ДФР, Следчы камітэт, Акрэсціна, умовы ўтрымання і спроба вярбоўкі. Гісторыя затрыманай валанцёркі “Вясны” Яўгеніі Бабаевай
Мінскую валанцёрку Яўгенію Бабаеву затрымалі 14 ліпеня – у той дзень прыйшлі і да іншых праваабаронцаў “Вясны”. Пасля трох сутак яе нечакана выпусцілі з прапановай супрацоўніцтва з сілавікамі. Пра гэта, а таксама пра вобшук, допыты, умовы утрымання на Акрэсціна – чытайце ў гісторыі Яўгеніі:
Вобшук
Раніцай 14 ліпеня Яўгена вярталася дадому з заняткаў па ёзе. Яе пад'езд знаходзіцца на рагу шматкватэрнага дома — раптам з усіх бакоў яе заціснулі чатыры чалавекі:
“Яўгенія Уладзіміраўна, добры дзень, у нас пастанова на вобшук у вашай кватэры”.
Гэта былі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавага расследавання (ДФР). У пастанове былі напісаныя толькі назвы артыкулаў Крымінальнага кодэкса — частка 2 артыкула 16 (пасобніцтва ў злачынстве) і артыкул 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). Калі Яўгенія пыталася, у дачыненні да каго ўзбуджаная справа і які яе працэсуальны статус, супрацоўнікі нічога не адказалі.
“Я хацела набраць свайму адвакату — але супрацоўнік ДФР вырваў у мяне з рук тэлефон і сказаў, што не трэба нікому званіць, — успамінае Яўгенія. — Але я яшчэ раз запатрабавала, што раз ужо гэта працэсуальнае дзеянне, то я хачу, каб прысутнічаў мой абаронца. Але са мной даволі строга абыходзіліся. Фізічнага гвалту не было ніякага, але псіхалагічны ціск быў”.
Супрацоўнікі вельмі здзівіліся, што Яўгенія — грамадзянка Расіі. Хацелі забраць і кампутар мужа. Але калі даведаліся, што і муж грамадзянін Расіі, то вырашылі, што не будуць гэтага рабіць. У Яўгеніі ж забралі кампутар, тэлефон, дамову на каціны гатэль (Яўгена з мужам тры тыдні таму з'язджала за горад і адпраўляла сваіх катоў у гатэль), і банкаўскія карты: беларускага банка і дзве расійскія.
Яўгенія называе вобшук дастаткова далікатным. Супрацоўнікі вялі нібы свецкую гутарку з ёй і яе мужам: пыталіся, напрыклад, колькі яны плацяць за кватэру і казалі, што тыя жывуць у добрым раёне.
Пасля вобшуку супрацоўнікі ДФР сказалі Яўгеніі паехаць з імі. Але на той момант валанцёрка не меркавала, што можа быць затрыманая.
У Дэпартаменце фінансавых расследаванняў
У будынку ДФР з Яўгеніяй сталі гутарыць — зноў без адваката.
“Умовы гутаркі былі спланаваныя так, што я адчувала сябе пад ціскам, — дзеліцца ўражаннем Яўгенія. — Мой стул стаяў пасярод кабінета адзін, а спераду стаяў стол, за якім сядзелі два супрацоўніка. І было адкрыта вакно, з яго — яркае святло, якое мяне трошкі сляпіла, а супрацоўніка пры гэтым было відаць невыразна”.
Працэсуальны статус гэтай размовы таксама незразумелы — на ўсе пытанні Яўгеніі на гэты конт супрацоўнікі сказалі, што гэта проста гутарка, добраахвотная.
“Пытанні былі даволі павярхоўныя. Я так і не зразумела, навошта яны мяне затрымалі і прыйшлі да мяне”.
Калі гутарка скончылася і Яўгенія выйшла з кабінета, да яе падышоў адзін з супрацоўнікаў і сказаў: “начальства прыняло рашэнне затрымаць вас на 72 гадзіны”. Гэта было нечаканасцю.
Яўгенію вярнулі ў кабінет і сталі складаць паперы аб затрыманні. Тады і стаў вядомы яе працэсуальны статус як падазраванай па гэтай крымінальнай справе. Валанцёрка думае, што і самі супрацоўнікі не да канца валодалі ўсёй сітуацыі:
“Я падазраю, што супрацоўнікам не даносяць інфармацыі, для таго, каб яны самі ўсё ведалі павярхоўна. Яны нават у мяне пры ператрусе дома сказалі: мы нічога не ведаем, нам сказалі прыйсці да вас — мы прыйшлі”.
Затым Яўгенію прывялі ў кабінет, дзе правялі дагляд: нейкая жанчына зняла ў Яўгеніі заручальны пярсцёнак, шнуркі, забрала гігіенічную памаду. Дазволіла пакінуць маскі і пячэнькі, якія валанцёрка паспела ўзяць з дому.
Пасля гэтага дзяўчыну адвезлі ў Следчы камітэт
У Следчым камітэце
Следчы адразу ж пачаў размаўляць груба. Яўгенія настойвала на адвакаце, і следчы зрабіў спробу выклікаць дзяржаўнага адваката. Але валанцёрка настойвала на сваім. У выніку яго выклікалі.
