"Мы будзем побач, нават калі будзем сядзець". Распавядаем пра шасцярых праваабаронцаў-вясноўцаў, якія апынуліся за кратамі 14 ліпеня
У "чорную сераду" 14 ліпеня па ўсёй Беларусі былі затрыманыя адзінаццаць праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама два былыя сябры «Вясны». Ператрусы адбыліся ў офісе «Вясны» на Мяржынскага ў Мінску, гарадзенскім офісе арганізацыі, асветніцкай пляцоўцы «Тэрыторыя правоў». У межах крымінальнай справы па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў) у іх правялі ператрусы і дапыталі. На дадзены момант у ІЧУ на Акрэсціна ў якасці падазраваных змясцілі шэсць праваабаронцаў: старшыню «Вясны» Алеся Бяляцкага, намесніка старшыні «Вясны» Валянціна Стэфановіча, юрыста Уладзіміра Лабковіча, праваабаронцу Алену Лапцёнак, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэя Палуду, валанцёрку Яўгенію Бабаеву. Таксама на 72 гадзіны затрымалі жонку Уладзіміра Лабковіча Ніну. Усе ўжо прызнаныя палітзняволенымі, бо відавочна, што матывам іх пераследу ёсць праваабарончая і грамадская дзейнасць. Заўтра раніцай сканчваецца 72 гадзіны з моманту іх затрымання: праваабаронцаў павінны адпусціць ці цягам яшчэ сямі сутак выставіць абвінавачванні. Распавядаем пра справу «Вясны» і пра нашых затрыманых калегаў і каляжанак.
"У той ці іншай ступені звязаныя з пратэстнай дзейнасцю": справа Вясны
Наколькі вядома, ранішнія ператрусы 14 ліпеня ў вясноўцаў праходзілі ў межах крымінальнай справы №21128310008 па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Сёння ў Следчым камітэце пракаментавалі крымінальныя справы супраць сябраў "Вясны", "якія ў той ці іншай ступені звязаныя з пратэстнай дзейнасцю":
"Падчас расследавання названых крымінальных справаў атрыманая дакладная інфармацыя аб дачыненні кіраўнікоў і супрацоўнікаў шэрагу недзяржаўных арганізацый і аб'яднанняў, а таксама прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі да ценявога руху значных фінансавых сродкаў, якія ў першую чаргу паступаюць з-за мяжы, нявыплаце падаткаў і фінансавання рознага роду пратэстнай актыўнасці насельніцтва Беларусі.
Калі казаць пра гэта больш дэталёва, то мы вядзем гаворку аб дзейнасці па зборы асоб у канкрэтных месцах для здзяйснення групавых супрацьпраўных дзеянняў, аплаце адміністрацыйных спагнанняў, накладзеных за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах, арганізацыі і правядзенні семінараў па пытаннях процідзеяння праваахоўным органам і іншае".
У выніку спецаперацыі сілавікоў 14 ліпеня было затрымана адзінаццаць праваабаронцаў, а таксама два былых сябра «Вясны». Пасля ператрусаў і допытаў вызвалілі праваабаронцу «Вясны» з Барысава Алега Мацкевіча, праваабаронцу са Смаргоні Алеся Дзергачова, былога сябру «Вясны» з Воршы Васіля Леўчанкава, праваабаронцу і рэдактара orsha.eu Ігара Казмерчака, былую сябру «Вясны» Марыну Статкевіч.
Пасля ночы ў ІЧУ на Акрэсціна ўвечары 15 ліпеня пад падпіску аб нявыездзе выпусцілі праваабаронцу «Вясны» і журналіста Сяргея Сыса. Таксама з гарадзенскага ІЧУ выпусцілі Віктара Сазонава. На наступны дзень на працы затрымалі праваабаронцу з Маладзечна Аляксандра Капуцкага, але ўвечары яго вызвалілі.
Такім чынам, ужо трэція суткі за кратамі застаюцца шэсць праваабаронцаў:
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны»
- Валянцін Стэфановіч, сябра Рады, намеснік старшыні «Вясны»
- Уладзімір Лабковіч, юрыст «Вясны»
- Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны»
- Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны»
- Яўгенія Бабаева, валанцёрка (грамадзянка РФ)
14 ліпеня праваабаронцы "Вясны" выступілі з заявай, што не спыняць сваёй праваабарончай дзейнасці ў Беларусі:
"Мы не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці". Заява Праваабарончага цэнтру "Вясна"
Нагадаем, 16 лютага адбылася першая хваля ператрусаў у праваабаронцаў «Вясны». Па факце працы Праваабарончага цэнтру «Вясна» была заведзеная крымінальная справа па ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паводле афіцыйных каментароў Следчага камітэту, «Вясна» нібыта аказвала фінансаванне і іншую матэрыяльную падтрымку «незаконным масавым мерапрыемствам», якія «груба парушаюць грамадскі парадак».
Раней пасля аналагічных абвінавачанняў арыштавалі праваабаронцаў і валанцёраў «Вясны» Марыю Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу. Усе яны прызнаныя палітзняволенымі.
Цяпер распавядзем пра нашых калегаў і каляжанак, якія апынуліся за кратамі ў выніку палітычна-матываванага пераследу.
Алесь Бяляцкі, праваабаронца з 25-гадовым досведам
Фігурантам крымінальнай справы супраць «Вясны» стаў сам заснавальнік і старшыня Праваабарончага цэнтра Алесь Бяляцкі. Раніцай 14 ліпеня ён проста перастаў адказваць калегам, што на яго вельмі непадобна. Толькі ў 18 гадзін вечара вясноўцы дазналіся, што Алесь затрыманы ў межах крымінальнай справы. Абставіны яго затрымання пакуль невядомыя.
Алесь Бяляцкі мае 25-гадовы досвед у праваабароне. Перад гэтым адзінаццаць гадоў ён працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, а потым чатыры гады з'яўляўся дэпутатам Мінскага гарадскога Савета.
Праваабарончая дзейнасць Алеся пачалася 25 красавіка 1996 года, калі падчас “Чарнобыльскага шляху” супрацоўнікі міліцыі жорстка разагналі мірную дэманстрацыю. У адказ на гэта Алесь Беляцкі разам з паплечнікамі пачаў аказваць прававую і гуманітарную дапамогу затрыманым і ім родным. Так узнікла праваабарончая ініцыятыва “Вясна-96”, якая пазней рэфармавалася ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” з філіямі ў розных гарадах Беларусі.
Пасля назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў 2001 года, на праваабаронцаў узмацніўся ціск, і ў 2003 годзе Мінюст пазбавіў “Вясну” афіцыйнай рэгістрацыі. Але праваабарончая дзейнасць Алеся Бяляцкага і іншых сябраў праваабарончага цэнтра не спынілася. 6 сакавіка 2004 года быў прыняты ў Міжнародную федэрацыю за правы чалавека (FIDH), а сам Алесь Бяляцкі тройчы абіраўся віцэ-прэзідэнтам FIDH.
Пасля разгону Плошчы-2010 і рэпрэсій, што рушылі за ім у дачыненні да грамадзянскай супольнасці Беларусі, за сваю праваабарончую дзейнасць і няўхільную абарону правоў чалавека Алесь Бяляцкі быў затрыманы 4 жніўня 2011 года і асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі нібыта за несплату падаткаў у асабліва буйным памеры (арт. 243 Крымінальнага кодэкса). Ягоным адвакатам быў Дзмітрый Лаеўскі, які зусім нядаўна абараняў Віктара Бабарыку і быў пазбаўлены ліцэнзіі. Паказанні падчас следства і ў судзе Алесь даваў па-беларуску — гэта заўсёды было ягонай прынцыповай пазіцыяй. Міжнародная супольнасць на працягу ўсяго зняволення праваабаронцы выступала за яго вызваленне і ладзіла акцыі салідарнасці. Алесь быў вызвалены датэрмінова 21 чэрвеня 2014 года. Пасля гэтага ён працягнуў праваабарончую дзейнасць у Беларусі.
За 25 год сваёй дзейнасці Алесь Бяляцкі быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: у 2006 годзе — шведскай прэміяй імя Пера Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаю Вацлаў Гавел, у 2011 годзе — дыпломам “За мужнасць і барацьбу за свабоду”, прэміяй “Лепшы праваабаронца года”, прэміяй Нарвежскага саюза пісьменнікаў “За свабоду слова”, у 2012 годзе — прэміяй Дзярждэпартамента ЗША, прэмія Леха Валенсы, прэміяй імя Петры Кэлі ў знак прызнання дзейнасці ў адстойванні правоў чалавека ў Беларусі, у 2013 годзе — прэміяй Вацлава Гавела ад ПАСЕ, у 2019 годзе — прэміяй “За правы чалавека і вяршэнства закона”, а ў 2020 годзе — прэміяй “За годны лад жыцця” і сумесна з іншымі прэміяй імя Сахарава.
Пяць разоў вылучаўся на Нобелеўскую прэмію свету. Алесь з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг.
Алеся чакаюць жонка Наталля і сын Адам. Гэтай вясной яго затрымалі за адзіночны пікет у падтрымку асуджаных журналістак Белсату, збілі і кінулі на 15 сутак на Акрэсціна.
«Нас могуць пахаваць па турмах, але ў гэтай сітуацыі толькі мільёны беларусаў могуць абараніць свае правы»
У фільме «Радыё Свабода» Алесь так адказаў на пытанне журналістаў, што беларусам рабіць, калі пасадзяць праваабаронцаў:
«Тое, што мяне ўразіла, і тое, што мне прынесла моцнае задавальненне, — тое, што мы ўбачылі пасля таго, як інфармацыя пра катаванні дайшла да беларускага грамадства. І тое, што патрабавала беларускае грамадства, гэтыя стотысячныя дэманстрацыі, гэта ўсё тое, што заўсёды патрабавалі беларускія праваабаронцы. Гэта правядзенне справядлівых выбараў, гэта пакаранне тых, хто здзяйсняў злачынcтвы, гэта вызваленне ўсіх палітычных зняволеных. Гэта нашая місія, гэта нашыя стратэгічныя лозунгі, тое, чаго мы заўсёды дабіваліся. Вельмі важна зразумець, што нашыя правы ў нашай сітуацыі могуць абараніць толькі ўсё беларускае грамадства, — ніякія там асобныя праваабаронцы ці журналісты.
Сапраўды, нас могуць вельмі моцна рэпрэсаваць, нас могуць пахаваць па турмах, выгнаць з краіны, але ў гэтай сітуацыі толькі мільёны беларусаў могуць абараніць свае правы. Таму вельмі важна, каб гэтае жаданне і настойлівае патрабаванне ў выкананні правоў, якія датычацца кожнага грамадзяніна, каб гэтая просьба і ціск ішоў ад усяго беларускага грамадства».
Уладзімір Лабковіч. Затрымалі разам з жонкай, дома засталіся трое непаўнагадовых дзяцей
Юрысту «Вясны» Уладзіміру 42 гады, займаецца праваабарончай дзейнасцю ў «Вясне» ўжо 23 гады. У актыўнай грамадскай дзейнасці ён з 1996-га года, калі разам з сябрамі стваралі «Малады Фронт». У 1997-м годзе ўваходзіў у «Малады Фронт», а потым і ўзначальваў праваабарончую камісію, асноўнымі функцыямі якой былі збор інфармацыі і дапамога тым маладафронтаўцам, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці. З 1998-га года як валанцёр далучыўся да працы Праваабарончага цэнтра «Вясна». У 2000-м годзе скончыў юрыдычны факультэт недзяржаўнага Інстытута сучасных ведаў. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2001 годзе стаў паўнавартасным сябрам «Вясны».
Уладзімір Лабковіч з'яўляецца каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і экспертам у галіне выбарчага права ў Беларусі. Незалежная грамадская кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая ладзіцца з 2008 года сумесна праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Беларускім Хельсінкскім Камітэтам. Праваабаронцы падчас яе ацэньваюць выбарчы працэс з пункту гледжання беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў.
14 ліпеня раніцай да сям'і Лабковічаў прыйшлі прадстаўнікі ДФР, правялі ператрус і на допыты забралі не толькі Уладзіміра, але і ягоную жонку Ніну. Яна з’яўляецца дырэктаркай аб'яднання інвестараў Angels Band. Дома ў Лабковічаў засталіся трое непаўнагадовых дзяцей. Ніна і Уладзімір змешчаныя ў ІЧУ на Акрэсціна ў межах крымінальнай справы.
"Паверце, калі пасадзяць адных, то з'явяцца іншыя"
У фільме «Радыё Свабода» Уладзімір такім чынам адказаў на пытанне журналістаў, што людзям рабіць, калі пасадзяць праваабаронцаў:
«Вельмі цяжка мне адказаць на пытанне, што людзям рабіць, калі нас не стане... Я думаю, што мы будзем побач, нават калі мы будзем сядзець. Ёсць шмат-шмат міжнародных арганізацый, якія нікуды не дзенуцца. Ёсць ужо вялікая колькасць праваабаронцаў, якія былі вымушаныя з'ехаць, якія будуць працягваць гэтую працу за мяжой.
Праваабаронца – гэта ж не той, хто валодае нейкімі спецыяльнымі ведамі. Паверце, калі пасадзяць адных, то з'явяцца іншыя. Я ў гэтым проста перакананы. Людзі, якія будуць бараніць іншых, знойдуцца заўсёды. І, калі гэта будзе не «Вясна», таму што яны ўсе будуць сядзець, то з'явяцца іншыя. Калі не дай бог такое здарыцца, то можа гэта будуць тыя, каго мы вучылі на нашых школах. Заўсёды з'явяцца людзі, якім важна пытанне справядлівасці, права і бараніць тых, хто апынуўся ў сітуацыі поўнага бяспраўя з боку ўладаў».
“Да Валянціна Канстанцінавіча з міліцыі!” Валянцін Стэфановіч
У "чорную сераду" затрымалі юрыста і намесніка старшыні “Вясны” Валянціна Стэфановіча. Як распавяла ягоная жонка Аліна "Свабодзе", сілавікі прыйшлі да іх без двух хвілін сем раніцы, настойліва сталі званіць у дзверы, грукаць. Сказалі, што “да Валянціна Канстанцінавіча з міліцыі”.
"У нас трое дзяцей, яны ўсе спалі ў гэты момант, відавочна ад такога шуму яны прачнуліся і напалохаліся. Міліцыянты шукалі носьбіты інфармацыі, тэхніку, папрасілі выдаць адразу тэлефоны і кампутары, забралі, у тым ліку, тэлефоны дзяцей. Таксама забралі бела-чырвона-белыя сцягі – адзін вялікі і два маленькія. Забралі цацачны пісталет, відавочна, з завараным дулам.
Валянціну сказалі, што ён мусіць прайсці з імі. Ён узяў з сабой дадатковыя шкарпэткі, швэдар, хоць было горача. Міліцыянты яшчэ жартавалі: “Што ж Вы так ужо збіраецеся, можа быць, усё будзе добра”. Але нам было відавочна, чым гэта можа скончыцца, таму ён пайшоў падрыхтаваны, наколькі мог у той момант быць.
Да гэтага немагчыма быць гатовым, хоць і разумееш, што гэта можа здарыцца кожны дзень", – кажа Аліна, жонка Валянціна.
Валянцін Стэфановіч з восені 2019 года займае пасаду віцэ-прэзідэнта Міжнароднай арганізацыі за правы чалавека (FIDH). Скончыў юрыдычны факультэт Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін з чырвоным дыпломам, першапачаткова працаваў па спецыяльнасці на Мінскім падшыпнікавым заводзе. Да праваабарончай дзейнасці далучыўся па прапанове Алеся Бяляцкага ў 1998 годзе, стаў адным з заснавальнікаў Праваабарончага цэнтра “Вясна” у 1999 годзе, калі арганізацыя атрымала афіцыйны статус. Калі ў 2003 годзе “Вясну” пазбавілі рэгістрацыі, то ён прымаў удзел у сядзячай забастоўцы ў Вярхоўным судзе. З’яўляецца адным з вядомых экспертаў і аналітыкаў у сферы правоў чалавека, выступае за недыскрымінацыю і супраць смяротнага пакарання. Удзельнічаў у розных міжнародных канферэнцыях і пасяджэннях, праваабарончых місіях і назіраннях за выбарамі ў краінах АБСЕ.
Валянціна дома чакае жонка Аліна і трое дзяцей.
У фільме «Радыё Свабода» Валянцін так адказаў на пытанне журналістаў, што беларусам рабіць, калі пасадзяць праваабаронцаў:
«Ну, такое можа здарыцца. Гэта такая апакаліптычная карціна, але яна калісьці была ў нашай гісторыі: Савецкі саюз, пачатак 80-х, разгром савецкага праваабарончага руху, калі практычна ўсіх праваабаронцаў перасадзілі. І такіх праваабаронцаў, якія бы дзейнічалі на свабодзе, фактычна не засталося. Такое, напэўна, можа здарыцца. Што рабіць беларусам? Беларусам – бараніць сябе. Увогуле тут трэба зразумець, што, акрамя нас саміх, ніхто не зможа нічога змяніць у гэтай краіне».
Больш за 10 гадоў займаецца пытаннем смяротнага пакарання. Андрэй Палуда
Затрымалі таксама ў межах крымінальнай справы праваабаронцу «Вясны» і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэя Палуду. Пяць месяцаў таму, 16 лютага, падчас масавай атакі на праваабаронцаў у Андрэя дома таксама праводзіўся ператрус, у выніку якога дома забралі ўсю тэхніку. Пасля допыту Андрэй застаўся ў статусе сведкі па ч. 2 арт. 342 КК па крымінальнай справе супраць «Вясны».
14 ліпеня нам стала вядома, што Андрэй затрыманы на 72 гадзіны і змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна.
Андрэй Палуда з 2010 года з'яўляецца каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, але займацца праблемай смяротнага пакарання ў Беларусі пачаў з 2005 года. У 2018 годзе кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” стала лаўрэтам Нацыянальнай праваабарончай прэміі ў намінацыі “Кампанія/ініцыятыва года”. У апошнія гады Андрэй займаўся асветніцкай дзейнасцю па тэме правоў чалавека.
Андрэй з'яўляецца сябрам «Вясны» з 2009 года.
У Андрэя дома засталіся жонка і двое дзяцей.
Дзень народзінаў Алены Лапцёнак на Акрэсціна
Праваабаронца "Вясны" Алена Лапцёнак мае філалагічную адукацыю БДУ. Яшчэ студэнткай яна пачала працаваць у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча навуковым супрацоўнікам разам з Алесем Бяляцкім. Потым Алена скончыла аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі навук, падчас вучобы ў якой займалася тэмай мемуарнага жанру ў беларускай сучаснай літаратуры.
Далучылася Алена і да праваабарончай дзейнасці, была супрацоўніцай інфармацыйнага аддзела “Вясны”. Стала ўкладальніцай некалькіх выданняў, прысвечаных правам чалавека, была рэдактаркай серыі кніг “Беларуская турэмная літаратура”, рэдактарам і адной з аўтарак кнігі “Ну, вы же сами все понимаете!”, якая прадстаўленая як сімвал беларускай рэчаіснасці апошніх гадоў. Таксама Алена пісала шмат лістоў палітвязняў.
Мае дачку і сына.
"Калі сур'ёзна, то адзінае, што насамрэч з'яўляецца для мяне галоўным і самым істотным у жыцці, як для жанчыны і маці, гэта — мае дзеці, — казала Алена ў адным з сваіх інтэрв'ю. — Я змагу быць шчаслівай толькі тады, калі ў іх усё будзе добра, і кожны дзень прашу ў нябёсаў, каб шляхі іх былі не надта пакручастымі, каб лёс быў спагадлівым, каб яны выраслі годнымі, самарэалізаванымі і самадастатковымі людзьмі. Гэта не зусім мара, гэта — вера, надзея і любоў".
15 ліпеня Алена сустрэла свой 53-ці Дзень народзінаў на Акрэсціна.
Валанцёрка Яўгенія Бабаева. У расійскай Амбасадзе сказалі: «Будуць праведзеныя праверкі»
Сярод затрыманых праваабаронцаў — 29-гадовая валанцёрка Яўгенія Бабаева. Дзяўчыну разам з яшчэ пяццю «вясноўцамі» затрымалі на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы.
Яўгенія Бабаева — грамадзянка Расіі, але ўжо пяць год разам з мужам жывуць у Беларусі: На другі дзень зняволення сваякі Бабаевай звярнуліся ў расейскую амбасаду ў Мінску. У Амбасадзе ў іх узялі нумар тэлефону адваката Яўгеніі і адказалі, што «будуць праведзеныя праверкі».
Яе муж Вячаслаў і сябры кажуць, што праваабаронца валодае дзіўнай здольнасцю прыцягваць да сябе людзей.
«Жэня дзіўны чалавек, які ставіць патрэбы і бяспеку іншых часам нават вышэй за свае. Жэня такі чалавек, што аддае сябе паўнавартасна нейкай справе і яна не можа стаяць у баку, калі робіцца такое, нават будучы грамадзянкай іншай краіны», — кажа яе муж Вячаслаў.
Дома ў Бабаевых два ката. Яўгенія наогул любіць усіх жывёл, таму займаецца дапамогай бяздомным жывёлам: забірае дадому з прытулкаў і лечыць ад хвароб.
Пасля падзей 9 жніўня Бабаевы зразумелі, что хочуць дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсій улады. Сям’я з’яўляецца грамадзянамі РФ, таму за дапамогу «пратэстоўцам» іх маглі дэпартаваць. Яны вырашылі, што ўдзельнічаць нават у мірных акцыях пратэсту небяспечна, таму дапамагалі ў якасці валанцёраў каля РУУСаў сваякам тых, каго затрымалі. Пасля гэтага Яўгенія не спынілася і працягнула валанцёрскую дзейнасць.
«Жэня вельмі камунікабельны чалавек са сваім пунктам гледжання. Яна ўмее жвава прыводзіць у пачуцці людзей, якія ўпадаюць у роспач, але пры гэтым вельмі чуйна рэагуе на чужы боль і імкнецца дапамагчы ўсім. Менавіта яна навучыла мяне ў любой сітуацыі глядзець на ўсе цвяроза і крытычна, не дапускаць распаўсюджвання дурных чутак і не паддавацца паніцы», — дзеліцца яе сябар.