджэнні 9 ліпеня сказаў, што фізічная сіла з боку грамадзян (удзельнікаў марша) ужывалася, аднак дадаў:

"Але я не магу [сказаць дакладна], хто менавіта ўжываў. Ну, з усіх бакоў. Хтосьці дзесьці пхне, хтосьці за форму возьме".

"Вы боль адчувалі?" — спытаў у яго дзяржабвінаваўца.

"Трошкі адчуваў".

Абвінавачваных сярод пратэстоўцаў ён успомніць не можа, бо "прайшло ўжо шмат часу".

На адно з пытанняў абароны Белы адказаў так:

Абарона: "Гэта значыць фактычна, паколькі вы перагарадзілі тратуар, то людзі вымушаны былі прайсці на праезную частку?"

Пацярпелы: "Напэўна, так…"

У абвінавачванні ў адносінах да Гарацкевічаў і Мароз ёсць фармулёўка: жанчыны ўзяліся разам з іншымі людзьмі (крымінальная справа па якіх вылучана ў асобную вытворчасць) за рукі, сталі ў шэраг і пачалі сваім целам выштурхоўваць супрацоўнікаў міліцыі са свайго шляху.

На пытанне дзяржабвінаваўцы: "Як вы мяркуеце, дзеля чаго гэтыя счэпкі былі грамадзянамі сфармаваныя?" пацярпелы Іван Вадзімчук адказаў:

"Нашы ІНСТАГРАМ-каналы дэструктыўныя…"

"Не, ДЗЕЛЯ чаго гэтыя счэпкі былі сфармаваныя", — перабіў і ўдакладніў пытанне дзяржабвінаваўца.

"А, каб парваць наш ланцужок".

"Каб процідзейнічаць вам, я правільна зразумеў?"

"Канешне".

"Вам фізічны боль нанеслі?"

"На ўзроўні штуршкоў".

"Вы адчулі боль?"

"Так… Спрабавалі маску сарваць".

Пацярпелы Іван Вадзімчук дадаў, што ў яго цялесных пашкоджанняў не было, хуткую ён не выклікаў і рапарт пра нанесеныя цялесныя пашкоджанні не пісаў. Абвінавачваных жанчын сярод удзельніц шэсця 6 верасня ён не запомніў.

Тое ж адзначыў і пацярпелы Ігар Мінько, выступаючы на судовым працэсе 5 жніўня: пасля сутычак з пратэстоўцамі ў яго засталіся сінякі на руках, але ў хуткую ён не звяртаўся і рапарт не падаваў. На відэа, якое яму паказвалі з месца падзей, ён не змог ідэнтыфікаваць абвінавачваных, бо "не разумеў, хто ёсць хто" на ім.

"Натоўп ішоў да плошчы Савецкай. Былі пратэсты супраць выбараў. Людзі, больш за 100 чалавек, ішлі з БЧБ-сцягамі, з сімволікай, амапаўцаў было больш за 20 чалавек. Натоўп рушыў на нас, на шэраг. Двойчы ішлі на нас. У першы раз мы іх адціснулі… Мы ім не давалі прайсці, нас штурхалі, хапалі за форму, маскі. Адціснулі людзей, а яны ўзяліся ў счэпку за рукі і зноў пайшлі на нас у другі раз. Мы іх адціскалі, нас пхалі, быў боль. Відэа [з месца гэтых падзей] следчы паказваў, я сябе не пазнаў. Абвінавачваных не паказвалі, іх не бачыў… Мы паехалі ў Кастрычніцкае РУУС, але да 16-й гадзіны паступіла інфармацыя, што а 16-й гадзіне грамадзяне па праезнай частцы рухаюцца да ўніверсама "Брэст"… Натоўп ішоў на нас, мы іх падзялілі на дзве часткі…", — распавёў сваю версію падзей Мінько.

Абарона ўдакладніла ў пацярпелага, якім чынам людзі выходзілі на праезную частку.

"Тыя, хто ззаду, пачалі ціснуць на тых, хто спераду — і людзі вымушаны былі выйсці на дарогу… ДАІ перагарадзіла было дарогу адразу, на вуліцы Гарнавых, як людзі ішлі, але транспарт ехаў", — растлумачыў Мінько.

"Вы перакрылі тратуар?" — спытаў у пацярпелага суддзя.