“Допыт максімальна павярхоўны. Я нават не асабліва зразумела, як ён адносіцца да крымінальнай справы. Распытвалі пра валанцёрскую дзейнасць. Але ж такая дзейнасць неаплочваемая — прычым тут ўхіленне ад выплаты падаткаў?”
Допыт доўжыўся каля гадзіны. Затым Яўгенію адправілі ў Ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна
Умовы ўтрымання ў ІЧУ
У дарозе да ІЧУ адзін з супрацоўнікаў ДФР падзяліўся з Яўгенам снікерсам:
“Абавязкова з’еш, таму што мы цяпер прыедзем — і вячэры больш у цябе не будзе” (у першы дзень зняволення чалавека ў ІЧУ ён не паспявае атрымаць ежу — Заўв.)
У ізалятары Яўгену паставілі ў “стакан”:
“Вельмі гнятлівае памяшканне паўметра на паўметра, закрытыя цалкам дзверы і бетонныя сцены. І ў гэты момант ты адчуваеш сябе бездапаможным. І задаешся пытаннем: чаму наогул, нават калі людзі пераступілі закон, могуць быць такія ўмовы? Такія ўмовы бесчалавечныя і гэта недапушчальна. Навошта вось гэтыя стаканы? Да чаго?”
Яўгенія мяркуе, што правяла ў "стакане" каля паўгадзіны. Затым яе павялі ў камеру, у якой было чатыры жанчыны — яны былі затрыманыя па “алкагольных” артыкулах і чакалі свайго накіравання ў Лячэбна-працоўны прафілакторый.
“У камеры вельмі моцна смярдзела туалетам, — успамінае Яўгенія. — Я здзівілася, што там было вельмі шмат матрацаў. Тры двухпавярховыя ложкі — і на кожны ложак можна было закінуць па два матрацы, таксама былі падушкі. Але варта было мне сесці на матрацы — як тут жа зайшоў супрацоўнік ІЧУ і сказаў усім выходзіць з рэчамі. І тут я зразумела, што матрацы мне не паложаны”.
Яўгенію змясцілі ў камеру да “палітычных” — матрацаў там ужо не было. Валанцёрка кажа, што яна з сукамерніцамі прасіла матрацы, але супрацоўнік ім адмаўляў са словамі:
“Такі рэжым”
“Які рэжым? ”
“Рэжым, у якім не паложаны матрацы”
Увечары 15 ліпеня да Яўгеніі прыйшоў адвакат. Ён распавёў, што яе муж перадаў раніцай таго ж дня ёй перадачу — і перадачу прынялі. Але на той момант Яўгеніі яе так і не перадалі.
Яўгена вельмі хацела падзяліцца з «Вясной» адным дыялогам. У той момант валанцёрка стаяла каля кармушкі (перыядычна яна і сукамерніцы падыходзілі туды дзеля дадатковага паветра, якога вельмі не хапала ў душнай камеры). Міма па калідоры праходзіў супрацоўнік. Убачыўшы Яўгенію, ён спытаў:
“— Як справы?
— Ды не вельмі. А дзе мая перадача?
— А яна тут?
— Так, мне муж перадаў.
— Ну зразумела.
— Перадавайце.
— Ой нешта няма настрою.
— Як гэта няма настрою?
— Ну вось так.
— А калі будзе настрой?
— Не будзе.
— Што, ніколі?
— Ніколі.
— А што зрабіць, каб быў настрой?
— Ой не, нічога не трэба рабіць” — пасля гэтых слоў супрацоўнік сышоў.
Падчас усёй размовы супрацоўнік шырока ўсміхаўся.
“У мяне склалася ўражанне, што некаторым супрацоўнікам гэта дастаўляе задавальненне бачыць нас у такіх умовах”, — кажа Яўгенія.
Яўгена і яе сукамерніцы прасілі ў супрацоўнікаў ІЧУ таксама туалетную паперу — яе выдавалі кавалачкамі.
“У адной жанчыны пачаліся месячныя, і мы прасілі пракладкі для яе. На што нам сказалі, што пракладкі не паложаны, і далі вату. Пра якую гігіену можна казаць, калі замест пракладак даюць вату і не перадаюць перадачы?”
Калі Яўгенія выйшла пасля 72 гадзін свайго затрымання, то нагадала супрацоўнікам ІЧУ аб тым, што ў яе павінна была быць перадача. Яе знайшлі і аддалі — але медыкаментаў, якія яе муж перадаў асобна і якія прынялі, там не было. Яўгеніі іх трэба прымаць кожны дзень. Таксама ёй не вярнулі адабраныя перад змяшчэннем у ІЧУ заручальны пярсцёнак, завушніцы і шнуркі.
“Умовы ў ІЧУ створаны для таго, каб абсалютна ламаць чалавека. На першым паверсе было вельмі шмат хлопцаў. Многія з іх сядзелі ў адзіночных камерах па артыкуле 289 (тэрарызм). Усе спрабуюць трымацца — але ўмовы ў ІЧУ, вядома, ціснуць”.
Як Яўгенію вербавалі?
У пятніцу, 16 ліпеня, у другой палове дня да Яўгеніі прыйшлі тры новых супрацоўніка ДФР і паспрабавалі з ёй пагутарыць. Без адваката.
“Ну што, Яўгена, як справы?” — такім было першы пытанне, якое яны задалі.
“Нармальна”.
“Можа быць горш?” — пасля гэтага пачаліся “уламванні”, як адзначае Яўгенія.
Першая палова гутаркі была ні аб чым. Але паступова валанцёрку сталі схіляць да супрацоўніцтва:
“Яўгенія, хочаце заўтра выйсці адсюль і стаць сведкам (а не падазраванай па крымінальнай справе — Заўв.)?”
З Яўгеніяй падпісалі паперы аб тым, што яна будзе займацца аператыўнай працай:
“Сутнасць у тым, што я буду нейкую інфармацыю здабываць і потым буду ім яе распавядаць пад псеўданімам Жанна. Гэты псеўданім я сама абрала — мяне так тата хацеў назваць”, — тлумачыць валанцёрка.
Усяго было два такія пагадненні: адно для ДФР, другое для начальніка ГУБАЗіК. Чаму два?
На гэтае пытанне супрацоўнікі адказалі, што дзве гэтыя структуры і займаюцца аператыўна-вышуковай дзейнасцю. Таму і паперак павінна быць дзве.
“Я не памятаю дакладнай фармулёўкі. Адну паперку напісала ад рукі пад дыктоўку для ДФР: што я, Яўгенія Бабаева, згаджаюся для працы і буду весці дзейнасць пад прыкрыццём пад гэтым псеўданімам. Другая загадзя была гатовая — там проста было трэба сваё прозвішча ўнесці.
Чаму я пагадзілася? Ім патрэбна была інфармацыя — а мне патрэбна была свабода. І я зразумела, што галоўнае выйсці — а потым ужо з астатнім усім разбярэмся. Я выдатна разумела, што людзі, якія мяне атачаюць, зразумеюць маё рашэнне і падтрымаюць мяне. У гэтым у мяне не было ні кроплі сумневы. Таму што мяне атачаюць цудоўныя людзі, я рада, што з імі знаёмая, і я рада, што ўсё так выйшла.
І цяпер, з вышыні таго, што адбылося, я думаю: уся гэтая інфармацыя і відэа пра тое, як паводзіць сябе на допыце з супрацоўнікамі — ну так, гэта мае месца быць, але калі ты ўпершыню туды трапляеш, гэта ўсё мяняецца. І ты спрабуеш учапіцца за саломінку свабоды, якая табе здаецца мізэрным шанцам — але ты любы шанец спрабуеш выкарыстоўваць для таго, каб выйсці.
Менавіта там ты разумееш, што каштоўна табе больш за ўсё — а гэта блізкія табе людзі і свабода.
Да гэтага я трохі легкадумна ставілася да затрыманняў і да найменшай рызыкі, што могуць прыйсці і за мной. І я не думала, што калі прыходзяць — гэта настолькі ўсё жудасна і настолькі цісне. Цяпер я гэта ведаю — і я рада, што змагла набыць гэты вопыт адносна малой крывёй”.
Нават пасля падпісання дакументаў у Яўгеніі не было дакладнай упэўненасці, што яе адпусцяць:
“Я не раз чула, што любое супрацоўніцтва “чревато” і супрацоўнікі падмануць потым. Вядома ў мяне былі сумневы, але потым адзін з супрацоўнікаў напісаў на маленькай паперцы свой нумар тэлефона і сказаў:
"Калі заўтра будзеце дома, напішыце мне з якога-небудзь тэлефона (але так, каб ніхто не даведаўся, і муж таксама) аб тым, што вы дома. А потым, калі ўсталюеце сімкарту, - зноў са мной звяжыцеся, і мы будзем з вамі на сувязі".
Калі ён даў гэтую паперку — тады я зразумела, што мяне дакладна адпусцяць”.
І сапраўды, калі скончыўся роўна 72 гадзіны пасля затрымання, валанцёрку вывелі ў пакой для допытаў і следчы (ужо іншы) сказаў: “было прынятае рашэнне, што вы не ўяўляеце ніякай небяспекі і пагрозы”.
Калі Яўгенія апынулася ў бяспечным месцы, то адразу ж зрабіла публічным гэты факт у размове з тэлеканалам "Дождь", які першы ўзяў у яе інтэрв'ю.
Ці шкадуе Яўгенія, што стала валанцёркай “Вясны”?
“Я абсалютна дакладна не вінаваціла “Вясну” з-за таго, што мяне затрымалі. Таму што, нягледзячы на той каласальны стрэс, які ў мяне быў у той сітуацыі, я дакладна разумела, што вінаваты не Праваабарончы цэнтр, а вінаватыя тыя, хто не разумеюць, што можна дапамагаць людзям бязвыплатна і што можна ў прынцыпе дапамагаць людзям”.
"Мы будзем побач, нават калі будзем сядзець". Распавядаем пра шэсць правабаронцаў-вясноўцаў, якія апынуліся за кратамі 14 ліпеня