"Так", — адказаў Мінько.

Сведкі — кіроўцы транспарту, якія мала што памятаюць

У якасці сведак на судовым пасяджэнні 6 жніўня былі дапытаныя кіроўцы аўтобусаў і тралейбусаў Гродна, якія працавалі на маршрутах горада 6 верасня 2020 года. Яны дрэнна памяталі падзеі таго дня, але суддзя і дзяржабвінаваўца зачыталі ім іх пратаколы паказанняў за кастрычнік 2020 года — пасля чаго кіроўцы іх пацвердзілі.

Кіроўца аўтапарка Будзько ўжо быў сведкам па падобных крымінальных справах (за падзеі 6 верасня) у раённых судах горада. Абвінавачваных не пазнае. У той дзень, 6 верасня, людзі ішлі па тратуары, на дарогу не выходзілі. ДАІ перакрывала дарогу, але адставанне ў руху транспарту было ўсяго каля 5-10 хвілін, таму кіроўцы яго "нагналі".

Кіроўца аўтапарка Каракевіч таксама шмат разоў быў сведкам па крымінальных справах за падзеі 6 верасня 2020 года, яго пяць разоў выклікалі ў Следчы камітэт. Шмат чаго ўжо не памятае, таму суд агучыў паказанні, якія ён даваў на допыце 14 кастрычніка 2020 года: людзі ішлі з БЧБ-сцягамі праз стары мост на Гарнавых і Купалы, а адставанне па раскладзе транспарту ён кампенсаваў.

"Былі нейкія шэсці… Людзі рухаліся па тратуары. Я праехаў, нічога не бачыў", — даў паказанні кіроўца аўтапарка Хаціновіч.

Кіроўца Мелех адзначыў, што ў той дзень ДАІ перакрывала рух. З-за затору транспарту ў бок вуліцы Савецкай ён прастаяў 10 хвілін..

"Аўто ДАІ стаяла на праезнай частцы перад пешаходным пераходам на Гарнавых, а назад — на павароце каля шклозавода на вуліцы Перамогі", — распавёў сведка.

"А гэта было шэсце ці людзі проста ішлі?" — спытала ў яго абарона.

"Крыкаў, лозунгаў не было, людзі ішлі па тратуары. Больш нічога не бачыў".

Кіроўца тралейбуса Сабадаж сказала, што стаяла ў заторы, але адставанне потым нагнала хутка. Бачыла скопішча людзей на вул. Гарнавых і тое, як АМАП не прапускаў людзей па тратуары да старога моста на Савецкую плошчу. Акрамя таго, Сабадаж адзначыла, што шэсця і БЧБ-сцягоў яна не бачыла, а ў пратаколе допыту пазначана супрацьлеглае — але пратакол допыту пісаў следчы, "а я падпісала тады паказанні".

Пра самы вялікі прастой у працы транспарту — паўтары гадзіны — заявіў кіроўца Саўко. Падзеі 6 верасня ён таксама дрэнна памятае.

Усе дапытаныя 6 жніўня сведкі для выступу ў судзе былі знятыя са сваёй працы.

"А пятай раніцы прыступіў да працы, [але] мяне зняло са змены кіраўніцтва аўтапарка і адправілі ў Кастрычніцкі суд выступаць", — распавёў кіроўца аўтобуса Міхановіч.

Ала Гарацкевіч каля будынка суда
Ала Гарацкевіч каля будынка суда падчас аднаго з пасяджэнняў. Ала - адзіная абвінавачваная, якую не змясцілі пад варту: жанчына мае цяжкае захворванне

Паказанні абвінавачваных

5 жніўня суд распачаў допыт абвінавачваных. Аднак Ала Гарацкевіч і ейная дачка Галіна Гарацкевіч адмовіліся даваць паказанні. Акрамя гэтага, Ала Гарацкевіч не давала паказанняў і на папярэднім следстве, таму суд пастанавіў агучыць толькі пратакол допыту Галіны ад 11 лістапада 2020 года:

"6 верасня 2020 года я гуляла каля дома на праспекце Янкі Купалы, убачыла натоўп жанчын з шарыкамі, далучылася. Мяне натоўп падхапіў — і я апынулася ў счэпцы перад АМАПам. З іншымі [удзельнікамі] я не знаёмая… Я проста выпадкова ўбачыла людзей і пайшла. Каардынатараў і ўзнагарод не было. Атрыбутыкі ў мяне не было. Я не заклікала нікога да масавых беспарадкаў і блакавання дарог. Я не ведала, што мерапрыемства не санкцыянавана… Фота і відэа я не рабіла. Я не чула, што нас папярэджваюць [сілавікі пра тое, што людзі ўдзельнічаюць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і ім варта разыйсціся — Заўв.], было шумна. Я счэпку не збірала, мяне падхапілі — і я стала. Я спалохалася, мне было страшна. Мэты супраціўляцца не было, на дарогу я не выходзіла, нікога не абражала, у людзей палак не было".

Трэцяя абвінавачваная — Ганна Мароз — выступіла на судзе з паказаннямі. Яна адзначыла, што ў тыя поствыбарныя падзеі мэр горада дазволіў збірацца кожную нядзелю.

"6 верасня я прыехала на грамадскім транспарце да 13-й гадзіны на вуліцу Гарнавых, каб выказаць свабодна свае думкі. Я меркавала, што мерапрыемства санкцыянавана… Убачыла там 300 чалавек. Я хацела прайсці скрозь натоўп на вуліцу Савецкую. Хтосьці распыліў газ, пачалася патасоўка, тады я і ўбачыла АМАП. Я планавала прайсці дарогу, але нечакана адбылася счэпка. Я ўдзельнічала ў счэпцы без мэты, я рэфлексіўна ўзялася пад рукі з іншымі, незнаёмымі людзьмі. Гэта было нечакана. Я не планавала ўстаць у счэпку, усё адбылося спантанна. Я гвалту нікому не прычыняла, рукамі не махала, нікога не штурхала… Пайшла дадому каля 15-й гадзіны, а пазней прачытала ў інтэрнэце пра сутычку з АМАПам ля "Брэста" каля 16-й гадзіны".

Таксама Ганна адзначыла, што пагутарыла на Гарнавых са сваім знаёмым. Ім аказаўся супрацоўнік у цывільным, які тады рабіў відэаздымкі. А падчас судовага пасяджэння Ганна яго пазнала: ён выступаў сведкам пад нумарам 7.

"Гэта быў Цімафееў, я пазнала яго па голасе [ён выступаў, знаходзячыся за шырмай — Заўв.]. Гэта мой сусед па кватэры ў дзяцінстве, мы аднагодкі з ім, разам раслі", — распавяла Ганна.

Суддзя спытаў у Ганны Мароз пра яе сямейнае становішча. Тая адказала, што замужам (раней "Вясна" пісала пра тое, што жанчына адна выхоўвае дваіх маленькіх дзяцей). На пытанне суддзі пра тое, дзе яе дзеці, Ганна адвярнулася і расплакалася.

З Алай і Галінай Гарацкевіч Ганна пазнаёмілася 6 траўня, калі адбылося першае пасяджэнне па іх справе. Яна адзначыла, што не прычыняла фізічнага болю пацярпелым і не бачыла, каб іншыя ўдзельнікі пратэсту гэта рабілі.

"Я не думала, што мяне прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, я нічога крымінальнага не здзяйсняла, — дадала Ганна. — Раней па сваіх адміністрацыйных судах, штрафах [жанчына прыцягвалася двойчы па артыкуле 23.34 КаАП: за ўдзел у "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 жніўня і 17 лістапада 2020 года — Заўв.] я прызнавала сябе вінаватай. Я не ўваходжу ў палітычныя і грамадскія арганізацыі. Я сама ІП, ведаю працу чыноўнікаў. Я запытвала ў пацярпелых у судзе, ці ўжывалі яны газ — яны адказвалі, што не ўжывалі".

Раней Ганна адзначыла, што, калі вярталася дадому, у яе "балелі і пяклі вочы ад газу".

"Я не вінаватая, нічога не здзяйсняла, каб знаходзіцца ў турме!" — сказала Ганна Мароз.


Працяг судовага працэсу ў адносінах да Алы і Галіны Гарацкевіч, а таксама Ганны Мароз запланаваны на 13 жніўня ў 14.45. Чакаецца выступ абароны ў межах судовых спрэчак і апошняе слова абвінавачваных.

За судовы працэсам назіраў праваабаронца Раман Юргель.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства